АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Беларуская зямля. Азёры. 17.04.2016 8


Беларускія азёры адлюстроўваюць неба.

З вышыні птушынага палёту пад белымі крыламі, зь ілюмінатараў самалёту над Беларусьсю цябе сустракае бліскучы і ясны позірк – ты толькі захоплена прымружваесься на сонцы перад адкрытым абліччам вечнага велічнага спакою.

У Беларусі больш за 10 тысячаў азёраў.

На поўначы гэта буйныя і глыбокія вадаёмы, утвораныя у катлавінах пасьля таяньня ледавікоў, на Палесьсі – зарослыя старыцы рачных далінаў або разьлівы ў раўнінных западзінах.

Азёры – глыбіня і празрыстасьць Беларусі. Уся пранізьлівасьць дажджоў, усё бруеньне крыніцаў, усе крышталёвыя мігценьні сьняжынак захоўваюцца ў гэтых вялізных чашах сьвежасьці і прахалоды, урачыста расстаўленых па запаветных месцах краіны.

Беларускія азёры – гэта і кроплі сьлёзаў, і чары легендаў.

Возера – абавязковы элемэнт нацыянальных глянцавых краявідаў. Гэтак жа, як вочкі ільну і сінь васількоў у полі, як мілы вясковы дзіцячы погляд, азёры робяць Беларусь сінявокай. Летні адпачынак на Нарачы, паэтычныя чытаньні на беразе Сьвіцязі, купаньне ў чысьцюткае Кромані, пленэры на Браслаўшчыне, або рыбалка ў незьлічоных прыпяцкіх старыцах – глыткі нацыяльнае ідэі асалоды незвычайнае.

Унікальныя беларускія азёры – пэрлы нашае будучае турыстычнае індустрыі. Перасычаная й стомленая Эўропа зможа нарэшце адпачыць тут, у гатэлях і летніх кэмпінгах, сярод агромністых люстраў у аправе простае, ласкавае й жывое прыроды – і, гледзячы ў ясныя нябёсы, шчыра дзякаваць Богу.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.

Беларуская зямля. Частка ІІІ. 03.04.2016 70

Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор'я.

Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам. Менавіта гэтыя краіны з прабуджэньнем грамадзтва і эвангельскай рэвалюцыяй гарантуюць жыцьцядайны штуршок для Старога Сьвету.

Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры.

Сумарны патэнцыял Супольнасьці Вялікага Княства здольны перавысіць і заходнеэўрапейскі, і расейскі.Варта толькі згадаць часы, калі ад Ноўгараду да Крыму й ад Карпатаў да Масквы жыла адным жыцьцём, гаварыла адной мовай, трымалася аднаго закону й дыхала адным духам аграмадная дзяржава. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.

Скажаце, занадта? Будзьма рэалістамі – падчас аднаго духовага абуджэньня паўтысячы гадоў таму Беларусь ужо зрабіла штосьці падобнае.

Тысячагодзьдзямі ў гэтым міжмор’і таіўся звышнатуральны, фантастычны эфэкт беларускае зямлі – адбельваньне. Мясцовае насельніцтва, якое жыло тут яшчэ да індаэўрапейскае хвалі – сьветлавалосае ды блакітнавокае – спачатку надало белі цёмным фіна-вуграм, а потым і цёмнавалосым, смуглым продкам балтаў. Калі ж на заселеныя флегматычнымі й ужо белымі балтамі прыйшлі поўныя бурлівай жыцьцёвай сілы славяне, слаўныя людзі моцных пачуцьцяў і неабмежаванае душы, чарнявыя, як і ўсе жыхары поўдня – паглядзіце, як адбяліла і гэтых!

Сёньня натуралёвыя беларусы – гэта бялявыя дзеткі-сонейкі з вочкамі льняных кветачак. Калі ўлічыць, што чорныя валасы й вочы ва ўмовах геннае канфрантацыі – дамінанта, гэта якую ж сілу, якую ж магутнасьць мусіла мець асьвятляючая сіла Беларусі!

Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.

“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк.

Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.

Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.

Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.

Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.

“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны(22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская зямля. Частка І. 20.03.2016 83


Калі ў Беларусі аднойчы паглядзець сабе пад ногі, можна назаўжды страціць патрыятызм. Калгасны бруд з ашмёткамі цывілізацыі, растрэсканы й запляваны асфальт, гнілая траўка й лужыны на вуліцах выклікаюць гідлівасьць.

Як жа мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!..

Большасьць з нас і не падазрае, наколькі родная для нас тутэйшая глеба. Наш арганізм складаецца зь бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мікраэлемэнтаў якраз тае зямлі, зь якой мы ямо бульбу й мяса, п’ем ваду, і зь якой праз абмен рэчываў створаны ўвесь наш генатып  –  ад формы й масыўнасьці костак шкілету да хуткасьці нэрвовых імпульсаў.

Мы зробленыя зь беларускае гліны – вось што падсьвядома адчуваюць нацыяналісты, калі крычаць “Радзіма альбо сьмерць!”

Так пачынаецца Біблія: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”. (Быцьцё 1:1). Паняцьці  “зямля” і “чалавек” у Бібліі –  “adam”, “adamah” – таго ж кораню, што й імя першага чалавека, створанага Госпадам з праху зямнога. У Беларусі зь яе ўзгоркамі, лагчынамі й балотамі вельмі лёгка ўявіць, як Бог, быццам адамава цела, ляпіў з гэтай гліны цэлую краіну, каб удыхнуць у яе Дух.

Беларусь – фэномэн звышнатуральнага  ўцелаўленьня. Менавіта ў такім мілым і сьціплым куточку Зямлі, сярод гэтае празрыстасьці, сьветліні й пакуты – месца для прысутнасьці Божай. Краіна крыніцаў, краіна глінянае плоці й натхнёнага духу, краіна, “дзе вее ціхі вецер  –  і там Госпад!..”

Зямля, якую Бог абяцаў кожнай нацыі, – гэта аграмаднае народнае цела. Цеплыня й сіла, плоць і боль чалавецтва. Беларусь у сваёй новай гісторыі наноў спазнае гэтую першапачатковую роднасьць. Беларуская зямля – асноватворны падмурак, на якім будуецца нацыянальная ідэя, у якім ёсьць усё неабходнае і дзе кожнае рэчыва разьлічанае да міліграма.

Кажуць, Беларусь бедная на прыродныя рэсурсы. Лухта! Беларусь уваходзіць у першую дзесятку сярод больш чым 40 эўрапейскіх краінаў паводле забясьпечанасьці карыснымі выкапнямі.

Беларусь – гіганцкае ёмішча солі, аднаго з наймацнейшых біблійных сымбаляў: тут знаходзіцца трэцяе ў сьвеце па запасах радовішча калійных і каменных соляў. Здабыча ў 40-50 мільёнаў тон калійнае руды штогод дазваляе нам атрымліваць 10-15% усёй валюты ад экспарту, а беларускай спажывецкай сольлю (цыкляпічны слой магутнасьцю 1-3 км і плошчай да 30 тыс.кв. км;.) мы можам засыпаць усю Эўропу з галавою.

Беларусь – аграмадная стоеная будоўля: нашая база мергеляў і крэйды, шкляных, сылікатных і фармовачных пяскоў, глінаў, абліцовачнага каменю – адна зь лепшых на кантынэньце. Толькі будуй!

Беларусь – суцэльны рэзэрвуар пітное вады. У той час, калі ў прамысловых гарадох сьвету небясьпечна піць ваду з-пад крану, беларускія глыбіні напінаюцца ад чысьцюткіх артэзіянскіх водаў.

Беларускі Прыпяцкі прагін зьмяшчае ў сабе вялізныя запасы “вадкае руды”, расолаў, з прамысловым утрыманьнем ёду, брому, калію, цэзію, ліцію, рубідзію й іншых рэдкіх элемэнтаў, што выкарыстоўваюцца ў тэлекамунікацыях, кампутарах, магнітах, люмінафорах, лязэрах.

Беларускія Мікашэвічы – вытворца №1 будаўнічага каменю ва ўсёй Усходняй Эўропе, а Руба пад Віцебскам – адзін з найбуйнейшых у сьвеце камбінатаў па здабычы й перапрацоўцы даляміту (7-8 млн. т. у год).

Беларусь забясьпечвае 15% сваёй патрэбы ў нафце, мае пэрспэктыўныя радовішчы жалезнай руды, гаручых сланцаў, бурага вугалю, гіпсу, даўсаніту (прыроднай соды й алюміневай руды), цэалітаносных сіліцытаў (прыродных сарбэнтаў), фасфарытаў (сыравіны для вытворчасьці мінэральных угнаеньняў), сапрапелю (арганічнага ўгнаеньня), кааліну (зь яго робяць парцалян, ім адбельваюць паперу)...

А яшчэ у Беларусі здабываюць бурштын, разьведваюць россыпы тытану, цырконію, малібдэну, ужо знайшлі першыя алмазы... А яшчэ Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе па плошчы ворыва на душу насельніцтва. Жніво вялікае, работнікаў мала!

Дастаткова толькі ўявіць сабе ўсю гэтую шчодрую насычанасьць карысным рэчывам, усю калясальную архітэктуру нетраў, бляск каштоўных мэталаў і пульсацыю вадкасьцяў, каб зразумець, наколькі важкае беларускае пачуцьцё роднае зямлі. “Гасподняя зямля і поўня яе!” (Псальмы 23:1).


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VII. 28.02.2016 23


Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.

Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.

Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Люблю Беларусь” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.

Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма.

Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш.

Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.

Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.

Гэтая кніга – вынік пошуку Бога ў Беларусі. У беларускіх вобразах, зьявах, рэчах. Пошуку таго, што Бог уклаў у душу гэтае краіны. Яго сьлядоў, Яго дыханьня, Яго прысутнасьці.

Толькі пачынаеш прыглядацца – і так уладна, так магнітна выяўляецца Божае наканаваньне, Хрыстовы сэнс, духовая місія Беларусі, што застаецца адно невымернае зьдзіўленьне й захапленьне адкрыцьця.

Толькі тады пачынаеш любіць Беларусь усёй душою, усім сэрцам, усім разуменьнем тваім.

Любіць сапраўднай любоўю – той, што ведае і гонар, і сорам. Той, якая здольная каяцца і дараваць, прызнаваць грэх і пераадольваць страх. Той, якой баліць недасканаласьць. Нажаль, Беларусь сёньня – краіна, загрузлая ў апатыі, бязьвер’і, забыцьці. “Люблю Беларусь!” – вось элемэнтарная формула нацыянальнай ідэі.

Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IV. 31.01.2016 67


“На Беларусі Бог жыве” – казаў Караткевіч, вялікі прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы погляд наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера.

Бель Беларусі змушае ўспомніць анёлавы крылы.

Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі ў Беларусь, раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы дымам распушчаліся ў паветры. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.

Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духовы, чым этнічны або тэрытарыяльны. Няўлоўны. Бясплотны. Камусьці здаецца, прывідны. Можна зразумець іх адчай: з усіх матар'яльных каштоўнасьцяў за 1000-гадовую гісторыю Беларусі ацалеў хіба 1%. Астатняя прапала, вывезена, зьнішчана. Але духовасьць, Слова, самая сутнасьць Беларусі захоўваецца.

Ідэя, ідэал, які разьмяшчаецца не ў музэі, ня ў сэйфе, а ў сэрцы – вось ён!

Беларусь застаецца краінай велізарнага патэнцыялу. Куды больш краінай магчымасьці, чым краінай рэальнасьці. Таму кожны беларус – гэта ўвасабленьне стоенай сілы. Спакойнай, моцнай, унутранай, засяроджанай магутнасьці. Яна выяўляецца толькі тады, калі беларуса дастаюць да глыбіні душы, і вызваляецца як тэрмаядзерная энэргія пры расшчапленьні атама ў рэактары.

Вызначальнай рысай беларускай гісторыі й сутнасьцю ўсёй беларускасьці было й ёсьць імкненьне да найвышняга, Божага, хрысьціянскага – а гэта родавая прыкмета эўрапейскасьці.

Беларусь ("белая" – чыстая, вольная, сьветлая) зьявілася на гістарычнай арэне з прыняцьцем хрысьціянства ў Х стагодзьдзі. Полацк, Смаленск, Тураў ХІІ ст., выхапленыя зь цемры вераю, далі Ўсходняй Эўропе вялікіх эвангельскіх падзьвіжнікаў: Эўфрасіньню Полацкую, Клімэнта Смаляціча й Кірылу Тураўскага.

Галоўным чыньнікам цэласнасьці дзяржаўнасьці ў нас заўжды быў лад паміж канфэсіямі, сам "выбар веры" меў геапалітычнае значэньне, а законы нашага "Залатога веку" – ХVІ стагодзьдзя – сталіся непасрэдным наступствам духовага ўздыму: масавага друку Сьвятога Пісьма, эвангелізацыі й прабуджэньня народу, які шукаў Бога ў плынях праваслаўя, каталіцтва й Рэфармацыі.

І ў стагодзьдзях акупацыяў, і ў гадох Адраджэньня вядучую ролю адыгрывалі ня зброя й ня грошы, а Слова і Дух. Беларусы перамагалі выключна па-хрысьціянску – увесь час аддаючы й ахвяруючы, шляхам пакутаў і любові.

Беларусь памірала й уваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.

Ці багата народаў, што маюць столькі ж духовых герояў? Народаў, у якіх перакладнік і першадрукар Бібліі – бясспрэчны лідэр гісторыі? На тле францускіх рэвалюцыянэраў і італьянскіх мастакоў, ангельскіх манархаў і нямецкіх філёзафаў, расейскіх вайскаводцаў і ўкраінскіх казакаў нашыя Эўфрасіньня й Скарына, Радзівіл Чорны й Гусоўскі, Скарга й Сматрыцкі, Купала й Багушэвіч – правадыры асобнага кшталту, народжаныя для ўлады Слова – пропаведзі й малітвы.

Стоеная й падаўленая мэнтальнасьць беларусаў, калі прыглядзецца, адлюстроўвае ўсё, калісьці дадзенае нацыі Богам, а потым вычваранае рабствам, грэхам і ўласнай слабасьцю: талерантнасьць, якая сталася падбітасьцю, пакора Найвышняму, што вырадзілася ў халуйства перад акупантамі, гасьціннасьць, абернутая ў прыслужлівасьць, і імкнэньне да духовага, ператворанае ў павальную паэзію. Але ў генах кожнага пакаленьня штораз ажывае адпачатны, Богам закладзены, ідэал – і менавіта яго лёгкім удыхам абуджае вера.

Магутны Божа даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма. Кожны з нас, хто адчувае сябе беларусам, калісьці задумваецца пра сваё ўласнае прызначэньне, асабістую місію, наканаваную Богам, менавіта ў Беларусі. Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна безь любові да свае Бацькаўшчыны, – тым болей, ня мысьліцца сапраўдны беларус бязь веры, надзеі й любові Божае.

Пранізьлівая лучнасьць Бога й Беларусі – у сьвятых сымбалях Адраджэньня, у саміх генах нашай нацыі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Хрыста, палотнішча з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Наш гімн – "Магутны Божа". Беларуская цярплівасьць, ласкавасьць, талерантнасьць – найлепшыя, найхарактэрнейшыя нашыя якасьці.

Грандыёзная, хаця й павярхоўна дасьледаваная, гісторыя беларускага духу – час нашага Старога Запавету, росквіт ВКЛ, у магутных рэлігійных дыспутах і глябальных царкоўных рэформах. А шлях нацыі апошніх некалькіх соцень гадоў – жывы вобраз Новага Запавету, са страшнымі пакутамі й людзкім неразуменьнем, з крывёю й хлебам, з разьдзяленьнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, з усёдаравальнай любоўю і цудоўным уваскрасеньнем дзяржаўнасьці.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзьвюх тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня і ўдасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных, эканамічных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль усё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Эстоніі ды Польшчы. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу "палюбі бліжняга свайго як самога сябе", непасрэдны вынік веры ў Бога і культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць "па-заходняму" дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога, без сыстэмы каардынатаў сьветабудовы, асуджаныя на крах. Рэформы ў Расеі й мностве постсавецкіх краінаў будаваліся на духовым пяску – таму іх правал абсалютна заканамерны. Рэформы ў Прыбалтыцы й Польшчы абапіраліся і ў нацыі, і ў кожным чалавеку на глыбінны духовы, сутнасна хрысьціянскі падмурак – і адсюль іхны посьпех.

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Святлана Алексіевіч і беларуская місія 12.12.2015 64


                                                                                                            Любіце ворагаў вашых,
                                                                                                            Рабіце дабро ненавіснікам вашым,
                                                                                                            Дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых
                                                                                                            І маліцеся за напаснікаў вашых.
                                                                                                                                     Лукі 6:27-28

Светлае імя


У 2015-м у гісторыю Беларусі увайшла Святлана Алексіевіч. Цяпер яе Нобель - такі ж факт календара XXI стагоддзя, як і Плошча 2010-га альбо Менскія перамовы па Украіне 2014-га.

Але больш таго - расейскамоўная Святлана Алексіевіч заззяла яшчэ адной зоркай эпічнай бітвы, якую вось ужо тысячу гадоў светлая Беларусь вядзе на Усходзе – за душу Расеі.

Ва ўсіх сваіх кнігах Святлана Алексіевіч мэтанакіравана выяўляе савецкага чалавека. Чырвонага чалавека. Генэтычна мадыфікаванага Франкенштэйна, заквашанага бальшавізмам, масавым тэрорам, раскулачваннем, вялікарасейскім шавінізмам і ў рэшце рэшт, канчаткова скалечанага абязбожваннем.

Калі хочаце, Святлана Алексіевіч – светлае беларускае люстэрка, у якое глядзіцца расейская цемра.

Глядзіцца. Брыдзіцца. Не падабаецца масаваму спажыўцу тэлевізарнага эфіру ад Калінінграда да Уладзівастока узірацца ва ўласныя глыбіні. Страшна.

У гэтым сэнсе Алексіевіч робіць тое ж самае, што рабілі ў свой час Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Пётра Мсціславец, Мялет Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Уладзімір Высоцкі, Валерыя Навадворская . Беларускія з паходжання волаты, якія гарэлі місіяй збавіць Расею.

Чаму ў Нобелеўскай лекцыі Святлана Алексіевіч найбольш казала пра Расею? За Расею? Для Расеі?..

 Чаму Расея

Нас трасе ад Расеі.

Блізіня невыносная. З усіх суседзяў, пацярпелых ад маскоўскае ласкі, менавіта, мы, найпершыя ахвяры лютасці, няўмольнасці і крывавага гвалту, мы адныя – ня можам расейцаў узненавідзець.

Навошта нам, такім маленькім, такім утульным і такім глыбокім, гэты крыж – наш найдалейшы бліжні, самая буйная ды разгульная краіна ў свеце з настолькі шырокай душой, што яна проста разрывае нас на шматкі?

Адно з галоўных наканаванняў беларускага лёсу – евангельская місія ў Расеі. Гэта відавочна для кожнага, хто хоць трохі задумваецца над гісторыяй.

Беларусь заўжды была для Расеі ўспышкай святла – наймацнейшым раздражняльнікам для цёмнай пыхі і дэспатыі, бліскучым выклікам пячорнай дрымоце імперыі.

Беларусь прыняла Хрыста, калі Масквы і не было на свеце. Яшчэ маленькай будучую Расею - Уладзіміра-Суздальскую Русь -спрабавалі навярнуць нашы місіянеры ХІІ стагоддзя – Эўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Аўрамій Смаленскі. Затопленае на 300 гадоў Ардой, цьмянае Маскоўскае княства глядзела на святло з Захаду прымружана, з кепска схаванай зайздрасцю і пакутлівай падазронасцю.

Паталагічнае расейскае антызаходніцтва – насамрэч адсюль.

 ВКЛ і ВЫКЛ

Стагоддзямі Расея прагнула пагасіць ВКЛ гвалтам, вайной, фізічным знішчэннем – а ў адказ Беларусь высільвалася збавіць Расею верай, культурай ды асветай.

Скарына прывёз у Маскву друкаванае Святое Пісьмо – спалілі. Федаровіч і Мсціславец заснавалі друкарню й пачалі друкаваць Біблію па-маскоўску – выгналі. У адказ на захоп Полацку ў 1563-ім уніяцкі манах Сімяон робіць бліскучы рэйд у сэрца імперыі, запачаткоўвае вялікую расейскую літаратуру, робіцца асветнікам і выхавацелем царскіх дзяцей.

З Расеі ішоў Патоп 1654-67 гг, калі мы страцілі кожнага другога (найстрашнейшы генацыд у нашай гісторыі!), Паўночная вайна з 800 тысячамі ахвяраў, спаленымі касцёламі, цэрквамі й цэлымі гарадамі, і, нарэшце, канчатковая акупацыя ў канцы ХVIII стагоддзя.

А з Беларусі ішлі духовыя пасольствы Епіфанія Славінецкага ды Амброзія Вашкевіча, што змянялі змрочную маскоўскую царкву. Мітрапаліт Пётр Магіла адукаваў расейскіх святароў ды фармуляваў спавяданне веры, прынятае ўсімі праваслаўнымі цэрквамі сьвету. Мялет Сматрыцкі падрыхтаваў для расейцаў славутую Граматыку, якую, нароўні з “Псалтыром Рыфматворным” Полацкага, называў брамамі сваёй вучонасці Міхайла Ламаносаў. Ілля Капіевіч выдаў дзясяткі падручнікаў і распрацаваў для Расеі Пятра грамадзянскі, ён жа беларускі шрыфт, якім сотні мільёнаў носьбітаў кірыліцы карыстаюцца дагэтуль.

Раз’ятраная імперыя Беларусь укрыжоўвала. Ліквідацыя Вуніі, скасаванне Статута, знішчэнне мовы й гістарычнай памяці, нават забарона імя “Беларусь” – крывавыя ўдары наскрозь.

 Беларусь: штурм любові

Але неверагодны контрнаступ беларускага святла ў ХІХ-ХХ стагоддзях нагадвае біблейскія цуды.

Беларусь малілася за сваіх забойцаў вуснамі геніяў. Паміраючы на крыжы, усё імкнулася збавіць Расею сабой. Хрысьціянскі прарок Дастаеўскі, нашчадкі ліцвінскіх шляхецкіх родаў Грыбаедаў, Грын і Бунін, аўтар расейскага гімну Глінка, Стравінскі, Барадзін, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч пераплаўлялі расейскае грамадства пранізліва евангельскай культурай.

Параза імперыі праз Беларусь была прадвырашаная. Калі ў 1898-ым у Менску сабраўся І зьезд РСДРП - партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў -, калі ў 1917-ым Мікалай ІІ, выехаўшы са стаўкі ў Магілёве, выракся прастолу, калі ў 1991-ым, на самай заходняй мяжы захопленай Беларусі у Віскулях, у маленькім доміку пад бел-чырвона-белым сцягам рухнуў СССР – усяму свету зрабілася ясна, дзе ключ ад расейскага сэрца

. Менавіта Беларусь - чыстая, светлая, натхнёная - скразіла ў героях свабоды і праўды расейскага ХХ стагоддзя – паэзіі Яўгена Еўтушэнкі і Міхаіла Ісакоўскага, у адкрыта вальналюбным “Новом мире” Аляксандра Твардоўскага і канцэртах Мсціслава Растраповіча, у шчырых да хрыпаты спевах Уладзіміра Высоцкага ды іранічных баладах Андрэя Макарэвіча, у ціхай адвазе праваабаронца Сяргея Кавалёва і бязлітаснай яснасці Валерыі Навадворскай…

Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.

Таму пераможная беларуская стратэгія ў змаганні з Масквой, выпрабаваная стагоддзямі гісторыі – наступальная. Ані роспачная абарона, ані свядомасць “асаджанай крэпасці”, ані сцяна на ўсходняй мяжы не ўратуюць. Выжывае ня той, хто крычыць “Я не хачу паміраць!”. Выжывае той, хто кажа сабе: “Я ведаю, дзеля чаго мне жыць”, – і ідзе наперад.

Шлях хобіта Фрода з “Валадара колцаў”: адважны ўдар з астатніх сілаў у самае сэрца.

 Беларуская місія

У рэшце рэшт, чалавека, як і народ, ацэньваюць не па тым, колькі ён мае, а па тым, колькі ён аддае.

Аддаючы з любоўю, ахвяруючы – нашмат больш набываеш Там.

Беларуская місія ў Расеі сёння – гэта беларускія святары-каталікі ад Піцера да Далёкага Ўсходу; беларускія пратэстанты з вялізнымі музычнымі евангелізацыйнымі служэннямі; беларускія прыхільнікі Аляксандра Меня; самаадданыя журналісты і творцы.

Сапраўдны беларускі прарыў на Усход – гэта не вынаходніцтва кампутаровых стралялак, а хрысьціянскія інтэрнэт-праекты, выдавецтвы ды дабрачынныя служэнні. Замест сённяшніх беларусачак для Цвярской ды стрыптыз-бараў – цуды прыгажосці, вобразы цнатлівасці і сямейнага шчасця. Беларускае Радыё Вера, Тэлевізія Любоў, біблейскае асветніцтва, міжканфесійныя сацыяльныя сеткі, новыя духовыя рухі на ўзор “Чыстых сэрцаў”, міжканфесійнае хрысціянскае трыадзінства – усё гэта Расея можа ўспрыняць хіба толькі ад братоў-беларусаў.

 

Якім мусіць быць беларускі адказ на барадатых расейскіх казакоў з аўтаматамі, авіяцыйныя базы, ядзерныя эфіры “Расеі-24”?


Кнігі Алексіевіч для Масквы і Піцера. Масавыя беларускамоўныя курсы ад Беластоку да Смаленску. Шматтысячныя малітвы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. “Пагоня” на футболе ў Лужніках.


Хто збавіць Расею


Безумоўна, Беларусь мусіць быць незалежнай – каб адасобленасць святасці, выяўленая ў хрысціянскай нацыянальнай ідэі, свяціла найясьней.

Але цяперашняя нясцерпная блізкасць Расеі – такая, што ўвушшу яе шэпт, у роце яе язык, а абедзьве шчакі ўжо гараць ад удараў – азначае, што надыйшоў час, як бы гэта не было цяжка, яшчэ мацней любіць. Любіць не ўладарную іванагрозную ды пятравялікую фальш – а няшчасных людзей, расейскім фарысействам ды нецярпімасцю засеяных.

 Збавіць Расею – пытанне жыцця і смерці для самой Беларусі.

Бо Беларусі наканавана любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая кажа: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых”.

І толькі тады, калі агаломшаная любоўю Расея пачне развальвацца, сумнявацца, каяцца, выракацца імперскай пыхі і адкрывацца Богу (грандыёзнае відовішча, якое натхняла найвялікшых беларусаў!) – мы нарэшце ўбачым, Каго насамрэч хацела ўкрыжаваць у Беларусі імперыя.

Праз Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам Расею збаўляе Ісус.

ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ Ў ВАС НЯМА ВЫБАРАЎ 07.10.2015 39




Няма нічога таемнага, што не выйшла б на яву, ні схаванага,
што не зрабілася б вядомым
і не выкрылася б.
Лукі 8:17.

Выбараў у Беларусі няма.

Раз на некалькі гадоў у нас арганізоўваецца спектакль, сцэна для якога – уся краіна.

Мэта спектаклю – пераканаць частку народа і, калі гэта ўдасца, кагосьці з замежных чыноўнікаў, што ў нас законна выбранае дэмакратычнае кіраўніцтва.

Сярод беларусаў у сумленнасць нашых “выбараў” верыць каля паловы. У асноўным гэта жыхары вёскі ды пенсіянеры – тыя, хто падтрымлівае рэжым і для каго нават фальсіфікацыя ёсць сваеасаблівай ваеннай хітрасцю: галоўнае  “гэтых” ( дэмакратаў, Захад, гарадскіх) абдурыць.

За мяжой у сумленнасць нашых “выбараў” не верыць амаль ніхто. Ніводныя выбары пасля 1996 года не былі прызнаныя АБСЕ і шырокай міжнароднай супольнасцю. Расея і некалькі такіх жа постсавецкіх тыраніяў робяць выгляд, што вераць.

Усё проста. Роўных умоваў для агітацыі няма. Палітычных супраціўнікаў кідаюць у турмы. Апазіцыянераў у  выбарчых камісіях  - 0,01%. 25-40% пад прымусам гоняць галасаваць датэрмінова. Назіральнікам забаронена падыходзіць да стала падліку і нават карыстацца біноклямі. “Члены камісіі” становяцца цесным шэрагам вакол стала, задам да назіральнікаў, і раскладваюць вываленае з урнаў у стосы.

Ёсць дэкарацыі. Плакаты і лозунгі. Ёсць настойлівыя заклікі прыйсці на участкі. Ёсць “кандыдаты”, сярод якіх знойдуцца нават “дэмакратычныя”, каб спэктакль быў праўдападобным.

А само  злачынства адбываецца ціха і мірна, рукамі звычайных чыноўнікаў, дырэктараў ды інжынераў.

Напрыклад, на загад старшыні камісіі жанчынкі  выбіраюць у грасбухах па месцы жыхарства  прозвішчы выбаршчыкаў, якія не галасавалі на апошніх “выбарах”. Звычайна набіраецца некалькі соцень на ўчастак. Якой-небудзь  настаўніцы («почырк у цябе прыгожы, знаем,» — пасмейваецца старшыня) даручаюць за іх распісацца. У суботу ўвечары, калі са школы ўсе разыдуцца, некалькі стосаў падрыхтаваных бюлетэняў «за» пачкамі, складзенымі для зручнасці ўдвая, гахнуць у вурну. Потым, пры падліку, калі ўсё гэтае дабро вываліцца на стол «кніжкамі» ды рулончыкамі, настаўніца ледзь прыкметна пачырванее і апусціць галаву, каб не было відаць.

Гэта — «скруткі».

Два сябры ўчастковай камісіі разам з якім-небудзь бээрэсэмаўскім «назіральнікам», вяртаючыся з выязной скрыняй, спыняюць уазік на ўзбочыне, заходзяць за прыдарожныя елачкі, ускрываюць скрыню (дно на шурупах, пячатка захаваецца), пералічваюць запоўненыя бюлетэні і пазначаюць вынік на абрыўку газеты. Стос «няправільных» спальваюць тут жа, пад елачкамі, прычым кіроўца эканоміць пстрычку запальнічкі і зацягваецца цыгарэцінай ад паперак, на манер таварыша Сухава. Адпаведную колькасць загадзя падрыхтаваных «правільных» укідваюць. Уся аперацыя займае хвілінаў дзесяць — не першы год, так сказаць, замужам. Тут жа, на капоце ўазіка, побач з гатовай скрыняй, у пластыкавыя конаўкі разліваецца па сто пяцьдзясят — «за нас з вамі і за хрэн з імі», — і кампанія руліць у «камісію», каб паспець да падліку.

Гэта — «елачкі».

А падчас падліку”, калі камісія раскладвае па кучках бюлетэні, звесткі пра вынікі члены камісіі шэптам перадаюць старшыню. Той наўздагад тыцкае пальцам у клавішы калькулятара. Усё гэта, вядома, лухта, нічога ён там ня лічыць, але, каб і жанчынкі, і назіральнікі ў далёкім куце багавейна замерлі ў чаканні — вось яна, кульмінацыя! — для саліднасці кашлянуўшы, абвяшчае лічбы, яшчэ тыдзень таму спушчаныя з райвыканкама.

90% гэта ад  нашай колькасці выбаршчыкаў колькі? А, столькі. Значыць, столькі.

Гэта — «калькулятар».

Усё.

Дарэчы, нават дзеючае заканадаўства прадугледжвае за фальсіфікацыю выбараў да 5 гадоў турмы ( 192 артыкул Крымінальнага кодэксу РБ)

Выбараў у нас і праўда няма: многія калі і не ведаюць гэтага, дык здагадваюцца.

Ёсць вырабы.

На выбарах выбіраюць, а вырабы вырабляюць. Вырабы  ў нас — проста прастаўленне штампіка з новым тэрмінам захоўвання для старых кадраў. Спрыт рук, лёгкая сарамлівасць — і макаронныя вырабы, якія вешаюць на вушы мільёнам беларусаў, гатовыя.

Вырабыгэта ясны сігнал, які рэжым пасылае  ўласнаму народу: вы — рабы.

У аграмадным падмане «вырабаў» удзельнічаюць тысячы і тысячы беларусаў. Тых самых дабрадушных, мажных, усім вядомых дзядзькоў, якія ўсё разумеюць, але піхаюць­ткі ў урну пачкі, замяняюць з суботы на нядзелю скрыні з датэрміновым ды хітра пасміхаюцца назіральнікам; тых самых сямейных кабетаў з савецкімі прычоскамі, харошых мамаў і душэўных жэншчын… якія, калі што, раптам ускіпяць і пырснуць нянавісцю.

А калі яны робяць гэта ўжо гадоў наццаць?.. А калі хлусіць, красці, махлярыць — ужо норма, якая ўелася ў плоць і кроў, працяла да касцявога мозгу, да здранцвення ўсялякіх згрызотаў?..

Вырабы — нясцерпна балючы зрэз беларускай ментальнасці. Яўны падман пад выглядам  законнасці, ліслівая гасціннасць і гэтае «мы вам зробім усё што заўгодна, толькі не кранайце!» з сутаргавай дуляй у кішэні…

Звычайны падман.

Проста беларусы яшчэ за камуністамі прывыклі да “ліпы”, прыпісак ды імітацыяў. Не пакаяліся.  Для маленькага начальніка “даць норму” 90% “за” на ўчастку, спушчаную з “раёну” - ну гэта як  спісаць зэдлік на працы і зацягнуць яго дахаты на кухню.

А тут яшчэ і добра заплоцяць за суткі халтуркі.

І  банкет!

О-о, дык тут чарга ахвотных будзе. Бярэш толькі “сваіх”!

Кесару – кесарава?

А як жа Богава?

Як жа праўда і справядлівасць?

Што супольнага ў праведнасці з беззаконнем?

Урэшце рэшт, што ж рабіць?

Па меншай меры – не ўдзельнічаць у злачынстве.

Калі Бог даў смеласці – ускрыць падман ды апублікаваць факты.

Як выганяюць студэнтаў і дзяржслужачых на датэрміновае. Як у ноч з суботы на нядзелю падмяняюць бюлетэні ў скрынях. Як і дзе паляць сапраўдныя бюлетэні ( бывае, кацельную на раёне пасьля “выбараў” гадзінамі  паперай  топяць).

Але ўсё таемнае ўрэшце становіцца яўным.

Тут галоўнае — ускрыць механізм дзеяння зла, каб ён стаў ясным для кожнага. А зрабіць гэта можна толькі тады, калі ўсе заўважаныя звёны ланцуга вырабаў будуць хутка трапляць у сеціва і прэсу ды складацца ў паслядоўную карціну. Гвалт ці прымус на датэрміновым «галасаванні», факты роспісаў за «мёртвыя душы», нестыкоўка звестак па бюлетэнях, розніца яўкі і выніку «камісіі» ў разы…

Відавочца можа быць і зарэгістраваным назіральнікам, і стаяць ля ўваходу на ўчастак, і весці анлайн­трансляцыю за праходам на «галасаванне»  з машыны. Чым больш момантаў ускрытага злачынства ўдасца вылавіць ды вывесіць сушыцца на ўсеагульны агляд — тым больш шанцаў, што беларускі народ нарэшце вырабаў жахнецца.

Вырабы ў сённяшняй сістэме — рэч ключавая.

Няўдзел у вырабах — гэта непрызнанне законнасці зла.

Адняць у чалавека права выбару — прамы выклік Богу. Бо гэта Творца даў чалавеку такую свабоду, такое права выбару, што нават Сам не прымушае паверыць у Яго відавочным з’яўленнем.

Пакуль ты жывы — выбар ёсць. Быць ці не быць. Жыць у граху ці каяцца.

І той, хто вырашае «быць», хто адмаўляецца прымаць зло як норму жыцця, хто з каранямі вырывае цемру з уласнага сэрца  у пошуках свабоды, праўды і справядлівасці - рана ці позна  зразумее, што выбраў Бога.

Бог дасць нам уладу ў Беларусі толькі тады, калі мы самі будзем гатовыя даваць адпор злу і браць  адказнасць за ўсю краіну.

Кожны з нас можа знайсці двух ці трох паплечнікаў, з якімі ўзяцца за самаарганізацыю ў сваім горадзе або раёне.

Бо там, дзе двое ці трое збяруцца ў імя Божае – там і Хрыстос сярод іх.

Беларуская інтэлігентнасьць 19.06.2015 44


"Беларусы – натуры тонкія й інтэлігентныя" – са знаўствам кажуць дзеячы расейскае культуры. "Беларусь – гэта дзевяць мільёнаў інтэлігентаў" – падтакваюць дзеячы культуры польскае.
Беларуская інтэлігентнасьць – нацыянальны фэномэн, у якім крышталізуюцца і псыхалёгія, і місія, і мэнтальнасьць. Прыроджаная сьціпласьць і далікатнасьць, ветласьць і талеранцыя, стрыманасьць і ўзьнёсласьць, засяроджаная натхнёнасьць і адухоўленасьць – усе гэтыя глыбока беларускія якасьці характарызуюць унівэрсальны ідэал інтэлігента.
Беларускія інтэлігенты – гэта паэт Максім Багдановіч, пісьменьнік  Алесь Адамовіч, палітык Станіслаў Шушкевіч.
Беларуская інтэлігентнасьць – гэта культура слова й кнігацэнтрычнасьць, паліглёцтва міжмоўя, вечнае вершаваньне, сьпеўнасьць і лірычнасьць, альтруізм і рэфлексія, мяккасьць і цярплівасьць.
Беларуская інтэлігентнасьць – гэта ўнікальнае пачуцьцё кампрамісу.
Беларуская інтэлігенцыя – носьбіт нацыянальнай культуры: "Носяцца тут, панімаіш, са сваёй культурай!.."
Беларусам агідныя гвалт і хамства, грубасьць і пыха. Для закамплексаваных і вечна пакрыўджаных гэта слабасьць, для вольных і мудрых – сіла. Сярод беларусаў звычайны, нават тыповы гэткі вінаваты выраз твару. Што ж, сапраўдны інтэлігент заўжды адчувае сваю віну за ўсё, што адбываецца.
Бо беларускі інтэлігент – ня той, хто перагрызе горла за Беларусь, а той, хто дзеля Беларусі дасьць перагрызьці горла сабе.
Інтэлігентнасьць заключаецца ў самім беларускім народзе. Яна дадзеная Госпадам Богам у хрысьціянскай сутнасьці нацыянальнай ідэі.
Менавіта беларуская інтэлігентнасьць пераўтварала Расею й Польшчу, прасьвятляла Украіну й Прыбалтыку, мірна суіснавала зь юдэйскай і мусульманскай традыцыямі, дазваляла ўспрымаць чужыя культуры на стыку Захаду й Усходу, сынтэзуючы духовасьць у сумежжы цывілізацыяў – і аддаваць усё лепшае іншым.
Беларусы – інтэлігентны народ. Нягледзячы на сёньняшнюю саўковую калгаснасьць, тысячагадовая Беларусь глыбока інтэлігентная. Таму нават пасьля зьнішчальных войнаў, акупацыяў, там, дзе іншым нацыям патрабаваліся дынастыі й стагодзьдзі спадчыннае арыстакратыі, Беларусь нараджала новую хвалю эліты з адным пакаленьнем.
Інтэлігенцыя – заўсёдны вораг імпэрыяў і дыктатураў. Якраз іх, адукаваных, творчых, паэтычных, імкнуліся фізычна вынішчыць у першую чаргу. Курапаты й Трасьцянцы адсюль – ад імкненьня пазбавіць гэты народ душы й сумленьня. Марна. Зьяўленьні новай інтэлігенцыі ў нашаніўскае плыні, беларусізацыі 1920-х, у БНФ канца XX ст – адраджалі Беларусь з настойлівасьцю жыцьця, якое верыць, любіць і ведае сваю мэту.
Суцэльная інтэлігентнасьць – гэта калясальны патэнцыял нацыі. Для народа, які мае гены інтэлігентнасьці, магчымае й небывалае абуджэньне, і ўсясьветная культуровая экспансія, і поўнае пераўтварэньне правінцыйнае падбітасьці ды эўрапейскага сытага застою ў веліч духовага жыцьця.
Таму беларускай інтэлігенцыі мала толькі заставацца інтэлігенцыяй. Мала скрышталізавацца ў эліту. Пара рабіцца чымсьці большым – сэрцам, душою, сумленьнем. Паўнавартасным бел-чырвона-белым колерам нацыі.
Бо беларуская інтэлігентнасьць, як і эўрапейскасьць, як і сама культура – гэта вечнае імкненьне да вышыняў. Тых, дзе ўсё прасьцей і ясьней: дзе інтэлект ператвараецца ў мудрасьць, мары – у надзею, далікатнасьць – у любоў, інтуіцыя – у веру, а сама інтэлігентнасьць – у праведнасьць.
                                           З кнігі "Люблю Беларусь"

Воля 22.05.2015 7


"Воля Божая ёсьць асьвячэньне ваша" (I да Фэсалонікійцаў 4:3).

Воля, паняцьце рашучасьці ў дзеяньні, у беларускай мове азначае таксама й свабоду. Каму, як не беларусам, хрысьціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласьцівая толькі свабодным!

Наша нацыянальная бязвольнасьць нараджаецца тады, калі беларусы адварочваюцца ад Бога й пазбаўляюцца волі Божай. Брыдкае й жаласнае відовішча: разбэшчаная Рэч Паспалітая канца XVII-пачатку ХVIII стагодзьдзяў, застойная БССР або краіна, якая павальна галасуе за крыклівага дырэктара саўгаса.

І наадварот: беларуская воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўляецца ў кулак, пераадольвае чалавечае, падначальвае сабе душу, розум, сэрца – і пераварочвае цэлыя эпохі й краіны. Подзьвігі Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Льва Сапегі або Пазьняка – вось сапраўднае нацыянальнае волевыяўленьне. Вялікая беларуская воля, здольная да пакутніцтва, самаадданасьці, самаахвярнасьці – падабенства тае Волі, якая вяла Хрыста на Галгофу.

Беларуская воля заўжды была воляй слабейшага целам, але мацнейшага духам. Вайскаводцы ВКЛ амаль заўжды перамагалі меншымі сіламі, і галоўнай прычынай іх перамогаў была воля. Нашыя эмігранты адкрывалі й дасьледвалі самыя цяжкадаступныя й суворыя рэгіёны плянэты – Сібір, Далёкі Усход, Анды, Арктыку, Цэнтральную Азію – і гэта стала магчымым толькі дзякуючы беларускай волі. Духовыя лідэры Сэрца Эўропы аддавалі сябе на адкупленьне за ўсе бліжнія народы – бо мелі волю.

Яна, народная воля, закладзеная ў нас глыбока. Стоеная, стрыманая, агромністая: якія ж цярпеньні, пакуты, які ж цяжар давялося вытрымаць гэтае нацыі! Беларус стрывае амаль усё, але калі дойдзе да краю... Ціхая ў сваю пару, але ўпартая воля выпростваецца зь сілаю сьцятае спружыны.

А пакуль што галоўны від беларускае волі – воля да жыцьця. Каб пераканацца, пачытайце Быкава, пагутарце зь беларускімі інвалідамі або проста азірніцеся навокал. І паспрабуйце адчуць сапраўдную волю. Не такую, калі напятыя мышцы й набычаны голаў, ды грудзі расьпірае ад пыхі – а калі сэрца, адкрытае Богу, робіць цябе волатам.

Вольная воля, выбар чалавечы, найвялікшае дабраславеньне Божае й найбольшае пракляцьце, дала Беларусі і веліч духовае місіі Сярэднявечча, і анархію liberum veto ў XVII-XVIII стст.

Вольная – адно з тлумачэньняў імя Белай Русі. Прыгонныя сяляне й стараверы сотнямі тысячаў беглі сюды з Расеі. Перасьледаваныя на радзіме ардынскія татары й эўрапейскія пратэстанты асядалі тут назаўжды, гнаныя адусюль габрэі хаваліся ў нас ад уціску й пагромаў. Бо тут была воля.

Рэлігійная талеранцыя, дэмакратычны лад, улада закону – вытворныя волі сталі родавай прыкметай беларускае гісторыі. Гэта ў ВКЛ нарадзілася знакамітая Запароская вольніца, а месьцічам звычаёвым ды магдэбурскім правам была дадзеная поўная воля ў самакіраваньні. Са старадаўняга Полацкага веча, праз Паны-раду, Соймы й соймікі Вялікага Княства, да Усебеларускага Зьезду й шматтысячных мітынгаў канца XX ст. – так сьцьвярджала сябе беларуская воля.

Таму й беларускі нацыянальны рух – вызвольны. Таму так любяць беларусы называць дачок Волямі. Таму й Дзень Волі – беларускае нацыянальнае сьвята №1. 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Беларусь адзначае і каталіцкае Зьвеставаньне, адкрыцьцё волі Божае аб нараджэньні Хрыста. Дзень Волі з маніфэстацыяй пад бел-чырвона-беламі сьцягамі – яскравая ілюстрацыя сугучча волі-рашучасьці й волі-свабоды.

Толькі міжволі ўзгадваюцца словы ідэоляга Залатога веку (апагей беларускае волі!), вядучага публіцыста Рэфармацыі Андрэя Воляна (амаль што Воліна): “Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала Ды сваволя над ёю ўжо не панавала...” ("Да палякаў і ліцьвінаў")

Беларусы часьцяком забываюцца, што воля – гэта катэгорыя дзеяньня. Пакаяньне, вера, любоў ёсьць актамі выбару, зробленага асабістай воляй, і вымагаюць прыняцьця волі Божай. Беларуская воля не працуе бяз Бога.

“А хто ня любіць волі – ня нашага роду,” – казаў Янка Купала.

                                                               З кнігі "Люблю Беларусь"

Бог 01.05.2015 17

Бог Сьвяты, Бог Усемагутны, Бог Прадвечны, Творца, Наш Госпад, Пан і Спадар – Тая найвышэйшая, трансцэндэнтальная Асоба, з багавейнага й сьвятарнага заміраньня перад Якой пачынаецца і сапраўднае адкрыцьцё Беларусі. "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і будзе!" – напісана ў Бібліі (Адкрыцьцё 4 глава, 8 верш). "Над Богам няма нікога", спрадвеку кажуць у нас. Беларуская нацыянальная ідэя ўсёй сваёй сутнасьцю зьвернутая да Бога як звышмэты. Да Таго Госпада Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які ўдыхнуў у нас жыцьцё, Які палюбіў сьвет настолькі, што аддаў Сына Свайго адзінароднага Ісуса Хрыста, у ахвяру за нашыя грахі. Сама Беларусь – вечнае імкненьне да Царства Божага. Тыя, хто жыў на гэтай зямлі, тысячагодзьдзямі пакланяліся нейкім прыдуманым боствам. Але толькі пасьля таго, як тутэйшыя вызналі Бога Адзінага, на белым сьвеце зьявілася Беларусь – і беларусы. Беларускі народ ня столькі рэлігійны, колькі Божы. Беларуская ідэя – гэта ня "З намі Бог!" і не "Беларусь па-над усім". Беларуская ідэя – гэта "Бог па-над усім", а "Беларусь – з Богам.” Вера ў Бога й любоў да Бога, зь якімі беларус здольны палюбіць і бліжняга свайго, як самога сябе. "Бяз Бога людзі не памога", "Бог ведае, хто як абедае", "Як трывога, то да Бога", "Едзеш у дарогу – памаліся Богу", "Ня думаў, не гадаў – а так Бог даў"...Усе гэтыя прымаўкі толькі паўтор напісанага: "За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце, голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служыце, і да Яго прыхінайцеся". (Другазаконьне 13:4) Беларусам мацней, чым многім іншым народам, дадзена адчуць, што яны ёсьць вобразам і падабенствам Божым. Таму ў парадыгме нацыянальнае ідэі богаадступніцтва азначае і вырачэньне Беларусі, а найцяжэйшая праблема нацыянальнай самасьвядомасьці вынікае з таго, што мы чакаем Бога – але не шукаем Яго. "На Беларусі Бог жыве..." Так, Бог часта зьяўляўся ў Беларусі – адсюль і наша нацыянальная пакорлівасьць, і ахвярнасьць, і натхнёная духовасьць. Напрыканцы Х ст., у абуджэньні ХІІ ст., у Залатым веку, у найноўшых адраджэньнях душы Беларусі трапяталі, дыханьні заміралі й сэрцы здрыгаліся перад расхінутымі нябёсамі. Асабістая прысутнасьць Божая стварала Беларусь як краіну, як дзяржаву, як нацыю. Бо гімн Беларусі – "Магутны Божа", што праслаўляе Бога-Айца. Бо сьцяг Беларусі – бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста, Бога-Сына. Бо герб Беларусі – "Пагоня", увасабленьне Духа Божага. Таму толькі той, хто напоўніцу ўсьвядоміў сябе беларусам, хто сапраўды спазнаў гэтую краіну, у бязьмежнай удзячнасьці, у захапленьні адкрыцьця, скрозь сьлёзы шчасьця зьвяртаецца да Яго: Ойча Наш, існы ў нябёсах! Сьвяціся імя Тваё. Прыдзі Валадарства Тваё, Будзь воля Твая, Як на небе, так і на зямлі; Хлеб наш надзённы дай нам сёньня, І даруй нам грахі нашыя, Так, як даруем мы вінаватым прад намі, І не дапусьці да спакусы, Але збаў нас ад злога Бо твае і Валадарства, і сіла, і слава На векі вякоў. Амін. (Мацьвея 6:9-13) Бог нездарма стварыў Беларусь тут, у сэрцы Эўропы. Бог грозны й строгі, Бог зорных галяктыкаў і палаючых сонцаў, Бог волі і ісьціны, такі ласкавы й міласэрны, поўны невымернае магутнасьці й непамыснае літасьці, менавіта тут уражвае Сваёй нясьцерпнай сьвятасьцю й пранізьлівым сьвятлом. Настолькі, што ўсёй істотай адчуваецца роднасьць Боскага й беларускага. Тут Бог наймацней змагаецца з д'яблам. І табе выбіраць, на чыім ты баку – бо наша сэрца ёсьць галоўнай арэнай бітвы. Бо натхненьне звыш, асабістае перажываньне Бога, размова з Богам сам-насам і выпаўненьне волі Божае – гэта тое, дзеля чаго жыве Беларусь.

 
                                                                                                       З кнігі "Люблю Беларусь"

чытаць іншыя навіны

Павел Севярынец