АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Дзе «знаходзяцца» людзі не зусім падобныя да нас

 Дзе «знаходзяцца» людзі не зусім падобныя да нас 16.11.2017
Невідзімкі беларускага грамадства. Жыццё ў псіханеўралагічным інтэрнаце.

Журналісты belsat.eu пабывалі ў закрытым псіханеўралагічным інтэрнаце для дарослых у Мінскай вобласці.

Хто з нас задаваўся пытаннем, дзе «знаходзяцца» людзі не зусім падобныя да нас, людзі, якія ад самага нараджэння не атрымалі столькі шанцаў быць шчаслівымі? Дзеткі з сіндромам Дауна, або з аўтызмам, або ДЦП нараджаліся ва ўсе часы. Аўтыстамі былі Эйнштэйн, Ньютан і Мікеланджла. Аднак у пэўны момант у 80-х гг. іх пачало нараджацца менш. Не таму, што грамадства стала больш здаровым, а таму, што пры наяўнасці такіх хваробаў у часе цяжарнасці маці атрымалі права рабіць спарон. Аднак нават тыя, хто нарадзіў такое дзіця, не заўсёды мае адвагу ўзяць на сябе крыж яго выхавання. І тады дзеткі трапляюць у дзіцячыя дамы, а пасля паўналецця перасяляюцца ў інтэрнаты для дарослых, дзе праводзяць рэшту свайго жыцця разам з тымі, хто захварэў пасля або проста стаў нікому не патрэбным.

 

Інтэрнат, куды мы накіроўваемся, знаходзіцца ў 80 км ад Мінску. «Не здзіўляйцеся, на постсавецкай прасторы так прынята – псіханеўралагічныя інтэрнаты хаваць падалей вачэй, – кажа кіраўнік Дабрачыннага фонду «Спірос» Сяргей Доўгаль, з якім мы выправіліся ў дарогу. – У інтэрнатах зусім іншы свет. Іншая зямля. Не магчыма застацца ранейшым, калі пачынаеш бачыць такія месцы…»

 

«Не ехаць туды не магу»

 

«Разумееце, там няма нічога страшнага, адзінае, што балюча вельмі за іх. Іх няма чаго баяцца. Абсалютна. Яны ніякай шкоды зробяць. Калі ты яму падабаешся, ён цябе абдыме, пацалуе. Яны не носяць масак. Яны не крывадушныя людзі. Баяцца трэба тых, хто за плотам інтэрната. У інтэрнатах толькі тыя, хто засвяціўся, бо такіх, хто з «белачкай», хапае і сярод нас. Паверце, калі мы зараз прыедзем, Вас з такім цяплом і радасцю ніколі і нідзе не сустрэнуць», – распавядае па дарозе ў інтэрнат Віталія, каардынатар фонду.

 

Цёплае знаёмства з пастаяльцамі Тарасікаў


Віта нас не падманула. Як толькі машына пад’ехала да будынку, некалькі дзясяткаў людзей абляпілі аўта гэтак, што цяжка было адчыніць дзверы. Гэта былі самыя розныя людзі, старэйшыя і маладзейшыя, з рознымі псіхафізічнымі асаблівасцямі, але кожны цягнуўся моцна паціснуць рукі, абняць, пазнаёміцца і прывітацца, не шкадуючы словаў «як добра, што Вы прыехалі», «мы Вас так чакалі»… Некаторыя з іх не маглі гаварыць, таму толькі ўсміхаліся, пахлопвалі па плячу і паціскалі рукі.

 

  

Валанцёры дасталі з багажнікаў некалькі пачак з печывам і пірагамі, якія панеслі ў сталовую. Як тлумачаць дабравольцы, не кожны псіхічна ў стане наведваць такія месцы, але многія таксама хочуць дапамагчы. Некалькі жанчынаў за свае грошы нарабілі смачнага печыва і напяклі пірагоў, каб пачаставаць жыхароў інтэрнату. А іх не мала, каля трохсот асобаў.

Вырашылі карміць дзвюма зменамі. Такія прысмакі рэдкасць для ўтрыманцаў інтэрната. Валанцёраў з пірагамі суправаджае цэлая працэсія радасных людзей. Кожны ведае сваё месца ў сталовай. Акрамя пірагоў, валанцёры прывозяць таксама пачкі гарбаты. Як тлумачыць Сяргей, седзячы ў пакоях, дзе няма чаго рабіць, для пастаяльцаў у радасць проста заварыць і папіць гарбаты.

 

Самы лепшы канцэрт


Пасля гарбаты і пірагоў задаволеныя падапечныя падцягнуліся да актавай залі, дзе валанцёры запланавалі невялічкі канцэрт. Адзін з іх аказаўся беларускім спеваком LEO NARDO, які ахвотна ездзіць разам з валанцёрамі ў інтэрнат. Паслухаць яго сабралася поўная зала.

 

«Я проста прыязджаю, бо мне гэта прыемна, таму што прыемна гэтым людзям якіх кінулі, якія нікому не патрэбныя. Я ведаю, што такое быць адзінокім. Я ведаю, што, калі мы ім не падорым кавалачак шчасця, то хто тады падорыць? Мне не цяжка, бо з дзяцінства мая бабуля працавала ў інтэрнаце для састарэлых. Я там па сутнасці рос і з дзяцінства іграў ім на баяне. Сюды прыязджаеш, бачыш шчырасць. Яны з расхінутаю душою, таму што… ім дрэнна. Я да іх стаўлюся не як да інвалідаў. Бо разумею, што ўсе мы ні ад чаго не застрахаваныя. Калі такога чалавека ў нармальную атмасферу пасяліць, то ён зменіцца», – кажа спявак ў перапынку паміж выступамі.

 

Як патлумачыла Віта, жыхары інтэрнату вельмі любяць патанцаваць. Але тут нельга спяваць сумныя песні, або такія «за жыццё». Музыка павінна быць вясёлай, гэта адзін з нешматлікіх магчымасцяў іх парадаваць. Тут нельга плакаць і перажываць. Ёсць толькі 2-3 гадзіны на тое, каб стварыць усмешку на іх тварах.

 

«На адным з канцэртаў Сяргей спытаўся, што самае важнае ў жыцці? Што б кожны з нас адказаў? Кватэры, выйсці замуж удала, нешта яшчэ… А адзін хлопец устаў і сказаў: самае галоўнае – быць добрым. Быць добрым, разумееце! І хто з нас здаровы?», – распавядае Віта.

У пэўны момант на сцэну да Леанарда падняліся жыхары інтэрната. Такую шчырую радасць і смеласць рухаў не ўбачыш на ніводнай дыскатэцы. Гэта неверагодны момант, калі людзям цалкам абыякава, што пра іх думаюць іншыя, калі можна быць самім сабой і ніхто цябе не асудзіць.

 

Хто гэтыя людзі?

 

Пасля канцэрту мы зайшлі ў закрыты ізалятар. У некаторы пакоях сядзелі адасоблена хворыя на шызафрэнію, якія таксама ўзрадаваліся кавалачкам смачнага цеста і печыва, якімі пачаставалі іх валанцёры.

З суседняй палаты пачаў даносіцца працяглы стогн. На ложку ляжала дзяўчына з вельмі худымі рукамі і нагамі. Яна хуценька праглынала кашу з лыжкі, якой карміла яе супрацоўніца інтэрната. Яна не магла размаўляць. Ейнай моваю былі нечалавечыя стогны, якія азначалі: «Я тут! Заўважце мяне! Я тут! Я жывая! Не сыходзьце!». На пытанне, што з ёй здарылася, мы пачулі кароткае: «бацькі-алкаголікі».

«Гісторыі самыя розныя. У Наташы маці гадоў дзесяць піла і жыла каля вогнішча. Жанна, калі была маленькая, бацька п’яны, трымаючы яе на руках, спатыкнуўся і ўдарыў яе галоўкай аб касяк. У яе затарможанасць развіцця і яна трапіла ў інтэрнат. Адзін хлопец у дзяцінстве некаторы час з сабакамі і катамі на вуліцы жыў. Жэня Ліпень, яго ў смеццевым баку знайшлі, а «Ліпень» клічуць, бо гэта быў месяц, калі гэта адбылося. Ёсць зусім нармальныя, бабулі і дзядулі, ад якіх адмовіліся дзеля кватэры і каб пазбегнуць адказнасці за іх старасць», – кажа Сяргей.

 

Шанец для тых, каго мы не бачым

Сяргей Доўгаль, вайсковы лётчык у мінулым, пачаў ездзіць у псіханеўралагічныя інтэрнаты ў 2012-м годзе. За 5 гадоў яму ўдалося сабраць каманду аднадумцаў і аб’яднаць усіх у Дабрачынным фондзе дапамогі дзецям і дарослым інвалідам, якія знаходзяцца ў псіханеўралагічных інтэрнатах імя народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча «Спірос».

 

Пад іх апекай знаходзяцца больш за 12 інтэрнатаў Мінскай вобласці. Фонд робіць неверагодныя рэчы для ўтрыманцаў інтэрнатаў, на якіх многія забыліся, а большасць увогуле не падазрае. Сяргей першы не толькі ў Беларусі, але ва ўсім СНД пачаў катаць людзей з асаблівасцямі развіцця з закрытых установаў на самалёце, арганізоўваць скокі з парашутам і гэта толькі пачатак захапляльнай гісторыі.



Дата создания: 16.11.2017 15:19:48

Возврат к списку