Шчырасць +50

Калі б выбары былі сёння, беларуская апазіцыя смела можа разлічваць на электаральную перамогу Лукашэнкі. Гаворка не пра афіцыйныя дадзеныя, а пра рэальныя галасы. Такой перамогі за 18 год рэжыма яшчэ не здарылася, а таму любыя закіды, што такі пералом у грамадстве не дасць рэальных партфеляў на Карла Маркса – тэорыя. Прапаную зірнуць на факты і практыку.

Беларуская апазіцыя пры ўсім рамкавых умовах нэааўтарытарызма - мара для любога заходняга маркетолага. Паводле даследаванняў, не трэба працаваць на нейкі канкрэтны сегмент электарата, ці дзяліць грамадства на палову. Эксперты з НІСЭПД, людзі ў чарзе на Ждановічскім рынку ўжо даўно талдычуць – працуйце з большасцю. Нават, калі у 60-70% адсоткаў незадаволеных палітыкай уладаў 15% - „залётныя” прыстасаванцы, і так смела можна закладаць формулу 50+.

А як жа выбары пры Лукашэнку? Згода, але як вы збіраецеся перамагаць у кампаніі без яго? Калі хтосьці з вас верыць у магчымасць рэвалюцыі масаў, што змяце рэжым разам з Драздамі з твару зямлі, і народзіць чыстае поле, дзе кожнай БНФ, БХД і АГП будзе вызначаная дзялянка – можаце не губляць час і не чытаць артыкул далей.

На мінулых выходных у Арменіі былы міністр замежных справаў пры байкоце асноўных апазіцыйных лідараў бярэ 36%. Там таксама, нягледзячы на 7% адсоткавы рост ВУП на паперы, кожны трэці жыве за мяжой беднасці, і столькі ж марыць выехаць у Расею дзеля лепшай долі. Але Рафі Аванісьян меў каманду, што будавала бачанне Арменіі без Сержа Саргсьяна, хоць сама праграма кандыдата амаль не адрознівалася ад пастулатаў дзейнага прэзідэнта.

Пытанне нават, не ў падрабязнай праграме развіцця Беларусі, якую мусіць прадставіць адзіны, а ў стварэнні адзінага, цэльнага вобраза апазіцыі, да якога маглі б адносіцца тыя 60-70%. А дзеля гэтага акурат і патрэбны звычайны, ад пачатку і да канца цэльны маркетынг.

Самае аб'ектыўнае ў ім - жаданне актараў і сродкі (за якія, у прыватнасці можна прыцянуць маркетолагаў).

Здавалася б, жаданне (калі не шчырае, то, прынамсі, вымушанае) у некалькіх актараў сцэны ёсць. Той факт, што Мілінкевіч, Янукевіч і Някляеў так зацягваюць працэс кансалідацыі можа сведчыць акурат з адсутнасцю другога аб'ектыўнага фактара. Дык так і скажыце, і запрапануйце усім жадаючым дапамагаць на валанцёрскіх пачатаках. Але спачатку трэба стварыць адкрыты (праўдзівы!) вобраз. Няма сродкаў на офіс у Рагачове, але ёсць жа магчымасці для бягучай дзейнасці, толькі напоўніць яе трэба ідэяй і...шчырасцю.

.
20.02.13 21:25
загружаются комментарии

Алесь Залеўскі