АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Беларускі храм



 Храм – велічны вобраз Беларусі.

 Храм – ідэальная мадэль беларуса.

 Храм – месца нараджэньня й адраджэньня беларускасьці.

 Храм – гэта месца, дзе народ каецца, спавядаецца, хрысьціцца, прычашчаецца – і робіцца нацыяй.

 Багавейнае адчуваньне велічы Госпада ў цішы аграмадных заляў, дзе агеньчыкі сьвечак зьліваюцца з золатам абразоў, раптоўна, з хорам малітвы і гулам аргану, уздымае цябе па-над зямлёй, і дае пачуцьцё прысутнасьці Божае.

 Храм – сэрца любога беларускага гораду.

 Храм – тое, што найперш разбуралі заваёўнікі, спусташалі акупанты ўсіх масьцей і ўзрывалі бязбожнікі, каб зьнішчыць саму Беларусь.

 У Беларусі менавіта храму прызначаецца роля рэальнага эпіцэнтру жыцьця. І праваслаўныя, алтаром на Ўсход, і каталіцкія – на Захад, і вуніяцкія – на Поўнач, і пратэстанцкія дамы малітвы, як хоч – у Беларусі сыходзяцца разам, на адной плошчы, як у фокусе. У самой Беларусі лёгка пазнаць найвялікшы сымбалізм, ціхую веліч і натхнёную сьветліню, уласьцівыя храму.

 У Беларусі кожны храм – гэта асоба. І, як чалавечае цела ёсьць храмам духу, так і сам храм выяўляе форму існаваньня нацыі: “Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?” (І Да Карыньцянаў 3:16).

 Стоячы перад беларускім храмам, ты глядзіш у твар самой Беларусі. Калі вы ўваходзіце ў храм – вы ўваходзіце ў беларускую душу. Вялізную прастору з таемным водгульлем, прызначаную для шэптаў малітвы, хрысьціянскіх гімнаў і дзеяньня Духу Сьвятога.

 Унікальныя беларускія храмы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы, Супрасьлі, Камаях даюць нам поўнае ўяўленьне пра характар нацыянальнай духовасьці. Засяроджаны, моцны, з чатырма вежамі на ўсе бакі сьвету, са сьценамі скрозь у белых вокнах, што надаюць лёгкасьці й празрыстасьці ўсёй аграмадзе, са сьпічакамі й крыжамі, нацэленымі ў неба!

 Храмы, найвышэйшыя постаці беларускае гісторыі, увасабляюць сабою эпохі нацыянальнага будаўніцтва. Полацкая Сафія, гарадзенская Каложа, віцебская Дабравешчанская царква, смаленскі Петрапаўлаўскі Сабор XII ст. – гістарычныя падмуркі Беларусі. Знакамітыя цэрквы-крэпасьці, Касьцёл Божага цела ў Нясьвіжы або Кальвінскі Збор у Заслаўі – ансамбаль Залатога веку. Віленскае барока, Сьвята-Духаў Сабор у Менску, Магілёўская Мікалаеўская царква, Чырвоны Касьцёл – манумэнты Новага Запавету Беларусі. Царква ў гонар абраза маці Божай “Усіх смуткуючых радасьць”, Лагойскі касьцёл, мадэрновыя пратэстанцкія дамы малітвы – дойлідзтва сучаснае беларускае дзяржаўнасьці.

 Бел-чырвона-белая плінфа мураваных полацкіх цэркваў XII ст, немыя белыя вокны на тле чырвоных сьценаў, бялюткія з рудай дахоўкай эвангельскія зборы XVI ст, белыя й чырвоныя касьцёлы XX ст. – вось ён, нацыянальны архітэктурны стыль.

 Як сам беларус, беларускі храм – узьнёслы, сьціплы й сьветлы. Мяккія, скругленыя, гарманічныя формы – і нястрымнае імкненьне да неба, увенчанае вастрыямі крыжоў. Стройныя, ладныя сылюэты зь вялікімі вокнамі-вачыма, быццам у малітве або на пропаведзі. Цярплівыя, сьветлыя й ветлыя, гасьцінныя, інтэлігентныя беларускія храмы – гэта проста сьпеў!

 Беларусь – тысячагадовы Храм у сэрцы Эўропы.

 Храм Божы, да якога прыходзілі спавядацца й каяцца ўсе канфэсіі. Храм, дзе сустрэліся Захад і Усход. Храм, у які зьбіраўся расьсеяны Ізраіль з выгнаньня. Храм, дзе ратаваліся й шукалі прытулку, які рабавалі й апаганьвалі. Храм, дзе штодня прыносілі ахвяры й дзе адбываліся таемствы Божыя. Храм, у цэнтры якога знаходзілася Кніга. Храм, што будуецца як крыж або як каўчэг, ёмішча асьветы, пісьменнасьці, выхаваньня й культуры са старажытнасьці. Храм, у якім жыло Слова Божае й асьвятляла душу да Боскае белі – і адкуль выходзілі людзі, поўныя веры й любові. Храм для ўбогіх духам і для тых, што плачуць, для лагодных і міласэрных, для тых, хто прагне праўды й хто гнаны за яе, ганьбаваных і чыстых сэрцам.

 “Гасподзь – у сьвятым Храме Сваім. Хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!” (Аббакум 2:20).

З кнігі "Люблю Беларусь"

.
15.11.15 12:30
загружаюцца каментары

Павел Севярынец