Беларусь фарміруе вобраз Слугі

Давялося неяк прачытаць у аднаго філосафа, што ў падмурку геапалітыкі ляжыць дзяленне ўсіх дзяржаў і культур на два тыпы — сухапутныя і марскія. І ад гэтага пастулату сп. Дугін (а гэтая выснова ўзятая менавіта з яго кнігі) будуе ўсе свае разважанні. Але я дазволю сабе не пагадзіцца з гэтым.

На маю думку, падзяляць геапалітыку толькі на цывілізацыі Мора і Сушы — гэта тое самае, што глядзець чорна-белае кіно. Такое ўспрыняццё рэчаіснасці было актуальным калісьці. Аднак зараз гэта не адпавядае рэчаіснасці. Свет усё больш удакладняецца і мы можам назіраць тыя з’явы, якія раней заставаліся ў цені нашага ўспрымання.


Таму можна з упэўненасцю казаць, што сп. Дугін разважае ў парадыгме мінулага. Гэта значыць, што кожны ягоны аналіз тых падзей, што адбываюцца ў свеце, з геапалітычнага боку — з’яўляецца памылковым меркаваннем. І адпаведна гэтаму, Аляксандр Гельевіч транслюе скажонае бачанне навакольнага асяроддзя і ролі ў ім кожнага чалавека, грамадзяніна ўсякай краіны.

А ўся прычына гэтай непраўдзівасці ў сцвярджэнні, што існуюць толькі дзве цывілізацыі — Мора і Сушы. Аднак насамрэч — гэта грубае спрашчэнне рэальнасці. І існуе шмат тыпаў дзяржаў і культур. Іх існуе столькі ж, колькі і тыпаў ландшафту.


Вось, напрыклад, Беларусь. Наша краіна мае свой асаблівы геаландшафт і клімат, якія фармуюць яе аблічча і духоўны склад народа, каторы тут жыве. Возьмем асноўныя геаландшафтныя адзінкі, якія пераважаюць у Беларусі цягам тысячагоддзяў. А потым паглядзім, якія дакладна іхнія якасці фарміруюць духоўны склад беларусаў. Пачнем.

Высвятляем, якія геаландшафтныя адзінкі найбольш характэрныя для нас, якія з іх сфарміравалі беларускі характар. Першая — гэта лес. Рэліктавы першабытны раўнінны лес рос на тэрыторыях сучаснай Беларусі яшчэ з дагістарычных часоў. Другая адзінка — багна. Гэта таксама старажытныя ўтварэнні. Першыя верхавыя балоты ўзніклі яшчэ 10 — 12 тысяч год таму. Што самае цікавае, абедзве гэтыя геаландшафтныя адзінкі заспелі ледавіковы перыяд.


І вось, якія каштоўнасці цягам доўгіх часоў сфарміраваліся ў тых, хто жыў на тэрыторыях сучаснай Беларусі незалежна ад таго, падабаюцца яны ці не? Першая — прагматычнасць. Яна выхоўвае ўменне адхіляць дзеянні, якія з’яўляюцца неістотнымі для дасягнення выніку ў той ці іншай справе; заахвочвае імкнуцца здабыць усё лепшае з таго, што маеш; выхоўвае патрабавальнасць да сябе і іншых; вучыць дакладна ведаць, што табе трэба.

Другая каштоўнасць — павольнасць у сэнсе няспешнасці. Яна вучыць не спяшацца з высновамі, у размовах і справах; змушае прымаць той факт, што жыццё ідзе мерна.

Трэцяя рыса — інтраекцыя з наступнай асіміляцыяй. Інтраекцыя дапамагае засвойваць пачуцці, погляды, перакананні, ацэнкі, нормы, узоры паводзінаў іншых людзей. Пасля гэтага пачынаецца асіміляцыя. Яна пачынае ставіць усё засвоенае на падрабязны разгляд, што дазваляе ўсведамляць гэтую інфармацыю, раздзяляць яе, аналізаваць, ацэньваць, выносіць суджэнне аб ёй, пераўтвараць яе ў адпаведнасці са сваімі патэрнамі быцця.

І чацвёртая каштоўнасць — скрытнасць у сэнсе схаванасці. Яна дазваляе гадаваць у сабе схільнасць пазбягаць адкрытасці, не выдаваць сваіх думак, жаданняў, намераў, пачуццяў, не адчуваць патрэбы штосці пра сябе расказваць, выяўляць гнуткасць і спагадлівасць, адсутнасць адкрытасці. Але гэта не значыць вынішчэнне ў сабе ўсяго гэтага — а толькі ўтойванне ад чужых вачэй.


Гэтыя каштоўнасці карэлююць паміж сабой і ствараюць беларускі характар. І які вобраз можна сфарміраваць, сыходзячы з апісаных вышэй каштоўнасцяў? Вобраз Слугі.

«42. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;
43. але не так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;
44. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;
45. бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.»
(Паводле Марка 10:42–45)
працяг чытайце ў наступных выпусках...

27.07.18 11:46

Яўген Васьковіч