АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Циск на незалежныя прафсаюзы Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Нішто не забытае, альбо Курапаты клічуць валанцёраў

Прыйшла вясна - зьбірайся, Талака!


У Курапатах аднаўляецца штотыднёвая талака па прыборцы мэмарыялу памяці, у плянах валанцёраў таксама стварэньне новай крыжовай алеі й мэмарыалізацыі «дарогі сьмерці», па якой у лясны масыў прывозілі людзей, вырачаных на растрэл. Мы папрасілі больш расказаць пра мерапрыемства каардынатарку талакі, валанцёрку ініцыятывы «За ўратаваньне мемарыяла «Курапаты»» Ганну Шапуцьку:

- Напрыканцы 2012-га сябры ініцыятывы даведаліся, што побач з мемарыялам «Курапаты», закранаючы ахоўныя зоны з заходняга боку, бізнэсоўцы пабудавалі забаўляльна-рэстаранны комплекс пад зьдзеклівай назвай «бульбаш-хол». Негледзячы на тое, што мемарыял «Курапаты» – гэта помнік перашай катэгорыі, міжнароднай значнасьці, дзяржава ніколі ім сурезна не займалася, а тыя грамадскія актывісты, якія бывалі ў Курапатах, у тым ліку і сябры нашай ініцыятывы, вельмі рэдка заходзілі далей за крыжовую алею, якую далгядаюць ужо шмат гадоў сябры партыі КХП. І таму, калі мы звярнулі ўвагу на “бульбаш-хол», то не маглі не заўважыць і жахлівы, закінуты, забруджаны стан вялікай часткі мемарыяла з заходняга боку. 

Тут быў сьметнік-звалка са старой мэблі, будаўнічых матэрыялаў, выкінутай адзежы, абутку, тут былі месцы, дзе «адпачывалі» наркаманы, бамжы, мясцовыя алькаголікі. Гэта было проста невыносна, немагчыма было сабе нават ўявіць, што гэта адбываецца ў наш час на тэрыторыі самага вялікага помніка-пахаваньня, дзе ляжаць тысячы й тысячы закатаваных нашых продкаў. 


Таму сябры ініцыятывы «За ўратаваньне мемарыяла «Курапаты»» вырашылі неадкладна зарганізаваць талаку з заходняга боку мемарыяла , прыцягнуць грамадства для прывядзеньня мемарыяла ў годны выгляд. Так распачалася Талака-2013, пасля была Талака- 2014... Стварылася каманда талакоўцаў, якія кожны тыдзень прыязжалі на Курапаты і самаахвярна працавалі. Агульная плошча мемарыяла – больш за 15 га, а яшчэ плюс ахоўныя зоны мемарыяла, якія таксама трэба даглядаць. 

8 красавіка 2015-га на сядзібе БНФ адбылася сустрэча валанцёраў -талакоўцаў, на якой было прынята рашэньне распачаць сёлетнюю талаку 18 красавіка 2015 а 12-00, (перад Радаўніцай) і закончыць працы да 29 кастрычніка (Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.  Дзеля таго, каб як мага больш людзей магло далучыцца да дабраўпарадкавання мемарыяла, вырашанае працавваць два дні на тыдзень: у суботу з 12-ай да 15-ай і ў аўторак з 17-ай да 20-ай. 

Трэба заўважыць, што ў гэты-ж дзень будзе праходзіць дзяржаўны рэспубліканскі суботнік, прысьвечаны 70-годзьдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, будуць упарадковавацца помнікі загінулым падчас вайны, а месцы, дзе ляжаць забітыя, закатаваныя ў мірны савецкі перыяд нашы суайчыннікі, у тым ліку й безымянныя ямы-заняпадзіны, ізноў застануцца па-за межамі ўвагі дзяржавы. Заклікаем далучыцца да талакі ў Курапатах усіх неабыякавых да лесу помніка, да лесу сваей краіны Беларусь людзей.

Бярэце з сабой лясную вопратку, пальчаткі й садовы інвентар, якім будзеце працаваць: рыдлёўку ці граблі, сякеру, нажоўку, секатар. Курапаты чакаюць на вас. Запатрабуецца таксама брус для аднаўленьня, рэмонту й усталяваньня новых крыжоў.

.
09.04.15 21:50
загружаюцца каментары

Тацяна Грачанікава