АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Талеранцыя


Мы, беларусы, мірныя людзі...

Мы, беларусы, сапраўды вельмі талерантныя. Гэта факт. Беларус пазьбегне канфлікту, сьцерпіць, прабачыцца ў 99 % выпадкаў. Беларусы ўнікаюць любое рэзкасьці, катэгарычнасьці, радыкалізму. Беларус-расіст, беларус-нацыяналіст, беларус-фанатык – гэта проста нонсэнс.

Талеранцыя, асноватворная якасьць беларускага нацыянальнага характару, спароджаная сумежжам, міжмоўем і хрысьціянствам, адпачатку была пакліканая прымірыць Захад з Усходам, праваслаўе з каталіцтвам, Эўропу з Расеяй.

Як талер – адзінка вымярэньня багацьця беларускай гісторыі, так і талеранцыя – базавая нацыянальная каштоўнасьць. Сама прычына талерантнасьці вырастае з глыбіняў беларускага мэнталітэту: першапачаткова, у перакладзе з лаціны, талеранцыя значыць “цярпеньне”. Увесь тэмпэрамэнт Беларусі – умераны клімат, мяккі рэльеф, поўня водаў, якая распушчае любую ёдкасьць ды горыч, цішыня лясоў і сьціплая, сьветлая, ласкавая прырода – сьведчаньне арганічнасьці беларускай талеранцыі.

У Беларусі, у адрозьненьне ад заходняй інквізыцыі й маскоўскіх ведаўскіх справаў, практычна адсутнічалі праявы рэлігійнай нецярпімасьці. Беларусы не рабілі габрэйскіх пагромаў. Татары, стараверы, караімы, пратэстанты, гнаныя ў сваіх краінах, заўжды знаходзілі ў Беларусі прытулак. Нават у суворым Сярэднявеччы беларускі закон Статуту гарантаваў іншаверцам, прыхадням і палітэмігрантам стаўленьне паважнае й лагоднае.

У XVI ст. Беларусь робіцца галоўным эўрапейскім экспарцёрам талеранцыі. Прапісаная ў трох Статутах, беларуская талеранцыя мяняе Расею, Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, Вугоршчыну, Малдову... Нават караля Францыі Генрыка Валуа ў 1574-75 гг. (эпоха Варфаламееўскае ночы!) эліта ВКЛ вымусіла падпісаць славутыя “Генрыкаўскія артыкулы” аб верацярпімасьці, чым выратавала жыцьці многіх іншаверцаў на Захадзе.

Першасная, глыбінная й галоўная прычына беларускай талеранцыі – любоў. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсёй душою, усім сэрцам, усімі сіламі тваімі, а блізкага твайго – як самога сябе".

Запавет Хрыста, дадзены беларусам звыш – аснова любові і да суседзяў, і да няпрошаных гасьцей, і да ворагаў. Тае любові, якая не памятае зла й аддае сябе бяз рэшты.

Ступень беларускага альтруізму дагэтуль можа выклікаць шок. Беларус мае вінаваты выраз твару й паўсюль гатовы прабачыцца – бо заўжды ж нешта ня так, то даруйце...

Беларус паводзіць сябе пры сустрэчы, у спрэчках, у хаце, прымаючы гасьцей, выключна мякка, ухіліста й міралюбна. Стараецца згладзіць найдрабнейшыя шурпатасьці й акругліць наймалейшыя пралікі. Стварае цёплы, утульны мікраклімат згоды.

Часам нават здаецца, што беларуская ўнікальнасьць – гэта ад слова ўнікаць. Ласка. Міласэрнасьць. Самаахвярнасьць. Цярпімасьць. Стрыманасьць. Пакора перад Богам.

Такой была беларуская талеранцыя ў ідэале.

Нажаль, у сучасным правале духовасьці на беларускай традыцыі талеранцыі паразытуюць і рабская псыхалёгія, і падбітасьць, і абыякавасьць.

Толькі хрысьціянскае абуджэньне здольнае зноў прымусіць беларускую талеранцыю зайграць яскравым бляскам – такім, як у часы Залатога веку.

Бо на працягу стагодзьдзяў місія ў Расеі, Польшчы,Украіне або Ізраілі давалася беларусам мякка й натуралёва ў першую чаргу дзякуючы нацыянальнай здольнасьці прымаць людзей такімі, якія яны ёсьць, а затым – любові, якая робіць людзей лепш, чым яны ёсьць.

Менавіта таму маскоўскую дэспатыю, польскую пыху, габрэйскую зацятасьць найбольш эфэктыўна ператварала знутры якраз беларуская талеранцыя.

Беларускія нацыянальныя героі – гэта героі беларускага сэрца.

Гедзімін, які праславіўся сваёй цярпімасьцю й шанаваньнем традыцыі: “Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім”; Альгерд, што пашырыў дзяржаву дыпляматыяй, дынастычнымі шлюбамі й стратэгіяй пратэктаратаў; Вітаўт, які прыняў у ВКЛ, як родных, і габрэяў, і татараў, і гусітаў; Скарына, што пераклаў Біблію адразу для трох канфэсіяў; Жыгімонт Аўгуст зь ягоным віленскім прывілеем 1563 г. аб роўнасьці каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў у разгар рэлігійных войнаў у Эўропе; Леў Сапега са Статутам 1588 г. і знакамітым лістом Кунцэвічу – усё гэта вобразы вялікай беларускай талеранцыі.

Беларуская рахманасьць, памяркоўнасьць, ветлівасьць, інтэлігентнасьць, зычлівае стаўленьне да незнаёмцаў ды іншаземцаў – вытворныя вялікае беларускае талеранцыі.

Сустрэчы канфэсіяў, культуровы сынтэз, мяккая й сьпеўная мова – адна зона вялікае й ўладарнае беларускае талеранцыі.

Талеранцыя скругляе беларуса, як талер. “Можа, яно і так...” – кажа беларус, ухіляючыся ад прамога сутыкненьня. Але ўсё-такі гне сваё, спалучае ласку з унутранай моцай і ў рэшце рэшт дамагаецца мінімум кампрамісу, а максымум – перамогі. Спосаб эфэктыўны: даўно вядома, што з усіх праяваў сілы людзі найбольш паважаюць стрыманасьць.

“Хрысьціянская дэмакратыя”, “плюралізм”, “правы асобы” – каштоўнасьці, сэнс і вага якіх да сучаснага сьвету даходзяць толькі зараз. У Беларусі ўсё гэта існавала ўжо тысячу гадоў, і называлася адным словам – талеранцыя.


З кнігі "Люблю Беларусь"

30.10.15 22:35
загружаюцца каментары

Павел Севярынец