АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Пераварот ці перамога?

Пераварот ці перамога? 22.11.2017
Сыход дыктатара ёсць неабходная, але не абавязкова дастатковая ўмова трансфармацыі рэжыму.


Нягледзячы на паведамленні аб адыходзе Роберта Мугабэ ад улады, становішча ў Зімбабве застаецца невызначаным. У панядзелак мінуў тэрмін ультыматуму кіруючай у Зімбабвэ партыі ZANU-PF, якая патрабавала ад 93-летняга прэзідэнта краіны пакінуць сваю пасаду.

 

Напярэдадні партыйнае кіраўніцтва ўжо зняло Мугабэ з пасады галавы ZANU-PF. Таксама з партыі была выключана ягоная жонка Грэйс, якую Мугабэ меў намер зрабіць віцэ-прэзідэнтам і сваёй пераемніцай, і якая ў свой час сцвярджала, што зімбабвійцы прагаласуюць нават за «труп Мугабэ»…

 

Чакалася, што ўвечар падчас выступлення з тэлезваротам да суграмадзян Мугабэ абвесціць пра сваю адстаўку. Аднак, замест гэтага ён заявіў, што ў снежні будзе старшынстваваць на кангрэсе кіруючай партыі, нягледзячы на тое, што яе з 19 лістапада ўзначальвае былы віцэ-прэзідэнт Эмерсан Мнангагва.

 

93-гадовы Роберт Мугабэ – адзіны кіраўнік краіны з моманту набыцця незалежнасці ў 1980 годзе. Праз год ён збіраўся пераабрацца на новы тэрмін, і ў такім выпадку заставаўся б ва ўладзе да 99 гадоў. Яго неаднаразова абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека і падаўленні палітычнай апазіцыі. З гэтай нагоды з 2003 года ён знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.

 

6 лістапада вайскоўцы ўзялі Мугабэ пад хатні арышт. Чыннікам перавароту яны назвалі “пагаршэнне сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне”. Сапраўды, у Зімбабвэ мела месца фантастычная інфляцыя, якая ў 2008 годзе дасягала 231 мільёна (!) адсоткаў. 10 з 12 млн грамадзян жывуць сёння за рысай беднасці, каля 3 млн збеглі ў суседнія краіны. Без працы – да 80 %.

 

У той жа час сям’я самога Мугабэ жыла, мякка кажучы, на шырокую нагу. Так, у Парыжы Грэйс за адзін раз спусціла 120 тысяч даляраў. На вяселле дачкі толькі на рамонт дарогі ад дома ўраду да іх новага асабняка быў выдаткаваны мільён даляраў плюс яшчэ 100 тысяч на падарункі. 4,2 млн даляраў пайшло за ўчастак у 55 гектараў у прэстыжным раёне сталіцы. За арэнду нерухомасці ў Дубаі пара Мугабэ плоціць па 500 тысяч у год. Сапраўдную хвалю нянавісці выклікала набыццё Ролс-Ройса за 400 тысяч даляраў. І толькі скандал перашкодзіў першай ледзі набыць пярсцёнак з дыяментам за 1,35 млн.

 

Таму рэакцыя жыхароў краіны на згаданыя падзеі здзіўлення не выклікае: у сталіцы краіны Харарэ прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі: людзі спявалі, танцавалі і абдымалі вайскоўцаў.

 

Вось толькі ўрачыстасці гэтыя могуць быць заўчаснымі. Не выключана, што завадатарам прыйдзецца пакінуць Мугабэ ў руля хоць бы намінальна, бо ніводны з бакоў, якія змагаюцца за ўладу, не валодае дастатковай сілай, каб яе ўтрымаць. Каля 40 % насельніцтва падтрымлівае апазіцыю, астатнія – на боку ZANU-PF, але тая расколатая. Праўда, нават калі за Мугабэ пакінуць тытул першай асобы, эпоха яго кіравання скончылася.

 

З іншага боку, ягоны сыход яшчэ зусім не будзе азначаць, што справы пойдуць добра: найбольш верагодны пераемнік, Мнангагва, лічыцца не меншым мярзотнікам. Пасля сваёй адстаўкі ён уцёк у Пекін, куды неўзабаве наведаўся і камандуючы ўзброенымі сіламі Зімбабвэ. Апошні нібыта правёў перамовы з кіраўніком кітайскага генштабу, а па вяртанні паабяцаў, што войска не дапусціць чыстак прыхільнікаў Мнангагвы…

 

Дарэчы, эканамічная залежнасць Зімбабвэ ад Паднябеснай проста шалёная: дастаткова нагадаць, што два гады таму юань стаў там афіцыйным плацёжным сродкам. А багацці зімбабвійскіх нетраў прамым ходам цякуць у Кітай.

 

Такім чынам, Зімбабвэ наўрад ці мае светлыя перспектывы, прынамсі ў агляднай будучыні. Больш за тое, сітуацыя можа пагоршыцца, бо новы дыктатар будзе больш баяцца перавароту, а гэта можа азначаць больш рэпрэсій і гвалту.

 

З гісторыі вынікае, што змены, якія адбываюцца ў выніку палацавых інтрыг, а не масавага супраціву грамадства, звычайна да істотных зрухаў не вядуць. Асабліва ў дзяржавах з няўстойлівай дэмакратыяй і вялікай залежнасцю ад знешніх сілаў.

 

па інф. Народная воля, здымак з адкрытых крыніц


Дата создания: 22.11.2017 09:55:17

Возврат к списку