Пра "Саўбелію" й мітынг у абарону Высокага Места 20 сакавіка 1988 году 26.07.2012 1

У "Советской Белоруссіі" пачаўся цыкль публікацыяў, якія апраўдваюць "ушчыльненьне" забудовы Менску а-ля Лужкоў (крыху раней калі-нікалі пры ягоным удзеле). Улада баіцца грамадзкіх пратэстаў і не абмяжоўваецца унтэрпрышыбееўшчынай (напр., пасадкай на суткі лідэра жыхароў Уручча), а яшчэ й спрабуе прамываць мазгі электарату, каб маўчаў. Але зьвернем увагу на каронны аргумэнт "Саўбеліі". Звычайна яны проста замоўчваюць гісторыю 80-х. Але цяпер, відаць, вырашылі, што падзеяў 25-гадовае даўніны ніхто ня памятае. Вось што піша чарговы суперфасфатаў: "Минчане помнят, как в конце 80–х годов «лидеры общественного мнения» выводили на минские улицы тысячи людей, протестуя против строительства ветки метро, которая должна была соединить микрорайоны с автозаводом. «Подземка» изуродует историческую часть города, — кричали ораторы, сплошь ревнители культуры и знатоки на все руки. — Метро разрушит здания, из–за метро нельзя будет спать по ночам. Ляжем на рельсы, не дадим негодяям из горисполкома провести диверсию против белорусского народа». Вот как стоял тогда вопрос. Хорошо, что городские власти проявили твердость и не испугались горлопанов. Представьте, что вы добираетесь по утрам на автобусе с Ольшевского на Кошевого, а вечером таким же путем часами в пробках и толкотне возвращаетесь домой... Представить трудно? А ведь рев многотысячных толп, который выдавался тогда за «общественное обсуждение», мог бы и победить, а Минск остался бы без метро". Г. зн., маўляў, замшэлыя рэтраграды-гарлапаны тады выступалі супраць прагрэсу. Як і цяперашнія рэтраграды-эгаісты, якія пратэстуюць супраць міліцэйскага дому ва Ўруччы або камэрцыйнай забудовы водазаборнае зоны ў Сельгаспасёлку, чым адбіраюць у гораду сьветлую будучыню. Я быў адным з арганізатараў грамадзкіх абмеркаваньняў будаўніцтва 2-й лініі мэтро, а потым і мітынгу на пл. Свабоды 20 сакавіка 1988 году. Мітынг вёў лідэр "Талакі" й кампаніі абароны старога Менску Сяржук Вітушка, выступаў пісьменьнік і гісторык Кастусь Тарасаў -- абодвух ужо няма сярод нас; прамаўлялі дзясяткі іншых навукоўцаў, рэстаўратараў, грамадзкіх актывістаў, проста неабыякавых менчукоў. Галоўным патрабаваньнем мітынгу было, натуральна, не спыненьне будаўніцтва мэтро, а выбар іншага варыянту 2-й лініі: не праз Высокае Места, а праз пл. Якуба Коласа. Такі варыянт распрацоўваўся, яго відавочным плюсам было тое, што перасадачны вузел меў быць каля ажыўленай Камароўкі; з інжынэрнага гледзішча -- ня трэба было падкопвацца пад гару Высокага Места. Мы катэгарычна выступалі супраць цяперашняга маршруту, бо пры будаўніцтве тунэлю цалкам зьнішчалася Менскае Замчышча, узьнікала пагроза разбурэньня старадаўніх будынкаў Высокага Места, а з пачаткам эксплюатацыі мэтро непазьбежная вібрацыя фатальна паўплывала б на іх тэхнічны стан. На жаль, грамадзкі пратэст прынёс вельмі малыя вынікі. Гістарычны цэнтар, такі каштоўны для пацярпелага ад таталітарнага разбурэньня Менску, не ўяўляў ніякай каштоўнасьці для камуністычных уладаў. На той момант захоўвала сілу канцэпцыя поўнага зносу старога гораду і ператварэньня прасторы паміж тагачасным ЦК (цяпер адміністрацыя прэзыдэнта) і Сьвіслаччу ў "фантанна-каскадны комплекс". Было прынятае рашэньне весьці другую лінію праз Замчышча й Высокае Места. Замчышча было перамолатае землепраходнымі машынамі, панішчаны культурны пласт Высокага Места. Вібрацыя ўжо прывяла да разбурэньня "малога гасьцінага двара" -- дамоў №№ 19 і 21 на пл. Свабоды (справа ад цяперашняга катэдральнага сабору), а значыць, да зьнішчэньня архітэктурнага ансамблю пляцу. Расколіны прайшлі праз шмат будынкаў, у тым ліку і муры сабору, былога касьцёлу бэрнардынак. Дамы будуць разбурацца і надалей. Адзінае, на што змушаныя былі пайсьці ўлады, -- забясьпечыць адмысловыя падушкі пад рэйкі цягнікоў мэтро ды павальнейшую іхную хаду пад гарою для зьніжэньня вібрацыі. Так што згаданы тэксьцік "СБ" -- скрозь хлусьня і дэмагогія. Засьмярдзела пасквілямі канца 80-х: "Позиция или поза", "Эволюция политического невежества", "Барьер политической слепоты". Нават словы тыя самыя. Колькі б ні какетнічала "Советская Белоруссія" сваім новым лягатыпам, яе сутнасьць застаецца ранейшай. Гэта рупар улады той самай, родам з 30-х -- 80-х, Советской Белоруссіі, зь яе ўтробнай нянавісьцю да ўсяго беларускага, сапраўднага, і да свабодных беларускіх людзей.

ТБМ мае быць праваабарончай арганізацыяй 24.10.2011 1

Слова да ХІ Зьезду ТБМ Кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы зьдзяйсьняе цуды дыпляматыі, відавочна, неабходнай для таго, каб зьберагчы і афіцыйную рэгістрацыю, і сядзібу ў цэнтры сталіцы. Гэта ўдаецца, і гэта добра. Але на нашым зьезьдзе нарэшце павінен зьявіцца enfant terrible, дык хай жа ім буду я. Мы сёньня падсумоўваем зьвязаныя з моваю падзеі за тры гады – ад папярэдняга зьезду ў 2008 годзе. Што адбылося?
Читать дальше...

Мова і крызыс 12.10.2011

Цяпер яны вытоптваюць нашую мову з прычыны... крызысу. Пайшоў на пошту, хацеў быў зноў выпісаць малодшай дачцэ "Раніцу". Гэта тыднёвая газэта для падлеткаў, адзінае беларускамоўнае выданьне такога кшталту. Выпісваем два гады. Дачцэ цяпер 13, газэта ёй падабаецца. Здаецца, там праходзяць практыку студэнты журфаку (ці як ён цяпер) БДУ; хаця ўстанова – лідэр у справе палітычных рэпрэсіяў, але ў газэце (у межах дазволенага) моладзь самарэалізуецца, і атрымліваецца чытэльны для падлеткаў прадукт.
Читать дальше...
Читать другие новости