АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Круглы стол па Старому замку 02.06.2018


01.06.2018 г. адбыўся круглы стол, прысвечаны ходу выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац на Старым замку ў Гродна. Круглы стол быў арганізаваны Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і МГА “Гісторыка”. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Таварыства, “Гісторыкі”, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ААТ “Белрэстаўрацыя”, ТАА “Цэнтр регенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый”, Беларускага камітэту ICOMOS, Беларускага саюза архітэктараў, і іншых зацікаўленых бакоў.

Нягледзячы на розныя падыходы да прынцыпаў аховы гісторыка-культурнай спадчыны і правядзення рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац на помніках архітэктуры адбыўся канструктыўны абмен думкамі, выказана занепакоенасць працэсамі, якія пры выкананні прац прыводзяць да знішчэння шэрагу аўтэнтычных канструкцый замка, а ў перспектыве могуць неабгрунтавана змяніць аб’ёмна-планіровачную структуру помніка архітэктуры.


Далей на http://pomniki.budzma.org/news/kruhly-stol-pa-staromu-zamku

/>

Закон не пісаны 01.06.2018

Не, не магу маўчаць, асабліва, калі тя, хто ў першую чаргу павінен выконваць заканадаўства, яго проста тупа ігнаруе. А ў дадзеным выпадку ў гэтага зла ёсць рэальны твар. Гэта намеснік міністра культуры А.А.Яцко, які адказвае за ўсе пытанні па ахове спадчыны і з'яўляецца старшынёй камісіі па атэстацыі на права кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на вsкананне рамонтна-рэстаўрацыйных прац на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, b яго непасрэдныя падначаленыя.

Ахова ці імітацыя? 02.05.2018

Для аматараў пісаць саплівыя шматслоўныя і ні пра што петыцыі ў Мінкульт і пракуратуру аб тым, што ў нас "что-то не так" з гісторыка-культурнай спадчынай. Маю на ўвазе тую петыцыю, пра якую напісана на сайце "Радыё "Свабода". https://www.svaboda.org/a/petycyja-suprac-cyb…/29203875.html.

Да прыкладу. Вось Вам адказ Мінкульта на зварот Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аб правядзенні няўзгодненых прац, прац без археалагічнага нагляду, у зоне аховы Капыльскага замчышча. Тут нават па атрыбуцыі помніка размова асобная. Калі па дакументах Мінкульта замчышча эпохі Старажытнай Русі праходзіць, як гарадзішча жалезнага веку, то гэта ўжо дыягназ, згодна якому нашая культура афіцыйная падлягае не санацыі, а толькі эўтаназіі.

У звароце Таварыства па пунктах былі сфармуляваны са спасылкамі на нормы заканадаўства ўсе парушэнні, дапушчаныя пры правядзенні прац у Капылі http://pomniki.budzma.org/…/buldozyeram-pa-kulturnamu-plastu. Але са спасылкамі на Кодэкс аб культуры наш даражэнькі Мінкульт, а канкрэтна намесніца начальніка упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір за подпісам намесніка міністра Аляксандра Яцко, адказвае, што ўсё ў норме, усё можна.

А той жа артыкул 115, на які спасылаецца Мінкульт забараняе любыя працы ў зонах аховы, калі яны не ўзгоднены Мінкультам. Дадзеныя працы не ўзгоднены, але той жа Мінкульт у сваім адказе фактычна легітымізуе парушэнне заканадаўства. Пра іншае не пішу, занадта доўга пісаць, тлумачыць, хто хоча, зварот Таварыства па вышэйпрыведзенай спасылцы прачытае.

Два тыдня таму атрымалі адказ з Мінаблвыканкама, у якім таксама незаконныя дзеянні называліся працай у рэчышчы прававога поля. Вырашыў адразу яго не абскарджваць, дачакацца адказаў з Мінкульта і пракуратуры. Мяркуючы па адказу з Мінкульта, і чакаць далей не варта, варта пісаць у Следчы камітэт с просьбай разабрацца з карупцыйнымі схемамі, бо акрамя прыкмет карупцыі, што ў пазіцыі Мінкульта, што ў пазіцыі аблвыканкама, не назіраецца. Бо з той жа пракуратуры таксама прагназуецца адказ у стылі - узбудзілі, але адмовілі.

Тут варта сказаць пра петыцыю наконт антырэстаўрацыі цэркваў. Нашыя органы кіравання культурай ды і так званыя праваахоўныя органы глухія да мовы права. Трэба зрабіць неймаверныя высілкі, каб з боку таго ж Мінкульта дачакацца хаця б мінімальнага адэкватнага рэагавання, а тут нехта разлічвае, што нечага можна дамагчыся звычайным плачам Яраслаўны. Не губляйце часу, не рабіце халастых стрэлаў, шаноўнае панства. Калі нечага хочацца, то вывучыце спачатку праблему і тыя шляхі, па якіх для вырашэння праблемы трэба рухацца.

А наконт адказу Мінкульта. Я яго сёння атрымаў у электронным выглядзе і на папяровым носбіце. Нават мае каты, Шлёмка і Марцік, настолькі былі абураны зместам ліста, што папяровы варыянт амаль адразу ўшчэнт падралі.


Дробненькае махлярства 24.04.2018

Патэлефанавалі сёння з Упраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама, і я са здзіўленнем даведаўся, што з'яўляюся сябрам апякунскай рады мясцовага фонду рэстаўрацыі нясвіжскага Касцёла Божага Цела. Шчыра кажучы, я ні сном ні духам пра гэтае. Як гавораць, без мяне мяне ажанілі.

Таму зараз буду пісаць афіцыйны ліст аб тым, што маё фармальнае знаходжанне ў апякунскай радзе - махлярства, самае звычайнае махлярства з боку тых, хто заснаваў гэты фонд і магчыма пракручвае праз яго сродкі, якія на рэстаўрацыю касцёла аніяк не трапляюць, бо на 100% усе працы фінансуюцца з дзяржбюджэта.

Дарэчы, я б не пратэставаў, а прыняў бы з радасцю вестачку, каб без майго ведама мяне зрабілі ўласнікам прыкладна так 5% акцый "Вritish petroleum"

Накіпела 13.04.2018

Піша мне адзін журналіст, каб я адкаентаваў руйнаванне брамы 18-ст. у Лідскім раёне. Пра гэтую браму я даведаўся літаральна пазаўчора, ці ўчора, як з'явіліся публікацыі пра яе руйнаванне. Па факту - зноўку інфармацыйны гвалт, соплі па сцяне і плач Яраслаўны - нашую спадчыну гадаўцы-чынўнікі руйнуюць.

І ў чарговы раз у мяне пытанне. А чаму пра аб'екты культурнай спадчыны ўсе клапоцяцца, калі іх руйнуюць, і, дарэчы, руйнуюць не помнікі, не гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія пад аховай дзяржавы, а прста гістарычныя аб'екты без статуса помніка, нават без статуса аб'ектаў нерухомасці.

Шаноўнае панства. Таварыства аховы помнікаў гадамі паўтарае, што інстытуалізацыя (наданне статуса помнікаў) гістарычных аб'ектаў - гэта справа, якая ў нашых руках. Закон прадугледжвае, што кожная юрыдычная ці фізічная асоба мае права прапаноўваць матэрыяльныя аб'екты ці праявы нематэрыяльнай творчасці чалавека на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Але такіх прапаноў практычна не паступае ў дзяржорганы, а грамадства і СМІ пачынаюць "галашэнне па спадчыне", калі нейкі з безстатусных аб'ектаў атрымоўвае пашкоджанні ці руйнуецца, замест таго, каб страціць калева часу, зрабіць своечасова прапанову і даслаць яе ў адпаведныя органы ўлады. Нават калі яна будзе не па форме, то прыдзе адказ з тлумачэннямі, як гэтую прапанову правільна афармляць.

Так можа замест плача Яраслаўны нашым рупліўцам спадчыны заняцца рэальнай справай? Ці нашае грамадства, нават яго актыўная частка, да справы не гатова і чакае міфічнага добрага дзядзьку, які прыйдзе і разруліць усю сітуацыю. У прынцыпе, нічога дзіўнага няма. Патраналісцкія настроі характэрны ўсім слаям беларускага грамадства, у тым ліку і так званым актывістам, якія заўсёды спасылаюцца на жэстачайшы крывавы акупацыйны рэжым.

А самае цікавае, што нашае грамадскае аб'яднанне, Таварыства аховы помнікаў, з мінулага году б'е ў званы, якіх ніхто не хоча чуць, што з увядзеннем у сілу Кодэкса аб культуры створаны ўсе перадумовы для знікнення аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, паўнамоцтвы органаў улады і праваахоўных арганаў не вызначаны, скасавана дзеянне шматлікіх падзаконных нарматыўных дакументаў, якія рэгуялявалі сферу аховы і працу з помнікамі. Самае галоўнае, што гэта на фоне адсутнасці элементарных тэхнічных рэстаўрацыйных нормаў.

Нікому да гэтага справы няма. Гэтае пытанне падымаецца толькі Таварыствам аховы помнікаў і некалькімі спецыялістамі, якія працуюць з помнікамі гісторыі і культуры, як архітэктары і рэстаўратары. Гэтую праблему нават да гэтага часу не агучвае Беларускі камітэт ICOMOS, які першы павінен біць у званы, а ён шукае нейкія там сэнсы ў спадчыне, праводзіць экскурсійныя фэсты ды лічыць некрапалістыку вартай увагі працай.

Ды што гаварыць пра наш ICOMOS, калі нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія дэкларуюць сябе абаронцамі нацыянальных каштоўнасцяў, не хочуць заўважаць элементарнага. Тая ж, не люблю гэтага слова, але ў гэтым выпадку па-іншаму нельга, спадарыня Анісім бачыць праблему толькі ў тым, каб законы пісаліся на беларускай мове. Нонсэнс. Заканатворца і заканадаўца думае не пра сутнасць, не пра якасць законаў, а пра іх форму.

Руйнаванне брамы, агучанае ў СМІ, не спрачаюся, каштоўнай, гістарычнай, становіцца медыяпадзеяй, у той час, калі пры так званай "рэстаўрацыі" Гарадзенскага замку аўтэнтычныя канструкцыі легітымізавана знішчаюцца на карысць аўтарскім задумам архітэктараў. І гэта хвалюе толькі нефармальны гарадзенскі інтэрнэт-партал ды невялічкае кола спецыялістаў, якіх да аб'екта, да замку, на гарматны стрэл не пускаюць, бо ўсе неадэкватныя працы могуць стаць здабыткам грамадскай думкі.

Калі ўжо нашыя акулы пяра перастануць спекуляваць на танных матэрыялах пра падзеі, якія могуць падавацца толькі ў негатыўным ключы. Калі ўжо нашыя журналісты, як з дзяржаўных, так і з недзяржаўных СМІ ўключаць свае мазгі на асвятленне не вершаліны айсберга, а на асвятленне сапраўдных, глыбінных праблем, якія накапіліся ў сферы аховы і захавання помнікаў гісторыі і культуры фактычна ад самага пачатку існавання незалежнай Беларусі.

Кожны раз, калі бачу нейкі матэрыял, прысвечаны помнікам, са спадзяваннем яго праглядаю, а раптам, а раптам урэшце-рэшт праблема асвятляецца так, як трэба, раптам зрблена спроба, хоць слабая, разабрацца ў прычынах тых прцэсаў, якія адбываюцца ў дачыненні да нашых помнікаў, бо развага над прычынамі дае ключ над вырашэннем праблемы.

Але... Цудаў не бывае. Усё па накатанай. Мы белыя і пухнатыя, а вось рэжым крывавы і акупацыйны. Вось ён ва ўсім і вінаваты, а мы яго ахвяры. Ёсць такая навука - віктымалогія, згодна якой ахвярай становіцца той, хто ахвярай стаць жадае. Хто хоча рэальна займацца аховай спадчыны, той займаецца канкрэтнай справай. А астатнія гуляюць у ахвяр, плачуць, робяць гучныя заявы, адным словам, імітуюць бурную дзейнасць.


Што святкуем? 22.02.2018


Заўтра 23 лютага, які с прадонняў савецкай гісторыі лічыцца днём стварэння Рабоча-сялянскай чырвонай арміі. Нам з дзяцінства закладалі ў глузды, што ў гэты дзень першыя чырвонаармейскія аддзелы гераічна спынілі пад Псковам і Нарвай наступ кайзераўскіх полчышч, якія ішлі на Петраград, каб задушыць вялікі кастрычнік у яго ж калыбелі.

Зараз толькі лянівы, ці проста ідыёт не ведае, што 23 лютага 1918 г. - гэта ганьба для савецкай дзяржавы, бо пад Нарвай бравы Дыбенка, які смелы быў, каб кувалдай трушчыць галовы марскіх афіцэраў у Кранштаце, наклаў поўныя штаны са сваімі матросікамі, і нават не ўступіўшы ў баявое сутыкненне з перадавымі дазорамі Рэйхсвера, захапілі чыгуначны эшалон і драпанулі так, што вылавілі іх толькі праз месяц у Самары. Пад Псковам першыя аддзелы Чырвонай арміі не выйшлі нават на пазіцыі.

Нямецкі наступ, дарэчы, не ставіў за мэту ліквідацыю бальшавіцкага ўраду. Навошта ліквідоўваць тых, хто прыклаў усе намаганні па развалу арміі, фронта, навошта ліквідоўваць тых, хто дэклараваў выхад Расіі з сусветнай вайны і перавод імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. Проста трэба было падхляснуць саўнаркам па-хутчэй выканаць абавязкі перад Германіяй за фінансавую падтрымку перавароту, падпісаць мірную дамову, закрыць для Германіі пытанне на ўсходзе, тым больш Троцкі адмаўляўся юрыдычны гэты крок рабіць.

Мэта была дасягнута. З 23-га на 24-га лютага паляцела ў Берлін з Піцера тэлеграма пра гатоўнасць бальшавіцкага ўраду падпісаць мір з Германіяй на германскіх умовах, расплаціцца па-поўнай і за фінансы, і за пламбіраваны вагон, і шмат яшчэ за што. А 25 лютага ў "Праўдзе" выйшла перадавіца "Цяжкі, але неабходны ўрок" аўтарства Ульянава-Леніна, дзе ён, не хаваючыся, пісаў аб ганебных паводзінах чырвонаармейцаў пад Псковам і Нарвай.

Хопіць гісторыі. Гэта доўгая прэамбула. Проста хачу разабрацца. Я канешне ведаю пра невыкараняльную любоў нашага галоўнакамандуючага і яго паплечнікаў, і прыхільнікаў да камуна-савецкай і плюс яшчэ менавіта да рускай ідэялогіі і гістарычнай традыцыі. Я разумею, што заклікаць гэтую публіку не тое, што канчаткова адмовіцца ад тых прыярытэтаў, а проста зазірнуць троху глыбей у гісторыю, дакрануцца да больш глыбокіх каранёў - гэта проста бескарысна. Паталогія занадта глыбокая і лячэнню не падлягае.

Але нават з камуна-савецкіміі прыярытэтамі хіба нельга было для свята выбраць дату, якую можна сапраўды залатымі літарамі ўпісаць у гісторыю РСЧА на першых этапах яе станаўлення? Каб людзі не смяяліся над датай, над 100-гадовым юбілеем ганьбы, якая выведзена на дзяржаўны ўзровень. Дарэчы, апошнія месяцы шмат інфармацыі вакол нашага войска ганебнага зместу. Мабыць нездарма, бо як параход назвалі, так ён і плыве.

Ну а для мяне, як для рэканструктара, і не проста рэканструктара, а для шэраговага 19-га ландсвернага сілезскага палка, заўтрашні дзень - гэта дзень перамогі вялікай кайзераўскай зброі пад Псковам і Нарвай. І абавязкова вечарам вазьму куфаль піва падыму, і перад тым, як сербануць, крыкну - Ehre sei Kaiser, Ruhm dem großen Deutschland!!!

Рамантызм ці агра-гламур? 06.02.2018


Рамантызм - гэта дамінуючая плынь у еўрапейскай архітэктуры, у тым ліку і ў тагачаснай Расійскай імперыі, пачынаючы з першай чверці 19 стагоддзя. Адным з прадстаўнікоў рускай рамантычнай плыні кан. 19 - пач. 20 стст. быў піцерскі архітэктар Віктар Шротэр, той самы, які спраектаваў і збудаваў палац у Красным Беразе - унікальны помнік, інтэр’еры якога з’яўляюцца наглядным дапаможнікам па архітэктурным стылям, ад антычнасці да ампіру.

Палац у Красным Беразе

Хаця знаходзяцца ў нас асобы, якія сябе называюць крытакамі архітэктуры, і сцвярджаюць, што праз такія аб’екты, як краснабярэжскі палац, клятыя расійскія акупанты навязвалі бедным беларусам безгустоўе, і што сучасны аграгламур - гэта дыверсія прадстаўнікоў рускай архітэктурнай школы кан. 19 - пач. 20 ст.

Інтэр'еры палацу ў Красным Беразе

Не зайздрошчу людзям, якія нічога не могуць пабачыць і ацаніць акрамя вышыванкі. На жаль, сярод актыўнай беларускай супольнасці такія прысутнічаюць. Але справа не ў гэтым. Справа ў тым, што хоча нехта, ці не хоча, руская архітэктура с пач. 18 ст. развіваецца ў кантэксце еўрапейскай, і не толькі. Шматлікія архітэктары, асабліва пецярбуржскай школы, у 19 - пач. 20-га стст. сталі ў адзін шэраг з вядучымі заходнееўрапейскімі дойлідамі.

В.Шротэр. Праект асабняка ў Пецярбурзе

В.Шротэр. Праект асабняка ў Пецярбурзе

Уласны асабняк В.Шротэра ў Пецярбурзе

Вось тут, як прыклад. Палац у Красным Беразе з яго інтэр’ерамі, затым яшчэ праекта Віктары Шротэра і здымак яго ўласнага асабняку ў Піцеры, і для параўнання праект фасада і інтэр’ераў аднаго з прыватных парыжскіх гатэляў і віллы ў Каннне. Праекты кан. 19 - пач. 20 ст. Мабыць таксама рускія архітэктары безгустоўны агра-гламур насадзілі.

Праект асабняку ў Канах

Гасцініца ў Парыжы. Праект

Вось такое “Нашае жыццё” 06.02.2018


Прайшло на АНТ ток-шоў “Наша жыццё”, прысвечанае праблеме незаконных археалагічных вышуканняў, ці як у народзе называюць, праблеме чорных капальнікаў. Вельмі сумнае ўражанне. Па-першае, каб мы мелі нармальнае, празрыстае, структураванае заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, у тым ліку і археалагічнай, і механізмы правапрымянення, то патрэбы ў публічных дыскусіях на гэтую тэму не было б.

Па-другое, засмуціла пазіцыя начальніка аддзела аховы помнікаў, намесніка начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, Наталлі Хвір, якая некалькі разоў на працягу перадачы заяўляла аб тым, што ў Кодэксе аб культуры ўсё дакладна сфармулявана. І гэта ў той час, калі раздзел па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Кодэксе - гэта да максімума выхалашчаны былы Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Ужо неаднаразова, не толькі спецыялістамі Таварыства, але і іншымі спецыялістамі і экспертамі, агучвалася, што сучасныя палажэнні Кодэкса з раздзелу аб ахове помнікаў, у тым ліку археалагічных, напісанны так, быццам бы ставілася звышзадача - гісторыка-культурную спадчыну пакінуць без аховы. Гэта амаль немагчыма ўявіць, што Міністэрства культуры зараз у адпаведнасці з Кодэксам аніякім чынам нават мінімальна не ўплывае на сітуацыю вакол помнікаў, не мае элементарных рычагоў уздзеяння на парушальнікаў.

І ўявіце, у той час, калі трэба ставіць пытанне аб удасканаленні, унясенні зменаў і дапаўненняў у заканадаўчы акт аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, калі ўжо прыйшоў усталяваны прававымі нормамі час, калі гэты працэс можна ўжо пачынаць ініцыяваць, адказны супрацоўнік Міністэрства культуры, усведамляючы ўсе недахопы Кодэкса, ні словам не абмовіўся аб вялікай праблеме на такой публічнай пляцоўцы, як тэлебачанне, у тэматычнай перадачы.

Ну а наш самы вядомы і медыйны законатворца - Марзалюк, зноўку парадаваў сваёй чарговай заявай. У гэты раз пра неабходнасць стварэння ў абласных цэнтрах экспертных археалагічных саветаў. Гэта ў той час, калі абласныя археалагічныя камісіі, якія надзелены менавіта экспертнымі функцыямі і паўнамоцтвамі, створаны ў выкананне археалагічнага Ўказу № 485, норма гэта далей была прапісана ў Кодэксе аб культуры.

З такімі падыходамі мы можам з адказнасцю заявіць - Беларусь упэўнена крочыць шляхам лібералізацыі. З помнікамі зараз можна рабіць што заўгодна і нічога за гэта, акрамя размоваў у прэсе, інтэрнэце і па тэлебачанні не будзе. І, такое ўражанне, прымаючы пад увагу пазіцыю і заявы нашых чыноўнікаў і законатворцаў, працэс лібералізацыі, хаця б толькі ў адной асобна ўзятай сферы, будзе незваротны.

Дзякуй Богу, не сапсавалі 23.01.2018

Згодна матэрыялу на "Радыё Рацыя" працы па кансервацыі Каложскай царквы ў Гродне завершаны. https://www.racyja.com/…/zimovaya-kalozha-paslya-zameny-st…/ Драўляныя канструкцыі заменены на сучасныя матэрыялы. Вялікае шчасце, што не рэалізаваны пражэкты па псеўдааднаўленні гэтага выдатнага помніка, якія калісці распрацоўваліся "Гроднаграмадзянпраектам" пад навуковым кіраўніцтвам Генадзя Лаўрэцкага.

Яшчэ ў 2009-м г. навукова-метадычная рада ўзур'ёз разглядала і ўзгадняла, праўда з пэўнымі заўвагамі, фантазійныя прапановы па фактычнаму навабуду ў псеўдавізантыйскім выглядзе. Каб захаваць помнік ад брутальнай псеўдарэстаўрацыі ад імя Таварыства ў Міністэрства культуры была ў той жа час накіравана прапанова, каб методыкі, згодна з якімі а царква была закансервавана ў пач. 20 ст. атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Прапанова была адхілена, але, дзякуй Богу, у Беларусі рэгулярна здараюцца эканамічныя крызісы, якія з'яўляюцца вельмі пазітыўным фактарам для нашых помнікаў і гістарычных мясцін. І толькі зараз, амаль праз 9 год адбылася новая кансервацыя, і кансервацыя згодна архітэктурна-мастацкімі і канструкцыйнымі вырашэннямі, распрацаванымі яшчэ ў 1910-м годзе.

Прапанова, распрацаваная Таварыствам аховы помнікаў захавалася ў нашым архіве.


Захаванасць помніка пад пагрозай 10.01.2018


Яшчэ ў канцы мінулага года нашае грамадскае аб’яднанне паведамляла ў органы пракуратуры і непасрэдна балансаўтрымальніку помніка, ЖРЭА Ленінскага р-на г. Магілёва, пра неналежнае выкананне ахоўных абавязацестваў з боку дадзенага прадпрыемства ў дачыненні да помніка архітэктуры кан. 19 ст., дама № 17 па Камісарыяцкаму завулку ў г. Магілёве.

З боку ЖРЭА не назіраецца аніякіх дзеянняў па выпраўленню сітуацыі, а гэта ў свой час прыводзіць да далейшага пашкоджання гісторыка-культурнага аб’екта, што мае прыкметынаўмыснага невыканання службовымі асобамі з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў, якiя яны павiнны былі i маглі ажыццявiць з прычыны ўскладзеных на іх службовых абавязкаў, якое спалучана з патураннем злачынству або пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам.

У сувязі з гэтым Таварыства вымушана было звярнуцца ў органы пракурорскага нагляду с просьбай правесці праверку фактаў злоснага невыканання з боку ЖРЭА Ленінскага р-на, якое з’яўляецца балансаўтрымальнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці “Дом № 17 па Каміссарыяцкаму заввулку”, якая знаходзіцца ў межах комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр г. Магілёва”, і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 513Е000001, ахоўных абавязацельстваў, і ўзбудзіць крымінальную справу па ч. 1 арт. 425





Помнікі, беззаконне і халатнасць 28.12.2017



Вельмі няпростая сітуацыя склалася вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці, дома 80-х гг. 19 ст па Каміссарыяцкаму завулку ў г. Магілёве. Згодна даручэння старшыні аблвыканкама гарвыканкам павінен перадаць будынак нашаму грамадскаму аб'яднанню. Магілёўскі гарвыканкам да гэтага часу, ужо больш чым год пасля выканання ўсіх неабходных працэдур сабатуе даручэнне аб перадачы будынка. Апошнім часам Магілёўскі гарвыканкам, у прыватнасці яго старшыня У.М.Цумараў, нават перастаў адказваць на нашыя запыты, што прымусіла наз звярнуцца ў органы пракуратуры.

Але нашыя пракурорскія работнікі мабыць самі, замест таго, каб наглядаць за выкананнем прававых нормаў, з'яўляюцца ідэолагамі і натхняльнікамі правапарушэнняў. Прайшлі ўсе нарматыўныя тэрміны, але Пракуратура Магілёва так і не адказала аб мерах, прынятых у дачыненні да вінаватых у ігнараванні заканадаўства аб зваротах грамадзян, чым сама парушыла гэтае ж заканадаўства, пра што прыйшлося зноўку пісаць у абласную пракуратуру.

А покуль горад Магілёў са сваім кіраўніцтвам сабатуе даручэнне старшыні аблвыканкама помніку пагражае знішчэнне. Днямі былі зрэзаны і скрадзены металічныя ўваходныя дзверы, выбіты вокны. Такое ўражанне, што ЖРЭА, балансаўтрымальнік аб'екта, пры маўклівай згодзе выканаўчай улады і наглядных і кантрольных органаў рыхтуецца да знішчэння помніка. Ні вакон, ні дзвярэй, а ў выніку - адзін недапалак, і ўсё, няма помніка, няма і праблемаў.

Сітуацыя сапраўды на ўзроўні катастрофы. Перадача практычна ўсіх паўнамоцтваў у сферы аховы спадчыны мясцовым органам улады прывядзе да амаль поўнага заняпаду і паступовага знішчэння нашых помнікаў, бо па вопыту працы магу з поўнай адказнасцю сказаць, што першыя парушальнікі заканадаўства ў сферы аховы спадчыны менавіта мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.



Пра бюджэт і рэстаўрацыю 19.12.2017

Учора затурбаваў мяне журналіст "Свабоды" Алесь Дашчынскі. Хацеў, каб я адкаментаваў скарачэнне фінансавання па праграме "Культура", і менавіта па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Я ніколі не люблю разважаць пра тое, колькі дзяржава выдаткоўвае грошай на рэстаўрацыю. Я лічу, што покуль не будзе грамадскага запратрабавання ў сферы аховы спадчыны, сацыяльнай адказнасці, а не чакання добрага дзядзькі ў асобе дзяржавы ці інвестара, то бюджэтныя асігнаванні праблему не вырашаць.

Ва ўсім свеце ўдзел дзяржавы ў рэстаўрацыі мінімальны, у асноўным яна адбываецца за інвестыцыйныя сродкі, альбо за дабрачынныя. Тая ж Літва свае апошнія рэстаўрацыйныя праекты менавіта так і рэалізоўвала. Узяць, напрыклад, сядзібу Тышкевічаў у Затроччы. Гэта прыватная інвестыцыя. Калі браць Медніцкі замак ці палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні - гэта субсыдыя па фундацыйных праграмах Еўразвяза.

У Беларусі праблема не ў тым, што грошы невялічкія вылучаюцца. У Беларусі праблема ў тым, што ў нас перастала існаваць цэлая галіна, і галіна гэтая - рэстаўрацыя. Асноўная праблема - рэанімацыя гэтай галіны, якая павінна паўстаць на грунце нарматыўна-прававых і нарматыўна-тэхнічных дакументаў, бо сучасныя гэтыя дакументы, якія зараз ва ўжытку, і знішчылі нашую беларускую рэстаўрацыю, якая хоць і не была супер у параўнанні са шматлікімі суседзямі, але ўжо моцна стаяла на нагах і магла мець добрыя перспектывы.

Менавіта пра гэта я і разважаў у сваім каментары для радыё "Свабода". Тым больш сказаў, што колькі ў сучаснай сітуацыі грошай не дай, праблему гэта не вырашыць. Але, мабыць, не той мэсыдж я агучыў, бо амаль суткі прайшлі пасля майго каментару, а матэрыяла на сайце няма. Тым больш "прайшоўся" у негатыўным ключы па так званай "народнай" рэстаўрацыі ў Любчы. Мабыць трэба было паплакацца на нежаданне вылучаць сродкі з бюджэту на нашую гаротную спадчыну, трэба было паразважаць пра антыбеларускую сутнасць нашай улады і г.д. Тады б матэрыял з'явіўся б адразу


Па дробязях, але дзяржаўныя сродкі рабазарваюцца 14.12.2017

Цікавая сітуацыя. Буду без прозвішч, але з пасадамі. Дырэктар Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту абвяшчае вымову супрацоўніку. Вымома пад сабой не мае аніякіх юрыдычных падставаў. таму супрацоўнік падае ў суд. У гэтай сітуацыі нецікава, хто выйграў, дырэкцыя музея ці супрацоўнік. Хаця, магу заявіць, што супрацоўнік выйграў, тым больш, што касацыйная інстанцыя сёння падцвердзіла правату супрацоўніка.

У гэтай сітуацыі цікава наступнае. У штаце музея ёсць юрыст, гэтая вакансія не пустуе, занятая жывым чалавекам. А дзеля судовага працэсу, які быў ініцыяваны незаконна пакараным супрацоўнікам, каб аждстаяць свае правы супраць самадурства дырэктара і яго прыхлябайнікаў, з боку адміністрацыі музея за дзяржаўныя грошы дадаткова быў наняты адвакат.

Вы можаце сабе ўявіць сітуацыю - у штаце музея юрыст, якому за бюджэт, за нашыя з Вамі грошы, што мы ў якасці простых і ўскосных падаткаў пакідаем, зарплату плоцяць, А тут наймаюць старонняга адваката, і не проста, а супраць супрацоўніка, які адстойвае свае законныя правы. Дадаткова нагадваю, што супрацоўнік меў рацыю, што правата супрацоўніка падцверджана судовымі рашэннямі двух інстанцый.

Як на маю думку, то нават, не даючы аніякіх іншых ацэнак дзейнасці дырэктара і яго прыхільнікаў, яўна прасочваюцца прыкметы неметавага выкарыстання дзяржаўных, сродкаў, за што трэба несці адказнасць. Таму магу сказаць, калі самі супрацоўнікі музея не звернуцца ў кантрольныя і наглядныя органы, то гэта зраблю я асабіста, як фізічная асоба.

Меркаванне наконт аднаўлення Касцёла Святога Антонія ў Віцебску 08.11.2017



Сёння на сайце “Віцебскага кур’ера” з’явіўся матэрыял пра аднаўленне касцёла Святога Антонія ў Віцебску (https://vkurier.by/114097), дзе ксяндзом Вячаславам Барком паведамляецца пра ўзвядзенне аб’екта не на падмурках, а са змяшчэннем ад гістарычнага месцазнаходжання, і адначасова заяўляецца аб імкненні аднавіць яго, як аўтэнтычны аб’ект.

Артыкул на рускай мове, таму дам невялічкае ўдакладненне. Тэрмін “восстановление”, які сустракаецца ў матэрыяле - гэта “аднаўленне” па-беларуску. Аднаўленне - гэта “сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накiраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэнне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей – абавязкова на месцы iх ранейшага знаходжання)” (п.1.1 арт. 114 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь).

Міжнародны метадычны дакумент “Рыжская хартыя 2000 г.” таксама прадпісвае, што аднаўленне страчанага гісторыка-культурнага аб’екта не павінна парушаць гістарычную планіровачную структуру. Аднаўленне касцёла Святога Антонія не на падмурках, а са змяшчэннем парушае і міжнародныя методыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакументах.

Пры парушэнні гістарычнай планіровачнай структуры, што з аб’ектам не зрабі, якімі матэрыяламі і тэхналогіямі яго не збудуй, хоць па спецзаказу пальчатку для яго вырабі, але гэта ўжо ніяк не будзе стасавацца з аўтэнтыкай, з аўтэнтычным, гістарычна складаўшымся горадабудаўнічым кантэкстам. Калі касцёл будзе ссунуты хоць на метр ад сваіх падмуркаў, ён нічым не будзе адрознівацца ад псеўдааднаўленняў па тыпу мінскай гасцініцы “Еўропа” ды ідэі “аднаўлення” полацкага Сафійскага сабору ў Віцебску.

Трэба ці то вырашаць, як сказана, праблему з горадабудаўнічай сітуацыяй, а рашэнне ляжыць на паверхні і спецыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры неаднаразова яго агучвалі, ці перастаць апераваць пафаснымі фразамі - “аднаўленне страчанай спадчыны”.

чытаць іншыя навіны