Анархістаў судзяць за падпалы быдынкаў.

Не ўсе доказы атрымалася выкарыстаць у працэссуальных мэтах. Адзін з дыскаў быў прабіты дыраколам і падшыты да справы. Разгляд справы працягнецца заўтра.

Працэс над пяццю актывістамі анархісцкага руху працягнецца ў судзе Заводскага раёна Мінска 20 мая
Мінск, 19 мая. Працэс над пяццю актывістамі анархісцкага руху працягнецца ў судзе Заводскага раёна Мінска а 10-й гадзіне.

Працэс над Максімам Веткіным, Яўгенам Селівончыкам, Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам распачаўся 18 мая ў судзе Заводскага раёна Мінска. Яны абвінавачваюцца ва ўчыненні шэрагу нападаў на будынкі, падпалаў і іншых злачынстваў. У прыватнасці, у правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідванне фаерамі сталічнага казіно "Шангры Ла" і будынка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спробы падпалу аддзяленняў "Беларусбанка" і банка "Масква-Мінск", аддзялення міліцыі ў Салігорску.

Сёння ў судзе былі дапытаныя сведкі і часткова разгледжаныя матэрыялы крымінальнай справы. Сведкі ў большасці сваёй сцвярджалі, што следства аказвала на іх уціск, каб прымусіць даць абвінаваўчыя паказанні ў дачыненні да падсудных.

У другой палове дня суд прагледзеў вынікі агляду месцаў здарэнняў. Так, у выніку агляду месца здарэння ў Салігорску слядоў узгарання і пашкоджання рамы аддзялення міліцыі не выяўлена. У выніку агляду будынка ФПБ у Мінску слядоў узгарання таксама не выяўлена. У выніку агляду аддзялення "Беларусбанка" выяўлена дэфармацыя шыльды і шкла рамы ўваходных дзвярэй. Ёмістасць для смецця і банкамат не пацярпелі. На месцы здарэння каля пасольства Расіі знойдзена бутэлька на адлегласці двух метраў ад плота. Шкло машыны, у якую патрапіла бутэлька, адсутнічае, абшыўка сядзення асмалена. Глыбіня прапалу 30 см, дыяметр 40 см. Сляды каля пасольства ідэнтыфікаваць не ўдалося.

Як ужо паведамлялася раней, адзін са сведак, Аляксей Жынгяроўскі, падчас следства заявіў, што Францкевіч узламаў сайт Наваполацкага гарвыканкама. Аднак на судзе ён заявіў, што проста падпісаў паперу пад прымусам КДБ.

Паводле вынікаў экспертызы вынятай у абвінавачаных камп'ютарнай тэхнікі, файлы, знойдзеныя на цвёрдым дыску Францкевіча, не маюць кода для ўзлому сайтаў. Устанавіць ip-адрас, з якога быў праведзены ўзлом сайта Наваполацкага гарвыканкама, не ўяўляецца магчымым.

Да справы былі прыкладзеныя пазітыўныя характарыстыкі на абвінавачаных Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча. На ўліку не стаялі, да адказнасці не прыцягваліся, спіртным не злоўжываюць. Прыкладзеныя таксама станоўчыя водгукі з СІЗА і станоўчыя характарыстыкі з месца працы. За Францкевічам захавана месца працы.

Падчас прагляду відэазапісаў з месцаў здарэння здарыўся кур'ёз — дыск з відэа акцыі каля Генштаба прагледзець не было магчымасці, бо ён быў прабіты дзіркаколам і падшыты да справы.
Чакаецца, што заўтра будзе працягнуты допыт сведак і прагляд відэаматэрыялаў.
22:30 19/05/2011




Loading...


загружаются комментарии