АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Нёман і Панямоньне 23.10.2016 26

О Нёман, “і песьня, і слава!..”
Нёман – немы раман нацыянальнае ідэі. Выцякаючы з самых глыбіняў беларускае душы, Нёман зьбірае ўвадно ўсю празрыстасьць, усю чысьціню Заходняй Беларусі, скрозь прасякнутай тонкімі капілярамі рэчак і ручаёў.
Натхнёнае Панямоньне, цудоўны й таямнічы край, падсьвядома знаёмае любому беларусу: калыска Вялікае Літвы люляе генэтычную памяць кожнага тутэйшага. На мапе дастаткова ўватнуць іголку цыркуля ў Вільню, і радыюсам прыкладна да Менску адкроіць усю Паўночна-Заходнюю Беларусь: захад Віцебшчыны па самае Глыбокае, нарачана-вілейскія ваколіцы Меншчыны ўлучна з Налібоцкай пушчай, паўночную грыву Берасьцейшчыны – так, каб уся Гарадзеншчына апынулася ў зачараваным паўколе. Вось яна, перад вамі, небясьпечная зона, якую баяцца крануць нават маштабна-штабныя расейскія геапалітыкі. Фундамэнтальная Беларусь, у якой так і скразіць мэнтальнасьць. Капітальнейшая анамалія, страшна магнітная, прыцягальная, як прадоньне, з полюсам у мястэчку Суботнікі, Івейскі раён, дзе нарадзіўся геній чыстага беларускага нацыяналізму Зянон Пазьняк.
Менавіта Нёман – улюбёны напой невычэрпнае беларускае рамантычнасьці. Творцы ў захапленьні ад Нёмана. Нёман – плынь сьвядомасьці найлепшае беларускае паэзіі: Міцкевіч, Колас, Купала, Геніюш чарнільнымі струменьчыкамі працягвалі нёманскія прытокі ў вечнасьць. Ня трэба мець абсалютнага слыху, каб пазнаць мэлёдыку Нёмана і ў гімнах Агінскага, і ў опэрах Манюшкі, і ў фальклёрных зборніках Чачота. Затуманены Нёман ператварае беларушчыну са сну ў рэальнасьць, з рэальнасьці ў казку, а зь зямнога ў нешта паветранае й нябёснае.  Напэўна, таму гарадзенская тытунёвая фабрыка, шклозавод і саўгас у Шчучынскім раёне – далёка ня самае лепшае ў Беларусі, што можа іменавацца “Нёманам”.
 Нёман бруіць вадзіцай з усіх крыніцаў усіх сталіцаў ВКЛ і задзіночвае Наваградак зь Вільняй, Крэва з Трокамі, Горадню зь Нясьвіжам.
Нёман – ярдан беларускага габрэйства. Валожын, Мір, Івянец, Слонім – асабліва важныя месцы для юдэяў усяго сьвету: тут працавалі найзнакамітшыя іешывы й нараджаліся бацькі дзяржавы Ізраіль.
Басэйн Нёмана – агромністы амфітэатар, што ўздымаецца да галоўных водападзелаў Міжмор’я – Менскага, Лагойскага, Вілейскага ўзвышшаў, Копыльскае ды Сьвяньцянскае градаў. Авансцэна Залатога веку беларускай гісторыі, што адкрывае Беларусь Захаду. Эталён беларускага нацыянальнага краявіду: узьнёслага, узгорыстага, вытанчанага да найвышэйшае ноткі, напоенага чыстым паветрам, празрыстай вадою й болем любові. Хвалюючага, быццам плынь самога Нёмана.
“Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” – назваў свой захапляючы нарыс пра Беларусь Юрка Віцьбіч. Невыпадкова так. Бо Нёман – галоўная пульсуючая жыла беларускага хрысьціянства. На мапе канфэсіяў басэйн Нёмана ўтварае навукова зарэгістраваны німб: менавіта тут канцэнтруецца большасьць каталіцкіх парафіяў ды праваслаўных прыходаў Беларусі й амаль палова пратэстанцкіх грамадаў.
Панямоньне, дзе цэрквы, касьцёлы й малітоўныя дамы па-сямейнаму глядзяць у вокны адно аднаму на цэнтральных плошчах, і ёсьць тым самым месцам сустрэчы, якое нельга зьмяніць. Панямоньне напоўненае жывой вераю. Тут сапраўды штодня моляцца Богу. Тут людзі не саромеюцца стаць на калені ў храме ды славіць Ісуса Хрыста на ўвесь голас. Тут нават мары дыхаюць Духам Сьвятым.
Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман…
З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы 08.10.2016 4


У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы.
Нарач – найбольшае возера Беларусі і найвялікшае люстра беларускіх нябёсаў, асьвечанае прысутнасьцю пяцісотгадовага Будслава.
Нарач на мапе падобна на сэрца – зрэшты, як і ўсё важнае ў Беларусі. Сардэчка адпачынку, поўная чаша спакою й асалоды, нарачоная беларускае харашыні, Нарач зь дзіцячым лягерам "Зубраня" й санаторнай зонай, дзе любілі спыняцца Касыгін і супэрзоркі савецкай эстрады, дзе зараз адпачываюць 100 тысяч чалавек штогод – наш Лязуровы бераг, нашы Мальдзівы, наша Майамі.
Увогуле, Нарач – беларускае мора, а гэта нешта ды значыць.
Возера плошчай 80 кілямэтраў квадратных, у катлавіне глыбінёй да 25 мэтраў, падпружанае ледавіковай марэнай у адгор'ях Сьвяньцянскіх градаў, сярод пэрлаў іншых вазёраў, на рачных пратоках незвычайнае чысьціні. Вада з Нарачы цячэ ў Вільню – і Вільня жменяй чэрпае Нарач.
Нарач – цуд Беларусі. Вада амаль паўсюль празрыстая да дна, рэліктавыя расьліны, рыба быццам у велізарным акварыюме, эўрапейскі вугар і амурскі сазан. Хараство, пяшчота й ласка ціхай, мілай беларускай прыроды. “Нарач” – хоць да раны прыкладай!
Нарач – наша маленькая мара. Гэткая раскоша па-беларуску, быццам “Нарачанскі хлеб” у краме. "Паехалі на Нарач!" – гэта для сярэднестатыстычнага беларуса нумар з разраду "люкс". "На Нарач" – значыць, шыкуем.
І ані цэркарыёз, ані расейскі кароўнік, ані Управделамі презідента нарачанскай чашы ня вычарпаюць.
А ночы на Нарачы!… У часы застою заслужаныя трэнэры БССР прывозілі сваіх выхаванцаў нанач на нарачанскую турбазу, і на досьвітку вялі да возера. Шыхтавалі на ўзыходзе сонца перад Нараччу, напоўненай сьляпушчым сьвятлом, насустрач зары па-над цэлай краінай. "Вось яна, дзеткі, вашая Радзіма. Вось за гэта вы церпіце, жылы рвеце. За гэта будзьце гатовыя й жыцьцё аддаць."
Нарач – любы пацалунак любому беларусу.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Менск, сэрца нацыі 25.09.2016 24


Менск – геаграфічны фокус беларускай зямлі, крыжавіна магістральных шляхоў, пік водападзелу Міжмор'я.
Менск – сапраўднае сэрца сучаснае Беларусі.
Усё так і пачыналася, з раптоўнага ўдару ў самае сэрца. Гістарычна Менск упершыню ўзьнікае ў "Слове аб палку Ігаравым", ужо дарэшты зьнішчаны Яраславічамі. Гэта за яго, няіснага, Усяслаў Чарадзей насьмерць рубіўся на рацэ Нямізе-крывавыя-берагі.
Ужо ў разгар хрысьціянскага абуджэньня ХІІ ст у Менску мігціць будучая вялікая сталіца: менскі князь Глеб, супраціўнік Манамаха, спрабуе зьяднаць у адну краіну Полацк Эўфрасіньні, Тураў Кірылы, Смаленск Кліма й Аўрамія. Менск, старажытнае злучво паміж крывічамі й дрыгавічамі, мяжа Літвы й Русі, Усходняе й Заходняе Беларусі, Балтыкі й Чарнамор'я.
Менск-Мінск, перайменаваны зь беларускай на польскую, з габрэйскай на расейскую, зь нямецкай на савецкую мову – менавіта Менск зьбірае, зьмінае і мяняе сёньня ўсю краіну. Менск – Месца Сустрэчы й эпіцэнтар нацыянальнага сінтэзу. Менск – першачарговая мішэнь геапалітыкі паміж Эўропай і Азіяй. Тут, у доміку па-над Сьвіслаччу ў 1898 г. адбыўся падпольны І зьезд РСДРП, які даў пачатак таталітарнай савецкай сыстэме. Тут праз стагодзьдзе давядзецца зьбірацца Шушкевічу, Краўчуку й Ельцыну, каб забіваць асінавы кол у труну СССР: сустрэўшыся ў менскім аэрапорце, яны адсюль адправяцца ў Белавежу. За той жа Менск, быццам за сэрца, схопіцца ў сутаргах СНД – і ў тым жа Менску ў сярэдзіне 90-х распачнуцца адчайныя спробы рэанімацыі імпэрыі.
Калі Полацк быў сталіцай беларускае старажытнасьці, Вільня – Залатога веку, дык Менск зрабіўся сталіцай нашае будучыні.
Краіна з новым імем Беларусь сталася рэальнасьцю менавіта ў Менску. У 1918 г. тут была створаная БНР, у 1919-м разьмясьціўся ўрад БССР, а ў 1990-м – абвешчаная незалежнасьць. Сёньня ў Менску засталіся хіба толькі сымбалічныя знакі даўніны – Няміга, барока Верхняга горада, Траецкае – колішнія пункціры й контуры ў праекце будучае велічы. Але і гэтыя намёкі паглынае незвычайнае, усеахопнае адчуваньне прасторы й чысьціні.
Менск перапоўнены прасторай. Калі архітэктара, што праектаваў цэнтар пасьляваеннага Менска, спыталіся, што будзе бачыць тут, праяжджаючы, чалавек, ён адказаў коратка: "Неба." У параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі зь іх вузкімі вулачкамі, аўтамабільнымі коркамі, згрувашчанай забудовай і цеснай утульнасьцю Менск настолькі ўражвае закладзенымі ў праспэкты, плошчы, кварталы й паркі аб'емамі волі, што здаецца папросту пустым.
Менск – мэгаполіс ІІІ тысячагодзьдзя, у якім пакуль няма анічога, апроч велізарнае масы людзей, паветра й калясальнага адчуваньня чысьціні й пэрспэктывы.
У Менск уваходзіш, быццам у новую кватэру. Пачынаючы з агромністага вакзалу, і да самае Серабранкі зь Зялёным Лугам пераконваесься, што месца тут хопіць абсалютна на ўсё. Адбудаваны практычна наноў пасьля вайны, Менск вырас у дзесяткі разоў і набраў у свой велізарны рэзэрвуар, быццам паветра ў грудзі, амаль два мільёны жыхароў. Канструктывізм Дома Ураду, Опэрнага, Акадэміі Навук, сталінскі ампір праспэкту Скарыны і нават элемэнтарны савок клясычнае чорна-белае гамы, уся гэтая немая ніякавасьць фармулююць прастору ў чаканьні як ідэю Менску.
Чаго чакае Менск?
Яшчэ чатырыста гадоў таму, у эпоху Залатога веку, Менск атрымаў той цудоўны герб, што тлумачыць нам і чысьціню, і прастору, і неба: "Узьнясеньне Маці Божае." Менавіта менскі вобраз Панны Марыі, увасобленае цноты й сьвятасьці – найясьнейшы знак Божага нараджэньня ў спустошанай душы Беларусі. Маці Ісуса Хрыста, стоячы сярод анёлаў, абяцае тым, хто пакутваў, маліўся і верыў, Новы Ерусалім.
Менск, сэрца нацыі, укрыжаванае між Курапатамі, Трасьцянцом, Нямігаю й Хатыньню, канцэнтруе ў сабе духовыя сілы Беларусі – каб нарэшце стаць гарачай, адкрытай Богу сталіцай веры, надзеі й любові для ўсёй Эўропы.
З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Дняпро 24.07.2016 4


Дняпро, нашая найвялікшая рака, працякае праз сэрца этнічнае Беларусі. Так сьвятло праменіць з глыбіняў гэтай чыстай краіны. Так боль праходзіць празь беларускую гісторыю. Так скразіць у душы проза Караткевіча.

Дняпро працінае Беларусь, як бляск маланкі.

Дняпро, Днабрус, Барысфэн, вядомы яшчэ Цэзару й апосталу Паўлу, зьнітоўваў старажытную Русь ад самых варагаў да грэкаў. Дняпро хрыбтом трымаў ВКЛ у Сярэднявеччы. Нарэшце, Дняпро са сваімі прытокамі злучаў увадно разарваны народ часоў Рэчы Паспалітай і Расейскай Імпэрыі.

Каб уявіць сабе велізарную сілу беларускае вады, сакавітасьць нашае набрынялае зямлі, усю моц беларускай волі – трэба пераплысьці Дняпро. Напрыклад, там, дзе ў 1514 г. яго фарсіравала войска Астроскага – дзёрзка, бурліва, навідавоку 80-тысячнай арміі маскоўцаў, разгромленай сходу. Або там, дзе тапілі царскіх стральцоў падчас Магілёўскага паўстаньня 1661 г. Або пад Рэчыцай, у месцы крывавай пераправы савецкіх войскаў улетку 1944 г. з апэрацыяй “Багратыён”.

Татары, казакі, немцы, масква, перасякаючы Дняпро, ускрывалі Беларусі вены.

Ва ўсе гады Дняпро, гэтую грандыёзную рану, перапаўнялі кроў, пот і сьлёзы Ўсходняй Эўропы. У Дняпры не змаўкае пляск вёслаў князя Ўсяслава, паланёнага разам з сынамі на аршанскім беразе. Па Дняпры ніяк не сплывуць пачварныя завалы целаў забітых – з-за якіх жыхары “месяц вады не півалі й рыбы не ядалі дзеля вялікага гнюсу трупу маскоўскага”. Дагэтуль сочацца, сьцякаюць з крывёю ў Дняпро жыцьці кожнага другога беларуса, зьнішчаных падчас расейскага генацыду на Смаленшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне ў страшнай Невядомай вайне 1654-67 гг. Віруюць у дняпроўскіх глыбінях холад і голад, усплывае беларускі боль апошніх стагодзьдзяў акупацыі. Плыве па Дняпры ладзьдзя роспачы.

Дняпро зьбіраў воды з усяе Беларусі для хрышчэньня Ўладзіміра: усходняе славянства амывалася дзеля збавеньня ў гэтай вадзе. Дняпро нёс Эвангельле зь Візантыі да Полацку й Ноўгараду, і з вараскага ды нямецкага каталіцтва – да праваслаўных грэкаў. Дняпро разбаўляў адрозьненьні й зьмешваў вартасьці хрысьціянскіх канфэсіяў, пераліваючы ў адно рэчышча жывую ваду па-беларуску...

І вось праз 1000 гадоў яшчэ адзін Уладзімір, Караткевіч, у сваіх раманах ізноў павёў народ да Дняпра.

На мапе Беларусі Дняпро нагадвае велізарнае дрэва, у кроне якога шумяць беларускія лясы й точацца сокі крыніцаў. На гэтым дрэве высьпелі Смаленск, Ворша, Магілёў; на яго галінах наліліся Гомель, Пінск, Мазыр, Бабруйск з Барысавам і нават сам Менск.

Беларусь купаецца ў Дняпры. Рытуал, пачаты з Хрышчэньня, акунае нас у вялікую беларускую чысьціню і дазваляе нацыі змыць у вадзе страх мінулага, сумятню сучаснасьці, грахі вялікіх гарадоў, адкіды “ Хімвалакна ”, БМЗ, “Белшыны ” і сталічнае прамысловасьці.

Дняпро – бліскучы й іскрысты шлях да цёплага мора беларускай мары. Дняпроўская вада, раствор усяе солі й горычы Беларусі, паломнічае на поўдзень, да райскага сонца Крыму, запавольваецца, каб адстаяцца ў Чарнамор’і,    плыве праз пратокі Канстаньцінопалю й гару Афон, паўз філіпійцаў, эфэсцаў і карыньцянаў – да берагоў сьвятое Палестыны.

І там, на мяжы лязурнага далягляду Міжземнамор’я, ад Дняпра застаюцца адно люстраныя чысьціня й празрыстасьць, у якія так любяць глядзецца поўныя сьвятла й ласкі нябёсы.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Сьвятло Віцебска 22.05.2016 40


Віцебск! Імя бліскучае і пранізьлівае, як усплёск сьвятла на вастрыі ляза.

Віцебск – адзін зь першых хрысьціянскіх цэнтраў Беларусі, старажытнае сьвяціла з сузор'я Полацка, Турава й Смаленска.

Віцебск – выйсьце адкрыцьцяў і вастрыня пачуцьцяў. Віцебск – гэта спасьціжэньне высокасьці, вылучэньне сэнсу, выцінаньне ісьціны. Віцебск сьціскае сьвятло да сьвятасьці!

Для ўсіх часоў і народаў Віцебск праслаўлены Маркам Шагалам, геніяльным авангардыстам, што склаў з асколкаў віцебскіх вулачак, вокнаў, скрыпак і нявестаў сусьветны калейдаскоп сымбаляў ды кабалічных знакаў. Віцебск – арэна ахвярнае сьмерці мітрапаліта Герасіма, зажыва спаленага Вялікім князем Сьвідрыгайлам, і вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, забітага праваслаўнымі й кананізаванага Ватыканам.

Віцебск – амфітэатар штогадовага "Славянскага базару", мэгашоў масавае культуры, якое зьбірае сотні тысячаў гледачоў, сьпевакоў і папарацы з усяе славянскае Эўропы.

Віцебск – культуровая сталіца Беларусі. Тут праводзяцца аж 18 мастацкіх фэстаў за год – больш, чым у двухмільённым Менску. Міжнародны фэст сымфанічнае музыкі імя Салярцінскага, фэст сучаснае харэаграфіі, бальных і спартовых танцаў, конкурс гітарнае музыкі "Мэнэстрэль", джазавы форум “Віцебская восень”, нацыянальны фэст мадэльераў-дызайнэраў “Белая амфара”, пленэр імя Хруцкага... У Віцебску знаходзіцца адзін з двух нацыянальных акадэмічных тэатраў – Коласаўскі, збудаваны на месцы колішняга княскага замку. Віцебск – радзіма вядомага кампазытара Барадзіна, аўтара "Старога Хатабыча" Лазара Лагіна, і горад дзяцінства Самуіла Маршака.

Італьянскі гісторык Гваньніні ды расейскі пісьменьнік Лажэчнікаў увогуле былі віцебскімі губэрнатарамі.

Але найярчэйшая аўра Віцебску – знакамітая ўспышка мастацтва Шагала і Малевіча з супрэматычным размалёўваньнем гарадзкіх дамоў і неверагодным авангардам пачатку ХХ ст. у разгар войнаў і рэвалюцыяў. Вялікае супрацьстаяньне з рэалістычнай клясыкай – бо менавіта пад Віцебскам, у маёнтку Здраўнёва на беразе Дзьвіны, зьявіліся карціны Рэпіна залатое пары, спаміж якіх і нацыянальны вобраз "Беларус".

Тыя, хто хацеў сьмерці Беларусі, ірваліся забіць Віцебск. Яго дзесяткі разоў асаджалі й штурмавалі маскоўскія войскі. Яго спаліў датла Пётр І. Ансамбль   найпрыгажэйшых віцебскіх храмаў – Уваскрасенская царква, Успенскі сабор, касьцёл сьвятога Юзафа, кляштар сьвятога Антонія й яшчэ каля 20 цэркваў – быў ўзарваны бальшавікамі. А пасьля ІІ сусьветнай вайны у разбураным дарэшты горадзе заставалася ўсяго некалькі соцень жыхароў.

Бо хіба ж можна захопніку пакінуць жывым горад тысячагадовай хрысьціянскай гісторыі, праваслаўную цытадэль Альгерда з унікальнай Дабравешчанскай царквой ХІІ стагодзьдзя? Хіба ж можна зьмірыцца з самім фактам існаваньня месца, дзе яшчэ на досьвітку эўрапейскае Рэфармацыі, выклікаўшы небывалае ўзрушэньне народу, прапаведаваў Геранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, той, якому і потым, на Канстанцкім Саборы перад спаленьнем зачыталі прысуд інквізыцыі, пачаты словамі "У Літве ёсьць шматлюдны й слаўны горад, названы Віцебскам...". Хіба ж можна схавацца ад гэтых вежаў і сьценаў, сцэны Віцебскага паўстаньня, забойства Кунцэвіча й пакараньня месьцічаў, ад сьмерці за веру, міжканфэсійнае помсты і здыманьня ўсіх званоў!..

Віцебскі герб – галава Хрыста па-над скрываўленым мечам. "Ня мір, а меч!" – чаканіць Віцебск словы Ісуса. Можа быць, таму віцьбічы заўжды такія адстароненыя, апантаныя, крыху не ад сьвету гэтага.

Віцебск ведае, што вера каштуе жыцьця – і што значыць сьмерць, вартая веры!  

Віцебск – вострая брама Беларусі на стратэгічна балючым паўночна-ўсходнім кірунку. Алтар высокае, моцнае, бліскучае культуры. Відзёж празь люстра ляза. Вось чаму самыя бліскучыя й самыя вострыя беларускія пісьменьнікі сучаснасьці – Быкаў, Караткевіч, Бураўкін, Барадулін, Арлоў – зь Віцебшчыны. Віцебск жыве й будзе жыць у збройным баі ісьціны зь бязьвер'ем, нянавісьцю й хлусьнёй.

Зь мечам перад абліччам Хрыстовым.  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Беларуская зямля. Частка ІV. 10.04.2016 5

Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю й жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях – здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! – ты адчуваеш нязьмерную сілу прыцягненьня.

Таму сярод беларусаў так шмат вялікіх зямлянаў – падарожнікаў, першапраходцаў і геолягаў.

Таму беларусы настолькі фанатычна адданыя свайму гароду, палісадніку й усяму роднаму куту.

Таму беларусам так нялёгка пераадольваць сілу зямнога цяжару ў сваім імкненьні да неба.

У такім прыцягальным эфэкце полікультурнасьці, міжканфэсійнасьці, свабоды выбару на геапалітычным скрыжаваньні й заключаецца сакрэт Беларусі.

Скрозь Беларусь, празь Беларусь, зь пераламленьнем у Беларусі – як жа багата ў гісторыі, палітыцы, культуры, у духовасьці адбылося за эўрапейскае тысячагодзьдзе!

Менавіта беларускія землі адвеку змагаліся за лідэрства ў сумежжы Эўропы й Азіі, Прыбалтыкі й Чарнамор'я – з Кіевам, Кракавам, Варшавай, Масквой, Піцерам. Менавіта сюды імкнуліся вэктары экспансіі ардынцаў і крыжакоў, варагаў і грэкаў, швэдаў і немцаў, палякаў і расейцаў. Менавіта тут сышліся каталіцтва і праваслаўе, пратэстанцтва і юдаізм, тут нарадзілася вунія. Ключавыя моманты стварэньня й развалу Расейскае імпэрыі вырашаліся ў Беларусі – ад Кулікоўскай бітвы й суперніцтва Вільні з Масквой да стварэньня РСДРП у доміку па-над Сьвіслаччу, Берасьцейскага міру й зьнішчэньня СССР у Белавескай пушчы.

Беларусь зьбірае, канцэнтруе, сьцінае – да болю, да самае сутнасьці, да моманту ісьціны. Сама геаграфія Беларусі – цудоўная інфраструктура фокусу з зоркападобнымі абрысамі, промнямі шляхоў і транзытных лініяў, сталіцай у цэнтры й брамамі на стратэгічных кірунках.

Казачны замак сярод лясоў і балотаў, Беларусь глядзіць гарадамі-вежамі ва ўсе бакі сьвету. Віцебск, горад Альгерда, са сьпічакамі высокага духу, з агромністымі вітражамі Шагала й Малевіча, пільнуе краіну вікінгаў, туманы Піцера й Ноўгарада. Магілёў, крапасная брама Беларусі, у чыіх байніцах сьвецяцца чырвоныя зоркі Крамля, горад-ключ, нацэлены ў самую глыбіню Расеі, на Маскву. Гомель, пышная, квітнеючая спаруда, першым сустракае ўзыход сонца й вартуе азіяцкія далячыні – імглу Каўказ, чарнаморскія ветры, берагі Касьпія й Басфору. Берасьце, Вастрыё Напятага Луку, з укладзенымі стрэламі-магістралямі на Бэрлін, Парыж, Вену, Прагу, усё ў імкненьні да сталіцаў Эўропы. Горадня, прызма са шкла й хрусталю, празь якую мы пазіраем на Захад, у Прыбалтыку й Атлянтыку... Нарэшце, у цэнтры, на галоўным трохсотмэтровым узгор'і – Менск, быццам аграмадны палац, чысты, пусты й гулкі палац, што чакае гаспадара, у атачэньні брамаў і храмаў мінулых сталіцаў – Полацка, Наваградка, Вільні...

Гэта ў іх, у гарадох, складвалася й усё ніяк не магла скласьціся нацыянальная эліта. Гэта іх захапляла і польская мова, і расейскія жаўнеры, і габрэйскі гандаль, і савецкая індустрыя. Гэта сюды з навакольных вёсак сьцякалася беларуская нацыя, каб урэшце рэшт нарадзіліся мы.

Уся гэтая краіна можа раптам зазьзяць, зайграць сваёй празрыстасьцю й сьляпучымі люстранымі гранямі вялізнага дыямэнту – і паказаць такі фокус, што захопленыя суседзі й гледачы ўсяго сьвету разам устануць зь месцаў, каб пераканацца: здарылася!

"...І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю." (Адкрыцьцё 21:1)  


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская зямля. Частка ІІІ. 03.04.2016 70

Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор'я.

Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам. Менавіта гэтыя краіны з прабуджэньнем грамадзтва і эвангельскай рэвалюцыяй гарантуюць жыцьцядайны штуршок для Старога Сьвету.

Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры.

Сумарны патэнцыял Супольнасьці Вялікага Княства здольны перавысіць і заходнеэўрапейскі, і расейскі.Варта толькі згадаць часы, калі ад Ноўгараду да Крыму й ад Карпатаў да Масквы жыла адным жыцьцём, гаварыла адной мовай, трымалася аднаго закону й дыхала адным духам аграмадная дзяржава. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.

Скажаце, занадта? Будзьма рэалістамі – падчас аднаго духовага абуджэньня паўтысячы гадоў таму Беларусь ужо зрабіла штосьці падобнае.

Тысячагодзьдзямі ў гэтым міжмор’і таіўся звышнатуральны, фантастычны эфэкт беларускае зямлі – адбельваньне. Мясцовае насельніцтва, якое жыло тут яшчэ да індаэўрапейскае хвалі – сьветлавалосае ды блакітнавокае – спачатку надало белі цёмным фіна-вуграм, а потым і цёмнавалосым, смуглым продкам балтаў. Калі ж на заселеныя флегматычнымі й ужо белымі балтамі прыйшлі поўныя бурлівай жыцьцёвай сілы славяне, слаўныя людзі моцных пачуцьцяў і неабмежаванае душы, чарнявыя, як і ўсе жыхары поўдня – паглядзіце, як адбяліла і гэтых!

Сёньня натуралёвыя беларусы – гэта бялявыя дзеткі-сонейкі з вочкамі льняных кветачак. Калі ўлічыць, што чорныя валасы й вочы ва ўмовах геннае канфрантацыі – дамінанта, гэта якую ж сілу, якую ж магутнасьць мусіла мець асьвятляючая сіла Беларусі!

Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.

“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк.

Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.

Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.

Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.

Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.

“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны(22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская зямля. Частка ІІ. 27.03.2016 48


Беларусь – абшар унікальнае прыроднае гармоніі. Ціхая, чыстая, прасьветленая. Сэрца Эўропы!

У адрозьненьне ад украінскіх стэпаў, расейскіх палёў ды прыбалтыйскіх нізінаў, Беларусь разнастайная й пераменлівая, як само сэрца. Тут сыходзяцца галоўныя эўрапейскія прыродныя зоны, лесастэп і мяшаныя лясы з таёжнымі хвойнікамі, тут праходзіць водападзел Балтыкі й Чарнамор’я, тут можна ўбачыць і забалочаныя імшары Палесься, і швайцарскія краявіды Лагойска, Наваградка, Мазыра. Запаведныя мясьціны, сардэчныя таямніцы між лёгкіх Эўропы! Дзіўны краявід. Нібыта раўніна – але ўсё глыбамі, ярамі, рачнымі далінамі.

Беларускія ледавіковыя ўзгор’і – рэльеф вялікае гісторыі. Беларуская містыка прасторы: быццам крушні замкаў і валы войнаў, горы трупаў, парослыя лесам, прывіды векавых правалаў і абрываў – зграмажджаныя стагодзьдзі векавечнай велічы й смутку. Паглядзіце, як уздымаецца й ападае зямля, калі едзеш па Беларусі: краіна дыхае!

“Вось, Гасподзь, Бог твой аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькаў тваіх, – ня бойся й не жахайся”. (Другазаконьне 1:21)

Для Беларусі невыносны савецкі бруд на вуліцах, іржавыя шкілеты даўгабудаў і пячоры хрушчоўскіх пад’ездаў. Беларусь ня можа жыць на памыйных задворках, сярод задымленых кацельняў і прапахлых гнільлю гароднінавых базаў. Беларусь прагне смарагдавай траўкі й бруку на вуліцах,  двухпавярховых катэджаў за горадам і паху жывых кветак пад вокнамі, вытанчанай барокавай скульптуры на фасадах і працоўных месцаў у празрыстым ад шкла, электронікі й плястыку офісе.

І ўжо зьявіліся тыя, хто разумее, што такую цудоўную, бліскучую Беларусь на гэтай зямлі з усёй пяшчотаю й майстэрствам давядзецца ствараць сваімі рукамі. Гэтыя людзі выдатна ўсьведамляюць, што пачынаць шыкоўнае эўрапейскае жыцьцё трэба з саміх сябе. Яны разумеюць, што разруха не ў прыбіральнях і лужынах, а ў галовах і сэрцах. Яны разумеюць, што толькі ўнутрана чысты народ у стане ствараць чысьціню вакол сябе. Яны разумеюць, што толькі поўная любові душа можа абудзіць любоў іншых да роднай краіны, народу й прыроды. Яны спасьціглі найважнейшы закон пераменаў: калі мы хочам зьмяніць да лепшага штосьці навокал, мы мусім спачатку зьмяняцца й рабіцца лепшымі самі.

А пакуль нам сорамна за тое, што творыцца ў Сэрцы.

Так, Беларусь – геаграфічны цэнтар Эўропы, пра які адзін з заснавальнікаў геапалітыкі Маккіндэр сказаў: “Хто валодае Усходняй Эўропай – той валодае Сэрцам Зямлі, хто валодае Сэрцам Зямлі, той кіруе Эўразіяй, хто кіруе Эўразіяй – той пануе ў сьвеце”.

За геапалітычны кантроль над Усходняй Эўропай зацята змагаліся імпэрыі й звышдзяржавы: мангола-татары й крыжакі, Бізантыя й Рым, туркі й Расея, Напалеон і Гітлер, ЗША і СССР. Беларусь – ядро Ўсходняе Эўропы – перажывала плянэтарныя сардэчныя прыступы й інфаркты цягам усёй сваёй гісторыі. За тысячу гадоў краіна Беларусь у выніку войнаў, пасіянарных выбухаў і акупацыяў то сьціскалася, то пашыралася – білася й пульсавала, як сапраўднае сэрца. Сёньняшнія абрысы дзяржаўнае мяжы даюць нам сьціснутае сэрца, зьедзенае ранамі ды шнарамі. Але мапы захоўваюць і вялікае этнічнае сэрца – ад Вільні й Беластоку да Бранску й Смаленску, большае ды скругленае. Вялікае сэрца зь сінімі жыламі рэкаў, з водападзелам паміж перадсердзямі Нёмана й Дняпра й жалудачкамі Прыпяці ды Дзьвіны, што напружваецца, штосэкунды выціскае зь сябе патокі крыві, і дае жыцьцё вялізнаму целу эўрапейскага чалавецтва.

Як жа патрэбна зараз Эўропе жывое сэрца! Вера, якая сьціскаецца ў кулак, і любоў, што хвалямі захлынае душу – гарачае, моцнае, адкрытае Богу Сэрца!..


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе



Беларуская зямля. Частка І. 20.03.2016 83


Калі ў Беларусі аднойчы паглядзець сабе пад ногі, можна назаўжды страціць патрыятызм. Калгасны бруд з ашмёткамі цывілізацыі, растрэсканы й запляваны асфальт, гнілая траўка й лужыны на вуліцах выклікаюць гідлівасьць.

Як жа мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!..

Большасьць з нас і не падазрае, наколькі родная для нас тутэйшая глеба. Наш арганізм складаецца зь бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мікраэлемэнтаў якраз тае зямлі, зь якой мы ямо бульбу й мяса, п’ем ваду, і зь якой праз абмен рэчываў створаны ўвесь наш генатып  –  ад формы й масыўнасьці костак шкілету да хуткасьці нэрвовых імпульсаў.

Мы зробленыя зь беларускае гліны – вось што падсьвядома адчуваюць нацыяналісты, калі крычаць “Радзіма альбо сьмерць!”

Так пачынаецца Біблія: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”. (Быцьцё 1:1). Паняцьці  “зямля” і “чалавек” у Бібліі –  “adam”, “adamah” – таго ж кораню, што й імя першага чалавека, створанага Госпадам з праху зямнога. У Беларусі зь яе ўзгоркамі, лагчынамі й балотамі вельмі лёгка ўявіць, як Бог, быццам адамава цела, ляпіў з гэтай гліны цэлую краіну, каб удыхнуць у яе Дух.

Беларусь – фэномэн звышнатуральнага  ўцелаўленьня. Менавіта ў такім мілым і сьціплым куточку Зямлі, сярод гэтае празрыстасьці, сьветліні й пакуты – месца для прысутнасьці Божай. Краіна крыніцаў, краіна глінянае плоці й натхнёнага духу, краіна, “дзе вее ціхі вецер  –  і там Госпад!..”

Зямля, якую Бог абяцаў кожнай нацыі, – гэта аграмаднае народнае цела. Цеплыня й сіла, плоць і боль чалавецтва. Беларусь у сваёй новай гісторыі наноў спазнае гэтую першапачатковую роднасьць. Беларуская зямля – асноватворны падмурак, на якім будуецца нацыянальная ідэя, у якім ёсьць усё неабходнае і дзе кожнае рэчыва разьлічанае да міліграма.

Кажуць, Беларусь бедная на прыродныя рэсурсы. Лухта! Беларусь уваходзіць у першую дзесятку сярод больш чым 40 эўрапейскіх краінаў паводле забясьпечанасьці карыснымі выкапнямі.

Беларусь – гіганцкае ёмішча солі, аднаго з наймацнейшых біблійных сымбаляў: тут знаходзіцца трэцяе ў сьвеце па запасах радовішча калійных і каменных соляў. Здабыча ў 40-50 мільёнаў тон калійнае руды штогод дазваляе нам атрымліваць 10-15% усёй валюты ад экспарту, а беларускай спажывецкай сольлю (цыкляпічны слой магутнасьцю 1-3 км і плошчай да 30 тыс.кв. км;.) мы можам засыпаць усю Эўропу з галавою.

Беларусь – аграмадная стоеная будоўля: нашая база мергеляў і крэйды, шкляных, сылікатных і фармовачных пяскоў, глінаў, абліцовачнага каменю – адна зь лепшых на кантынэньце. Толькі будуй!

Беларусь – суцэльны рэзэрвуар пітное вады. У той час, калі ў прамысловых гарадох сьвету небясьпечна піць ваду з-пад крану, беларускія глыбіні напінаюцца ад чысьцюткіх артэзіянскіх водаў.

Беларускі Прыпяцкі прагін зьмяшчае ў сабе вялізныя запасы “вадкае руды”, расолаў, з прамысловым утрыманьнем ёду, брому, калію, цэзію, ліцію, рубідзію й іншых рэдкіх элемэнтаў, што выкарыстоўваюцца ў тэлекамунікацыях, кампутарах, магнітах, люмінафорах, лязэрах.

Беларускія Мікашэвічы – вытворца №1 будаўнічага каменю ва ўсёй Усходняй Эўропе, а Руба пад Віцебскам – адзін з найбуйнейшых у сьвеце камбінатаў па здабычы й перапрацоўцы даляміту (7-8 млн. т. у год).

Беларусь забясьпечвае 15% сваёй патрэбы ў нафце, мае пэрспэктыўныя радовішчы жалезнай руды, гаручых сланцаў, бурага вугалю, гіпсу, даўсаніту (прыроднай соды й алюміневай руды), цэалітаносных сіліцытаў (прыродных сарбэнтаў), фасфарытаў (сыравіны для вытворчасьці мінэральных угнаеньняў), сапрапелю (арганічнага ўгнаеньня), кааліну (зь яго робяць парцалян, ім адбельваюць паперу)...

А яшчэ у Беларусі здабываюць бурштын, разьведваюць россыпы тытану, цырконію, малібдэну, ужо знайшлі першыя алмазы... А яшчэ Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе па плошчы ворыва на душу насельніцтва. Жніво вялікае, работнікаў мала!

Дастаткова толькі ўявіць сабе ўсю гэтую шчодрую насычанасьць карысным рэчывам, усю калясальную архітэктуру нетраў, бляск каштоўных мэталаў і пульсацыю вадкасьцяў, каб зразумець, наколькі важкае беларускае пачуцьцё роднае зямлі. “Гасподняя зямля і поўня яе!” (Псальмы 23:1).


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IХ. 13.03.2016 56


Урэшце рэшт, нацыянальную ідэю можа атрымаць кожны. Элемэнтарна. І ў палявых, і ў хатніх, што называецца, умовах. Што для гэтага трэба? У якім месцы Беларусі вы б не былі – вазьміце ў рукі Біблію на роднай мове і адшукайце гэтае месца ў Сьвятым Пісьме. Гэта настолькі ж ясна, наколькі й проста, і настолькі ж проста, паколькі праўда.

Бо нацыянальная ідэя – гэта калі Беларусь сустракаецца з Богам.

Маліцеся. Адзіны шлях да нацыянальнай ідэі – наўпрост зьвярнуцца да Таго, Хто стварыў гэтую зямлю, даў цела і дух гэтаму народу, Хто падараваў Беларусі такую мову і такі сьцяг.

Не чакайце Бога. Шукайце Яго. І калі хтосьці шукае з вамі разам – сябры, бацькі, каханыя або вашыя дзеці – абавязкова надыдзе момант ісьціны. “Бо там, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё – кажа Ісус – там і Я сярод іх.” (Мацьвея 18:20)

Расьцерушыце ў пальцах камячок беларускае зямлі. Краніце пылок са сьценаў храму. Удыхніце гэтага паветра. Адчуйце цуд Божае прысутнасьці. Чуеце, як зь ціхім удыхам, уздымам лёгкіх, са сьвежай сілай у жылах кожная крывінка сэрца, пульсуючы, штослова радасна пацьвярджае Боскую роднасьць беларускасьці: так! Так! Так! Так!..

Бо беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сэрца. Сэрца Эўропы, што церпіць, баліць і любіць за ўсіх. Сэрца, празь якое праходзяць усе шляхі і якое абліваецца крывёю з кожным нашым уздыхам: ”Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа!” (Псальмы 50:12)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сьвятла. Белі, чысьціні, сьвятасьці, якой Беларусь літаральна зіхаціць зьсярэдзіны. “І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло” (Быцьцё 1:3).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Імя. Імя сьветлага, што імкнецца да сьвятасьці; імя, поўнага прамяністае белі, у якой скразяць родныя рудыя, русыя рысы; імя, якое тоіць сэнс і найясьнейшае чысьціні, і прасторы празрыстасьці, і яркай успышкі. “Беларусь” азначае: “Да сьвяціцца імя Тваё”! (Мацьвея 6:9).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Тройцы. Тры іпастасі Бога як трыяда галоўных сымбаляў, як тры канфэсіі, як тры склады імя Бе-ла-русі... У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Солі. Краіна, нетры якой складзеныя з солі, выступае як эвангельскі эквівалент сэнсу, зьместу, сутнасьці – і шчэпцю асаляе сьвет, захоўваючы ад псуцьця, надаючы смаку. “Гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе й нашчадкам тваім з табою.” (Лікі 18:19)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Слова. Краіна кнігадрукаваньня, Статуту й Мэтрыкі, паэзіі й прозы, краіна, ад якой засталіся адно словы, якая жыве ў слове й абуджаецца Словам – самае месца, каб сказаць: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.” (Яна 1:1)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Міжмоўя. Месца сумоўя царкоўнаславянскае й лаціны, грэцкае й нямецкае, польскае й расейскае, калыска эспэранта ды іўрыту – як у дзень Пяцідзесятніцы: “Зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі.” (Дзеі 19:6)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыніцы. Крыніцы водаў Міжмоўя, крыніцы глыбокае чысьціні, крыніцы многіх падзеяў: “І  ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.” (Ісайя 58:11).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Закону. Закону Статута, Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, Закону Божага: “Я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.” (Псальмы 39:9)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Храма. “На Беларусі Бог жыве”. Храма вялікага, ціхага, урачыстага, дзе маліліся ўсе канфэсіі: “Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць Імю Майму там вечна, і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.” (ІІІ Царстваў 9:3)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім, між варагаў і грэкаў, Захаду і Усходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная Беларусь. “І вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною...” (Марка  8:34).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Ахвяры.  Ахвяры, празь якую даецца ўваскрасеньне. “Ахвяра Богу – дух упакораны.” (Псальмы 50:19) Беларускі дух!

Цяпер ясна, што беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Хрыста: Ісус стварыў Беларусь, і Яму, Мэсіі, насьледуюць і гісторыя, і культура, і асобы. Пад Ягоным сьцягам і да Яго ідзе Беларусь! “Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста  Ісуса, Госпада.” (ІІ Да Карыньцянаў 4:5)

А інакш - навошта ў сэрцы Эўропы гэтая вялікая маленькая краіна, бел-чырвона-белы Божы цуд, сьветлы, пранізьлівы, натхнёны? Хваляваньне ў душы? Боль Эўропы? Сумленьне сьвету?..


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.



чытаць іншыя навіны

Павел Севярынец