Оруэл. Частка 2

Балюча назіраць за ўсім тым, што адбываецца навокал.

Оруэл. Частка 2
Можна маўчаць і спіхваць усё на “падпіску пра неразгалошванне”, але на тое няма ні моцы, ні жадання.
 
Жыццё маё пераўтварылася ў татальнае назіранне за  арыштамі-судамі-прысудамі, штодзённую падрыхтоўку перадач і наведванне сваякоў палітвязняў. І хочацца неяк скінуць тое хоць на хвіліну і парадвацца свабодзе, каторая ёсць вакол, гэта ўсё ж ні камера 5 м* 3 м з адсутнасцю лістоў ды хоць нейкіх навінаў. Тут навінаў хоць адбаўляй: Атрошчанкаў – 4 гады “страгача”, Дашкевіч – 2 агульнага рэжыму (ціпа пашанцавала), Лобаў – 4 таго ж строгага. Дваццацігадовы бясшкодны хлопчык Ліхавід – 3, 5 гады. Падаецца, лепш бы яны каго згвалтавалі, што-небудзь  скралі ці нюхнулі чаго забароненага – дык хоць не так крыўдна сядзець было б.
 
Навінаў  хоць адбаўляй, напрыклад, новая цэнзура на рок-гурты. Чарговая глупая выдумка сістэмы. Думаюць, што ад гэтага іх менш пачуюць? Спантанныя флэш-мобы, забароненыя канцэрты, сталы распаўсюд кружэлак у моладзевых тусоўках – гурты не толькі узвышаюць свой рэйтынг, але атрымоўваюць большую павагу і падтрымку  з боку  прыхільнікаў.
 
Забарона “Аўтарадыё”, каторае заўжды ставіла ўсе тыя ж “забароненыя” гурты, адзінае радыё  у FM, дзе ў задавальненне можна было паслухаць беларускую музыку і беларускамоўныя перадачы. Мы з бацькам пастаянна слухалі яго ў машыне.
 
З навінаў таксама мне хапіла і  чарговае папярэджанне “Народнай Воле”, дэпартацыю расейскага праваабаронцы, затрыманні журналістаў, новыя адміністратыўныя арышты, “замініраванне Купалы” і новая крымінальная справа супраць журналіста Пачобута. Дарэчы, мела гонар зусім нядаўна пазнаёміцца з ім у гасцях у Міхалевіча. Андрэй аддана імкнуўся падтрымаць свайго сябра Алеся, ягонае сэрца перажывала за гэтыя падзеі і наперажывала сабе самому крымінальную справу па нібыта знявазе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
Здаецца, часам лепш знаходзіцца ў камеры са спакойным сэрцам пры адсутнасці любой інфармацыі, чым знаходзіцца на “свабодзе”, чытаючы гэты ўвесь жах і знаходзіць у сабе сілы, каб рухацца наперад.
 
Абраза прэзідэнту. Як шмат іранічнага у гэтых словах.
 
Мне здаецца, што некаторым асобам у нашай краіне, трэба не проста сыходзіць, а збягаць. І тое датычна не Алеся Міхалевіча. Проста калі ў некаторых не засталося ні граму сумлення, няхай разлічваюць, што ў народу можа не застацца ні кроплі цярпення.
Калі маўчыць гэта не значыць, што не думае. Калі надумае – ужо ня замаўчыць.
 
Рана ці позна. Рана, не позна.
22:52 30/03/2011




Loading...


загружаются комментарии