ТБМ мае быць праваабарончай арганізацыяй

Слова да ХІ Зьезду ТБМ Кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы зьдзяйсьняе цуды дыпляматыі, відавочна, неабходнай для таго, каб зьберагчы і афіцыйную рэгістрацыю, і сядзібу ў цэнтры сталіцы. Гэта ўдаецца, і гэта добра. Але на нашым зьезьдзе нарэшце павінен зьявіцца enfant terrible, дык хай жа ім буду я. Мы сёньня падсумоўваем зьвязаныя з моваю падзеі за тры гады – ад папярэдняга зьезду ў 2008 годзе. Што адбылося? Адукацыя. З 57% да 52,1% зьменшылася колькасьць агульнаадукацыйных установаў краіны, якія працуюць на беларускай мове. На 2% – да 19% – зьменшылася лічэбнасьць беларускамоўных вучняў. Гэта без уліку статыстыкі пачатага навучальнага году, якая застаецца таямніцаю. Адпаведна ўсё менш выпускнікоў праходзяць тэставаньне па беларускай мове: у 2008-м – 68 тыс., у 2011-м – 52 тыс.: бачым спад на 24%. Інстытуцыянальнае забесьпячэньне моўнай палітыкі. Асобны Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук скасаваны й зьліты зь Інстытутам літаратуры, не раўнуючы як у амаль дарэшты асыміляваных аўтаномных народаў Расейскай Фэдэрацыі. Зачыненыя два апошнія фінансаваныя дзяржаваю беларускія пэрыёдыкі для падлеткаў. Дэманстратыўна і з выклікам – напярэдадні нашага зьезду. Урэшце – вынікі апошняга перапісу. У 1999 годзе 73,7% грамадзянаў назвалі беларускую мову роднай, але паводле перапісу 2009 году працэнт насельніцтва, якое лічыць беларускую мову роднаю, упаў з 73,7% да 53%. Адсотак беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, абваліўся з 85,6% да 60%. Штодня размаўляе па-беларуску толькі 23%, у той час калі, паводле ЮНЭСКО, крытычны парог выжываньня для мовы – 30% практычных носьбітаў. Нават з увагі на падступна зьмененае пытаньне перапісу пра родную мову гэта абвальны спад. Такая радыкальная й хуткая зьмена моўных каштоўнасьцяў – беспрэцэдэнтная для моўных сытуацыяў у сьвеце. З станоўчага можна згадаць хіба што артыкул 18 ч. 1 "Закону аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў" ды закон "Аб геаграфічных назвах", а яшчэ перадачу пра мову на канале АНТ. Такім чынам, паводле бальшыні аб'ектыўных парамэтраў, так бы мовіць, макраіндыкатараў, функцыянальнае становішча беларускае мовы горшае, як за камуністычнай уладай, якая таксама, мякка кажучы, не ўхваляла беларускага моўнага адраджэньня. (Дарэчы, параўнайма моўную палітыку і моўныя паводзіны Генадзя Бураўкіна тады і Генадзя Давыдзькі цяпер на аналягічных пасадах кіраўніка тэлевізіі.) Становішча беларускае мовы катастрафічна пагаршаецца ў выніку дзяржаўнай палітыкі. Хаця маладая незалежная дзяржава, здавалася б, дзеля ўласнай бясьпекі мусіць умацоўваць уласную нацыянальна-культурную ідэнтычнасьць. Чаму так? Я адказ маю. У сваім стратэгічным "эўразійскім" артыкуле Пуцін ясна кажа: "Нам досталось большое наследство от Советского Союза – это (...) общее языковое, научно-культурное пространство. Совместно использовать этот ресурс для развития – в наших общих интересах". Цяперашняя ўлада ў Менску выбрала сваю моўную стратэгію даўно. Беларусь – адзіная постсавецкая краіна, дзе пазыцыі нацыянальнай мовы за апошнія гады аслабелі, а расейскай – мацуюцца дзень пры дні. Паноўны статус расейскае мовы прадаецца за геапалітычную прыхільнасьць ды эканамічныя прывілеі ад усходняга суседа. Беларуская мова патрэбная толькі для торгу, для падвышэньня продажнай цаны мовы расейскае. І зусім непажаданы сцэнар – калі па-беларуску свабодна гаворыць свабодны чалавек. Беларуская мова азначае для ўладаў непрымальны для іх ровень свабоды. Мову нельга выпускаць на стратэгічную прастору, каб яна стала рэальным фактарам кансалідацыі народу. Таму задачай, напрыклад, перапісу было замацаваць у масавай сьвядомасьці ўнутры краіны, што беларушчына – удзел маргіналаў, меншасьці. Карацей, душыць, але не дарэшты; біць і плакаць не даваць, але толькі да клінічнай сьмерці. І адначасова для "сьвядомых" (якіх апрыёры лічаць наіўнымі і недалёкімі дзівакамі) зрабіць некалькі паказных крокаў. Паставіць беларускамоўнага чалавека кіраваць міністэрствам з самым малым бюджэтам. Ці ўключыць старшыню ТБМ (як прыватную асобу) у мёртванароджаную імітацыйную структуру – "Грамадзка-кансультацыйны савет" пры кіраўніку адміністрацыі. Дарэчы, такія кадравыя прапановы – не бяскрыўдная забава. Узгадаю тут праславуты ліст членаў ГКС ад 4 кастрычніка 2010 г., адрасатам якога меў быць эўракамісар Фюле, а мэтаю – падаць той ГКС Эўропе як прадстаўніцтва беларускае грамадзянскае супольнасьці. Такім чынам аказалася, што нашае Таварыства фігуруе ў сумнеўных палітычных інтрыгах, а тытул старшыні ТБМ стаіць поруч з спэцыфічнымі постацямі, сябрамі беларускага адраджэньня якіх назваць цяжка. Акрамя іншага, мы даем аргумэнты ў рукі дзеячам агульнадэмакратычнай арыентацыі, далёкім ад нацыянальнай ідэі: маўляў, усе гэтыя нацыяналісты гатовыя замірыцца хоць з сатаною за абяцанку-цацанку ў моўнай галіне. Дзеля магчымасьцяў легальнае нацыянальна-культурнае працы дапушчальна ісьці на розныя кантакты. Але павінна быць і мяжа; нельга, каб Таварыства выкарыстоўвалі ў мэтах, далёкіх ад ягонага Статуту. А калі настойваюць, кіраўніцтва заўсёды можа спаслацца на ўнутраную дэмакратыю ў арганізацыі. Маўляў, такія пытаньні трэба выносіць на Зьезд ці Раду, а там сядзяць гэткія ястрабы, накшталт Вячоркі, што ніколі ня ўхваляць падобных рэчаў. Але што рабіць?  Культурна-асьветная дзейнасьць павінна працягвацца, але трэба не дапускаць, каб нас прынізілі да ўзроўню маргінальнай сэкты, нешматлікія ўдзельнікі якой ціха зьбіраюцца ў зачыненым пакоі ды пакланяюцца спарахнелай сьвятыні. Такім можна і не перашкаджаць зьбірацца. На папярэдніх зьездах я ўжо быў казаў, што ТБМ мае быць праваабарончай арганізацыяй у поўным сэнсе гэтага слова. З адпаведнымі мэтодыкамі, з прынцыповай і жорсткай пазыцыяй у абароне права беларусаў на родную мову. Ад пачатку падтрымліваць кожнага чалавека, кожную сям'ю, якія дамагаюцца адукацыі, афіцыйных дакумэнтаў, тэлебачаньня па-беларуску. У краіне, дзе топчуцца грамадзка-палітычныя й сацыяльна-эканамічныя правы грамадзянаў, наіўна спадзявацца, што будуцуь шанавацца – нават пры ідэальным заканадаўстве – правы моўныя. Для мяне непрымальна, калі нехта кажа: маўляў, змагацца за правы беларускамоўных – клопат саміх беларускамоўных. Паверце майму немалому досьведу: гадамі ходзячы, прыкладам, у натарыяльную кантору, я штораз зьбіраюся туды як на вайну. Déjà vu пачынаецца зь першых жа словаў: а ў нас няма пячаткі, няма мовы ў кампутары, няма дазволу, няма тэрміналёгіі, няма жаданьня... Што ў іх ёсьць, дык гэта аргумэнт пра дзьве дзяржаўныя мовы, які акурат павінен быць маім. Каб здабыць дакумэнт па-беларуску, трэба мець: сталёвыя нэрвы, запас часу, веданьне законаў, кампутар з сабой (калі не друкарку!). Хіба ж кожны чалавек здольны на такую пэрманэнтную вайну? Вось чаму залатым запасам ТБМ павінны быць тыя людзі, кожны зь якіх прабіў антыбеларускую сьцяну ў канкрэтнай сфэры: Алесь Астроўскі, які пасьля працяглага перапынку дамогся школы ў Горадні, Аляксей Лапіцкі й Зьміцер Салаўёў, якія змагаюцца за школы ў Жодзіне й Магілеве; Тацяна Цяцёркіна, што ўпершыню ініцыявала судовую справу пра зьнявагу беларускае мовы; Андрусь Крэчка, што дастаў-такі міліцыянтаў выдаць яму пасьведчаньне кіроўцы новага ўзору цалкам па-беларуску; Тамара Мацкевіч, што вымусіла натарыюсаў выбачацца ды пасьля заканчэньня працоўнага дня вырабіць па-беларуску ўпаўнаважаньне на аўтамабіль; Сяргей Сямёнаў з Гомля, суджаны й штрафаваны за дамаганьне беларускамоўных блянкаў мытных дэклярацыяў (і дамогся-такі іхнага вырабу); Зьміцер Жалезьнічэнка ды іншыя хлопцы, што празь церні адстаялі сваё права ў беларускім войску гаварыць па-беларуску, і г.д. Гэтыя імёны маюць быць на рэальнай ці хаця віртуальнай дошцы гонару, з гэтых людзей мае быць створаная грамадзкая рада барацьбы за моўныя правы. А ТБМ павінна ўхоплівацца за кожны такі выпадак, ад пачатку падтрымліваць людзей у аналягічных канфліктах, мець напагатове юрыдычныя дараднікі, блянкі заяваў, кантакты гатовых выехаць на месца журналістаў. Паводле Статуту, ТБМ "...прадстаўляе і абараняе правы і законныя інтарэсы сваіх сяброў у дзяржаўных гаспадарчых і грамадскіх органах і іншых арганізацыях". Даўно пара займець юрыста ці нават юрыдычную клініку для дапамогі ахвярным змагарам за сьвятое нашае права. Каб, дарэчы, дапамагаць тым самым настаўнікам Натальлі Ільлініч, Андрэю Аляхновічу, якія не напаказ, а сапраўды беларускамоўныя і якіх спрабуе зьнішчыць сыстэма, незаконна выкінуўшы са школаў. А пакуль я асабіста як практык гатовы адказаць любому чалавеку, які зьвернецца да ТБМ па праўную дапамогу. У праваабарончай арганізацыі не бывае ў лексыконе наступных выразаў: "А яны да нас не зьвярнуліся" або "Змагацца за свае правы – справа саміх абяспраўленых". Не абрастайма бюракратычнай шкурай. Толькі тыя, у каго нэрвы аголеныя і баляць ад несправядлівасьці да ўсяго народу і да кожнага чалавека, здольныя несправядлівасьць пабачыць і разам адолець. Менск, Дольная заля касьцёлу Сьв. Сымона й Сьв. Алены, 23 кастрычніка 2011 г..
24.10.11 23:34
загружаются комментарии

Вінцук Вячорка