АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

ДЗЕНЬ, ЯКОГА НЕ СТАЛА

Роўна чвэрць стагоддзя назад, 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, і да 1996 года гэты дзень святкаваўся як Дзень Незалежнасці. 



Палажэннямі дэкларацыі, якія ўвайшлі пазней у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, абвяшчалася вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу, дзяржаўнасць беларускай мовы, каштоўнасць нацыянальных традыцый і гістарычнай сімволікі, нейтральны статус краіны. Важнейшым прынцыпам існавання Беларусі (у той час яшчэ Беларускай ССР) як прававой дзяржавы абвяшчалася размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. 



“Дзе ўсё гэта?..” — азіраемся мы праз 25 гадоў у нашу нядаўнюю гісторыю. 



Дзе вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу, калі няма свабодных выбараў? 



Дзе дзяржаўнасць беларускай мовы, калі нават на новым геральдычным знаку Шклова, на радзіме беларускага прэзідэнта назва горада пададзеная толькі па-руску? 



Дзе гістарычная сімволіка, калі за бел-чырвона-белы сцяг цягнуць у суд? 



Дзе нейтральны статус краіны, калі Рэспубліка Беларусь уцягнутая ва ўсе створаныя Расійскай Федэрацыяй ваенные блокі, і на тэрыторыя Беларусі размешчаныя іншземныя вайсковыя базы? 



І дзе, нарэшце, размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, калі лейцы кіравання дзяржавай, лёсам народа ў руках аднаго чалавека? 



Няма нічога з таго, што абвяшчалася Дэкларацыяй аб незалежнасці і замацоўвалася ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

А што ж тады ёсць? 



А ёсць чалавек, які ўсё гэта адмяніў, здзейсніўшы ў 1996 годзе дзяржаўны пераварот, названы рэферэндумам. Яго трэба судзіць, але за кратамі не ён, а ягоны палітычны апанент, пра якога ў мяне ўсё пытаюць, чаму я падтрымліваю ягонае вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, калі гэта немагчыма?.. 



Таму й немагчыма, што тыя, хто пытае, прымаюць гэта як немагчымае. А за магчымае прымаюць тое, што чалавек, які падлягае суду, зноў прэтэндуе на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве.

У пяты раз! 



Што гэтым разам можа быць?.. 



На новым геральдычным знаку Шклова пазначана дата заснавання горада: 1535 год. Так запісана і ў цяперашніх беларускіх (савецкіх) гістарычных падручніках, хоць з рукапісных крыніц вынікае, што ў 1535 годзе Шклоў быў пакінуты без жыхароў. Знішчаны, спалены, зруйнаваны маскоўскім войскам. Дык вось гэтым разам будзе зруйнаваная, пакінутая без мовы, без нацыянальнай гісторыі і культуры, без дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусь. А ў расійскіх (імперскіх) гістарычных падручніках будзе напісана, што якраз у гэты час яна заснаваная. Як Шклоўская губернія. 



Немагчыма?.. 



Яшчэ як магчыма. Больш за тое: калі мы ўсімі беларускімі сіламі не падрыхтуемся да нацыянальнага супраціву, дык так і будзе. І не стане ў нас ніякага Дня Незалежнасці, як не стала 27 ліпеня.

.
27.07.15 20:21
загружаюцца каментары

Уладзiмiр Някляеў