Мова і крызыс

Цяпер яны вытоптваюць нашую мову з прычыны... крызысу. Пайшоў на пошту, хацеў быў зноў выпісаць малодшай дачцэ "Раніцу". Гэта тыднёвая газэта для падлеткаў, адзінае беларускамоўнае выданьне такога кшталту. Выпісваем два гады. Дачцэ цяпер 13, газэта ёй падабаецца. Здаецца, там праходзяць практыку студэнты журфаку (ці як ён цяпер) БДУ; хаця ўстанова – лідэр у справе палітычных рэпрэсіяў, але ў газэце (у межах дазволенага) моладзь самарэалізуецца, і атрымліваецца чытэльны для падлеткаў прадукт. Падпісаўшыся на "Раніцу", мы заадно куплялі індульгенцыю ад гвалтоўнае падпіскі на расейскамоўнага "Юного спасателя", да якой незаконна прымушаюць сотні тысячаў бацькоў школьнікаў па ўсёй краіне. І вось я падаю ў паштовае вакенца паперку з нумарам паштовага індэксу "Раніцы" – 63386. Паштарка рыецца ў кампутары і кажа: такога індэксу няма. Паказваю іхны ж каталёг: а ёсьць. Яна да начальніцы. У выніку доўгага высьвятленьня заяўляюць мне, што з кастрычніка газэта закрытая. Званок калегаў з ТБШ у рэдакцыю "Настаўніцкай газеты", выдаўца "Раніцы", быў надзвычай выніковы. Там патлумачылі, што апошнюю закрываюць з прычыны... эканамічнага крызысу! Што праўда, нейкія матэрыялы былой "Раніцы" нібыта будуць уключацца ў расейскамоўную газэту "Переходный возраст". Якую, нягледзячы на крызыс, і надалей можна будзе асобна выпісваць. З каталёгу на 2-е паўгодзьдзе 2011 году, што вісіць на сайце "Белпошты", вынікае, што "Раніца" цяпер будзе шкадобы вартым дадаткам да "Настаўніцкай газэты" (укладкаю?), выпісаць яе можна толькі так – у складзе "Настаўніцкай", гэта ў пяць разоў даражэй, і на месяц або тры выпісваць нельга, толькі адразу на паўгоду. Вось так чарговае беларускае выданьне заганяецца ў рэзэрвацыю. Чарговы раз беларускамоўных дзяцей дыскрымінуюць. Узьнікае заканамернае пытаньне, чаму з прычыны крызысу не закрываюць той самы "Переходный возраст", "Юного спасателя" або, страшна сказаць, саму "Советскую Белоруссию" ці там "Республику", а сама лепш – БТ? Павінна ж атрымацца значна большая эканомія, чым ад спыненьня самастойнага выданьня "Раніцы" зь яе невялікім накладам. Газэта амаль бесьперапынна выходзіла па-беларуску пачынаючы з 1929 году. 82 гады, не зважаючы на войны, крызысы, зьмены ўлады. Мяняліся яе назва ("Піонэр Беларусі" – "Піянер Беларусі"), статус і заснавальнікі, не мянялася беларускамоўнасьць (у тым ліку пры раньніх, сярэдніх і позьніх камуністах). Газэта поруч зь іншымі "Раніцамі" ёсьць у энцыкляпэдыі. Натуральна, такія выданьні – нацыятворчыя – маюць права на дзяржаўнае фінансаваньне. Нармальныя дзяржавы, дзе ёсьць падобныя да нашых моўныя праблемы, стратэгічна фінансуюць літаратуру на роднай мове для дзяцей і падлеткаў. Тыя ж, хто прыняў рашэньне аб закрыцьці, павінны ўсьведамляць, што трапляюць у гісторыю ў незайздросным абліччы герастратаў. А як выказваць салідарнасьць рэдакцыі "Раніцы" зь ейным пакорлівым маўчаньнем ягнятаў, дык і ня ведаю..
12.10.11 12:24
загружаются комментарии

Вінцук Вячорка