АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Ці ёсць у нас права на адукацыю па-беларуску? 11.11.2016 25

    Галоўная задача, якая сёння стаіць перад адукацыяй – гэта выхаванне духоўна развітага, сацыяльна актыўнага і адказнага чалавека, які ўмее творча і пазітыўна змяняць навакольны свет, чалавека неабыякавага, здольнага да суперажывання. Сёння ва ўмовах пагрозы “рускага свету” адным з істотных прынцыпаў выхаваўчага працэсу з'яўляецца прызнанне і асэнсаванне нацыянальна-культурных традыцый, адраджэнне і развіццё культуры свайго народа, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, якая ігнаравалася дзейсным рэжымам цягам апошніх 20 год. У барацьбе за незалежную і суверэнную Беларусь галоўнае месца належыць адукацыі на роднай беларускай мове. Менавіта беларускамоўная адукацыя павінна стаць тым сродкам, які будзе садзейнічаць нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларуса, адмове ад пачуцця нацыянальнай непаўнавартаснасці, што ўвасабляецца ў навязванні думкі пра перавагу рускай культуры над беларускай. Менавіта адукацыя на беларускай мове дазволіць пераадолець нацыянальны нігілізм, які культывуецца ў Беларусі на працягу ўжо больш, чым двух стагоддзяў.

    Але што мы маем фактычна? Фармальна, грамадзянам Рэспублікі Беларусь забяспечана права атрымліваць адукацыю на беларускай мове, што адзначана ў Канстытуцыі і законе “Аб адукацыі”. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Але ёсць істотная агаворка: мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікамі ўстановы з улікам пажадання бацькоў. Пры гэтым чыноўнікі зыходзяць з таго, што беларускамоўныя школы і класы адкрываюцца па заявах бацькоў, але рашэнне аб адкрыцці ці закрыцці школ і класаў прымаюцца мясцовымі выканкамамі. Заява ад бацькоў яшчэ не гарантуе, што дзіцё зможа навучацца на беларускай мове.

   Улады не прыслухоўваюцца да голасу народа! Праблема беларускамоўнай адукацыі надзвычай шырокая і складаная. Да таго ж яна свядома палітызуецца ўладай. Чакаць нейкага прарыву і змен да лепшага пры захаванні той дзяржаўнай палітыцы ў сферы адукацыі, якая праводзіцца зараз, гэта падманваць саміх сябе.

   Сёння мы назіраем сістэмны крызіс у беларускамоўнай адукацыі. І галоўнае праблема – адсутнасць пераемнасці. Іншымі словамі, нават скончыўшы беларускамоўную школу (ці беларускамоўны клас) будучы абітурыент проста не будзе мець магчымасці працягнуць навучанне на беларускай мове ў сярэдняспецыяльнай ці вышэйшай навучальнай установе.

   Актуальнай праблемай сённяшняга дня з’яўляецца забеспячэнне права грамадзян Беларусі атрымліваць адукацыю на беларускай мове. І галоўнае, што трэба нам здзейсніць сёння – гэта пабудаваць сістэму адукацыі з пераемнасцю мовы навучання на розных узроўнях, для чаго неабходна:

1) Сетка беларускамоўных дашкольных і пачатковых устаноў адукацыі павінна быць размеркаваная так, каб забяспечыць пешую дасяжнасць для любога жыхара.

2) Частка школ (прычым у першую чаргу ліцэяў і гімназій) павінна атрымаць статус беларускамоўных, адпаведна працэнтнай колькасці жыхароў, якія на апошнім перапісу насельніцтва назвалі беларускую мову роднай, што датычыцца не толькі Мінска, але і іншых гарадоў Беларусі.

3) Ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на ўсіх факультэтах і спецыялізацыях павінны быць створаны беларускамоўныя плыні (групы).

   Поўнае і сістэмнае вяртанне беларускай мовы ў сістэму адукацыі павінна стаць адной з галоўных задач. Толькі тады мы вернемся на рэйкі будаўніцтва сваёй нацыянальнай дзяржавы, якая ў складаных умовах можа супрацьстаяць знешнім пагрозам.

чытаць іншыя навіны

Марина Хомич