Памяці Антона Шукелойца.

У Нью-Ёрку на 102-м годзе жыцця пакінуў гэты свет Антон Шукелойц. Чалавек-легенда для Беларусі і  ўсёй беларускай эміграцыі.

Беларусы, якія пасля другой сусветнай вайны мусілі пакінуць Беларусь, усе, хто перыядычна ці часова наведваў Злучаныя Штаты Амерыкі -- усе ведалі гэтага ўнікальнага чалавека. І мне лёс падарыў магчымасць не толькі спаткацца з ім, але і шмат аб чым пагаманіць у 1996-1997гг.  Тады я двойчы( у 1997-м больш за тры месяцы) гасцяваў у Амерыцы.

У той час  Антон Шукелойц узначальваў Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне(БАЗА) у Нью-Йорку. Амаль кожную нядзелю ўлетку-восень  1997-га ён выступаў у Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы(БАПЦ) у Брукліне. Ён вельмі цікава, мілагучна і мякка ўмеў гаварыць, дзяліўся з намі, з тымі беларусамі, што гасцявалі(як я) ці  прыбылі ў Амерыку на сталае жыхарства,  сваімі багатымі  ўспамінамі.

Яго расповяды былі настолькі цікавымі, што не маглі нікога пакінуць абыякавым. Антон Шукелойц меў сапраўды фенаменальную памяць. Мне асабіста ён, напрыклад, расплюшчыў вочы на дагэтуль неадназначную гістарычную постаць асобы -- кіраўніка грамадзянскай адміністрацыі(гаўляйтэра) Беларусі  часоў другой сусветнай вайны (1941-1943гг.)  Вільгельма Кубэ.

Тое, што я пачуў пра В.Кубэ ад А.Шукелойца як чалавека, які  асабіста ведаў  гаўляйтэра Вільгельма фон Кубэ -- перавярнула ўсе мае ўяўленні пра сапраўдную  гістарычную ролю, якую адыграў В.Кубэ ў дачыненні да Беларусі, да беларускай мовы і культуры, да выратавання беларускіх габрэяў і г.д.  Аб гэтым -- неяк асобна трэба будзе напісаць.  Бо ў сьвядомасці значнай часткі беларусаў Вільгельм Кубэ дагэтуль застаецца "ворагам беларускага народа".

Трэба адзначыць, што Зянон Пазьняк выдаў кнігу  "Гутаркі з Антонам Шукелойцам",  якая з'яўляецца важкім унёскам у данясенні да беларусаў гістарычнай праўды. На жаль, жыццё чалавека такое, што ўсяго не запішаш. І пра ўсё, што бачыў і перажыў -- не распавядзеш.

Амаль 20 гадоў таму, увосень 1997-га Антон Шукелойц падчас шпацыру па Нью-Йорку паведаміў мне пра тое, што дактары дыягназавалі ў яго рак прадстальнай залозы. Але тут жа жартам супакоіў, што ў яго узросце -- гэта ўжо не страшна! І, усміхаючыся, дадаў, што ўсе мы, урэшце, там будзем.

Я тады ў адказ яму таксама пажартаваў: маўляў, так, памрэм.  Але што тычыцца спадара Шукелойца -- то ён, як Старшыня БАЗА і як чалавек надзвычайнай дабрыні, пачуцця гумару, спагады і фенаменальнай памяці пражыве больш за 100 гадоў. Бо мозг спадара Шукелойца -- гэта толькі ў адзінак людзей. І тое, што ён  у такім светлым, зусім не кранутым склерозам, стане -- дар Божы. А мозг усім, целам, арганізмам кіруе.

- Ну, калі так, то варта нам зазірнуць яшчэ ў адну  ўстанову Манхэттана,-- адказаў Шукелойц. -- Там дагэтуль захаваўся каўбойскі дух і інтэр'ер 19-га стагоддзя.
 
І павёў мяне ў гэтую ўстанову --  каўбойскую карчму з інтэр'ерам 19-га стагоддзя. На ўваходзе якой вісеў надпіс вялікімі літарамі па-ангельку аб тым, што ўваход неграм і асобам з сабакамі забаронены.

А ўнутры карчмы -- дубовыя  сталы і лавы, дубовая з дошак падлога, якая ўся пакрытая свежымі апілкамі. Апілкі заўсёды былі свежыя, бо адмыслова з піларамы завозіліся ў карчму кожную раніцу.

І, як і сказаў мне тады спадар Шукелойц, мне запомніцца назаўжды не смак піва і сыра з арэшкамі. А менавіта гэты пах свежых апілак, што перабіваў усе піўныя ды іншыя пахі. Бо гэта незвычайна для наведвальніка.

Антон Шукелойц пражыў незвычайнае, надзвычай багатае на падзеі, на выпрабаванні і на людзей жыццё. І  прысвяціў яго Беларусі.

Па сваіх палітычных поглядах А.Шукелойц быў, як ён казаў, сацыялістам. Але не камуністычным, а дэмакратычным сацыялістам -- тым, што заснавалі прафсаюзы і адстойвалі правы наёмных  людзей працы.
Мае шчырыя спачуванні,  маё шанаванне ўсім родным, блізкім, знаёмым Антона Шукелойца, усім беларусам Амерыкі, якіх Ён ведаў.

Выкажу сваю жыццёвую пазіцыю і філасофію з нагоды сыходу ў іншы свет людзей кшталту Антона Шукелойца. Можа, не кожны з ёй пагодзіцца, але ж...  Тут, на маю думку, не варта плакаць з таго, што непазбежна здарыцца з кожным.

Варта ганарыцца тым, што такі чалавек быў. Што Ён жыў.  Жыў хоць і на чужыне, у далёкай Амерыцы, але жыў для Беларусі.

І што ты Яго ведаў.  


10.01.17 4:20



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец