АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Апазіцыя зараз будзе гуляць супраць Караткевіч

Уладзімір Някляеў расказвае, як апазіцыя аб’яднаецца супраць аднаго кандыдата і што гэта будзе не Лукашэнка.

 

Еўрарадыё, 21.08.2015 - 12:24

Зміцер Лукашук


Еўрарадыё: На сваёй старонцы вы напісалі: “Казалі-казалі пра ўрокі 2010 года... Ніякага толку. У 2015-м усё тое самае, толькі горш. На тым, бадай, я спыняю свой удзел у выбарчай кампаніі 2015 года”. Можа, я чаго не ведаю... а якім чынам вы бралі ўдзел у сёлетняй кампаніі?

Уладзімір Някляеў: Што выбары? Асноўныя падзеі чакаюць нас пасля іх. І я хацеў, каб апазіцыя да гэтага падрыхтавалася. Таму адпачатку прапанаваў свой сцэнар: два апошнія гады я намагаўся давесці, што паход на выбары асобнымі калонамі — палітычная памылка апазіцыі. Сёння рэальная сітуацыя паказвае, што так яно і ёсць.

Што паказала апазіцыя, пайшоўшы на выбары разрознена? Слабасць. Нават са зборам подпісаў не змаглі справіцца. Каб так не сталася, я настойліва заклікаў згуртавацца ў адзіную сілу. Аб’яднацца вакол адзінай праграмы і вылучыць адзінага кандыдата. Усе згодна ківалі: “Так, так...” — але, аказалася, ніхто не збіраўся аб’ядноўвацца. І ведаеце, чаму? Каб не даць некаму вырвацца наперад, каб не ўзнік прызнаны лідар!

І што цяпер? Паселі, як дзятлы, кожны на сваім дрэве, і кожны дзяўбе сваё. Дык дзятлы хоць шкоднікаў калупаюць з-пад кары, а тут ніякага толку.

Пасля 2010 года неабходнасць аб’яднання дыктавалася самой логікай выжывання, але ўключылася логіка знішчэння. А прычынай гэтага стаў падман, на які пайшла апазіцыя на мінулых выбарах. Махлярства ўрэшце заўсёды вылазіць бокам.

Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што вы са сваім рашэннем спазніліся: яго трэба было агучваць, калі тры прадстаўнікі апазіцыі пайшлі свае ініцыятыўныя групы рэгістраваць?

Уладзімір Някляеў: Не падаецца. Я тройчы рабіў аб’яднаўчыя прапановы. У розных варыянтах. Апошні раз зусім нядаўна. Калі ўжо склалася так, што два прэтэндэнты здымаюцца з выбараў і Таццяну Караткевіч можна падаць як адзінага кандыдата, дык трэба яе так і падаваць. Любую ж сітуацыю можна скарыстаць горш і лепш. І лепш для апазіцыі было б паспрабаваць дамовіцца, што Таццяна Караткевіч здымецца з выбараў у выпадку, калі ў беларускіх турмах будуць палітвязні, калі будуць парушацца нават тыя, якія ёсць, законы, і г.д. І тады, вызначыўшы прынцыповыя пазіцыі, падтрымаць Караткевіч як адзінага кандыдата.

Што б гэта дало? А тое, што зняцце адзінага кандыдата — гэта не “байкот” выбараў на канапе. Гэта насамрэч моцны палітычны ход. Наймацнейшы з усіх, якія магла б зрабіць апазіцыя на гэтых выбарах. Але не зрабіла.

Вось пасля гэтага я і падумаў, што ніяк і нічым ужо тут не магу дапамагчы, і напісаў, што спыняю свой удзел у выбарчай кампаніі 2015 года. Ды яшчэ напісаў, калі шчыра сказаць, раззлаваўшыся, “байку” пра нашых дзятлаў у нашым лесе: “Калі дзяцел найтупейшы, значыць, дзяцел наш. Тутэйшы”.

Еўрарадыё: Але пасля таго як подпісы не сабралі ні Лябедзька, ні Калякін, яны будуць вымушаныя падтрымаць Караткевіч, каб застацца актыўнымі ўдзельнікамі электаральнай кампаніі!

Уладзімір Някляеў: Пакуль што гэтакіх намераў ні ў Лябедзькі, ні ў Калякіна не назіраецца. Калі толькі ў іх з “Гавары праўду” не ідуць “сепаратныя” перамовы. Але такая магчымасць, па-мойму, выключаная.

А ўвогуле ў апазіцыі тэндэнцыя адваротная: падаць кампанію “Гавары праўду”, а значыць, і яе кандыдата, як махляроў. І тут зноў праблема. Калі ўжо Караткевіч застаецца адным-адзіным апазіцыйным кандыдатам, дык не павінна быць ніякага сумневу ў тым, што подпісы, сабраныя ў яе падтрымку, сапраўдныя. Але ўжо цяпер відавочны намер давесці, што за Караткевіч, як і за тых, хто не “пайшоў да канца”, неабходная колькасць подпісаў не сабраная. І для гэтага ёсць падставы, я таксама пра іх казаў: на тое, каб асобна сабраць 100 000 подпісаў, ніводная структура не мела дастатковых рэсурсаў. Таму кампаніі “Гавары праўду” абавязкова трэба даказаць, што яны сабралі тую колькасць подпісаў, пра якую заяўляюць. А як даказаць? Толькі згадзіўшыся на незалежную праверку. Тым больш што ў кампаніі ёсць спецыяльная служба, якая заўсёды гэтым займалася, а цяпер чамусьці не задзейнічаная. Без гэтага ў цяперашняй сітуацыі ніхто ў “сто тысяч” не паверыць. Будзе пастаноўлена, што ніхто іх не сабраў.

Еўрарадыё: Пра сёлетнюю праўдзівасць апазіцыі і 2010 год: можа, вы нарэшце скажаце шчыра — хто канкрэтна не сабраў тады неабходныя 100 тысяч подпісаў?

Уладзімір Някляеў: На адным з допытаў у турме КДБ тагачасны ягоны старшыня Зайцаў сказаў мне: “Ну што ж, я вас віншую — толькі вы ды яшчэ адна структура на самай справе сабралі неабходныя подпісы. Значыць, — заключыў ён, — вы найбольш і вінаватыя ў тым, што адбылося...” Але калі толькі дзве структуры (Зайцаў не сказаў, якая другая) сабралі подпісы, значыць, астатнія падалі ў выбарчыя камісіі фальшыўкі. Гэта сведчанне кіраўніка ведамства, якое, па сутнасці, кантралявала тыя выбары. Як, зрэшты, кантралюе і гэтыя.

Еўрарадыё: Проста цікава, што ў такім выпадку робіцца: падаюць “няпоўны” спіс, пішуць нешта “з ліхтара”, уключаюць ксеракс?

Уладзімір Някляеў: Кожная структура мае старыя базы дадзеных. З папярэдніх выбараў, з нейкіх акцый, якія патрабавалі збору подпісаў. Гэтыя базы захоўваюць, “мадэрнізуюць” і пры неабходнасці скарыстоўваюць. Яшчэ, што называецца, “на калене” малююць. Ёсць шмат спосабаў, ёсць сапраўдныя віртуозы гэтай справы. У выніку здаюць столькі, колькі трэба здаць. Я не кажу, што ўсе так робяць, але...

Еўрарадыё: Абвінавачваем улады ў фальсіфікацыях выбараў, а тут маем фальсіфікацыю з боку апазіцыі!

Уладзімір Някляеў: Гэта сапраўды вялікая праблема. Гэта пытанне не ўлады або апазіцыі — пытанне грамадства. Менавіта таму вельмі важна, як пройдуць гэтыя выбары. І важна тое, як будзе выглядаць на іх дэмакратычная апазіцыя.

Ведаеце, чым гэта апраўдваецца? Дзеяннямі ўлады. “Калі яны фальсіфікуюць, дык чаму мы не можам?” Тады давайце далей: калі нехта крадзе, дык чаму табе няможна, калі нехта забівае, дык чаму табе не забіваць?.. Ланцужок бясконцы. Але ж ты спрабуеш супрацьстаяць сістэме татальнай маны, татальнай непавагі да ўсіх законаў! І калі ты гэтай сістэме супрацьстаіш, дык як ты можаш да яе прыпадабняцца?

Нельга з цяперашнім беларускім рэжымам гуляць па ягоных правілах. Ён іх ствараў, ён іх ведае лепей, карыстаецца імі больш умела — і цябе абхітруе.

Еўрарадыё: І як цяпер з гэтымі ведамі пра нашу апазіцыю жыць — сёлетнія прэтэндэнты таксама ведалі пра тыя фальсіфікацыі? А нехта і ўдзел у іх браў…

Уладзімір Някляеў: Калі следам за “зялёнымі”, якія ў 2010 годзе сумленна сказалі, што подпісы яны не сабралі, на сёлетніх выбарах сумленна ў гэтым прызнаюцца дзве не самыя апошнія ў апазіцыі структуры, дык, можа быць, гэта і стане пачаткам шляху да адраджэння таго дэмакратычнага апазіцыйнага руху ў краіне, які ўзнік на памежжы стагоддзяў. Найперш духу ягонага. Давайце так будзем думаць, спадзявацца. Нешта ж мусіць змяніцца. Так, як ёсць, быць не можа.

Еўрарадыё: Шчырасць гэтая стане самалюстрацыяй сумлення?

Уладзімір Някляеў: Можа ж быць такое, чаму не! Увогуле ўсё залежыць ад чысціні, шчырасці, сапраўднасці нашых памкненняў. Любіш ты Беларусь — яна будзе. Проста балбочаш пра гэта, бо балбатаць навучыўся, — знікне.

Еўрарадыё: Вы абяцалі сваю падтрымку падчас кампаніі Таццяне Караткевіч, а цяпер сыходзіце — непрыгожа падманваць жанчыну!

Уладзімір Някляеў: Я нікога ніколі не падманваў. Тым больш жанчын. Проста іншым разам кажаш ёй, што яна табе падабаецца, а яна думае, што шлюб прапануеш.

Таццяну Караткевіч я абяцаў падтрымаць у выпадку яе вылучэння кандыдатам у прэзідэнты праз Кангрэс дэмакратычных сіл. Ад гэтай ідэі адмовіліся.

І тым не менш з улікам сітуацыі, якая склалася... Калі кандыдат ад кампаніі “Гавары праўду” будзе прынцыпова настойваць на вызваленні палітвязняў, калі будзе праведзеная адкрытая праверка сапраўднасці подпісаў, калі рэальны вынік супадзе з заяўленым, я першы павіншую кампанію “Гавары праўду” як наймацнейшую апазіцыйную структуру з поспехам і падтрымаю на выбарах — як адзінага кандыдата — Таццяну Караткевіч.

Еўрарадыё: Вы за тое, каб Караткевіч знялася ў апошні момант. Але што гэта дасць, калі застануцца такія спарынг-партнёры, як, да прыкладу, Гайдукевіч і Улаховіч?

Уладзімір Някляеў: Тут многае залежыць ад таго, што мы хочам мець у выніку гэтых выбараў. Узмацненне сённяшняга беларускага рэжыму праз падтрымку не толькі з боку Расіі, але і дэмакратычнага Захаду ці аслабленне? На шкоду ці на карысць Беларусі можа пайсці легітымізацыя Лукашэнкі?

Я лічу, што на шкоду, але іншым разам раптам мільгае думка: а, можа быць, што і не? Калі ён стане як бы роўны з іншымі, дык ці не можа праз гэта пачацца ўнутранае разбурэнне і яго самога, і створанага ім рэжыму? Бо “роўнасць” з іншымі азначае падпарадкаванне нейкім агульным правілам — і Лукашэнка перастае быць “апошнім дыктатарам, які не павядзе свой народ за ўсім цывілізаваным чалавецтвам”. З фанабэрыстага адзінотнага “арла” ён ператвараецца ў звычайную шэрую птушку. У вераб’я, які скача на задворках Еўропы. Так што шлях да прызнання можа стаць найкарацейшым шляхам да сыходу…

Але гэта палітычная алгебра. А ёсць простая арыфметыка. Лукашэнка ўжо сто разоў даказаў, што не здольны ні сам змяніцца, ні рэфармаваць краіну. Змяніць сітуацыю можа толькі іншы чалавек, бо новую дарогу пракладае толькі новае. А рэжым ужо з той прычыны, што, нягледзячы на патрабаванні ўсяго дэмакратычнага свету, трымае закладнікаў — палітвязняў, і не толькі трымае тых, каго пасадзіў раней, але і набірае новых, прызнаны быць не можа! І не можа быць легітымізаваны стваральнік гэтага рэжыму.

Еўрарадыё: І ўсё ж — ваш прагноз далейшага развіцця выбарчай кампаніі?

Уладзімір Някляеў: Таццяна Караткевіч будзе зарэгістраваная. Хаця б таму, што гэта рэжыму трэба. І наўрад ці яна будзе падтрыманая астатняй апазіцыяй. Значыць, яе будуць цкаваць. Хоць яна не горшая з усіх кандыдатаў. У яе ёсць перавагі перад астатнімі: яны ў яе натуральнасці. Але як толькі яна робіць ненатуральныя жэсты ці прамаўляе неўласцівыя ёй словы, адразу ўсё губляецца. Напрыклад, калі глыбакадумна заяўляе, што вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча пазбаўленае прагматызму.

Але ёсць небяспека, значна большая за нелаяльнасць апазіцыі. Лаяльнасць улады. Вельмі імаверна, што ў фінале Таццяну, як тую піянерачку, выведуць на сцэну ў белым фартушку з чырвоным гальштучкам і змусяць павіншаваць старшага піянерважатага з перамогай. Я ўпэўнены, што сама яна такога і думаць не думае, але я ведаю, што думаюць іншыя. І ведаю, якія ў іх ёсць метады пераканання. Не ў апошнюю чаргу яшчэ і з гэтай прычыны я прапаноўваў ёй з выбараў зняцца..
21.08.15 17:50
загружаюцца каментары

Уладзiмiр Някляеў