АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

ХАДОК

Як дасць Бог, і Беларусь захаваецца, зберажэцца як дзяржава, дык некалі мусіць паўстаць у гэтай дзяржаве помнік беларускай літаратуры. Чаму? Бо гэтая літаратура стварыла Беларусь. І адзін з найбліскучых яе стваральнікаў – Уладзімір Караткевіч. Без яго той Беларусі, якую мы маем сёння, Беларусі з мітамі, легендамі, з гістарычнай глыбінёй – проста не было б. І не было б пакалення, якое выспела, усвядоміла сябе беларусамі якраз пад той час, калі яно спатрэбілася Айчыне: падчас нашай дзяржаўнасці, незалежнасці. 

Роля Караткевіча ў гэтым выключная.

Ён любіў казаць: “У паэта – свой лёс, у ягоных вершаў – свой”. 
Гэта праўда. 
Верш “Хадок” пачынаўся, калі той, каму ён прысвячыўся, быў жывы. Дапісваўся, калі яго не стала. І гэта ўжо зусім іншы лёс.


ХАДОК
Уладзiмiру Караткевiчу

Бiклага, кульба, торба на плячах— 
Па нашым часе выгляд маскарадны.
Нiкому i нi ў чым непадуладны 
Хадок iдзе, таму што выбраў Шлях.

З дубровы ў бор, з нiзiны на грудок 
Iдзе хадок,— а бэйбусы, барыгi
Крычаць: «Гэй ты! Дзе крыж твой? Дзе вярыгi?» 
Хадок iдзе. Таму што ён – Хадок.

Ён выбраў шлях — i ўжо не зверне ўбок 
Ад iсцiны, вядомае спрадвеку:
Амаль усё, што трэба чалавеку — 
Скарынка хлеба ды вады глыток.

Амаль усё. Амаль, амаль, амаль... 
Але не ўсё — калi камяк у горле, 
Не ўсе, не ўсё — калi душу агорне 
Па незабыўным непазбыўны жаль.

Па кiм? Па чым? Цi не па ўсiх i ўсiм:
Па каласах тых, што на ўзмежку поля,
Па тым — што праўда, i па тым — што воля, 
Па самым любым, самым дарагiм,
Па ўсiх, па ўсiм — да слёз, да слёз, да слёз, 
Па самым крэўным у чужынным свеце,
Што княжым ветрам прашумiць у веццi 
Заслаўскiх сосен, полацкiх бяроз,
Цi паляўнiчым рогам прагудзе
Ля Турава — i адгукнецца ў Крэве...

Хай шлях кружны, нiбыта кольцы ў дрэве, 
Бясконцы шлях. Але хадок
Iдзе.

Усё сваё з сабой нясе... Яму
Таго даволi — больш, чым неабходна, 
Каб зратаваць сасмяглых i галодных... 
Каго? — яму вядома аднаму.

Iдзе хадок. Над iм дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсцi з гэтай кругаверцi:

Ён ведае так мала, каб памерцi.
I гэтак многа ведае, каб жыць.
1979, 1984


.
26.11.15 22:39
загружаюцца каментары

Уладзiмiр Някляеў