АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Люблю і разумею

- А што, вы ўсігда па-беларускі разгаварываеце? – чую я ў слухаўцы зьдзіўленае пытаньне, якое азначае, што чалавек не ў Нашай Ніве ўбачыў спасылку на cesliary.by

- Канешне, як жа яшчэ размаўляць?

- Ну я нізнаю, я сама руская.

- Нічога, тут такіх рускіх як вы паўкраіны: у кагосьці дзед на Магадане “служыў”, у кагосьці цётка стрыечнай бабулі з-пад Смаленску.

Першы раўнд з сэрыі #тваямаянепанімаць быў завершаны жартам, што давала надзею паразуменьня з кліентам. Ну і сапраўды, неяк жа адпрацаваў там перада мною курсант “Мова нанова” Z, які і даў гаспадыні мой нумар.

- Вы ў гэтай нішы паліцы хочаце ці шафу, – задаю я першае ўдакладняючае пытаньне, прыехаўшы на замер.

- Ой, гаварыце са мной па-рускі, я нічыво ні панімаю.

Пры такой пастаноўцы пытаньня я, у залежнасьці ад абстаноўкі, ці пераходжу ў наступ, ці пераходжу на трасянку і неяк падцягваю інтэрнацыянальную лексіку, каб цягам наступных некалькіх сказаў вярнуцца на нармальную мову. Заўсёды хочацца скарыстацца першым варыянтам – самым кароткім, ды толькі часьцей за ўсё даводзіцца карыстацца другім – самым надзейным.

- Ну… што вы хацелі зрабіць тут… проста дошкі паставіць адкрытыя ці шафу?

Моўная плынь пераадольвае перашкоды, бяжыць, цячэ – гаворка працягваецца і праз хвіль пару ўсе ўжо быццам бы спакойна разумеюць мову. І наступны ступар узьнікае толькі з-за складанасьці ў выбары колераў, якіх на палітрах некалькі соцень. Гаспадыня кліча дачку – маладжавую кабету гадоў 35.

- Ну а какой цвет вы посоветуете выбрать? – запытвае тая.

- Як я магу вам нешта раіць, вы ж ведаеце прымаўку пра густ і колер, – усьміхаюся я.

- А вы по-беларускі разговаріваете?!

- Канешне, як жа яшчэ размаўляць? – зноў лыблюся.

- Ой, какой вы молодец! Я вот даже в белоруской школе учілась, но уже нічего не помню!

- Я вельмі рады, што вы хоць любіце нашу мову, – паўжартам намякаю я.

- Усе любяць, – зразумеўшы мой пасыл устаўляе рэпліку старэйшая, - проста ні все её панімают.

Пры выбары ручак падбягае старэйшая дачка кабеты – дзяўчынка гадкоў дванаццаці. І пакуль бабуля гортае каталог, я пытаю тоненькую шэравокую школьніцу:

- Паненка, а вы ў беларускамоўнай школе вучыцеся?

- Так, – радасна адказвае тая, – у нас есть беларуская мова.

- Ну, беларуская мова пакуль яшчэ ва ўсіх школах ёсьць, а вось каб як у матулі вашай: матэматыка, хімія – ды па-беларуску, во класна было б?!

- Нет, у мамкі не вся школа была белоруская, а толькі мова беларуская, какую она вельмі любіць.

- І матуля перадала вам гэтую любоў?

- Так, я таксама люблю беларускую мову, - сарамліва адказвае тоненькая, шэравокая дзяўчынка.

Разьвітваючыся я дзякую маленькай паненцы за тое, што яна разумее і так любіць родную мову. І хоць гэтым разам я абсалютна ні на што не намякаў, бабуля ў дзьвярах мне адказвае: “Усе разумеюць, але ня ўсе размаўляць могуць”.

“Нічо се! – уразіўся я ў думках. – Яна за гадзіну і любіць пачала і разумець!”

І едучы да хаты я ў тысячны раз разважаў пра тое, што нам трэба патрыётаў не мове вучыць, а мовай вучыць карыстацца. Бо ў тысячны раз я пераконваюся ў тым, што 99% патрыётаў мовы карыстаюцца ёю толькі тады, калі зь імі размаўляе беларускамоўны, але як толькі такі патрыёт трапляе ў расейскамоўны этэр, ён адразу ператвараецца ў “здрасьце, ізьвініце, пажалста”.

А ўсяго толькі што трэба? Трэба набрацца сьмеласьці і перайсьці на мову ва ўсіх сфэрах жыцьця! Так, ты сутыкнешся з канфліктам, але мудра пераадолеўшы яго ты ўбачыш перад сабою не таго, хто загадвае “давай-ка па-рускі”, а таго, хто сам, пераадолеўшы савецкія комплексы скажа: “Люблю і разумею”.



Дык будзьма мовай карыстацца штодня і паўсюль, каб любові і разуменьня станавілася вакол нас усё болей і болей, ажно пакуль гэтая любоў не зазьвініць беларускай мовай у кожным доме.


14.07.16 21:40
загружаюцца каментары

Зьміцер Дашкевіч