Чорны дзень 20 ліпеня

20 ліпеня -- самы трагічны, сапраўды чорны дзень у найноўшай беларускай гісторыі.

Роўна год таму ў гэты дзень у Кіеве дагэтуль неўстаноўленыя злачынцы забілі Паўла Шарамета, узарваўшы яго аўтамабіль, на якім ён ехаў на працу, разам з ім . Павел Шарамет -- бадай, адзіны на маім вяку журналіст, які сапраўды не баяўся Лукашэнкі.  І адкрыта яго ненавідзеў. Ненавідзеў не толькі за ўзурпацыю ўлады, бясконцую хлусню, ліслівасць і адначасова  жорсткасць і бязлітаснасць у адносінах да апанентаў.

Ён ненавідзеў  Аляксандра Лукашэнку за яго за саўдзел у арганізацыі забойства яго сябра Змітра Завадскага. І вёў  па справе Завадскага сваё паралельнае журналісцкае  расследаванне, якое лічыў справаю свайго жыцця. Павел Шарамет усведамляў, што на месцы Завадскага павінен быў быць ён. Але ў выканаўцаў спецаперацыі па выкраданню Змітра Завадскага нешта трохі не так склалася -- і яны перастараліся ў сваім памкненні дагадзіць гаспадару.  Я калісьці пра гэта  казаў, а потым і пісаў Паўлу Шарамету.  Ён, як зараз памятаю, толькі паківаў галавою.

Павел Шарамет, як ніхто іншы, лічыў Лукашэнку  "конченой мразью". І казаў, што будзе ў адносінах да яго "беспощадным".  Існуе яшчэ шмат аргументаў, на мой погляд бездакорных, на карысць версіі беларускага следу ў забойстве Паўла Шарамета.  Прынамсі, супольнага, беларуска-расійскага, калі ўлічыць, што і ў Расіі, мажліва, былі людзі, якія прагнулі паказальна пакараць Шарамета за яго прынцыповасць, шчырасць і непадкупнасць.

Калі маем справу з паказальным забойствам, то першае, што павінны ўсебакова адпрацоўваць следчыя -- гэта тое, каму забойства было найбольш выгаднае, каму яно прынясло найбольш, так бы мовіць, асалоды і палёгкі. Вось і мяркуйце самі, каму.

Дваццаць тры гады таму 20 ліпеня 1994-га А.Лукашэнка ўрачыста на пленарным пасяджэнні Вярхоўнага Савета, паклаўшы руку на Канстытуцыю, прынёс прысягу беларускаму народу і афіцыйна заняў вышэйшую дзяржаўную пасаду Рэспублікі Беларусь -- пасаду Прэзідэнта.

Што здарылася потым -- усе ведаюць. Ён парушыў дадзеную прысягу.І болей таго, здзейсніў асабліва цяжкія дзяржаўныя злачынствы, якія мусяць быць расследаваныя  незалежна ад тэрміну даўнасці.

Сярод іх трэба адзначыць тры галоўныя злачынствы, якія былі здзейсненыя А. Лукашэнкам і яго бліжэйшым атачэннем. І без усведамлення і расследавання якіх немагчыма будзе рухацца наперад.

Першае. 12 красавіка 1995г., увод ў парламент спецназа і жорсткае збіццё дэпутатаў апазіцыі, якія абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту і супраць намеру А.Лукашэнкі прапіхнуць праз парламент насуперак Канстытуцыі і Закону  пытанні антыканстытуцыйнага рэферэндуму. Гэта быў першы акт дзяржаўнага перавароту.

Другое. 1996 год, кастрычнік --лістапад. Ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту сілавым шляхам пад выглядам рэферэндуму па зменах у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994г. Самыя значныя злачынныя дзеянні гэтага перыяду -- выданне антыканстытуцыйных указаў аб зняцці з пасады кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і  ўказа аб невыкананні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Сярод злачынных дзеянняў  трэба адзначыць  блакаванне узброенай Службай бяспекі Прэзідэнта будынка Цэнтральнай выбарчай камііі і літаральны вынас з кабінета цела яго Старшыні -- В. Ганчара.

Трэцяе. 1999-2000гг. Тайныя спецаперацыі па выкраданню і забойству самых небяспечных палітычных апанентаў рэжыму А.Лукашэнкі. Менавіта ў гэты час спачатку раптоўна памёр Генадзь Карпенка, а потым зніклі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Зміцер Завадскі. Пра іх лёс дагэтуль невядома, афіцыйнае следства не вядзецца, а наадварот,  ўсяляк блакуецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам.

Мінуў адзін год, як забілі Паўла Шарамета. І мінула аж дваццаць тры(!!!) гады з дня афіцыйнага ўзыходу Аляксандра Лукашэнкі на пасаду Прэзідэнта Беларусі. І ён усё яшчэ сядзіць на гэтай пасадзе! І марыць на ёй памерці.

І часам здаецца, што амаль усе цвярозыя людзі Беларусі, дый сама Беларусь  усё чакаюць, калі  ж ён з гэтай пасады сыйдзе.  Або памрэ. І  многія людзі, баючыся  і ўлады, і падзеяў ва Украіне, і  ўсяго навокал сябе, усё яшчэ спадзяюцца, што будучыя ўзрушэнні і выхад з прававой імглы адбудзецца мірна.

У аўтара гэтых радкоў такой надзеі ўжо амаль не засталося.


20.07.17 14:22



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец