Беларускае падарожніцтва супраць ксенафобіі

Толькі зараз заўважыла, што ў нас, беларусаў, культ падарожжа!


Уладзімір Арлоў у знакавым эсэ "Незалежнасць - гэта..." узгадвае ўікэндавую даступнасць піцця кавы ў Вене насупраць палацу Шонбурн. Вялікі адсотак аўтараў (Марыя Мартысевіч, Ляксей Лявончык, Дар'я Кастэнка, Ірына Губская і г.д.) шмат пішуць пра свае вандроўныя адкрыцці. Пон Линь гэтым летам рэалізавала маю ранейшую мару пра вялікі аўтаспын (уласна. гэтая мара збылася і ў мяне самой, але ў Паліны атрымалася болей храбра і філасафічна). Беларусь - чэмпіён па адсотку насельніцтва, якое мае шэнгенскія візы. Мы пастаянна паказваем фатаграфіі з адпачынкаў і ўсё жыццё падмацоўваемся ўспамінамі пра рознага кшталту падарожжы. Падарожжы для нас, беларусаў, – ня толькі адпачынак і задавальненне, але важная частка экзістэнцыйнага досведу.


Чаму так? Мажліва, таму што ў нас усё ж маленькая краіна. І не, зусім не па памерах, а паводле гамагеннасці. У нас не хапае дайвёрсіці (можна казаць, дарэчы, пра нашае страчанае дайвёрсіці, дзе нашыя ранейшыя шматлікія яўрэі, татары, г.д.?..). Па трубах вуліцаў, аздобленых савецкай архітэктурай, праходзіць амаль адно белатварая, монаэтнічная плынь. Крывы рэжым у палітыцы і ў паветры доўгім часам дадаваў манатоннасці... Расійскі пісьменнік Дзьмітрый Быкаў неяк выказаў меркаванне, што культ смерці ў японцаў звязаны з недахопам у іх фізічнай прасторы, які кампенсуецца цікаўнасцю да станаў, звязаных з выхадам за межы звыклага быцця. Дарэчы, беларуская гатычнасць з курганамі ды абеліскамі і німбамі трагічных герояў – таксама цікавая тэма, мажліва таксама звязаная з выхадам за ліміты. Але яшчэ з большай верагоднасцю з прагай да пашырэння межаў свайго існавання ў беларусаў звязаныя падарожжы.



Мне пашансіла. Да дзесяцігадовага ўзросту я паспела нетурыстычна пабачыць Северадзьвінск і Жытомір. Далей, для маёй маці паездка ў адпачынак заўсёды была адным з прыярытэтам жыцця (што ня дзіўна, як я зараз разумею, для беларускі). І нарэшце, у мяне здарылася іміграцыя ў мультыкультурную краіну. А жыццё ў мультыкультурным грамадстве – гэта пастаянныя адкрыцці новых прастораў. Болей кароткія ў часе і адлегласці, чым турыстычныя паездкі, але і ў нечым болей глыбокія, бо адкрываеш для сабе збольшага - людзей...


Пра якіх пачынаеш, праўда, разумець, што твая ўнутраная адпаведнасць з кожным асобным чалавекам залежыць не ад ягонага(ейнага) паходжання ці нават веравызнання, а ад асобы... Але ж гэта так цікава: пазнаёміцца на прамігранцкай маніфестацыі з індыянкай з Перу і параспавядаць адно адному пра змаганне карэннага народу і шахцёраў і пра постсавецкія рэаліі; пажыць у чачэнцаў і наслухацца пра вайну такога, што не паверыш, пакуль яно не пачне супадаць з пачутым ад Елены Мілашынай ; падчас сябоўскай выпіўкі у складзе мяне беларускі, афрыканца з Того, афрапарыжаніна і бельгійца зразумець, што ўжыванне алкаголю з аматарскай узаемнай псіхатэрапіяй – фенамен інтэрнацыянальны, у адрозненне ад нашэння світэраў-вадалазак, які выдае беларуску...


Зараз я ня толькі хвалюся - тым болей што няма чым хваліцца, бо ў гэтай мажлівасці шмат тэлепартавацца па культурных прасторах няма маёй заслугі, адно ўдача, - але і змагаюся за дайвёрсіці. Бо я нарэшце зразумела, як змагацца ў Беларусі за сапраўдную талерантнасць і дайвёрсіці і супраць ксенафобіі. Зразумела, на што ў беларускай культуры можна абапірацца: на беларускую любоў да падарожжаў. Мы любім адкрываць новыя прасторы! Таксама я зразумела, чаму я люблю жыць у шматслойным, шматкультурным, разнастайным грамадстве: з-за драйву і эстэтыкі пераскоку і перацякання з прасторы ў прастору. І зараз я зразумела, што гэта ўва мне – беларускае.


Пакуль што пра масавую іміграцыю ў Беларусь мы можам толькі марыць. Нам бы гэта паправіла дэмаграфічную сітуацыю, але каб атрымаць такі падарунак, трэба напачатку зрабіцца паспяховай краінай. Але ёсць тое, што мы ўжо сёння можам зрабіць дзеля таго каб Беларусь заквітнела сацыяльнай разнастайнасцю: зрабіцца сапраўды талерантнымі да разнастайнасці, прымаць і падтрымліваць тых, хто непадобны да нас! У дыяпазоне ад татуіровак з пірсінгам да жыцця БОМЖ, ад шматдзетнасці да чайлдфры, ад заняткаў гістарычнай рэканструкцыяй да выраблення лялек, ад беларускамоўнасці да іншаземнага паходжання, ад чорнага ці жоўтага колеру скуры да грамадзянскага актывізму... і гэтак далей! Чым болей мы будзем маральна падтрымліваць іншасць, тым болей нашая краіна будзе не маленькай, а вялікай.



Хачу скончыць гэтую прамову вялізным ДЗЯКУЙ Богу і людзям, беларусам, беларускам і іншым жыхарам і жыхаркам нашае краіны, - за тое падвышэнне разнастайнасці і адчування свабоды, якое назіраю за апошнія гады! Дзякуй тым, хто арганізоўваў фестываль графіці і дазваляў сабе разнастайныя хобі, займаўся спортам і пераходзіў на беларускую мову, выходзіў на мітынгі і наведваў багаслужбы... Карайцей, дзякуй кожнаму і кожнай, хто самымі рознымі чынам дазвалялі самім сабе быць іншымі і прымалі і падтрымліваў іншасць бліжніх, імкнуліся, нягледзечы на ўсе цяжкасці, жыць а не выжываць, і дапамагалі бліжнім у тым жа самым!.. Дзякуй Богу і вам, плён вашага жыцця і працы - адчуваецца.

.
23.09.17 23:03



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич