АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Беларуская гісторыя: біблійны погляд 25.12.2016 13


Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя невялікага, гнанага, паняволенага народу, які тысячагодзьдзямі шукаў сваёй Радзімы й сваёй тоеснасьці; гісторыя, якая захавалася не ў вялікіх сьценах, рыцарскіх латах і адчаканеных манетах, а ў кніжным слове боганатхнёных пісьменьнікаў, паэтаў-прарокаў і першадрукароў, якіх упару называць першасьвятарамі.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта не паданьне пра ідэальных каралёў і іхнія каралеўствы, ня эпас заваёвы неахопных тэрыторый і не легенда пра зьнішчэньне ворагаў дазваньня – а гісторыя пакорлівасьці, міласэрнасьці й служэньня блізкаму.Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя звышнатуральных тайнаў, цудаў і перамогаў меншымі сіламі: ня зброяй, а духам.Нарэшце, як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя чалавечай слабасьці й Божае велічы, гісторыя пыхі, страху й грэху, пераадоленых верай, праўдай і любоўю.
Старым Запаветам гісторыі Беларусі былі стагодзьдзі Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Час патрыярхаў. Эпоха выхаду з чужога рабства, блуканьня ў Міжмор’і й здабыцьця зямлі абяцанае. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў, судзьдзяў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.
Краіна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход – калыска Ізраілю. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне – гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказваліся то між варагаў і грэкаў, то між Кіевам і Ноўгарадам, то між Расеяй і Эўропай.Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі, канцэнтравалася супрацьстаяньне імпэрыяў. На сэрца Эўропы прэтэндавалі і свой Эгіпет, і Рым, і Асірыя, і Бабілён.
Што дзіўна: тут ува ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім водападзеле, па Менскім мэрыдыяне... Але важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё расплываецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнікі. Краіна духу... Такой была і Юдэя.
Вялікае Княства Статуту, тэрыторыя парадку – сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інквізіцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламеяўскіх начэй – Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.
Але Беларусь занепадала духова – і была караная.
Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта бязьвер’е. Калі сілу духу канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу.
Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона і мудрым Саламонам, гарадзенскім Давыдам, новым палонам і прарокамі, са спрадвечнай славай і дабралдавеньнямі, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.
Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. І шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў – з Новага Запавету.
З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Падземная таямніца Беларусі 06.11.2016 6


Сярод беларускіх азёраў, рэкаў і крыніцаў ніяк ня можаш пазбавіцца адчуваньня, што ты ўжо чытаў пра гэта ў самай важнай кнізе. Ну, вядома ж! "І ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якой ніколі не перасыхаюць." (Ісайя 58:11)
Беларусь перапоўненая вадою з самых нетраў. 43,5 трыльёнаў кубамэтраў, зь якіх 50 мільёнаў зямля гатовая даваць у суткі – вось адзін з галоўных нацыянальных рэсурсаў, наш стратэгічны запас і наша невычэрпнае багацьце. У нас пад нагамі азёры, рэкі й балоты куды большыя, чым на паверхні.
Беларусь належыць да самых багатых на чыстыя падземныя воды краінаў Эўропы – праблемы недахопу вады, у адрозьненьні ад многіх рэгіёнаў і буйных гарадоў сьвету, для нас папросту не існуе. Геалягічна Беларусь уяўляе зь сябе гіганцкі купал фундамэнту, што ўзвышаецца над ускраіннымі западзінамі – купал Беларускай антэклізы, зь якога крынічыць намножаная й адфільтраваная падземная вада.
Беларусь поіць нас сваім празрыстым сокам праз студні, калёнкі й артэзіянскія сьвідравіны. Глыбей падземныя воды мінэралізуюцца, набываюць у тоўшчах смак солі, ледзяную сьвежасьць і гаючыя ўласьцівасьці. Беларусь мае дзесяткі мінэральных крыніцаў – пад Менскам, у Берасьці, Рагачове, Барысаве – і раскручаныя маркі беларускага нарзану: "Дарыда", "Менская – 4", "Бярэзіна". Між іншым, мы прадаем мінэралку суседзям і экспартуем яе за нафтадаляры ў краіны Пэрсідзкае затокі!
Калі пагружацца яшчэ глыбей, у разагрэтых нетрах на глыбіні больш 1,5 км воды ператвараюцца ў тэрмальныя расолы – унікальную гарачую вадкасьць, насычаную хімічнымі элемэнтамі паловы табліцы Мендзялеева. Ужо ў бліжэйшы час Беларусь зможа здабываць бром, ёд, бор і рэдкія мэталы з такіх канцэнтраваных расолаў: іх запасы велізарныя, мінэралізацыя дасягае 500 грамаў рэчыва на 1 літр вады, а дэбіт сьвідравінаў – да 70 мэтраў кубічных штогадзіны.
Цэлае салёнае мора пад беларускай зямлёй – быццам Мёртвае ў глыбі Ізраілю.
Падземныя воды – поўня цуду Божага для Беларусі. Вось яно, сэрца Эўропы, напятае мільярдамі тонаў сьвежай салёнай крыві!
З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IХ. 13.03.2016 56


Урэшце рэшт, нацыянальную ідэю можа атрымаць кожны. Элемэнтарна. І ў палявых, і ў хатніх, што называецца, умовах. Што для гэтага трэба? У якім месцы Беларусі вы б не былі – вазьміце ў рукі Біблію на роднай мове і адшукайце гэтае месца ў Сьвятым Пісьме. Гэта настолькі ж ясна, наколькі й проста, і настолькі ж проста, паколькі праўда.

Бо нацыянальная ідэя – гэта калі Беларусь сустракаецца з Богам.

Маліцеся. Адзіны шлях да нацыянальнай ідэі – наўпрост зьвярнуцца да Таго, Хто стварыў гэтую зямлю, даў цела і дух гэтаму народу, Хто падараваў Беларусі такую мову і такі сьцяг.

Не чакайце Бога. Шукайце Яго. І калі хтосьці шукае з вамі разам – сябры, бацькі, каханыя або вашыя дзеці – абавязкова надыдзе момант ісьціны. “Бо там, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё – кажа Ісус – там і Я сярод іх.” (Мацьвея 18:20)

Расьцерушыце ў пальцах камячок беларускае зямлі. Краніце пылок са сьценаў храму. Удыхніце гэтага паветра. Адчуйце цуд Божае прысутнасьці. Чуеце, як зь ціхім удыхам, уздымам лёгкіх, са сьвежай сілай у жылах кожная крывінка сэрца, пульсуючы, штослова радасна пацьвярджае Боскую роднасьць беларускасьці: так! Так! Так! Так!..

Бо беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сэрца. Сэрца Эўропы, што церпіць, баліць і любіць за ўсіх. Сэрца, празь якое праходзяць усе шляхі і якое абліваецца крывёю з кожным нашым уздыхам: ”Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа!” (Псальмы 50:12)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сьвятла. Белі, чысьціні, сьвятасьці, якой Беларусь літаральна зіхаціць зьсярэдзіны. “І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло” (Быцьцё 1:3).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Імя. Імя сьветлага, што імкнецца да сьвятасьці; імя, поўнага прамяністае белі, у якой скразяць родныя рудыя, русыя рысы; імя, якое тоіць сэнс і найясьнейшае чысьціні, і прасторы празрыстасьці, і яркай успышкі. “Беларусь” азначае: “Да сьвяціцца імя Тваё”! (Мацьвея 6:9).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Тройцы. Тры іпастасі Бога як трыяда галоўных сымбаляў, як тры канфэсіі, як тры склады імя Бе-ла-русі... У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Солі. Краіна, нетры якой складзеныя з солі, выступае як эвангельскі эквівалент сэнсу, зьместу, сутнасьці – і шчэпцю асаляе сьвет, захоўваючы ад псуцьця, надаючы смаку. “Гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе й нашчадкам тваім з табою.” (Лікі 18:19)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Слова. Краіна кнігадрукаваньня, Статуту й Мэтрыкі, паэзіі й прозы, краіна, ад якой засталіся адно словы, якая жыве ў слове й абуджаецца Словам – самае месца, каб сказаць: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.” (Яна 1:1)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Міжмоўя. Месца сумоўя царкоўнаславянскае й лаціны, грэцкае й нямецкае, польскае й расейскае, калыска эспэранта ды іўрыту – як у дзень Пяцідзесятніцы: “Зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі.” (Дзеі 19:6)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыніцы. Крыніцы водаў Міжмоўя, крыніцы глыбокае чысьціні, крыніцы многіх падзеяў: “І  ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.” (Ісайя 58:11).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Закону. Закону Статута, Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, Закону Божага: “Я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.” (Псальмы 39:9)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Храма. “На Беларусі Бог жыве”. Храма вялікага, ціхага, урачыстага, дзе маліліся ўсе канфэсіі: “Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць Імю Майму там вечна, і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.” (ІІІ Царстваў 9:3)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім, між варагаў і грэкаў, Захаду і Усходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная Беларусь. “І вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною...” (Марка  8:34).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Ахвяры.  Ахвяры, празь якую даецца ўваскрасеньне. “Ахвяра Богу – дух упакораны.” (Псальмы 50:19) Беларускі дух!

Цяпер ясна, што беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Хрыста: Ісус стварыў Беларусь, і Яму, Мэсіі, насьледуюць і гісторыя, і культура, і асобы. Пад Ягоным сьцягам і да Яго ідзе Беларусь! “Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста  Ісуса, Госпада.” (ІІ Да Карыньцянаў 4:5)

А інакш - навошта ў сэрцы Эўропы гэтая вялікая маленькая краіна, бел-чырвона-белы Божы цуд, сьветлы, пранізьлівы, натхнёны? Хваляваньне ў душы? Боль Эўропы? Сумленьне сьвету?..


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.



Габрэйства 29.05.2015 51


…Беларусь? І пасьля гэтага вы будзеце гаварыць мне, што ў вас няма сваякоў у Ізраілі?…

Зь Беларусі паходзяць лідэры сіянісцкага руху і львіная доля кіраўнікоў адноўленае дзяржавы Ізраіль – тры прэзыдэнты й шэсьць прэм'ер-міністраў. Габрэйская дыяспара Беларусі адрадзіла старажытны іўрыт, зрабіла дзяржаўнай моваю ідыш і прыдумала эспэранта, заснавала "Масад" і найславуцейшыя габрэйскія школы – іешывы – а таксама дала сьвету дзесяткі знакамітасьцяў, дзеячоў і геніяў плянэтарнага маштабу.

Габрэі ("жыды", "жыдове") зьявіліся ў Беларусі яшчэ ў Сярэднявеччы – іх добра арганізаваныя й уплывовыя кагалы з XIV ст., паводле вялікакняскіх прывілеяў, займаліся камэрцыяй ды рамесьніцтвам. "А сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі." (Выхад 1:7)

Эўрапейскае скрыжаваньне. Небывалая талеранцыя. Натуралёвая духовасьць. Багаты й утульны край. Беларусь? Ды проста зямля абяцаная! Па меры таго, як у тагачаснай Эўропе ў выніку крыжовых паходаў, эпідэміі чумы й разгулу цемрашальства габрэі пачалі падвяргацца ўсё больш моцнаму ўціску, цэнтар цяжару габрэйскага расьсяленьня паволі перамяшчаўся зь Нямеччыны на ўсход, праз Польшчу да ВКЛ – дабраславёнага Ханаану, дзе цякуць малако і мёд.

У XV – XVI стст. міграцыя прыняла масавы характар: на беларускіх землях аселі дзесяткі тысячаў габрэяў. Беларусь Залатога веку чула на ўласныя вушы й бачыла на ўласныя вочы, як выконвалася Божае абяцаньне габрэям: "Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе…” (Быцьцё 12:3)

Беларусь атрымала дар велізарнага гістарычнага значэньня. На працягу апошніх стагодзьдзяў, да аднаўленьня габрэйскае дзяржаўнасьці, якраз тут, у Сэрцы Эўропы, і быў Ізраіль! Мільёны габрэяў век за векам канцэнтраваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства.

… І што, цяпер вы таксама будзеце пытацца ў мяне, чаму беларуская гісторыя так нагадвае Біблію?..

У XIX – пачатку ХХ стст. абмежаваныя імпэрскай рысай аселасьці габрэі складалі асноўнае насельніцтва беларускіх гарадоў. Менск, Магілёў, Берасьце, Віцебск, Гомель, Пінск, Мазыр былі габрэйскімі на 50-80%! У Валожыне, Міры, Слоніме, Слуцку дзейнічалі самыя вядомыя ў сьвеце іешывы – юдаісцкія ўнівэрсытэты. Сюды, да знакамітых равінаў і тлумачальнікаў Талмуду таго часу зьяжджаліся вучыцца габрэі з ЗША, Нямеччыны, Ангельшчыны. Беларусь выконвала ролю агромністага рэзэрвуару, дзе намнажаліся сілы для адраджэньня народа, абранага Богам.

Беларусь – другая радзіма габрэйства, ня больш, ня менш. Фэномэн габрэйскага расьсеяньня, які спрабуюць сарамліва не заўважаць дагэтуль, насамрэч іскрыць і зьзяе ў беларускай нацыянальнай ідэі на поўную сілу. Бліскучыя імёны, пляяды талентаў, паўсюдныя прозьвішчы зь беларускай сэмантыкай на Захадзе і Усходзе – ад клясычных Рабіновіча й Кагановіча да Гомельскага, Сланімскага, Слуцкай, Шклоўскага ці Магілевера, па якіх можна вывучаць геаграфію Беларусі – скрышталізоўваліся тут, у краіне ціхай, сьветлай і празрыстай, у вобласьці высокае духовае канцэнтрацыі.

Зорны час беларускага габрэйства, пік ягонае трагедыі й нацыянальны трыюмф – ХХ стагодзьдзе. Беларусь літаральна выбухнула габрэйскай пасіянарнасьцю. З плоднасьцю біблійных патрыярхаў яна нараджала: — Мастакоў з сусьветным імем: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Саламона Юдовіна, Льва Бакста; — Клясыкаў габрэйскай літаратуры: Мендэля Мойхер-Сфорыма, Ізі Харыка, Майсея Кульбака; — Фантаста Айзэка Азімава, філёзафа Саламона Маймана, скульптара Заіра Азгура, пісьменьніка Зьмітрака Бядулю; — Егуду Бэн-Эліезэра, што стварыў наноў іўрыт, і Людвіка Замэнгафа, што вынайшаў эспэранта; — Лідэра рэлігійнага сіянізму Меіра Бар-Ілана з Валожына; заснавальніка Сусьветнага Сіянісцкага Кангрэсу Навума Гольдмана зь Вішнева, стваральніка габрэйскага руху Расеі, Шмуэля Магілевера, старшыню Габрэйскае Агенцыі й Сусьветнай Сіянісцкай Арганізацыі Ар'е Дульчына зь Менску; — Ісэра Харэла (Ізю Гальперына), бацьку "Масаду", які здолеў здабыць і перадаць у ЦРУ даклад Хрушчова аб разьвенчваньні культу Сталіна яшчэ да яго выступу на ХХ зьезьдзе КПСС; — Міхала Грузэнбэрга, у 1941-49 гг. галоўнага рэдактара Саўінфармбюро, і Сямёна Косбэрга, асноўнага канструктара савецкіх касьмічных рухавікоў…

… І што, вы скажаце мне, што гэта ня нашыя людзі?!.

Беларускія габрэі – гэта супэрзоркі заходняе цывілізацыі. Норбэрт Вінэр, заснавальнік кібэрнэтыкі – зь сям’і беларускіх эмігрантаў. Давід Сарноў, кіраўнік Радыёкарпарацыі ЗША, дарадца Эйзэнхаўэра і патрыярх сучаснае мэдыя-індустрыі – зь Меншчыны. Ізя Бейлін, ён жа Ірвінг Берлін, аўтар “God Bless to America”, музыкі для 19 мюзіклаў, 18 кінафільмаў і 282-х найпапулярнейшых гітоў ЗША – з Магілёва. Ляўрэат нобэлеўскае прэміі Аарон Клуг – зэльвенскі. Давід Мэр-Сухаўлянскі – заснавальнік Лас-Вегасу, "самая загадкавая постаць амэрыканскае мафіі", што ніводнага разу не трапляўся ў турму і стаў прататыпам для Майкла Карлеонэ з "Хроснага бацькі" Марыё К'еза – гарадзенскі. Легенды Галівуду Кірк Дуглас з сынам Майклам Дугласам – магілёўскія!

Беларускае габрэйства спарадзіла бомбаў сусьветнае рэвалюцыі – Паўла Аксельрода са Шклова, рэдактара "Іскры" й старшыню партыі меншавікоў; Рыгора Гершуні зь Менску, стваральніка баявой арганізацыі эсэраў; Аляксандра Парвуса зь Бярэзіна, галоўнага фінансіста й выдаўца партыі бальшавікоў, а ў дадатак і Фані Каплан з Рэчыцы, якая старшыню гэтае партыі ледзь не адправіла на той сьвет стрэламі з рэвальвэру, а яшчэ пяцёх зь дзевяці заснавальнікаў РСДРП…

… Ну вось, як заўжды: габрэі зноў ва ўсім вінаватыя!…

Гітлераўскі нацызм спрабаваў зьнішчыць беларускі Ізраіль. Попел Трасьцянца, Менскага гета й дзесяткаў фашыстоўскіх канцлягераў дагэтуль грукае ў Сэрца Эўропы.

І ўсе-такі – старонка гісторыі чалавецтва, вартая Новага Запавету! – менавіта Беларусь выканала ключавую ролю ў цудоўным уваскрасеньні Ізраілю, прадказаным Бібліяй. Пасьля амаль дзьвюхтысячагадовага блуканьня па сьвеце, прыцясьненьняў на чужыне, вякоў антысэмітызму й кашмару нацысцкага генацыду богаабраны народ вярнуўся на Сьвятую Зямлю. Першы прэзыдэнт Ізраілю, Хаім Вейцман, з Моталю, Залман Шазар - зь Міру, Шымон Перас - з Валожына; прэм'ер-міністры Іцхак Шамір, Арыэль Шарон, Голда Мэір, Мэнахем Бегін, Шымон Перас, Іцхак Рабін (апошнія трое – яшчэ й ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру) – родам зь Беларусі! Іх пачынаеш пазнаваць паводле няўлоўнага генэтычнага коду: большасьць "літоўскіх", "рускіх", "польскіх" ды "савецкіх" габрэяў – носьбіты ўзьнёслае, сьветлае, адухоўленае беларускае мэнтальнасьці.

Калі чытаеш Біблію, напоўненую дабраславеньнямі й пракляцьцямі ізраільскаму народу, перабіраеш неверагодную й драматычную гісторыю беларускага габрэйства – кожнае імя, кожны вобраз, кожнае прароцтва адкрывае перад табою Беларусь. Гэта кранае асабіста. Гэта прымушае трымцець. Гэта працінае да пачуцьця яўнае роднасьці.

Зрэшты, мы даўно пра гэта здагадваліся. Такі праўда, кожны з нас, беларусаў, хоць крыху габрэй!

                                        З кнігі "Люблю Беларусь"

Біблія 26.04.2015 24

Быцьцё, Лікі, Кнігі Царстваў і Судзьдзяў, Прарокі, Эвангельлі, Дзеі, Пасланьні апосталаў і, нарэшце, Адкрыцьцё – для Беларусі гэта ня проста разьдзелы Бібліі. Гэта эпохі гісторыі. Прадбачаньні нацыянальнага лёсу. Главы беларускай ідэі. “У сей кнізе ўсяе прырожанае мудрасьці зачала і канець, Бог Уседзяржыцель пазнаван бываець. У сей кнізе ўсі законы і права, імі людзі на зямлі справаваціся маюць, папісаны суць. У сей кнізе ўсі лякарства душэўныя й цялесныя зуполне знойдзеце. Ту навучэньне філязофіі дабранраўнае, як любіці Бога для самога сябе і бліжняга дзеля Бога” – напісаў у прадмове да “Бібліі” Скарына. "На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам". (Яна 1:1-2) Біблія – Божае адкрыцьцё для чалавецтва, Кніга Кнігаў і Асноўны Закон усіх часоў і народаў. Біблія – духовая плятформа, што нясе на сабе Беларусь, і адначасова поўная энцыкляпедыя нацыянальнай ідэі. Слова Бібліі ўгрунтоўвала падмурак беларускай старажытнасьці, Сярэднявечча, адраджэньняў, захоўвала падваліны беларускага духу пад акупацыяй. Біблія спрадвеку была галоўным падручнікам у беларускіх школах, калегіюмах, Віленскім Унівэрсытэце й Полацкай Акадэміі. На Бібліі стаіць Статут ВКЛ. 1000 гадоў беларускай гісторыі можна з поўным правам назваць тысячагодзьдзем Бібліі. Ключавыя фэномэны беларускасьці – мэнтальныя, грамадзкія, культуровыя – зыходзяць менавіта са Сьвятога Пісьма. Духовасьць. Ахвярнасьць. Вера й любоў. Талеранцыя й цярплівасьць. Кнігацэнтрызм. Паэтычнасьць. Культ Слова. Закон. Храм. Крыж... Найвышэйшыя нацыянальныя героі Беларусі былі людзьмі Бібліі. "Слова Божае жывое й дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двусечны, яно пранікае да разьдзяленьня душы й духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы й намеры сардэчныя" (Да Габрэяў 4:12) Зь перакладам, перапісам або друкам Бібліі распачыналіся ўсе абуджэньні Беларусі. На манускрыптах Сьвятога Пісьма, зробленых за Ізяславам, Усяславам Чарадзеем ды Эўфрасіньяй, як на агульнахрысьціянскай Канстытуцыі, грунтавалася грамадзтва Полацкага княства. Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, "Дзесятаглаў" і “Смаленскі Псалтыр” фармавалі адзіную духовую прастору Вялікага Княства Літоўскага. Друк “Бібліі” Скарыны паклаў пачатак Залатому веку, які, у сваю чаргу, набіраўся моцы ў "Катэхізісе" Буднага, Астроскай ды Берасьцейскай Бібліях, "Эвангельлі Вучыцельным" з заблудаўскай друкарні й "Эвангельлі Напрастольным" друкарні Мамонічаў. З канца XVIII ст. да пачатку ХХ ст. у Беларусі не было надрукавана ніводнае кнігі Бібліі – і паглядзіце, гэта былі самыя страшныя часы нашае гісторыі. Але затым пераклады й выданьні Дзёкуць-Малея, Луцкевіча й ксяндза Гадлеўскага далі штуршок да беларусізацыі ўсіх канфэсіяў напачатку ХХ ст., Татарыновіча, Пятроўскага й Станкевіча – паваеннае ды эмігранцкае Беларусі, Чарняўскага й Сёмухі – найноўшага Адраджэньня. Бо напісана: "Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім Словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых". (Мацьвея 4:4) Менавіта Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Эўропу. Выданьне Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Фёдарава й Мсьціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й Астроскія выданьні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія й "Новы Запавет" Буднага фармавалі Польшчу. Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады й друкі праваслаўнага й каталіцкага канонаў, пратэстанцкае й юдэйскае традыцыі – каб даць сьвету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацьвёртую ў сьвеце (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасьцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасьцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астроскую” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў. “Уважае Гасподзь і чуе гэта, і перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада й шануюць імя Яго.” (Малахіі 3:16) Беларусь, якая глядзіць у Біблію, пазнае сябе. Беларуская гісторыя зь яе Старым і Новым Запаветамі насьледуе Бібліі як напісанаму сцэнару. Беларуская літаратура карэніцца ў мацерыку біблійнага тэксту, і дагэтуль, да Купалы й Барадуліна, скразіць матывамі, цытатамі й паралелямі ад Быцьця да Адкрыцьця. Беларусь сама – жывая ілюстрацыя да Бібліі. Біблія выпаўнялася ў Сэрцы Эўропы, бо Беларусь здаўна была каўчэгам для Слова Божага. Біблійнасьць беларусаў часам дасягае вяршыняў богаабранасьці. Ды й ці можа быць інакш – калі Беларусь пакутвала й ахвяравалася за ўсіх суседзяў, калі апошнія стагодзьдзі тут жыў Ізраіль!… У Эўропе знойдзецца няшмат такіх народаў, для якіх прыярытэт Сьвятога Пісьма як галоўнага Слова быў бы настолькі відавочным. Таму сучасны супэрпраект для Беларусі – гэта нават не пабудова Нацыянальнай Бібліятэкі за 10 мільёнаў даляраў, а выданьне 10-мільённым накладам Нацыянальнае Бібліі. Бібліі, якая зьбярэ, як Расейскі Сінадальны, ці Жэнеўская Біблія ўвадно, зь беларускіх выданьняў Сьвятога Пісьма боганатхнёнае Слова, да апошняе літаркі. … Бо ўсё, што вы чытаеце ў гэтай кнізе – толькі камэнтары да Бібліі.

                                                                                                                                                                         З кнігі "Люблю Беларусь"

чытаць іншыя навіны

Павел Севярынец