АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Рэч Паспалітая і хрысціянская дэмакратыя


Пасьля аб’яднання ВКЛ з Польскай каронай у Рэч Паспалітую напрыканцы ХVІ стагоддзя канструкцыя хрысціянскіх асноваў і шляхецкай дэмакратыі пачала разбурацца – разам з незалежнасцю.
З аднаго боку, польская каралеўская ўлада імкнулася да абсалютызму і ўніфікацыі, а найбольш моцная рэлігійная канфесія ў аб’яднанай дзяржаве – Касцёл – да падаўлення і падпарадкавання іншых хрысціянскіх веравызнанняў. Знакам гэтага часу было давядзенне да абсурду прынцыпу “ліберум вета” шляхтай ды магнатамі, што руйнавала увесь дзяржаўны механізм і вяло да анархіі. Пачаўся рост рэлігійнай нецярпімасці – і ўмяшанне суседніх дзяржаваў у канфесійнае змаганне ўнутры Рэчы Паспалітай.
Баланс міжканфесійнага хрысціянскага трыадзінства, з такой цяжкасцю дасягнуты ў ВКЛ 14-16 стст, і выпрацаваная стагоддзямі традыцыя раўнавагі заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў  ды мясцовага самакіравання  быў моцна парушаны – і гэта спрычынілася да  заняпаду ўсёй дзяржавы: Рэч Паспалітая не вытрымала выпрабаванняў сацыяльнымі забурэннямі і войнамі.
Разам з тым, да дасягненняў хрысціянства у спалучэнні з палітычнай думкай эпохі РП належаць і сама ідэя “рэспублікі абодвух народаў”, і выкарыстанне знакамітага Статуту ў якасці асноўнага закону аўтаномнага ВКЛ, і дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, праваслаўных брацтваў і пратэстанцкіх школаў – не адно ў сферы рэлігіі, але і ў сацыяльнай, культурнай, гаспадарчай, і ўплыў беларускай хрысціянскай дэмакратычнай традыцыі на Польшчу ды Расею, і дасягненне самай паспяховай за 1000 гадоў расколу рэлігійнай вуніі, і грандыёзная кніжная палеміка 17 стагоддзя  вакол ідэі хрысціянскага адзінства і хрысціянскай дзяржавы.
Мікалай Радзівіл Чорны, Мікалай Радзівіл Руды, Леў Сапега, Астафей Валовіч, Жыгімонт Аўгуст, Ян Караль Хадкевіч, Канстанцін Астрожскі – галоўныя палітычныя лідары беларускага Залатога веку  імкнуліся спалучыць хрысціянства і дэмакратыю.
З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе
26.02.17 23:22
загружаюцца каментары

Павел Севярынец