АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Жонка TUT.BY

Жонка TUT.BY 20.11.2017
Вядомы культуролаг Юлія Чарняўская расказвае пра сябе сама. Ёсць катэгорыя людзей, падчас размовы з якімі не звяртаеш увагу на час. Чарняўская менавіта з такіх.

Мы размаўлялі з ёй амаль пяць гадзін. І я зноў пераканаўся: у гэтым жыцці поспехаў дабіваюцца толькі тыя, хто шмат працуе і не шкадуе сябе. Але давайце пачытаем, што Юлія расказвае пра сябе сама.


 Незвычайны радавод

«Прынцыпова ніколі не хаваю дату свайго нараджэння. Я з’явілася на свет у знакамітым радзільным доме №1 на Валадарцы 5 жніўня 1962 года.

Калі ў мамы пачаліся «схваткі», бацькі ўсю ноч сядзелі на кухні кватэры на вуліцы Карла Маркса і распавядалі анекдоты, а раніцай разам пешкі пайшлі ў раддом. Пра тое, каб выклікаць таксі, нават ніхто і не падумаў… Ісці было недалёка, але зрабіць гэта са схваткамі было нялёгка…

 

Як расказвалі, я нарадзілася каля дзесяці вечара. Цікава, што праз чвэрць стагоддзя гэтак жа зрабіла мая дачка Жэня. Як спяваюць у адной папулярнай песні — «у тым жа месцы, у тую ж гадзіну». Толькі я ў жніўні, а яна — 24 лістапада.

Мама — Аляксандра Рыгораўна, а бацька — Вісарыён Цімафеевіч. Абодва дактары.

Маці паходзіць з даволі своеасаблівай сям’і, у тым сэнсе, што яе бацька меў звычку шмат разоў жаніцца і кожнай жонцы пакідаць дзяцей… Пра многіх сваякоў я даведалася толькі ў 48 гадоў праз праграму «Чакай мяне».

 

Бацька Вісарыён

У мяне шмат родных, але, каб нікога не заблытаць, пачну з таго, што пасля заканчэння вайны бабуля па кудзелі Эда апынулася ў Кёнігсбергу, які ў 1946 годзе стаў Калінінградам, і дзе па вядомых прычынах вызваліся шмат жытла. Туды хутка прыехаў з вайны яе муж, але яны літаральна з парога разышліся.

 

У Калінінградзе бабуля кіравала дзіцячым домам. Дарэчы, Эдай яе назваў бацька — мастак, рамантык — у гонар Эды Габлер з п’есы Ібсэна.

На жаль, у 37 гадоў яна памерла ад раку. Маці тады было 18. Яна вырашыла паступаць у медінстытут Смаленска, але, нягледзячы на тое, што раней вучылася на медсястру, не паступіла. Але праз год паступіла ў Мінскі медінстытут, дзе і пазнаёміліся з маім бацькам.

Па бацькавай лініі сітуацыя склалася кардынальна інакш.

У дзеда Цімафея Васільевіча было двое братоў і дзве сястры. Ён быў старэйшым. Вырас ён у вёсцы Евлічы, што пад Слуцкам. У школе да сваёй беларускай мовы ён цудоўна вывучыў і рускую. Скончыў Бабруйскую прафтэхшколу. Вышэйшай адукацыі ён, вядомы пісьменнік, так і не атрымаў: ён усё браў самаадукацыяй. Падчас вучобы ў Бабруйску пачаў пісаць вершы, на паэтычнай глебе знайшоў аднадумцаў. Вершы пачалі друкаваць у бабруйскай шматтыражцы.

Дзядуля Цімафей (Васіль Вітка)

Потым быў пераезд у Мінск, дзе ў маладога паэта Цімафея Крысько (вядомы псеўданім Васіль Вітка з’явіўся ў 1943 годзе) выйшлі дзве першыя кнігі. У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай Вольгай Рыгораўнай Лерман. Так пачаўся габрэйскі складнік майго радавода.

Тады многія беларускія пісьменнікі жаніліся з габрэйкамі: Міхась Лынькоў, Мікола Федаровіч, Кузьма Чорны, Рыгор Суніца-Лынькоў, які быў жанаты з малодшай сястрой маёй бабулі — і не толькі яны..

Жыццёвыя катаклізмы

Дачка шаўца Вольга (Эльке) Лерман пераехала з Гомеля (выступала ў мастацкай самадзейнасці) у Мінск і пайшла ў тэатр працоўнай моладзі «ТРАМ», адкуль выйшла шмат прафесійных актораў. Яна выконвала характарныя ролі.


Аднойчы ў іх быў канцэрт. Бабуля выбегла на сцэну і надзвычай эмацыйна пачала чытаць вершы Купалы і Маякоўскага. Вельмі прыгожая, стройная, чорныя кудры. Дзеда гэта ўразіла — і ў іх пачаўся раман. У 1936 годзе яны пабраліся шлюбам, а ў 1937-м на свет з’явіўся мой бацька. Дзед Цімафей даў яму імя Вісарыён, бо вельмі любіў Бялінскага.

Усё жыццё бацька адчуваў складанасці з імем… А я — з імем па бацьку.

У 1937 годзе дзед быў адказным сакратаром адной з газет, сябраваў з тым, каго потым назвалі «ворагам народа» і забралі. На партыйным сходзе дзеда сур’ёзна прапясочылі за тое, што не данёс. Звычайна, такое заканчвалася хуткім арыштам.

Мая бабуля заўсёды была ценем мужа. Дзед — галоўны, гаспадар, а яна, як і належыць габрэйскай жонцы, «на доме, кухні і дзецях». Але ў экстрэмальных сітуацыях бабуля імгненна ператваралася ў надзвычай валявую жанчыну і выратоўвала ўсіх. Тады яна цвёрда сказала: «Мы з’язджаем з Мінску і будзем недзе хавацца».

 

Так яны апынуліся ў Пухавічах, дзе дзед два гады працаваў сторажам мясцовага Дома культуры. Потым (у нашым доме пра гэта ніколі не расказвалі — я даведалася пра ўсё толькі з дзедавых успамінаў і лістоў) няміласць была знятая, і нехта прыгадаў пра маладога таленавітага журналіста.

 Дзеда накіравалі ў Беласток працаваць сакратаром Беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў. Там іх сям'ю і застала вайна.

 

Яны хутка паехалі ў Гомель, дзед пабег у ваенкамат, каб стаць дабраахвотнікам, але яго не прапусцілі па зроку і адразу ж накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Яны з бабуляй тады размінуліся і сустрэліся толькі напрыканцы вайны…

 Бабуля пешкі (з двума маленькімі дзецьмі на руках) пайшла з Гомеля ў Оршу, а потым — дабралася да Смаленску, дзе ёй удалося сесці ў цягнік. Так яна апынулася ў Кургане, у эвакуацыі.

 

Першыя крокі

У Доме на Карла Маркса, 36 галоўным заўсёды было ўтульная асяроддзе, камфортныя атачэнне, атмасфера. У нашым пад’ездзе жыў толькі адзін нейкі генерал з боку, астатнія — пісьменнікі. У кватэры пад намі жылі Клімковічы, над — Гілевічы, насупраць — іх Навуменкі, насупраць нас — Глебчыха з дачкой Ларысай, мужам і двума сынамі. А вышэй (змяняючы адзін аднаго) — Шамякіны, Скрыганы, Брылі і дзядзя Уладзя Караткевіч, якога я любіла больш за ўсіх. У суседнім пад’ездзе жыў Янка Маўр.

   

У 1962 годзе беларускіх пісьменнікаў "выпусцілі" ў замежную камандзіроўку, у Парыж. Там — дзіўна і страшна — загінуў яго сябар пісьменнік Усевалад Краўчанка. Мне было тры месяцы, дзед вярнуўся ў вельмі прыгнечаным стане, стаў побач з маім ложкам у спальні бацькоў — і так адтуль і не выйшаў у пераносным сэнсе. Так і быў галоўным чалавекам у маім жыціі да самай яго смерці…

 

З тых часоў ён праводзіў са мной гадзіны, нават дні напралёт. Літаральна забіраў і нёс у свой пакой. Маці нават крыўдзілася, што аддаваў ёй дзіця толькі пакарміць…

 

Бацькоў размеркавалі ў горад Завіцінск. Гэта чыгуначная станцыя Завітая, што паміж Чытой і Благавешчанскам, Амурскі край. Мне было два гады.

 

Дзіцячыя ўспаміны таго часу вельмі сціплыя.

 Памятаю: горы вугалю, шмат гасцей у нашым доме, бо туды размеркавалі шмат маладых дактароў, бацька на плячах нясе мяне з дзіцячага садку і спявае франтавую песню пра агарачак свячы. Я і сёння яе люблю.

 

Пастаянныя ангіны і ўрэшце рэўматызм сталі прычынай таго, што мяне ў трохгадовым узросце давялося адвезці ў Беларусь. А бацькі вярнуліся ў Завіцінск адпрацоўваць размеркаванне.

 У дзеда Цімафея і бабулі Вольгі я вывучыла напамяць процьму вершаў на беларускай і рускай мове і нават цалкам «Казку пра цара Салтана», каб паказаць сваім бацькам, калі яны вернуцца, якая добрая ў іх расце дачка.

  

 Канешне, у гэтым заслуга перш за ўсё дзеда, бо літаратура, пісьменніцкае асяроддзе для мяне было такім жа натуральным як паветра.

 Першыя вершы Барыса Пастэрнака, якога ён вельмі любіў, я пачула ў тры гады і памятаю па наш дзень.

 

Выбар шляху

Дзякуючы дзеду, я вырасла з абвостраным пачуццём справядлівасці і адчуваннем далучанасці да чужой бяды. Напрыклад, я магла заплакаць перад сном ад таго, што «галадаюць дзеці ў Мазамбіку», і бабулі даводзілася супакойваць тым, што так адбываецца далёка не паўсюль, што мы абавязкова дашлем ім пасылку.

 

 

Юлія Чарняўская ў дзяцінстве з маці Аляксандрай

 

Па прыездзе бацькі вельмі хутка пачалі разводзіцца. Калі гэта адбылося, маці паспрабавала забраць мяне на здымную кватэру, але высветлілася, што гэта вельмі складана (яе праца на паўтары стаўкі і мае частыя хваробы кепска суадносіліся), і ёй давялося вярнуць мяне да дзеда з бабуляй.

 

У сем гадоў я пайшла ў школу №2, і адвучылася там два класы. Потым школу расфармавалі, і працягваць вучобу я была павінна ў чацвёртай школе, аднак тут мама атрымала кватэру і забрала мяне ў Серабранку.

 

Надышлі цяжкія часы. Раён толькі-толькі будаваўся. Школы раслі, як грыбы пасля дажджу, і таму вучні ўвесь час мяняліся. Да таго ж кантынгент там быў зусім не такі, як у цэнтры горада. Настаўніца літаратуры Марыя Міхайлаўна Субач раіла: «Будзь прасцей». «Быць прасцей» не атрымлівалася, таму часта мяне ў школе цкавалі. Я наогул не разумела гэтых слоў. Разумела толькі, што хачу сябраваць з дзецьмі, а яны са мною — часцей не. Доўга потым выбівала з сябе жаданне падабацца людзям. Выбіла толькі бліжэй да сарака гадоў.

 З дзевяці год я мела шмат публікацый у «Зорцы», «Знамени юности», «Парусе», «Комсомольской правде». Збіралася паступаць на журфак (потым з'явілася думка пра Літінстытут), але паступіла на філфак, і вельмі рада гэтаму. На журфаку ж была нейкі час толькі ў якасці выкладчыцы.

У мамы не было дзіцячай бібліятэкі. Толькі дарослая. Яе я і чытала. Напрыклад, у 9 год я ўжо прачытала Рэмарка, Стругацкіх.

 З кнігамі тады і значна пазней было вельмі цяжка. Акрамя самвыдату мне нешта трапляла з «таміздату». Успаміны Надзеі Якаўлеўны Мандэльштам праз мяжу знаёмыя правезлі, прабачце, у майтках.

 Увогуле, з кнігамі адбываліся дзіўныя рэчы. Некаторыя з іх траплялі ў Мінск «праездам».

 Памятаю, у 12 гадзін ночы прывезлі Платонава. Я прыехала на вакзал, каб забраць. А аддаваць кнігу трэба было ўжо праз чатыры гадзіны, у гэты час яе зноў звозілі на іншым цягніку. Прыйшлося дадому ісці пешку.

 Ноч. Мінск. Мне 18 гадоў. Іду — а душа пяе! Я прачытала «Катлаван»!

  

Шлях у сучаснае

Пра тое, чаму ўрэшце я трапіла не на журфак і не ў Літінстытут, а на філфак — асобная гісторыя. Зараз проста канстатую факт: восенню 1979 года я стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ. Скажу шчыра, што, нягледзячы на тое, што вучылася добра, я была не самай узорнай студэнткай.

 

У мяне было сваё асяроддзе. Перш за ўсё — аўтарская песня. Спачатку — клуб «Купалінка», які хутка разваліўся, потым кватэра знакамітай дысідэнткі Надзі Круп, удавы барда Арыка Крупа, затым мы паўпадпольна збіраліся ў нейкім падвальчыку на вуліцы Альшэўскага — спявалі, чыталі вершы, сумесна працавалі над словам.

 

Дарэчы, голас у мяне быў хаця і не самы моцны, але прыгожы. На ўсіх фестывалях я не заставалася без прызоў. Часцей за ўсё імі адзначаліся тэксты маіх песень і сімпатыі слухачоў. Грала я дрэнна, а музыка была хоць і прыемная, але прымітыўная.

  

На другім курсе філфаку я першы раз выскачыла замуж. Міша вучыўся ў Наргасе, які тады не быў прэстыжным вузам. Наадварот.

 Міша шмат вандраваў. Захапляўся альпінізмам. У адным з паходаў мы і пазнаёміліся. З часам я ўбачыла ў ім сапраўднага мужчыну, джэнтльмена, культурнага, далікатнага, добра выхаванага. Дзед у яго быў прафесарам, а маці, Таццяна Рыгораўна (цётка Таня), — кандыдатам хімічных навук. Яна была цудоўная жанчына!

 

З Мішам мы пражылі разам чатыры з паловай гады. Потым я ад яго сышла, бо зразумела, што гэта трэба зрабіць. Нельга не зрабіць...

 Пасля разводу мы захавалі прыязныя адносіны. Я б нават сказала — сваяцкія.

 Парадокс, але свайго другога мужа Юру я паказала найперш менавіта сваёй былой свякроўцы, і цётка Таня яго ўхваліла. Мы з ёй сябравалі да самай яе смерці і хавалі разам з Мішам і яго другой жонкай, Ларысай.

 Аднак вернемся да філфака БДУ.

 Пасля заканчэння вучобы (1984 год) мяне размеркавалі ў звычайную школу, чаго ўсе астатнія баяліся і чаму я была рада.

 

Гэта была 91-я школа, якая знаходзілася фактычна ў цэнтры Мінска, але ўсе іншыя школы таго раёну былі спецыялізаванымі, а яна — не. Таму там вучылася шмат дзяцей з сем’яў, якім было «ўсё роўна». І дзеці там былі вельмі розныя… Але мне даволі хутка ўдалося наладзіць кантакты з няпростымі вучнямі. У школе я прапрацавала два гады, арганізавала хор, тэатр. Але мая актыўнасць шмат каму не падабалася. Мяне вельмі любілі дзеці і іх бацькі, а вось некаторыя калегі — не. Тады я ўпершыню даведалася, што значыць калектыўная зайздрасць. Акрамя таго, нюхам адчувалася, што я "няправільная", "несавецкая". І мяне пачалі цкаваць. Цкаванне было параўнальным з дзіцячымі гадамі. Мне давялося сысці. Як жыць без вучняў — гэта было зусім незразумела. Адчуванне, што ў цябе вынялі душу.

 

Некалькі месяцаў я была беспрацоўнай. Пачалася дэпрэсія. Каб не перарываць працоўны стаж, часова ўладкавалася ў кінатэатр «Перамога», які чакаў хуткі рамонт. Якраз у гэты час у маім жыцці з’явіўся Юра.

 

З Юрам мы пазнаёміліся 2 мая 1986 года. Я прыехала ва Львоў з сябрамі на «майскія» святы. Паехалі ў лес на пікнік пагаманіць, паспяваць. Юра не захапляўся бардаўскай песняй, а ў нашу тусоўку трапіў дзякуючы свайму сябру. Амаль выпадкова. Страшна падумаць, што мог бы і не паехаць...

 Ён больш любіў джаз. Што не перашкодзіла яму падысці да мяне і спытаць: «Дзе ты навучылася так спяваць?» Гэта і стала нагодай для знаёмства. А потым ён навучыў мяне любіць джаз.

 Імгненні лёсу

Майго дзеда не стала 7 ліпеня 1996 года, практычна праз год пасля сумна вядомага рэферэндуму аб змене нацыянальнай сімволікі. Добра памятаю дзень, калі над будынкам прэзідэнцкай адміністрацыі мяняўся сцяг. Калі я ішла да дзеда, яшчэ лунаў адзін, а вярталася — вісеў іншы.

 

Пра гэта дзед напісаў верш. І яго імгненна перасталі друкаваць. Больш за тое, калі дзед памёр, нават месца на могілках раптам «не стала», а беларуская тэлебачанне не сказала пра сумную падзею ні слова. Я доўга не магла зразумець прычыну, а потым мне патлумачылі, што яна якраз у тым вершы.

 

Спрабавалі прабіць мемарыяльную дошку на яго доме: усё ж класік дзіцячай беларускай літаратуры, стваральнік першага ў нас дзіцячага часопіса «Вясёлка», аўтар «Роднага слова», па якому мове і літаратуры вучыліся некалькі генерацый беларусаў. Але, відаць, памяць пра верш для кагосьці апынулася доўгай і больш значнай. Можа, з нейкага Божага погляду, так і патрэбна: каб памяць пра вершы трымалася столькі гадоў. Але ўсе роўна крыўдна і неяк непрыстойна. Такая дробная помста нябожчыку…

 

Дзень пахавання дзеда супаў з юбілеем Уладзіміра Някляева. Як бы там ні было, я заўсёды буду ўдзячная Уладзіміру Пракопавічу за тое, што ў дзень свайго пяцідзесяцігоддзя ён разам з Васілём Уладзіміравічам Быкавым стаяў каля труны майго дзеда…

 

У часы юнацтва я часта ездзіла ў Маскву, сустракалася з літаратарамі, чытала ім свае вершы. Аднойчы мне пашанцавала ўсю ноч прагаманіць з Белай Ахмадулінай. Мне тады было толькі 16 гадоў, я заканчвала школу, і Бэла Ахатаўна адгаварыла мяне ад паступлення ў літаратурны інстытут.

 Яна звярталася да мяне «на вы». Другая ў маім жыцці. Першым быў у Кактэбелі Веніямін Аляксандравіч Каверын, з чыімі ўнучкамі Кацяй і Ірышай я сябравала. Мне тады ўвогуле было чатырнаццаць.

 Ахмадуліна сказала: «Юленька, не варта вучыцца ў літінстытуце. Я вучылася. Паверце, вам гэта не трэба… Вы — паэт. Лепш, чым вы пішаце, вас там пісаць не навучаць. А любоў да паэзіі — не прафесія». Я ехала ў электрычцы, і душа спявала: «Я — паэт! Я — паэт!»

 

…Са Святланай Аляксандраўнай Алексіевіч мы знаёмыя вельмі даўно, яшчэ ў тыя часы, калі яна не магла надрукаваць сваю знакамітую кнігу «У вайны не жаночы твар», і з гэтай нагоды з ёй сустракаўся мой дзед. Ён заўсёды ахвотна дапамагаў маладым творцам. У нас былі першыя кнігі Законнікава, Някляева, Разанава, і вось сярод іх з’явіўся рукапіс, якія прынесла маладая журналістка. Я тады для яе стала Юляй, яна для мяне — Светай.

 

Дзеду рукапіс вельмі спадабаўся. Памятаю, як ён тады сказаў: «Света — падзвіжніца».

 Потым яна стала вядомай пісьменніцай, потым знакамітай, потым яе пачалі перакладаць на іншыя мовы. А наша знаёмства ўзяло паўзу на некалькі дзесяцігоддзяў.

 

Ведаеце, я не вельмі ўмею камунікаваць са знакамітасцямі. Мне няёмка навязваць сябе людзям, якія дасягнулі пэўных вяршыняў. Тым больш я ніколі не буду выкарыстоўваць асабістае знаёмства ў нейкіх сваіх мэтах.

 

Другі этап нашага знаёмства адбыўся, калі TUT.BY існаваў ужо дзевяць гадоў і займеў сваё тэлебачанне. Я вяла перадачу «Без адказаў». Чарговы выпуск быў прысвечаны інтэлігенцыі. Маўляў, патрэбна яна Беларусі ці не? Адразу вырашыла, што адным з удзельнікаў будзе Валянцін Акудовіч. Юрый Дракахруст параіў мне Святлану Алексіевіч, якая на той час была ў Мінску. Патэлефанавала, прадставілася, сказала, пра што будзе праграма. Святлана Аляксандраўна пагадзілася. Мы дамовіліся, што я заеду за ёй на таксі. І тады нечакана для мяне яна пазнала ва мне, дарослай жанчыне, тую самую дзяўчынку, унучку Васіля Віткі.

 

Жонка TUT.BY

…Мой Юра вучыўся спачатку ў Львоўскім палітэху. Паступаў было ў МДУ, але там яго, медаліста, пракінулі па так званым "пятым пункце". А давучваўся ён ужо ў Ленінградзе, на факультэце біямедыцынскай кібернетыкі. Падчас чарговай паездкі на сесію на некалькі дзён прыехаў у Мінск і спыніўся ў нашага сябра Вадзіма Казначэева.

 

Дарэчы, менавіта з ім праз некалькі гадоў у Маскве я трапіла на разагнаны пікет Валерыі Навадворскай, і мы разам — Валерыя Ільінічна, Вадзім і я — спрабавалі спыніць міліцэйскую «газель», куды запіхнулі актывістаў Дэмакратычнага Саюза. Нічога не атрымалася, але дубінкай па нырках атрымала.

 

Ну вось, пасяліўся Юра ў Вадзіма і пачаў мяне ўгаворваць пабрацца з ім шлюбам. І ўгаварыў, праўда не на шлюб, а толькі прыехаць да яго ў Львоў на летні адпачынак. Там высветлілася, што я ўжо ўладкаваная на працу адразу ў два тэхнікумы, што для нас зняты пакой у невялікай кватэры, што мяне кахаюць больш за жыццё. Так і атрымалася, што той «летні адпачынак» цягнецца трыццаць другі год…

 

 

Юлія Чарняўская з мужам Юрыем Зісерам і дачкой

 

Львоў — цудоўны горад. У мяне там было шмат сяброў па аўтарскай песні. Мне было там добра. Але такога антысемітызму, як у тым савецкім Львове, я не бачыла нідзе… Я не магла чуць, як майго мужа і яго бацькоў абражаюць проста на вуліцы ці суседзі. Мне ўсё больш хацелася ў Мінск, і праз год мы вярнуліся — ён, я і дачка Жэня ў маім жываце.

 Як сказаў тады Юра, у Беларусі ён трапіў у рай, бо «жыдоўскай мордай» тут амаль не называлі.

 

Жэня нарадзілася вельмі хваравітым дзіцём, а аднойчы і ўвогуле ледзь не памерла, пра што, дарэчы, ёсць фрагмент у кнізе Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд». Спачатку па гэтай прычыне я не магла працаваць.

 

Першыя сем гадоў жыцця дачкі я выкладала вельмі мала. Той, хто ведае, што такое «ліхія дзевяностыя», добра памятае, як тады жылі людзі. Мы былі такім ж беднымі, як усе. Здымалі «хрушчоўку» на Залатой горцы, з якой нас перыядычна спрабавалі выгнаць, але абмяжоўваліся павышэннем платы. Муж працаваў у Бараўлянах праграмістам, атрымліваў 160 рублёў плюс мае 35 рублёў дэкрэтных, мінус 45 за жытло. Каляска, крамы, купоны… Адно слова — галеча…

 Потым Юра «вахтавым метадам» уладкаваўся працаваць на Поўнач, у кааператыў горада Лангепаса, што знаходзіцца ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гэта Цюменская вобласць, недалёка ад Ніжнявартаўску.

 

Ён з’язджаў на некалькі месяцаў. Я заставалася з дзіцём адна. Хапалася за любую работу. Памятаю, клеіла аплікатуры для векаў, распісвала месцы на канцэртных квітках (тады гэта рабілі ўручную) і г.д. Але па начах пачала пісаць прозу. Вельмі хацелася пісаць! Прычым, пра дзяцінства і юнацтва.

 

Майго заробку не хапала нават на ежу, аднак Юра, дзякуй Богу, пачаў нармальна зарабляць. Потым стварыў сваю фірму — "Надзейныя праграмы", якая спецыялізавалася на праграме для банкаў, якую ён напісаў яшчэ ў Лангепасе. І праз два гады (з матэрыяльнай дапамогай усіх сваякоў) мы набылі першую ўласную кватэру. Завадскі раён, вуліца Васняцова, 42 квадратных метры. Як кажуць, жыццё пачало наладжвацца.

  

У пэўным сэнсе «Надзейныя праграмы» — няўдалы папярэднік партала TUT.BY.

 Фірма, якая пачыналася з маленькага пакою нашай кватэры, дзе сядзеў кампутаршчык Дзіма, а Юра са сваім кампутарам сыходзіў да маіх дзядулі і бабулі. Фірма, дзе акрамя іх дваіх быў яшчэ толькі бухгалтар — дастаткова хутка ператварылася ў калектыў з пяцідзесяці супрацоўнікаў.

 

У 1996-м усё гэта рухнула з пачаткам банкаўскага крызісу. Жыццё зноў ператварылася ў паўтара гады пекла.

 

Мы былі вінныя ўсім. Здавалася, усё вакол складаецца толькі з пазыкаў. Людзі не могуць працаваць без заробкаў, і фірма зноў «скукожылася» да некалькіх чалавек.

 

Я круцілася, як магла. Працавала ў дзвюх ВНУ, раз на тыдзень выкладала ў школе, пісала артыкулы для часопіса «Здароўе і поспех». А ўлетку займалася звычайным каміваяжорствам, гандлявала касметыкай «Swiss Formula».

 

Потым нам пашанцавала, нечакана паступіў заказ, які пакрыў усе запазычанасці. А праз некалькі гадоў узнікла ідэя стварэння TUT.BY.

 Калі парталу споўнілася два гады і мы «выйшлі на самаакупнасць», журналісты пачалі пытацца пра стартавы капітал. Гэты былі грошы, сабраныя на набыццё большай кватэры. Юра ўклаў іх у новую рызыковую справу, і мы яшчэ сем гадоў жылі ў старой кватэры.

 Удалую назву TUT.BY прыдумаў мой сябра Мікола Раманоўскі — рэдактар, перакладчык і паэт, унук нашага класіка Кузьмы Чорнага.

 

На мой погляд, жанчына не павінна станавіцца вядомай проста як «другая палова» свайго мужа. Адна знаёмая мяне некалі цікава прадставіла свайму спадарожніку. Кажа: «А гэта жонка TUT.BY». Быць «жонкай шэфа» мне заўсёды было і будзе агідна. Таму я доўга і свядома дыстанцыявалася ад парталу, займаючыся сваімі справамі: кнігамі, п'есамі, артыкуламі, дысертацыямі, выкладаннем. А цяпер і літаратурным клубам «GRAPHO».

 

На партале я пачала з’яўляцца, калі TUT.BY існаваў ужо дзевяць гадоў. І раблю я гэта вельмі рэдка. Я там малая каго ведаю. Пішу артыкул, дасылаю рэдактару. Калі рабіла перадачы — з'яўлялася менавіта на здымкі. Вось, хіба што, раз на месяц на літаратурны клуб «GRAPHO» прыходжу, таму што менавіта ў галерэі TUT.BY яго і праводжу.

  

Вяселле дачкі

 

Даволі часта пытаюцца, навошта мне ўсё гэта трэба, навошта пры такім загрузе «за капейкі» выкладаць ва Універсітэце культуры?

 Адказваю — мне цікава быць патрэбнай. Упэўнена, наша краіна падымецца не дзякуючы некім апазіцыйным асобам, а дзякуючы ўсёй грамадзянскай супольнасці. Яна ўжо ёсць, але пакуль маленькая. Людзей трэба вучыць дэмакратыі, а значыць, мысленню і адказнасці. А дзе гэта можна зрабіць лепш, чым ва ўніверсітэце?

 

Сёння грамадзянская супольнасць існуе сярод тых, хто займаецца дабрачыннасцю, хто адважваецца на стартапы, рызыку і г.д. Мне падабаецца дапамагаць такім людзям, быць ім карыснай. Падабаецца быць мостам паміж АСОБАМІ, плакаць з-за «галодных дзяцей у Мазамбіку». Гэта мой лёс. Хоць цяпер гэта часцей беларускія сіроты, жабракі-пенсіянеры, людзі з абмежаванымі магчымасцямі — і наогул, як сфармуляваў Дастаеўскі, "зняважаныя і абражаныя". Мне падабаецца вучыць студэнтаў і перадаваць ім не толькі веды, але і служыць мастком паміж пакаленнямі і людзьмі. Гэтаму калісьці навучыў мяне дзед. І недзе там, далёка-высока, яго і маё пакліканні аб'ядналіся...

 

Аляксандр Тамовіч, НЧ, фота з сямейнага архіву Юліі Чарняўскай


Дата создания: 20.11.2017 08:58:34

Возврат к списку