Хто такі Павел Шарамет.

У 1998 годзе мне споўнілася 16 гадоў, і сямейнай радай было вырашана, што я дарослая дзяўчынка, і мяне трэба выправіць на дыскатэку ў кінатэатар "Пабеда", а то сяджу/ляжу за кніжкамі, і дыскатэкамі не цікаўлюся. Снарадзілі мяне ў кампанію да старэйшай стрыечнай сястры, яна павінна была нада мной узяць шэфства па далучэнні мяне да дзевачкавага свету. Як праходзіла сама дыскатэка, я не прыпомню. Кавалеры, каторыя запрашалі на медлякі, пужаліся маёй беларускай мовы. Карацей, дыскатэка мне радыкальна не спадабалася. Дадому вярталася я на апошнім 57-м тралейбусе, і мяне выйшла сустракаць маці: "Ну як табе, спадабалася дыскатэка?" Я, не выпіўшая, дарэчы, ні граму: "Мама, гэта быў жах, яны не ведалі, хто такі Павел Шарамет!"
Тады, у 1998 годзе, чамусьці менавіта гэта - не ведаць, хто такі Павел Шарамет, крымінальная справа супраць якога была пачатая за быццам незаконны пераход мяжы, - уразіла да глыбіні душы. Гісторыя, разам з Паўлам Шараметам, стала часткай сямейнага падання, і часам мяне тролілі наконт маіх новых кавалераў - а ён ведае, хто такі Павел Шарамет? Я даўно абяцала Паўлу расказаць гэтую гісторыю, але ніяк не даходзілі рукі, не было нагоды, ды і кожна раз, калі ён аб'яўляўся ў мэсанджары ці скайпе, я хавалася, бо гэта значыла, што зараз будзе ціснуць, што-небудзь напісаць у блог на "Партызан", а пісаць я ленавалася.
Менавіта з-за "Беларускага Партызану" - перадрукоўкі інтэрвію французскага радыё пра падзеі 19 снежня 2010 г. мяне па выніку і звольнілі з працы ў Беларускім Інстытуце Правазнаўства.
Ну вось, а цяпер рукі дайшлі. З'явілася нагода. Павел Шарамет - забіты. А я абяцаю аднавіць свой закінуты блог "На Беларускім Партызане". З апошняга допісу прайшло два гады.
20.07.16 13:11



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Наталля Васілевіч