АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

КАБ АЖЫЛІ ЎСЕ БЕЛАРУСЫ

Сяргей Шапран - Уладзімір Някляеў:

“КАБ АЖЫЛІ ЎСЕ БЕЛАРУСЫ”

 

- Уладзімір Пракопавіч, паколькі гутарым мы з вамі на пачатку Новага года, давайце пачнем з навагодняга пытання: чым быў для вас мінулы год? Годам зімовай Алімпіяды, якой ён пачаўся? Годам адстаўкі беларускага ўраду, якой ён скончыўся? Увогуле: годам здабыткаў, ці годам страт?..

- На жаль, годам страт. Годам, у якім адыйшлі ў вечную адсутнасць Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Паэты, найдарагія мне людзі. Найблізкія мае сябры. Я дасюль да іх адсутнасці звыкнуць не магу. І наўрад ці да гэтага звыкну.

Што ж да адставак і алімпіяд… Вось уявіце: лыжня. На старце (пад навешанымі на іх нумарамі) новыя лукашэнкавы прызначэнцы: Кабякоў, Косінец, Мацюшэўскі, Снапкоў, Калаур, Сямашка, Зіноўскі, Воўк, Забароўскі і гэтак далей - да закліканай выправіць гендарны дысбаланс спадарыні Качанавай… Маюць значэнне фізічныя форма, інтэлект кожнага з іх? Безумоўна. Дакладней, гэта ўсё мела б значэнне, калі б лыжня не была заасфальтаваная. Дык з яе звярнуць бы ці зняць лыжы і стаць на лыжаролеры, але ж паперадзе начальнік каманды “стаіць на асфальце, у лыжы абуты”! Вось і Мясніковіч прастаяў за ім чатыры гады. Гэтаксама, як раней - Ярмошын, Сідорскі. І Кабякоў, новы прэм’ер, гэтак жа прастаіць. Ну не едуць па асфальце лыжы, чым ты іх ні падмазвай! І тут абсалютна ўсё адно, хто і пад якім нумарам заяўлены…

У нас пад асфальт закатаныя ўсе, нават найменшыя свабоды. І на гэткай “трасе” мы яшчэ раздзімаем шчокі над вусамі, гразімся некага перагнаць, перамагчы. Каго, у чым? Еўропу ў спаборніцтве свабодных эканомік?..

- А што б вы зрабілі на месцы Мясніковіча і ўсіх астатніх “лыжнікаў”, якіх “начальнік каманды” выправіў у адстаўку?

- Сдаў бы начальніку лыжы, форму з нумарамі, сабраў бы сваю каманду - і пайшоў на прэзідэцкія выбары. Гэта быў бы самы моцны эканамічны крок урада за ўвесь час яго існавання.

- І ў дзень галасавання - на Плошчу? З пратэстам супраць фальсіфікацый? Мясніковіч, Кабякоў, Косінец, Мацюшэўскі, Сямашка, Снапкоў, Зіноўскі, Качанава…

- А чаму не? Я веру ў людзей. У кожным ёсць нешта такое, пра што ён сам яшчэ не ведае. Напрыклад, пра тое, што ён беларус.

- Дык жа не будзе Плошчы...

- Не можа быць толькі таго, чаго не можа быць. А усё астатняе… Вунь ва Ўкраіне ўсе казалі, што ў падзеях 2004 года, у Памаранчавай рэвалюцыі Майдан дарэшты сябе вычарпаў, выканаў сваю ролю і болей не ўстане. А ён устаў! Сам сябе пастанавіў. І Плошча сама сябе пастанавіць можа.

Іншая рэч, ці патрэбныя ў сённяшняй сітуацыі рэзкія рухі? Выглядае на тое, што не. Большасць людзей асцерагаецца гэтага, пра што сведчаць і апошнія дадзеныя Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД). Таму мы й прапанавалі план мірных перамен. “Народны рэферэндум”, у падтрымку якога ўжо сёння (па дадзеных таго ж НІСЭПД) гатовыя паставіць подпіс 31,7% грамадзян Беларусі. У цяперашніх умовах гэта зусім не мала. Дый увогуле такой падтрымкі ніколі не мела ніводная іншая апазіцыйная ініцыятыва, праз што й нервуюцца нашы апанеты. І, каб дыскрэдытаваць, спляжыць гэтую ініцыятыву, даводзяць, што ёй можа скарыстацца ўлада. Дык калі ласка! З “Народным рэферэндумам” і Кабякоў з Мацюшэўскім, і Косінец са Снапковым будуць глядзецца як мае быць. Хоць на Плошчы са сцягамі, хоць у сваіх кабінетах за сталамі.    

- Значыць, самі вы на прэзідэнцкія выбары гэтым разам не збіраецеся?

- Пабачым… Калі раптам пойдзе на гэтыя выбары нехта з наменклатуры, з былых ці дзейных чыноўнікаў, прэм’ераў, віцэ-прэм’ераў, дык я - не. Больш за тое: абяцаю любому з іх любую падтрымку. Плюс увекавечанне ў вершах і прозе як нацыянальнага героя.

- Пасмяротна?

- Ну, тут як Бог дасць… Між іншым, мяне заўсёды цікавіла пытанне: як гэтыя людзі могуць “катацца на лыжах” у краіне, у якой пайсці на выбары азначае пайсці ў турму? І гэта як мінімум…

На мінулыя выбары, дарэчы, Барадулін не раіў мне йсці. Усё казаў: “Валодзя, а калі цябе раптам…” Бураўкін спытаў: “Грыша, а калі нас ракам?..” Барадулін пачухаў патыліцу - і болей мяне не перасцерагаў. Разам з Бураўкіным стаў адным з заснавальнікаў руху “Гавары праўду!” Так што нават пры адсутнасці выбараў ёсць у кожнана выбар. Чалавечы.

- Калі ўжо размова пра прэзідэнцкія выбары, дык чаму ўсё ж беларуская апазіцыя не змагла вылучыць адзінага кандыдата?

- Бо не змагла. Што дзіўна, бо спытайце пра гэта любога з кіраўнікоў апазіцыйных партый, рухаў, ён вам адразу скажа: “Я зрабіў усё, што мог”. І перахрысціцца.

- А вы?

- Не перахрышчуся.

На выбары 2015 года большасць глядзіць чамусьці як на справу практычна вырашаную. Не разумею, чаму? Калі ў адной краіне побач з намі - вайна. Калі іншая краіна, якая з’яўляецца донарам беларускага рэжыму, балансуе на грані катастрофы…

- Але сітуацыя можа змяніцца.

- Яна можа прытухнуць, замарозіцца, але не змяніцца. Тут не дапамогуць ніякія дамоўленасці, пагадненні, рэзалюцыі. Для гэтага трэба, каб змянілася Расія. Для сённяшняй Расіі з той сітуацыі, у якой яна апынулася праз вайну ва Ўкраіне, няма выйсця. У такіх выпадках кідаюцца ва ўсе бакі. А мы з Расіяй - бок у бок…

- Ёсць такая беларуская прымаўка: “Бок аб бок - і хто далей адскоча!”

- І ў рускіх такая прымаўка пра мужа і жонку ёсць, але так не выйдзе. І не толькі таму, што ўступае ў сілу “шлюбны кантракт”: дамова аб Еўразійскім союзе. Расія з Беларуссю яшчэ гэтак не “налюбілася”, як з Украінай.

Карацей, як па эканамічных, гэтак і палітычных прычынах, прэзідэнцкія выбары ў 2015 годзе будуць складанымі. Не толькі для беларускай апазіцыі. Дай Бог іх выйграць (і не прайграць Беларусь) хоць некаму з беларусаў. Хай сабе ўрэшце таму ж Лукашэнку, які нервова заяўляе, што стане прэзідэнтам, калі нават увесь свет будзе супраць яго.

Чаму ён так нервуецца? Бо разумее, нюхам адчувае, што гэтым разам прызначыць самога сябе начальнікам можа й не здолець. Што могуць яго, як ён сам кажа, “адстроіць”. І гэта таксама не апошняя з прычын, па якіх я настойваў на вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі. Лічыў (і лічу) гэта справай надзвычай важнай, і таму, калі праблема была павернутая так, нібы менавіта мае амбіцыі замінаюць яе вырашыць, адышоў убок. Добра, я не прэтэндую, няхай будзе іншы. Але і гэта, на жаль, нічога не дало. Проста ўсе з усімі сталі змагацца без мяне.

- У свой час вы казалі, што сталі актыўным праціўнікам рэжыму праз занядбанне культуры, цкаванне беларускай мовы, літаратуры, фальсіфікацыі гісторыі, увогуле праз антынацыянальную палітыку, якую праводзіў Лукашэнка. Але цяпер палітыка ў гэтым пытанні нібыта мяняецца, у Расіі ўжо нават кажуць пра беларускі нацыяналізм.  Дык, можа, час вам перагледзець свае адносіны да Лукашэнкі?

- Пад што перагледзець? Пад затрыманне на вуліцы каля дома Барадуліна, дзе я, як аказалася, вершы чытаў не “на человеческом языке”? Пад дыскусію пра тое, дадаць ці не дадаць у беларускіх школах яшчэ адзін урок беларускай мовы? Пад вышыванкі як сімвал беларусізацыі, ледзьве не ўзор беларускасці?..

Я не кажу, што вышыванкі - кепска. Але гэта не што іншае як абнаўленне дэкарацый савецкага спектакля. “Нацыянальнага па форме, сацыялістычнага па змесце”, - як таго патрабавала савецкая дактрына. І беларускія дзеўкі трэслі вышытымі спадніцамі, танцуючы “Лявоніху”, а ўкраінская хлопцы бліскалі чырвонымі ботамі, скачучы “Гапак”. На іх глядзелі балетмэйстары з ЦК КПСС: “Хорошо танцуют. Правильно. В своей форме”. І напаўнялі форму патрэбным зместам. Пылам над сцэнай. А калі нехта спрабаваў аддзяліць сваё ад чужога, зазірнуць у гыбіні сваёй гісторыю, у нацыянальную свядомасць, дык што чуў? А тое, што заявіў нядаўна Лукашэнка. "Я ненавижу националистов… Я их как-то пытаюсь держать на привязи”.

- Але ж вы не нацыяналіст...

- А хто я? Кім былі і ёсць для гэтага рэжыму Быкаў, Барадулін, Бураўкін?.. Хто ў нас увогуле нацыяналісты?.. Пісьменнікі ды яшчэ Пазьняк, які таксама пісьменнік.

- Выбачайце, але тут само па сабе ўзнікае пытанне: навошта пісьменніку палітыка? Асабіста вам навошта? Дзеля славы? Дзеля грошай? Ці ўсё ж хочаце стаць другім беларускім прэзідэнтам?

- Я ніколі не хацеў стаць нікім другім. Калі Гагарын паляцеў у космас, я тут жа расхацеў быць касманаўтам.

Так што будзе ў нас парламенцкая рэспубліка. Не адразу, але будзе.

Я наперад ведаю, якая незайздросная доля чакае таго, хто прыйдзе замест Лукашэнкі. Каму давядзецца правесці краіну праз рэформы, праз меры, якімі любоў народную не займець. Ва ўсякім выпадку, пры жыцці.

- А вам хочацца любові?

- Па вялікім рахунку мне заўсёды хацелася толькі яе. Не грошай, не славы - любові. Бо ўсё астатняе ў жыцці - дэкарацыі. Пыл над сцэнай.

Ёсць тут, праўда, адна рэч, пра якую я ўжо недзе казаў… Калі займаешся палітыкай, у якой змушаны шукаць падтрымкі большасці, асцерагаешся сказаць штосьці рэзкае, крыўднае пра гэтую большасць. Пра народ. Бо нехта абавязкова загалёкае: “Во! Чулі?!. Зневажае! Не любіць!..”

Люблю. Але гэта не азначае, што ўсімі праўдамі і няпраўдамі буду дамагацца ўзаемнасці. Па вялікім рахунку, калі народу без патрэбы свабода, дык мне не толькі любові - нічога не трэба ад народа.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах мяне найбольш раздражняла пытанне: “А што ты нам дасі?” Нясцерпна хацелася сказаць: “А ражна вам я дам!” Што і за што вам даваць? Вы хіба ахвяравалі чым-небудзь дзеля свабоды? Не пайшлі ў загон, у які вас пагналі? Не выракліся сваёй мовы? Не аддалі на знявагу, на глумленне святыя сімвалы?.. Дык чаго вы разяўляецеся: “Дай!” Няўжо вы, да ўсяго, не адчуваеце, якая ў гэтым вашым халяўным “дай!” ганьба, які сорам?.. І вось карціць гэта сказаць, але асцерагаешся. Бо ведаеш, што адзін з дзесяці зразумее, а дзевяць…   

Таго, чаго мусіць асцерагацца палітык, паэт не асцерагаецца. Таму і сказана: Народ, Беларускi Народ! Ты - цёмны, сляпы, быццам крот”.

Нехта ж мусіць казаць такое.

- У вашых вершах я падобнага не чытаў.

- Дык мне ж не 20 гадоў, як Багдановічу, калі ён гэта з болем выдыхнуў... І праблема бачыцца мне ў іншым.

Ёсць у мяне апавяданне, фантасмагорыя такая, якая называецца “Чароўны свісток”. Адзін раз у яго свіснеш - і памрэ той, каму смерці пажадаеш. Два разы свіснеш - і ажыве той, каго ўваскрасіць захочаш. Тры разы свіснеш... - зрэшты, гэта ўжо не істотна, а істотна тое, што герой апавядання памірае. У труну ўжо лёг. А каму хочацца аднаму паміраць? Тым больш беларусу. Вось ён і свіснуў адзін раз, як сапраўдны беларус, каб усе беларусы разам з ім сканалі. Тады, маўляў, будзе справядліва, калі не адзін ён. Але ніхто ні ў ягонай вёсцы, ні ў суседняй, ні ва ўсёй Беларусі не сканаў. Ніхто і нідзе не памёр, апроч старых эмігрантаў у Амерыцы. Ён падумаў, што, можа, свісток не спраўны. Для праверкі свіснуў два разы, каб жонка-нябожчыца ажыла, - тая тут як тут. І не адна, а усе тры, ён тройчы жаніўся, жонкі. Ледзьве ад іх пазбавіўся. Значыць, спраўны свісток. Значыць, павінны былі разам усе беларусы памерці! Ды вось паміраць няма каму. Бо толькі пераробленыя ці то ў рускіх, ці то ў палякаў, толькі падробныя засталіся беларусы, не засталося сапраўдных. Нідзе і нікога, апроч старых эмігрантаў у Амерыцы...

Калі я думаю, што такое можа быць у рэальнасці, а рэальнасць блізкая да гэтай фантасмагорыі, ува мне перестае балець пытанне пра тое, на што я страчваю час, навошта займаюся палітыкай.

- А ў мяне пасля таго як вы распавялі сюжэт апавядання, толькі шкадаванне пра тое, што палітыка адрывае вас ад пазіі, ад літаратуры. Таму напрыканцы літаратурнае пытанне: а што ўсё ж будзе, калі ў чароўны свісток свіснуць тры разы?

- Суль я ведаю? У 2015 годе я толькі ў другі раз свіснуць збіраюся.

- Каб усе беларусы ажылі?

- Так. Каб ажылі ўсе беларусы.

- Гэта і будзе вашым навагоднім пажаданнем?

- Гэта і ёсць маё навагодняе пажаданне.

.
10.01.15 14:29
загружаюцца каментары

Уладзiмiр Някляеў