Дэнамінацыя без сэнсу 04.11.2015 5

Дэнамінацыя мае сэнс у пакеце з сур'ёзнымі рынкавымі рэформамі, у першую чаргу - фінансавай стабілізацыяй, увядзеньнем жорсткага мэханізму банкруцтва, зьнешне-эканамічнай лібэралізацыяй і г. д. 

Я ня веру, што цяперашнія улады гатовыя та гэтых важных, патрэбных крокау. 

А гэта азначае, што дэнамінацыя робіцца як сродак дэзарыентацыі людзей дзеля працягу панаваньня існуючага рэжыму на значны тэрмін. То бок гэткае абнуленьне сьвядомасьці дзеля новых колау інфляцыі, дэвальвацыі і г. д. 

І як магчымы пабочны эфэкт - спробы выдаць дэнамінацыю за пачатак (або хаця б падрыхтоуку) сапраудных рынкавых рэформау перад міжнароднымі фінансавымі установамі дзеля атрыманьня крэдытау.


Не здымайцеся! 04.08.2015 12

Адкрыты ліст Аляксея Янукевіча да Тацяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі

Цягам досыць доўгага часу, і асабліва актыўна – у мінулыя тыдні, гучаць заклікі да патэнцыйных кандыдатаў здымацца з выбараў ды далучацца да прыхільнікаў байкоту. Такія звароты утрымліваюць багата яркіх эмацыйных выразаў, апэляцыяў да высокіх каштоўнасьцяў незалежнасьці ды дэмакратыі, апакаліптычных прадказаньняў. Пры гэтым заклікі да байкоту аб’ядноўвае адсутнасьць лягічных аргумантаў, угрунтаваных на цьвярозым розуме ды здаровым сэнсе.

Адразу хацеў бы адзначыць дзьве рэчы. Першае – сярод прыхільнікаў байкоту нямала людзей, якіх я шчыра паважаю. І ўсе напісанае ніжэй ня мае на мэце даць байкотчыкам нэгатыўную ацэнку. Я шчыра лічу неістотным, якія матывы насамрэч ляжаць у аснове іх пазыцыі: ці то сьвядомая палітычная лінія, ці то жаданьне прыгожа абгрунтаваць уласную недзеяздольнасьць, ці то страта сувязі з рэчаіснасьцю праз перадазіроўку пра-байкотнымі сайтамі ды суполкамі у віртуальнай прасторы.

Другое – я зыходжу з таго, што з 1994 году выбары ў Беларусі не зьяўляюцца свабоднымі ды справядлівымі. Адзначаю гэта, і каб падцьвердзіць, што ня маю і заклікаю ня мець абсалютна ніякіх ілюзіяў адносна афіцыйных вынікаў 11 кастрычніка, і каб далей па тэксьце не ўжываць кожны раз са словам выбары двухкосьсі ці прыпіскі “гэтак званыя”.

Калі мы зьвернем цяпер увагу на зьмест заклікаў да байкоту, дык нам найперш кідаецца ў вочы калясальная ўнутраная супярэчнасьць у думках ды выказваньнях аўтараў. З аднаго боку, прыхільнікі байкоту называюць выбары фарсам, камэдыяй, шоў і г.д., імкнучыся падкрэсьліць сваю тэзу аб тым, што “выбары нічога не вырашаюць”. Але ў той жа час яны спрабуюць пераконваць нас з вамі, што байкот выбараў нясе сур’ёзную пагрозу рэжыму і, наадварот, удзел апазыцыі ў выбарах пацягне за сабой непапраўныя катастрофы.

Шаноўныя байкотчыкі, трэба неяк вызначацца. І, як ня дзіўна, любое вызначэньне пазыцыяў ставіць прыхільнікаў байкоту ў тупік. Калі выбары сапраўды нічога не вырашаюць, дык і байкот ня мае сэнсу, і ня можа быць ніякіх нэгатыўных наступстваў ад удзелу ў іх апазыцыі. Калі ж выбары ўсе ж нешта вырашаюць, дык тым болей недаравальна ўхіляцца ад удзелу.

Іншая надзвычай папулярная і надзвычай памылковая тэза – “прызнаньне вынікаў выбараў міжнароднай супольнасьцю залежыць ад удзелу ці няўдзелу кандыдатаў ад апазыцыі”. І, адпаведна, Аляксандру Лукашэнку нібыта вельмі патрэбна, каб апазыцыянэры ўдзельнічалі ў выбарах.

У чым тут памылка? Першая памылка – ў неразуменьні крытэраў, паводле якіх Захад ацэньвае выбары. Сапраўднымі крытэрамі для Захаду ёсьць выкананьне выбарчых працэдураў. Нідзе і ніколі вы ня знойдзеце крытэр “ці вылучала апазыцыя сваіх прадстаўнікоў?”. “Ці мела магчымасьць вылучыць?” – так, гэта крытэр. “Ці вылучала?” – гэта праблемы апазыцыі. І шэрыфа, то бок міжнародную супольнасьць, яны не цікавяць.

А што тычыцца выкананьня працэдураў, дык тут пытаньне на лёгіку для трэцяй клясы: у якім выпадку будзе больш парушэньняў працэдуры з боку ўладаў – пры адсутнасьці апазыцыі, ці пры ўдзеле дэмакратычных кандыдатаў?

Відавочна, што менавіта ўдзел у выбарах, а не байкот, стварае для ўладаў больш праблемаў прадставіць існуючую сыстэму выбараў як сумленьную ды дэмакратычную.

Другая памылка – у неразуменьні або сьвядомым ігнараваньні таго факту, што існуе розьніца паміж прызнаньнем выбараў і прызнаньнем улады. Захад не прызнаваў прэзыдэнцкія выбары, але прызнаваў і прызнае Аляксандра Лукашэнку кіраўніком краіны. Гэтую памылку робяць тыя, хто заклікае да байкоту пад лёзунгамі змаганьня за незалежнасьць. Маўляў, калі цяпер праз удзел апазыцыі Захад прызнае выбары, дык вымушаны будзе прызнаваць і магчымыя дамовы з Масквой аб здачы сувэрэнітэту краіны. Гучыць прыгожа і кранальна, але ня мае нічога агульнага са здаровым сэнсам. Калі паглядзець цьвяроза хаця б на мінулыя 5 гадоў, калі быў падпісаны цэлы шэраг эканамічных, вайсковых ды палітычных дамоваў, што ставяць пад пагрозу сувэрэнітэт Беларусі – ці Захад адмовіўся іх прызнаваць? Не. Захад шмат гадоў не прызнае выбары ў Беларусі, але прызнае ўсе падпісаныя за гэты час афіцыйным Менскам міжнародныя дамовы. І гэта перадусім не юрыдычныя, а палітычныя рашэньні. Аб’ектыўна, беларускія дэмакратычныя сілы маюць зусім невялікі ўплыў на палітычныя рашэньні Захаду. Але абсалютна відавочна, што непараўнальна болей шанцаў быць пачутым заходнімі палітыкамі мае той, хто ўдзельнічае ў выбарах, а не той, хто байкатуе. Голас кандыдата ў прэзыдэнты ў абарону незалежнасьці дзяржавы заўсёды будзе для міжнароднай супольнасьці больш цікавы ды важкі. Адпаведна, адмова ад удзелу або зьняцьцё з выбараў не дае абсалютна ніякіх інструмантаў у абароне незалежнасьці.

Нярэдка заклікі да байкоту спрабуюць падмацаваць тэзай пра амаральнасьць удзелу ў выбарах пры наяўнасьці ў краіне палітычных вязьняў. Але тэза гэтая не вымагае дадатковага абвяржэньня, бо яе абверглі некаторыя з аўтараў яшчэ да яе зьяўленьня, калі ўдзельнічалі ў выбарах-2010 пры існаваньні палітвязьняў. Яе абвергае сваімі дзеяньнямі Мікола Статкевіч. Зрэшты, няма і ніколі не было ніякіх рэальных фактаў, якія маглі б сьведчыць аб тым, што наяўнасьць або адсутнасьць дэмакратычных кандыдатаў на выбарах хаця б мінімальна можа ўплываць на лёс палітвязьняў.

Цяпер, калі мы пераканаліся, што няма аб’ектыўных мінусаў ўдзелу ў выбарчай кампаніі, варта адказаць, якія плюсы дае ўдзел. Як сябра ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч я ад пачатку кампаніі зьбіраю подпісы і ў пікетах, і па кватэрах. І менавіта з пэрспэктывы ўдзельніка кампаніі магу назваць пяць асноўных плюсаў ўдзелу ў выбарах:

І. Мабілізацыя прыхільнікаў.

Мабілізацыя прыхільнікаў свабоды і незалежнасьці адбываецца перадусім за кошт пікетаў з нацыянальнымі сьцягамі і мае вельмі вялікае значэньне. Радаснае “Нашы ў горадзе!” нярэдка даводзіцца чуць у пікетах. І гэта вельмі важнае адчуваньне для нашых прыхільнікаў – сустрэць сваіх у рэальным жыцьці. Нашы ня зьехалі, не разьбегліся, ня страцілі веру. Нашы ў горадзе, нашы побач. Змаганьне працягваецца.

ІІ. Бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах.

Асобны самадастатковы плюс. Гэта годна. Гэта прыгожа. Гэта напамін беларусам пра сапраўдны сымбаль нацыі. І трэба бачыць, якім сьвятлом запальваюцца вочы нашых людзей, калі яны бачаць наш сьцяг на цэнтральных вуліцах ды прашпектах.

ІІІ. Дэманстрацыя альтэрнатывы ды пашырэньне падтрымкі.

Вельмі шмат беларусаў амаль не чытаюць палітычных навінаў ды артыкулаў – як у афіцыйных, так і ў незалежных мэдыях. І менавіта падчас выбараў зьяўляецца нагода і магчымасьць камусьці проста даведацца аб тым, што ёсьць альтэрнатыўны ўладам пункт гледжаньня на разьвіцьцё краіны, а камусьці зразумець, што менавіта дэмакратычныя партыі адстойваюць блізкія яму ці ёй каштоўнасьці.

IV. Выпрабоўваньне рэчаіснасьці.

Нішто ня дасьць настолькі поўнага і дакладнага адчуваньня рэальных настрояў людзей, іх клопатаў ды стаўленьня да палітыкі ў краіне, як дзень у пікеце. Нішто так не вяртае з віртуальнага сьвету інтэрнэту на зямлю.

V. Мабілізацыя дэмакратычных актывістаў.

Людзі далучаюцца да палітычных партыяў, бо хочуць пашыраць ды распаўсюджваць свае каштоўнасьці. Пераважную большасьць часу ў сёняшняй Беларусі актывістам дэмакратычных партыяў даводзіцца рабіць палітычную працу ў напаўпадпольных умовах. Гэтая неабходнасьць быць асьцярожнымі непазьбежна цісьне на людзей і цягне за сабой стомленасьць ды зьмяньшэньне матывацыі. Падчас выбараў няма патрэбы хавацца. Людзі могуць вольна агітаваць, сустракаць прыхільнікаў. Такая праца надае імпэту на доўгі час наперад.

Нехта заўсёды скажа: “Хіба магчымасьці падчас выбараў такія ўнікальныя? Хіба немагчыма рабіць тыя ж рэчы бяз выбараў?” Нешта сапраўды можна рабіць і бяз выбараў, і мы гэта робім. Але шмат што магчыма рабіць сапраўды толькі падчас выбараў. І гэта сапраўды ўнікальныя тыдні, змарнаваць кожны зь якіх было б вялікай памылкай.

Таму я зьвяртаюся да Тацяны Караткевіч, якую падтрымлівае Партыі БНФ і сябрам ініцыятыўнай групы якой я зьяўляюся; я зьвяртаюся да Анатоля Лябедзькі, на якога апошнім часам скіраваны асаблівы ціск прыхільнікаў байкоту – не здымайцеся! Выкарыстайце кожны дзень збору подпісаў, а калі атрымаецца сабраць больш за 100 тысячаў – дамагайцеся рэгістрацыі і працуйце кожны дзень агітацыі. Каб перамены ў краіне надыйшлі найхутчэй. Каб найхутчэй Беларусь сталася сапраўды свабоднай і незалежнай.

Читать другие новости