АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Чорт і святары

Панядзелак 21 сакавіка гляджу тэлеканал Беларусь 3. У 11.30 ідзе дакументальны фільм пра Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта. "По имени и житие…"

Аўтар фільма праваслаўны святар Фёдар Поўны. Ужо рэдкая з’ява. У фільме паказваюць аповед пра жыццё Філарэта. Фільм ідзе па руску. Філарэт шчыра прызнаецца, што па-беларуску не гаворыць, але ўсё разумее. Распавядае, што ў БПЦ перакладаюць Новы запавет на беларускую мову, некаторыя службы. Царкоўны хор дзетак спявае па-беларуску вельмі прыгожа з душою. Пад час фільма Філарэт раз-пораз устаўляе беларускія словы. Нават у сваёй роднай царкве ў Расіі пару слоўцаў сказаў на мове: “Са святам!” і пераклаў тут жа для расійскай паствы.

І тут заўважаю дзіўныя кадры. Раз-пораз цягам усяго фільма на заднім плане з’яўляецца малады Лукашэнка. Вядома ж у царкве. Кадры дакументальныя і ўнікальныя. Лукашэнка мільгае там, мітусіцца, робіць рэзкія ненатуральныя рухі. Быццам чорт нейкі. У адным месцы ён ідзе паміж Алексіем і Філарэтам, ды так паказалі, быццам яны яго на пакаранне вядуць. І выразы твараў бяз слоў кажуць пра іхныя характары. Сур’ёзныя, задуменныя – у святароў. Ліслівы, мітуслівы ва Ўладара святароў. Адразу ўзгадаў неўміруючыя цытаты Лукашэнкі:

“Человек без веры – это страшный человек, то же самое и я”. (БТ, 7.01.2000)

“Мы пробовали выработать национальную идею. Ничего не получилось. И я предложил – давайте вернемся к Христианским ценностям. Сам я два раза хожу в церковь, поддерживаю ее. Филарет мой друг! Хотя если выступаю публично, признаюсь, что атеист. Меня Митрополит Филарет не раз просил: “Вы уж на людях в атеизме не признавайтесь”. (БТ 19.11. 1996)

Думаю, што Фёдар Поўны хацеў уключэннем кадраў Лукашэнкі ў царкве залагодзіць уладара цэркваў. А выйшла па прымаўцы: “Чалавек прадпалагае, а Бог распалагае”. Талент Поўнага, як стваральніка вобраза нячысціка, які падкрэслівае святасць Філарэта годны нейкай адзнакі, прэміі на кінафестывале.

Карціла зноў перагледзець фільм, але ня змог у пошукавіку знайсці. Можа хто ведае як гэты фільм знайсці ды на чорта паглядзець побач са святаром?

А без святара чорта і яго паслугачоў кожны дзень бачым па прэзыдэнскіх тэлеканалах. Тут яны пад людзей добра маскіруюцца. Не адрозніць, калі не выпіць.

 

.
22.03.16 11:15
загружаюцца каментары

Владимир Подгол