АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Украінская тэлерадыёкампанія: ...пачынаецца кампэтэнцыя дзяржавы ў абароне грамадзяніна Ўкраіны

Украінская тэлерадыёкампанія: ...пачынаецца кампэтэнцыя дзяржавы ў абароне грамадзяніна Ўкраіны 21.11.2017
Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны, у штаце якой працуе затрыманы ў Беларусі журналіст Паўло Шаройка, заяўляе, што ня мае са спэцслужбамі такіх адносінаў, якія б выходзілі за межы афіцыйных, і не супрацоўнічае з ніводнай з іх.

Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны (НГТУ), у штаце якой працуе затрыманы ў Беларусі журналіст Паўло Шаройка, заяўляе, што ня мае са спэцслужбамі такіх адносінаў, якія б выходзілі за межы афіцыйных, і не супрацоўнічае з ніводнай з іх, паведамляе радыё Свабода.

 

«Задачы і місія грамадзкага вяшчальніка — іншыя. Так будзе і надалей», — адзначаецца ў адмысловай заяве кампаніі.

 

У той жа час у НГТУ мяркуюць, што адсутнасць якой-небудзь афіцыйнай рэакцыі або заўважнай актыўнасці дзяржавы ў гэтай справе можа мець сваю рацыю, якая незразумелая грамадзянам Украіны.

 

«Разам зь сям’ёй Паўла Шаройкі тэлерадыёкампанія спадзяецца, што ў найбліжэйшы час украінская дзяржава зробіць усё магчымае для абароны свайго грамадзяніна і вяртаньня яго дадому», — заявілі ў тэлерадыёкампаніі.

 

«Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны знаходзіцца на шляху рэформаў. І ў пачатку свайго стварэньня ў 2017 годзе вяшчальнік дэкляраваў свае прынцыпы, заснаваныя на агульнасусьветных практыках журналісцкіх стандартаў, свабодзе слова і дэмакратычных каштоўнасьцях. І НГТУ прытрымліваецца гэтых прынцыпаў пры любых абставінах».

 У заяве таксама адзначаецца, што Паўло Шаройка працуе ў замежнай карэспандэнцкай сетцы «Ўкраінскага радыё» з 2015 году:

 «З таго часу і да 25 кастрычніка 2017 году Паўло добрасумленна выконваў рэпартэрскую працу, асьвятляючы самыя розныя тэмы на замову інфармацыйнай службы Ўкраінскага радыё. Якасць рэпартэрскай працы Паўла Шаройкі не давала ніякіх падставаў для прэтэнзіяў ні да зьместу, ні да формы ягоных рэпартажаў».

 

Усе свае дзеянні НГТУ накіроўвае на дапамогу жонцы Паўла Шаройкі Алене, муж якой апынуўся за кратамі і якая засталася бяз даху над галавой, з 8-гадовым дзіцем на руках без фінансавай падтрымкі.

 

«Што да самога Паўла Шаройкі, то ёсць мяжа, за якой магчымасці НГТУ па абароне ўласнага карэспандэнта сканчаюцца і пачынаецца кампэтэнцыя дзяржавы ў абароне грамадзяніна Ўкраіны», — адзначылі ў тэлерадыёкампаніі.


Дата создания: 21.11.2017 14:15:00

Возврат к списку