АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Ён 60 год маўчаў пра тое, што дапамагаў Ларысе Геніюш

Ён 60 год маўчаў пра тое, што дапамагаў Ларысе Геніюш 23.11.2017
Вячаславу Берастоўскаму 83 гады. Жыве ён у Слоніме адзін, бо жонка некалькі гадоў таму памерла. Вячаслаў Канстанцінавіч, нягледзячы на свой сталы ўзрост, выглядае даволі ўпэўнена і моцна.

 Вячаслаў Берастоўскі, верасень, 2017 год.


«На аўтастанцыі да мяне падышоў невядомы мужчына і спытаў, да каго я ў Зэльву прыязджаў. Я сказаў, што да паэткі і купіў у яе сярэбранік. Але далей наша размова спынілася — прыехаў аўтобус і я заскочыў у салон. А мужчына ў адказ паспеў сказаць: «Мы яшчэ сустрэнемся, і, спадзяюся, хутка», — распавядае «Новы Час» гісторыю Вячаслава Берастоўскага, які дапамагаў Ларысы Геніюш у час яе жыцця ў Зэльве.


Вячаславу Берастоўскаму 83 гады. Жыве ён у Слоніме адзін, бо жонка некалькі гадоў таму памерла. Вячаслаў Канстанцінавіч, нягледзячы на свой сталы ўзрост, выглядае даволі ўпэўнена і моцна.

  Яго невялікая двухпакаёўка нагадвае своеасаблівы музей. Асабліва прыцягваюць увагу круглыя драўляныя рамачкі з надпісамі і партрэцікамі. У адной з іх — Тадэвуш Касцюшка і тэкст: «Воля, роўнасць, незалежнасць». У другой рамачцы пазнаю Міхала Казіміра Агінскага з тэкстам: «Слонім, М. Агінскі». На трэцяй — буслы ў гняздзе і словы: «Воля і гонар. Жыве Беларусь». «Гэта маё хобі, я з маленства люблю што-небудзь майстраваць з дрэва», — прызнаўся Вячаслаў Канстанцінавіч.

  Амаль усё жыццё ён адпрацаваў токарам на слонімскай фабрыцы «Тэкстыльшчык», і пра гэта не шкадуе. Бо была праца, добрая сям’я, выгадавалі дзяцей, растуць унукі і праўнукі. А яшчэ Вячаслаў Канстанцінавіч вельмі цікава і доўга можа распавядаць пра сваякоў і родных, якія жылі ў ХХ стагоддзі і якімі ён да сёння ганарыцца і часта ўспамінае.

 

«Ці праўда, — пытаюся ў Вячаслава Канстанцінавіча, — што вы былі знаёмыя з беларускай паэткай Ларысай Геніюш, якая жыла ў Зэльве?». «Так, — адказвае Васіль Берастоўскі. — Я сустракаўся з ёй у Зэльве тры разы…»

 

І стары слонімец пачынае прыгадваць той час і хуткія спатканні ў горадзе над Зальвянкай.

 

Справа ў тым, што ў 1930-х гадах цётка Вячаслава Берастоўскага Алімпіяда была замужам за Аляксандрам Панасікам. Панасік быў даволі багатым чалавекам, у Зэльве ён меў некалькі будынкаў, у адным з іх пасля вайны знаходзілася пошта. Кім ён працаваў і чым займаўся, Берастоўскі не ведае. І куды ён знік, як прыйшла ў 1939 годзе ў Зэльву савецкая ўлада, таксама ніколі не чуў. Магчыма, Панасіка арыштавалі органы НКУС і расстралялі.

 

 

У першым шэрагу сядзяць: Аляксандр Панасік і яго жонка Алімпіяда Пананасік, стаяць: Аксана Садоўская і Канстанцін Берастоўскі — бацька Вячаслава Берастоўскага. Зэльва, 1929 год. Фота друкуецца ўпершыню.

 

А Алімпіяда Панасік з дачкой выехалі ў Польшчу і жылі ва Вроцлаве. Алімпіяда больш замуж ніколі не выходзіла. Але ў той час, калі ўсе да вайны шчасліва жылі ў Зэльве, Панасікі шчыра сябравалі з Ларысай Геніюш. Яны хадзілі адзін да аднаго ў госці, у іх былі маленькія дзеці: у Алімпіяды — дачка, у Ларысы — сын Юрка, які нарадзіўся ў 1935 годзе ў Зэльве.

 

— Першы раз я паехаў у Зэльву ў 1968 годзе, — пачаў успамінаць Вячаслаў Берастоўскі. — Мяне туды завёз сябра на матацыкле. Прывёз ён на Зэльвенскую аўтастанцыю. Там я адразу ўзяў зваротны білет на аўтобус у Слонім. Калі купіў білет, то хуценька пайшоў шукаць вуліцу і хату.

 

Недалёка ад хаты да мяне падышла нейкая жанчына і спытала: ці не Ларысу Антонаўну я шукаю? Я сказаў, што менавіта яе. Потым неяк непрыкметна з’явілася і сама паэтка, якой я хутка перадаў 500 савецкіх рублёў — вялікія па тых часах грошы. Яна іх узяла і адразу схавала. А мне ў рукі дала срэбную манету (сярэбранік). Я ўзяў манету і хуценька пайшоў на аўтастанцыю, бо праз пэўны час павінен быў прыехаць аўтобус да Слоніма.

 

На аўтастанцыі да мяне падышоў невядомы мужчына і спытаў, да каго я ў Зэльву прыязджаў. А потым сам дадаў: да паэткі? Я сказаў, што так, да паэткі і купіў у яе сярэбранік. Але далей наша размова спынілася — прыехаў аўтобус і я заскочыў у салон. А мужчына мне ў адказ яшчэ паспеў сказаць: «Мы яшчэ сустрэнемся, і, спадзяюся, хутка». Але я ўжо ад’язджаў у Слонім.

 

— Ці чапаў вас хто пасля гэтага першага візіту ў Зэльву?

 

— Не, ніхто.

 

— А хто вас накіраваў у Зэльву да Ларысы Геніюш?

 

— Мая цётка, якая жыла ў Слоніме. Яна неяк мне сказала, што ў Зэльве жыве адна бабка, вельмі трэба ёй завезці грошы, але так, каб ніхто мяне не бачыў там, і зрабіць гэта трэба як найхутчэй. Выканаць такую просьбу прасіла цётка Алімпіяда Панасік з Вроцлава — сястра майго бацькі. Гэту цётку я бачыў у жыцці толькі два разы.

 

 

Алімпіяда Панасік — сяброўка Ларысы Геніюш. Зэльва, 1929 год. Фота друкуецца ўпершыню.

 

— Але потым вы зноў вазілі грошы Ларысе Геніюш?

 

— Другі раз у Зэльву я паехаў рэйсавым аўтобусам у 1969 годзе. Быў я больш смялейшым, бо ведаў, дзе яе хата. Выйшаў на аўтастанцыі і смела пайшоў у належным кірунку. Увайшоў у хату, прывітаўся. Ларыса Антонаўна была ў хаце адна. Жылі Геніюшы дужа сціпла, гэта было бачна. Я перадаў грошы, Ларыса Антонаўна паставіла на стол нейкай настоечкі, мы па кроплі з ёй выпілі, яна распытала, як жыве цётка Алімпіяда, і я хуценька пабег на аўтастанцыю. Гэтым разам ніхто мяне не чапаў і не затрымліваў.

 

А трэці раз я вазіў дапамогу Ларысе Антонаўне ў 1972 годзе. Калі прыйшоў да яе ў хату, яна хацела мяне пачаставаць, але я сказаў, што мне нельга доўга затрымлівацца. Паэтка абняла мяне, паляпала па плячы, і я пайшоў на аўтастанцыю…

 

Калі Вячаслаў Берастоўскі наведаў польскі горад Ольштын і гасціў у роднай бацькавай сястры Аксаны Садоўнік, другая цётка з Вроцлава Алімпіяда Панасік шчыра дзякавала за дапамогу і казала, што Ларыса Геніюш — гэта наша сапраўдная змагарка і патрыётка і дапамагаць ёй — гэта для яе быў найвялікшы гонар у жыцці.

 

 Даследчык творчасці Ларысы Геніюш Міхась Скобла неяк сказаў, што Алімпіяда Панасік у 1943 годзе сустракалася з Ларысай Геніюш у Празе…

 Дарэчы, у тыя 1968—1972 гады, жывучы ў Зэльве, Ларыса Геніюш шчыра сябравала і перапісвалася з Міколам Прашковічам, Ірынай Крэнь, Алесем Белакозам, Юркам Голубам, Зоськай Верас, Сяргеем Панізьнікам, Адамам Мальдзісам, Максімам Танкам ды іншымі. Сяброў тады ў нашай паэткі і патрыёткі было шмат, але і ворагі вакол яе не спалі ў шапку…

 

Калі я развітваўся з Вячаславам Берастоўскім, ён сказаў, што даўно не быў у Зэльве і вельмі хоча паглядзець на хату, дзе жыла Ларыса Геніюш, наведаць яе магілу на мясцовых могілках. Я паабяцаў Вячаславу Канстанцінавічу, што мы туды ў бліжэйшы час абавязкова з’ездзім.

па інф. Наша ніва


Дата создания: 23.11.2017 21:08:03

Возврат к списку