АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Хрысьціянскі фанатык ці фанатык нацыяналістычны?

Траха прыхварэў і таму прыйшлося часьцей гортаць стужку ФБ. Дакаціўся да таго, што нават каменты пачаў чытаць. І вось у адным наткнуўся на Стася Карпава, які лютаваў пад пастом аб сэксуальных фантазіях Юлі Ляшкевіч: да Змітра, маўляў, я стаўлюся вельмі станоўча, але ягоная хрысьціянская фанатычнасьць - гэта люты п…ц” 

Хаця, бачыць Бог, я там увогуле ні пры чым быў! Усё гэта экстрэміст (і як даказана лукашэнкаўскім судом – парнаграфіст) Эдуард Пальчыс, які давёў прыхільнікам ідэяў ЛГБТ, што першымі сэксуальную рэвалюцыю на нашых шыротах арганізавалі камуністы. Я разумею заклапочаных і іх прыхільнікаў – гэта ганебна, быць прадаўжальнікамі ідэй Леніна, але са сьпеву словаў ня выкінеш. Ды добра, халера яе бяры, леваліберальную сэксуальную рэвалюцыю! Мяне зачапіла “хрысьціянская фанатычнасьць”, бо я задумаўся, што гэта такое, у чым яна, фанатычнасьць? 

Я веру ў тое, што Ісус Хрыстос – гэта Сын Божы, Які Сваім жыцьцём выкупіў нашыя грахі – гэта фанатычнасьць? Я стараюся жыць (падкрэсьліваю: я нават не жыву, я толькі стараюся) паводле вучэньня Хрыста і Бібліі – гэта фанатызм? А што б вы тады сказалі пра мяне, каб я не стараўся, а сапраўды жыў? Мне запярэчаць: “Ну вось ёсьць жа людзі, якія называючыся хрысьціянамі – і не ўзгадваюць (і таму не навязваюць нам) Хрыста, жывуць як хочуць, а самыя прагрэсіўныя геяў жэняць нават”. Па такой логіцы і Лукашэнка называе сябе беларусам і нават беларусам самым правільным, ці толькі лягчэй ад гэтага Беларушчыне, зганьбаванай ім мове, разадраным ім сьцягу? 

Вызначэньне веруючага даў Сам Хрыстос, паводле Якога веруючы, гэта той, хто слухае Слова Ягонае і выконвае. Такім чынам, не бывае ў сьвеце “сапраўды веруючага” ці “моцна веруючага”, ці “хрысьціянскага фанатыка” нават, як любяць называць мяне некаторыя. Паводле Хрыста чалавек, які ня слухае / не чытае Біблію і не імкнецца яе выконваць – ня ёсьць веруючым увогуле, а той, хто слухае/чытае і выконвае ёсьць веруючым, але без ніякіх дадаткаў. 

Бо інакш, калі прыняць за праўду леваліберальную тэрміналогію, маюць рацыю тыя, хто называе нас і мяне таксама “сапраўднымі беларусамі” ці “фанатычнымі нацыяналістамі”, хаця “сапраўднасьць” і “фанатызм” толькі ў тым, што чалавек заўсёды і паўсюль размаўляе па-беларуску. Але ж гэта ненармальна, каб нехта казаў “сапраўдны паляк” толькі з-за таго, што паляк гаворыць па-польску. Згадзіцеся, гэта ненармальна, калі я “фанатычны нацык” толькі з з-за таго, што хачу, каб Беларусь была беларускаю, роўна як Польшча польскаю, а Ўкраіна ўкраінскаю, і наваат Расея расейскаю, - ці ня так? Дык чаму тады я “хрысьціянскі фанатык” толькі з-за таго, што ў сваім жыцьці і дзейнасьці імкнуся кіравацца Бібліяй, якая натхняе мяне белае называць белым, а садомскі грэх садомскім грахом? 

Было б сумленна, каб расейскія шафіністы за любоў да беларускай мовы абражалі мяне беларусам, а прыхільнікі леваліберальнай ідэалогіі за любоў да Хрыста вешалі на мяне ярлык хрысьціяніна. Хацеў бы пазычыць шавіністам і леваліберам быць сумленнымі, але, на шчасьце, быць да канца сумленным без Ісуса Хрыста яшчэ ніколі і ні ў кога не атрымалася, таму зычу ўсім вам пакаяцца і адкрыць сэрца для Таго, Хто пра Сябе сьведчыць: “Я ёсьць шлях, праўда і жыцьцё” (Яна 14:6). Тады мы з вамі будзем звычайнымі хрысьціянамі і проста беларусамі – без ніякіх алагічных прыставак.

.
07.02.17 15:25
загружаюцца каментары

Зьміцер Дашкевіч