АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Стагоддзе БХД. Генадзь Грушавы. 30.01.2017 6


28 студзеня споўнілася тры гады са дня смерці ў 2014 годзе беларускага палітыка і грамадскага дзеяча Генадзя Грушавога. Генадзь Уладзіміравіч Грушавы – ініцыятар стварэння Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю”, доктар філасофскіх навук (1994), прафесар (1995) і дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Адзін з найвялікшых дабрачынцаў у найноўшай гісторыі Беларусі – дзякуючы яму, 116 тысячаў беларускіх дзяцей атрымалі лячэнне альбо былі накіраваныя на аздараўленне ў краіны Еўропы і Канаду пасля Чарнобыльскай катастрофы, і каля 2 мільёнаў беларусаў атрымалі дапамогу альбо лекі.

Нарадзіўся Генадзь Грушавы 27 ліпеня 1950 года ў Мінску. Скончыў СШ 50 з фізіка-матэматычным ухілам, але паступіў на філасофскі факультэт БДУ, дзе з 1973 года і да самай смерці выкладаў.

У 1978 годзе абараніў кандыдацкую “Аказіяналізм Нікаля Мальбранша” (пераасэнсаванне філасофіі Дэкарта).

На хвалі Перабудовы і Адраджэння Генадзь Грушавы далучыўся да Беларускага Народнага Фронту – і ў 1989 годзе узначаліў “чарнобыльскую” Камісію БНФ. 20 лістапада заснаваў фонд “Дзецям Чарнобыля”, які стаў справай усяго ягонага жыцця. Грушавы паставіў сваёй задачай захаваць генафонд беларускай нацыі, падарваны Чарнобылем – і праз дабрачынныя арганізацыі ды цэрквы усяго свету наладжваў каналы пастаўкі гуманітарнай дапамогі, лекаў і дамаўляўся пра прыём чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне ў краіны Еўропы і Канаду.

У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Быў сябрам фракцыі БНФ, сябрам Камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы і Камісіі па заканадаўстве. У 1991 годзе Генадзь Грушавы стаў прарэктарам Інстытута сучасных ведаў.

4 снежня 1994 года прайшла устаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, стварэнне якой ініцыяваў Генадзь Грушавы. 21 сакавіка 1995 года БХДП была зарэгістраваная.

У 1996 годзе на давыбарах пераабраны дэпутатам Вярхоўнага Савету. Пасля “рэферэндуму” 1996 года выбаршчыкі Генадзя Грушавога і грамадскія арганізацыі Беларусі сабралі 116 тысячаў подпісаў з патрабаваннем прызнаць абранне дэпутата Грушавога сапраўдным – але Вярхоўны Савет 13 склікання указам Лукашэнкі быў распушчаны. У 1999 годзе была ліквідаваная і Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная партыя.

У 1997 годзе Генадзь Грушавы быў каардынатарам Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі (1997). Арганізатар Моладзевага хрысціянска-сацыяльнага саюза, больш як 70 груп самадапамогі, сеткі моладзевых сацыяльных цэнтраў «Майстэрня будучага» ў розных рэгіёнах Беларусі (з 1997), сустаршыня грамадзянскага камітэта «Выбар-2001» (2000—2001).

Сябра каардынацыйнай рады Міжнароднага бюро міру (Жэнэва).

У 1999 годзе быў узнагароджаны прэміяй фонда Рафта ў Нарвегіі за заслугі ў змаганні за правы чалавека ў Беларусі.

“Ня мэдыкі, а філосаф Грушавы здолеў звярнуць увагу Еўропы і свету на маштабы чарнобыльскай катастрофы і неабходнасць ратаваць генафонд найбольш пацярпелай краіны”, – напісаў пра Генадзя Грушавога у “Імёнах Свабоды” Уладзімір Арлоў.

Памёр Генадзь Уладзіміравіч 28 студзеня 2014 года ад “чарнобыльскай хваробы” – раку крыві. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"


Стагоддзе БХД. Юры Матулевіч 27.01.2017


27 студзеня - 90 гадоў з дня смерці біскупа Юрыя Матулевіча.

Багаславёны Юры Матулевіч, біскуп Віленскі, генерал ордэну марыянаў, заснавальнік легендарнага кляштару ў Друі – адзін з тых людзей, без якіх Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя магла не адбыцца.

Нарадзіўся Юры Матулевіч 13 красавіка 1871 года ў Лугіне непадалёк ад Марыямпаля. Рана застаўся сіратою, яго даглядаў старэйшы брат Ян.

У 1891-1893 гадах вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Кельцах. Як адзін з найбольш здольных вучняў, быў накіраваны ў мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу. У 1898 годзе быў высвечаны на ксяндза. Тэалагічны кшталт атрымліваў у нямецкім Фрайбургу, абараніў там доктарскую дысертацыю.

З 1907 года выкладаў у Пецярбургскай духоўнай акадэміі сацыялогію, затым – дагматычную тэалогію. Якраз тут Юры Матулевіч пазнаёміўся з беларускімі студэнтамі – будучымі лідарамі БХД.

У 1909 годзе ўступіў у ордэн марыянаў, у якім на той момант заставаўся толькі адзін састарэлы святар. З 1911 года генерал ордэна, распрацаваў праект рэформы ордэну (зацверджаны Ватыканам) і заснаваў на тэрыторыі Беларусі, у Друі, марыянскі кляштар.

У 1915 годзе ў Варшаве арганізаваў прытулак для бяздомных дзяцей. У 1923-м стварыў для працы сярод беларусаў “Таварыства еўхарыстак”.

У 1918 годзе біскуп Матулевіч быў прызначаны біскупам Віленскім. У гэтым жа годзе распрацаваў праграму Літоўскай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, адной з галоўных мэтаў якой было не дапусціць сацыялістычную рэвалюцыю ў Літве. Польскія нацыяналісты неўзабаве абвінавацілі яго ў “літваманіі”, літоўскія – у “польскім шавінізме”, даставалася яму і за “масквафільства”, і за “жыдоўства”. Праўда ж была ў тым, што біскуп узяўся служыць Хрысту – і імкнуўся прыгарнуць да Касцёла ў віленскім шматмоўным катле як мага больш народаў.

Біскуп Матулевіч быў надзвычай прыхільны да беларусаў наогул, лічыў, што ў Віленскай дыяцэзіі менавіта яны складаюць большасць. Гэта ён неаднойчы абараняў правадыра БХД ксяндза Адама Станкевіча ад уладаў і цкавання шавіністычных колаў, спрыяў беларускаму друку і бачыў хрысціянскую дэмакратыю важнай сферай служэння святароў і вернікаў.

“БХД ў Вільні і ўся яе праца мела такжа і сваіх прыхільнікаў. Да гэткіх належаў прадусім віленскі біскуп Юры Матулевіч. Беларускае адраджэнне агулам, а тым больш рух хрысціянскі, у душы яго знаходзіў шчырую сімпатыю і спогад. Будучы, аднак, застрашаны польскімі нацыяналістамі, у адносінах да беларускай справы быў даволі асцярожны, але заўсёды шчыры і глыбока справядлівы”, – пісаў пра біскупа Матулевіча сам ксёндз Адам (“Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі”).

У 1925 годзе адышоў ад кіравання дыяцэзіяй і выправіўся ў Рым, каб займацца справамі Ордэну марыянаў. Прызначаны на ягонае месца арцыбіскупам Рамуальд Ялбжыкоўскі прыняў бок шавіністаў – і забараніў ксяндзам належаць да БХД ды выпісваць “Крыніцу”.

Добры сябра беларусаў і дабрадзей БХД біскуп Юры Матулевіч адышоў да Бога ў Коўне 27 студзеня 1927 года.

Беатыфікаваны 28 чэрвеня 1987 года Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ. Зараз трывае працэс яго кананізацыі.


З кнігі "100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"

Эканоміка, этыка і адзінства чалавецтва. 26.01.2017 8


Ключавыя ідэі хрысціянскай дэмакратыі завяршае трыяда эканомікі, этыкі і адзінства чалавецтва.

Сацыяльная рынкавая эканоміка. Рынак паўсюль, дзе магчыма - рэгуляванне толькі там, дзе неабходна. Эканамічная дзейнасць павінна служыць чалавеку, а не падначальваць яго.

Адзінства чалавецтва. Хрысціянская дэмакратыя разглядае чалавецтва як унікальную і цэласную супольнасць з узаемнай залежнасцю і адказнасцю. Пераадоленне супярэчнасцяў магчыма праз няспынны дыялог культураў і цывілізацыяў.

Хрысціянская этыка. Прабачэнне, пакаянне, імкненне да згоды, цярплівасць ёсць не толькі асабістымі або духоўнымі, але таксама і палітычнымі каштоўнасцямі. Палітыка мусіць мець маральны падмурак. Ператварэнням павінна папярэднічаць маральнае ўдасканаленне людзей.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

Ісус Хрыстос супраць камунізму, але за салідарнасць. 25.01.2017 8

Тры наступныя каштоўнасці хрысціянскай дэмакратыі - агульнае дабро, салідарызм і камунітарызм.

Агульнае дабро. Агульнае дабро  ёсць мэтай дзяржаўнай улады – і ўяўляе сабой справядлівае пераразмеркаванне дабротаў дзеля агульнага развіцця. Кожны чалавек адказны перад грамадствам у тым, як ён рэалізоўвае права быць творцам уласнага лёсу.

Салідарызм. Для зладжанага ўзаемадзеяння і каардынацыі розныя пласты грамадства мусяць быць гатовыя саступаць адно аднаму: гэта вынікае з іхняй узаемазалежнасці і узаемапавагі. Салідарнасць урэшце рэшт працуе на агульнае дабро. На міждзяржаўным узроўні салідарызм азначае, што багатыя краіны  мусяць дапамагаць бедным.

Камунітарызм. Місія чалавека на зямлі – не ў асабістай канкурэнцыі з іншымі людзьмі альбо ў выкананні вызначанай функцыі у механізме дзяржавы, а ў тым, каб найбольш поўна рэалізаваць сябе ў натуральных ячэйках грамадства: сям’і, царкве, прафесіі, супольнасці, краі. Трэба абараняць свабоду, аўтаномію і цэласць гэтых ячэек, у тым ліку і ад дзяржаўнага кантролю.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя".


Працяг будзе.

Палітыка Ісуса Хрыста 08.01.2017


10 выслоўяў Ісуса Хрыста, якія зрабілі велізарны ўплыў на сусветную палітыку:


1. “Аддавайце кесару кесарава, а Богу – Божае” ( Мацвея 22:21). Юрысдыкцыя дзяржавы, падаткі.

2. “Ад кожнага, каму шмат дадзена, шмат і спатрабуецца, і каму шмат даверана, з таго болей і зышчуць” (Лукі 12:48). Адказнасць.

3. “Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць” (Мацвея 5:17). Строгае выкананне закона.

4. “Хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою”( Мацвея 20:26). Кіраванне як служэнне.

5. “Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсць” (Лукі 17:21). Хрысціянская палітыка пачынаецца з сэрца.

6. “І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабіце з імі” (Лукі 6:31). Прынцып агульнага дабра.

7. “Што вы сказалі ў цемры, тое учуецца на святле, і што казалі на вуха ў сярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў” (Лукі 12:3). Свабода слова.

8. “Найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам” (Лукі 12:31). Хрысціянскія прынцыпы як аснова.

9. “Хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?” (Лукі 12:14). Самакіраванне, субсідыярнасць.

10. “Калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісціне Мае вучні. І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі” (Яна 8:31-32). Свабода – у Хрысце.

Такім чынам, тыя беларусы, якія падымаюць бел-чырвона-белы сцяг, маюць поўнае права лічыць белую палатніну з крывёй укрыжаванага і уваскрослага Хрыста сымбалем як веры, так і дабраславёнага Богам народаўладдзя.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе. #100гадоўБХД



Вытокі хрысціянскай дэмакратыі 02.01.2017 1


Вытокі хрысціянскай дэмакратыі, як мы бачым з самой яе назвы, бяруць свой пачатак з Асобы Богачалавека Ісуса Хрыста.
Часам можна пачуць меркаванне: Хрыстос і палітыка несумяшчальныя. Гэта не так.
Ісус як Госпад, а значыць, і Валадар, пачынае ажыццяўляць сваю уладу Царства нябёснага над сэрцамі людзей ужо тут, на зямлі.
Ісус падчас свайго зямнога шляху адкрыта усталёўваў палітычныя прынцыпы й дактрыны: ад лідэрства як служэння, адказнасці й самакіравання ажно да ўплаты падаткаў.
Ісус не імкнуўся да палітычнага першынства як самамэты – але ператвараў дзяржавы і грамадствы мацней, чым любы палітык за ўсю гісторыю чалавецтва.
Нарэшце, Ісус быў асуджаны на смерць паводле выключна палітычнага абвінавачання – “Замах на ўладу кесара”.
З хрысціянскага гледзішча, усё наша сённяшняе жыццё – чаканне і падрыхтоўка да ўсталявання Валадарства Уваскрослага Хрыста.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

Беларусь - краіна Ісуса Хрыста 11.12.2016 125


Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.
Так пачалася гісторыя Беларусі.
Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.
І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.
Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.
Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.
Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.
Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.
Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.
Няма патрэбы падрабязна спыняцца на агульнавядомых у гістарыяграфіі тэорыях найчысьцейшага славянскага народу, балцкага субстрату, хаўрусу крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў, або канцэпцыях беларускае дзяржаўнасьці ад Полацкага княства да Рэспублікі Беларусь. Такая гісторыя апісвае адно формы. А вось зьмест тысячагадовага разьвіцьця беларусаў як нацыі, сутнасьць нацыятворчага фэномэну, сама ідэя дагэтуль у падобных тэорыях адсутнічалі. Адказы на пытаньні: Адкуль? Чаму? Дзеля чаго? – апускаліся ў поўнай адпаведнасьці з традыцыяй легендарных радаводаў Рурыка або Палямона.
Такім чынам, адкуль?
Як гісторыя Ізраілю пачалася са Слова Божага да Абрагама, так і беларуская гісторыя пачалася з прыняцьця хрысьціянства.
З тае пары, як сюды прыйшло хрысьціянства, яно зрабілася для Беларусі ўсім. Абуджэньні хрысьціянскай духовасьці спараджалі дзяржаўныя й нацыянальныя ўздымы. Канфэсіі выконвалі ролю палітычных партыяў, а герархі царквы – грамадзкіх лідэраў. Рэлігія фармавала адукацыю, культуру, мясцовае самакіраваньне, ды, у рэшце рэшт, саму нацыю. І сіла, і слабасьць Беларусі заключаліся ў хрысьціянстве. Гістарычныя працэсы кіраваліся звышнатуральнымі адкрыцьцямі й уявамі, праваламі грэху, помсты й нянавісьці, парывамі сумленьня й веры, усім глыбінным магматызмам духу.
Першаштуршкамі, першапрычынамі беларускай гісторыі былі духовыя абуджэньні, якія прыводзілі да грамадзкіх, эканамічных, палітычных, культуровых уздымаў.
Канец Х ст. Прыняцьцё хрысьціянства. Першавобраз дзяржавы, зародак нацыі. Полацк зьбірае пад сваёй уладай ядро беларускіх земляў і адстойвае іх незалежнасьць ад суседзяў і качэўнікаў. Вынік – росквіт Полацкага Княства ХІ ст.
Сярэдзіна ХІІ ст. Хрысьціянскае абуджэньне Полацка, Турава, Смаленска. Духовае ўзрушэньне ў сэрцы Эўропы ў эпоху фэадальнай раздробленасьці рыхтуе агульны абшар для пасіянарнага выбуху ВКЛ. Вынік – утварэньне найбуйнейшай эўрапейскай дзяржавы Сярэднявечча ад Балтыкі да Чарнамор’я.
Сярэдзіна XVI ст. Хрысьціянскае абуджэньне Залатога веку. Распаўсюд Рэфармацыі, каталізацыя каталіцызму, праслаўленьне праваслаўя. Вынік – стварэньне беларускае нацыі, здольнай перанесьці выпрабаваньні Новага Запавету наступных трох стагодзьдзяў і распаўсюдзіць беларускі ўплыў на Рэч Паспалітую й Расейскую імпэрыю.
ХХ ст. Нацыянальны й рэлігійны рэнэсанс пачатку й канца стагодзьдзя. Вынік: адраджэньне беларускае дзяржаўнасьці пасьля прыгнёту й акупацыяў – у сэрцы Эўропы, напярэдадні яе аб’яднаньня.

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Беларуская нацыянальная ідэя. Частка I. 02.01.2016 56


Беларускую нацыянальную ідэю спрабавалі выразіць і народнікі ХІХ ст., і нашаніўцы пачатку ХХ ст., і адраджэнцы найноўшага часу. Але большасьць спробаў  у сілу акупацыі, нізкае самасьвядомасьці насельніцтва й слабасьці нацыянальнага руху ставіла за мэту давесьці самім беларусам і астатняму сьвету, што мы ёсьць. Што мы народ, ня горшы за іншых. Што гэта наша краіна – а ня ваша ўскраіна. Што мы маем права на ўласную дзяржаву. Зьмест гэткае ідэі ў сьціслым лёзунгу Купалы – “Людзьмі звацца”.

Пытаньні “А што мы за людзі?”, “Навошта мы тут?”, “Адкуль мы?”, “Куды ідзем?” і, урэшце рэшт, “У чым сэнс?” – пытаньні, на якія любая нацыя адказвае найперш, заставаліся на другім пляне. У выніку замест таго, каб сьцьвердзіць нацыянальную мэту, мы ўзводзілі на вяршыню гіерархіі першую ж нацыянальную задачу. Замест стратэгіі загрузалі ў тактыцы.

Мы дагэтуль перабіраем розныя імёны – Крывія, Вялікалітва, Белая Русь... Мы зацыкліваемся на Расеі-Маці, або Расеі-Ворагу. Замест беларускіх духовых імпэратываў мы шукаем пацьверджаньняў беларускае ваяўнічасьці, беларускай уладнай магутнасьці, беларускаму багацьцю й матар’яльнай велічы, – і, у канчатковым выніку, сваёй падобнасьці да іншых нацыяў. Між тым, нацыянальная ідэя – гэта адметнасьць.

Комплекс нацыянальнае непаўнавартасьці, вось як гэта называецца.

Адсюль і сучасныя ідэалы: “нармалёвая эўрапейская дзяржава”, “маленькая, але ўтульная (мірная, мілая, -патрэбнае падкрэсьліць) рэспубліка”, “Краіна ня горш за Чэхію” і да т.п. Сярэдненькія такія арыентыры. А калі арыентыр сярэдненькі – гэта ўжо не ідэал.

Адсюль і відавочная слабасьць большасьці існых ідэяў. Адсюль – кволасьць і бясплоднасьць сёньнішняга нацыянальнага руху. Усе сучасныя замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная ідэалёгія, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны “нацыяналізм” ёсьць усяго толькі бледным водбліскам сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай  гістарычна і сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.

Невялічкая, сьціплая Беларусь баіцца прызнацца самой сабе, што мае Вялікую Нацыянальную Ідэю. Што нічога “нармалёвага” няма ў тых страшных пакутах і ахвярах, якія выпалі на яе долю. Што нічога выпадковага не было ані ў Чарнобылі, ані ў Белавескай Пушчы, ані ў Лукашэнку. Што Міцкевіч, Дастаеўскі, Рабін – гэта таксама Беларусь. Што Полацкае княства, фэномэн ВКЛ і ўваскрашэньне беларускай незалежнасьці – гэта сапраўдныя цуды Божыя. Што стратэгічнае скрыжаваньне між Захадам і Ўсходам, Балтыкай і Чарнамор’ем – гэта нацыянальны крыж. Што краіна найвялікшае цярплівасьці й найвышэйшае любові ў самым сэрцы Эўропы – гэта пакліканьне. І гэта навечна.

Такі эфэкт заўжды спрацоўваў і ў самым паказальным моманьце беларускае гістарыяграфіі – расейскім.

Мы ўвесь час ацэньвалі дачыненьні з Масквой то ў праекцыі адвечнае вайны, то ў плоскасьці штучнае роднасьці, не спрабуючы сыстэмна й глыбока адказаць на пытаньне: якую ролю адыгрывае Беларусь у Расеі? Але нават кароткі агляд і супастаўленьне фактаў расхінае перад намі велізарнае сілы й дынамізму місію.

Расея – найбольш важнае пытаньне беларускае геапалітыкі. Вырашальнае.

Стагодзьдзі войнаў і акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на яе па-рабску, спадылба, сьціскаць кулакі й бясьсіла аглядацца вакол: скрозь расейшчына, хамства, мат і падсьвядомая ўлада імпэрыі. Але невыпадкова Госпад Бог даў нам супэрсуседа – самую вялікую краіну ў сьвеце. Нашае заплечча – Эўропа? Тады трэба адважыцца стаць адкрытым тварам да Крамля. Калі добра падумаць і перабраць гісторыю, Беларусь – адзіная, хто можа кінуць Расеі выклік.


Працяг будзе.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Талеранцыя 30.10.2015 20


Мы, беларусы, мірныя людзі...

Мы, беларусы, сапраўды вельмі талерантныя. Гэта факт. Беларус пазьбегне канфлікту, сьцерпіць, прабачыцца ў 99 % выпадкаў. Беларусы ўнікаюць любое рэзкасьці, катэгарычнасьці, радыкалізму. Беларус-расіст, беларус-нацыяналіст, беларус-фанатык – гэта проста нонсэнс.

Талеранцыя, асноватворная якасьць беларускага нацыянальнага характару, спароджаная сумежжам, міжмоўем і хрысьціянствам, адпачатку была пакліканая прымірыць Захад з Усходам, праваслаўе з каталіцтвам, Эўропу з Расеяй.

Як талер – адзінка вымярэньня багацьця беларускай гісторыі, так і талеранцыя – базавая нацыянальная каштоўнасьць. Сама прычына талерантнасьці вырастае з глыбіняў беларускага мэнталітэту: першапачаткова, у перакладзе з лаціны, талеранцыя значыць “цярпеньне”. Увесь тэмпэрамэнт Беларусі – умераны клімат, мяккі рэльеф, поўня водаў, якая распушчае любую ёдкасьць ды горыч, цішыня лясоў і сьціплая, сьветлая, ласкавая прырода – сьведчаньне арганічнасьці беларускай талеранцыі.

У Беларусі, у адрозьненьне ад заходняй інквізыцыі й маскоўскіх ведаўскіх справаў, практычна адсутнічалі праявы рэлігійнай нецярпімасьці. Беларусы не рабілі габрэйскіх пагромаў. Татары, стараверы, караімы, пратэстанты, гнаныя ў сваіх краінах, заўжды знаходзілі ў Беларусі прытулак. Нават у суворым Сярэднявеччы беларускі закон Статуту гарантаваў іншаверцам, прыхадням і палітэмігрантам стаўленьне паважнае й лагоднае.

У XVI ст. Беларусь робіцца галоўным эўрапейскім экспарцёрам талеранцыі. Прапісаная ў трох Статутах, беларуская талеранцыя мяняе Расею, Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, Вугоршчыну, Малдову... Нават караля Францыі Генрыка Валуа ў 1574-75 гг. (эпоха Варфаламееўскае ночы!) эліта ВКЛ вымусіла падпісаць славутыя “Генрыкаўскія артыкулы” аб верацярпімасьці, чым выратавала жыцьці многіх іншаверцаў на Захадзе.

Першасная, глыбінная й галоўная прычына беларускай талеранцыі – любоў. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсёй душою, усім сэрцам, усімі сіламі тваімі, а блізкага твайго – як самога сябе".

Запавет Хрыста, дадзены беларусам звыш – аснова любові і да суседзяў, і да няпрошаных гасьцей, і да ворагаў. Тае любові, якая не памятае зла й аддае сябе бяз рэшты.

Ступень беларускага альтруізму дагэтуль можа выклікаць шок. Беларус мае вінаваты выраз твару й паўсюль гатовы прабачыцца – бо заўжды ж нешта ня так, то даруйце...

Беларус паводзіць сябе пры сустрэчы, у спрэчках, у хаце, прымаючы гасьцей, выключна мякка, ухіліста й міралюбна. Стараецца згладзіць найдрабнейшыя шурпатасьці й акругліць наймалейшыя пралікі. Стварае цёплы, утульны мікраклімат згоды.

Часам нават здаецца, што беларуская ўнікальнасьць – гэта ад слова ўнікаць. Ласка. Міласэрнасьць. Самаахвярнасьць. Цярпімасьць. Стрыманасьць. Пакора перад Богам.

Такой была беларуская талеранцыя ў ідэале.

Нажаль, у сучасным правале духовасьці на беларускай традыцыі талеранцыі паразытуюць і рабская псыхалёгія, і падбітасьць, і абыякавасьць.

Толькі хрысьціянскае абуджэньне здольнае зноў прымусіць беларускую талеранцыю зайграць яскравым бляскам – такім, як у часы Залатога веку.

Бо на працягу стагодзьдзяў місія ў Расеі, Польшчы,Украіне або Ізраілі давалася беларусам мякка й натуралёва ў першую чаргу дзякуючы нацыянальнай здольнасьці прымаць людзей такімі, якія яны ёсьць, а затым – любові, якая робіць людзей лепш, чым яны ёсьць.

Менавіта таму маскоўскую дэспатыю, польскую пыху, габрэйскую зацятасьць найбольш эфэктыўна ператварала знутры якраз беларуская талеранцыя.

Беларускія нацыянальныя героі – гэта героі беларускага сэрца.

Гедзімін, які праславіўся сваёй цярпімасьцю й шанаваньнем традыцыі: “Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім”; Альгерд, што пашырыў дзяржаву дыпляматыяй, дынастычнымі шлюбамі й стратэгіяй пратэктаратаў; Вітаўт, які прыняў у ВКЛ, як родных, і габрэяў, і татараў, і гусітаў; Скарына, што пераклаў Біблію адразу для трох канфэсіяў; Жыгімонт Аўгуст зь ягоным віленскім прывілеем 1563 г. аб роўнасьці каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў у разгар рэлігійных войнаў у Эўропе; Леў Сапега са Статутам 1588 г. і знакамітым лістом Кунцэвічу – усё гэта вобразы вялікай беларускай талеранцыі.

Беларуская рахманасьць, памяркоўнасьць, ветлівасьць, інтэлігентнасьць, зычлівае стаўленьне да незнаёмцаў ды іншаземцаў – вытворныя вялікае беларускае талеранцыі.

Сустрэчы канфэсіяў, культуровы сынтэз, мяккая й сьпеўная мова – адна зона вялікае й ўладарнае беларускае талеранцыі.

Талеранцыя скругляе беларуса, як талер. “Можа, яно і так...” – кажа беларус, ухіляючыся ад прамога сутыкненьня. Але ўсё-такі гне сваё, спалучае ласку з унутранай моцай і ў рэшце рэшт дамагаецца мінімум кампрамісу, а максымум – перамогі. Спосаб эфэктыўны: даўно вядома, што з усіх праяваў сілы людзі найбольш паважаюць стрыманасьць.

“Хрысьціянская дэмакратыя”, “плюралізм”, “правы асобы” – каштоўнасьці, сэнс і вага якіх да сучаснага сьвету даходзяць толькі зараз. У Беларусі ўсё гэта існавала ўжо тысячу гадоў, і называлася адным словам – талеранцыя.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Расейская імпэрыя 25.09.2015 143


Расея стала Расейскай Імпэрыяй толькі тады, калі ўзламала Беларусь.
Расея стала імпэрыяй культуры толькі тады, калі прыўласьціла Беларусь.
Расея перастала быць сусьветнай імпэрыяй толькі пасьля таго, як гэта вырашылі ў Беларусі.
Стагодзьдзі войнаў ды акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на Расею або па-рабску, або варожа, спадылба, і бясьсіла ўглядацца вакол: скрозь мат, расейшчына й улада Крамля. Але Госпад Бог невыпадкова даў нам супэрсуседа – самую буйную краіну ў сьвеце. Дзяржава, якая жыве паводле прынцыпу Кацярыны: "Людзі народзяцца, а землі – не", адкрывае для беларускай місіі велізарныя прасторы Азіі.
Беларусь адзіная, хто можа перамагчы ў Расеі імпэрыю.
Супрацьстаяньне Расеі й Беларусі – з разраду эпічных бітваў чалавечае гісторыі. Так змагаліся Ірляндыя з Ангельшчынай, Сэрбія з асманамі або Ізраіль з Рымам.
З XV ст. Масква, якой не давала спакою найменьне галоўнай, незалежнай, сьвятой Белай Русі, спрабавала праглынуць і ператравіць Беларусь, а Беларусь у адказ спрабавала ператварыць Расею хрысьціянскім уплывам, культурай і, урэшце рэшт, самаахвярнасьцю.
Вялікае Княства Маскоўскае мангола-татарскае іга выхавала як дэспатыю ардынскага кшталту. Ужо ў XV ст. Масква ўзяла шлюб са сьмяротна хворай Бізантыяй, абвесьціла сябе Трэцім Рымам і распачала агрэсіўныя войны, а ў часы Івана Жахлівага набыла пазнавальныя абрысы: "Чудище обло, озорно, стозевно и лайяй!.."
Іван сапраўды аказаўся жахлівы. Геапалітычнае сутыкненьне з ВКЛ і суперніцтва за славянскае лідэрства раз і назаўжды зрабілі Беларусь галоўнай праблемай Расейскай імпэрыі на шляху экспансіі ў Эўропу, галаўным болем крамлёўскае ваеншчыны й насычэньнем галоднае Расеі працоўнай сілай, гарматным мясам ды вялікімі талентамі.
Ужо тады Беларусь, адчайна абараняючы ўсходнія межы, намагалася перамагчы імпэрыю эвангелізацыяй. Скарына павёз у Маскву Бібліі – спалілі. Федаровіч і Мсьціславец усё-ж такі распачалі тут друк Сьвятога Пісьма – выгналі. У гэты ж момант цар нанёс удар у сэрца Полацку. Іскры беларускай Рэфармацыі запальвалі сярод расейскіх мяшчанаў агмяні, гатовыя выклікаць выбух – але апрычніна й артадоксы тут жа гасілі іх на калох і дыбах.
Імпэрыя ўжо ацаніла сілу супраціўніка. Адгэтуль яе глябальнай мэтай стала поўнае й безагаворачнае зьнішчэньне Беларусі. У страшнай вайне 1654 – 67 гг. загінуў кожны другі беларус. Паўночная вайна забрала яшчэ 800 тысячаў жыцьцяў.
Нарэшце, напрыканцы XVII ст. зьнясіленую да страты прытомнасьці краіну Расея акупавала цалкам.
Беларусь усё яшчэ была жывая – і ўсё з той жа непамыснай любоўю да ворагаў прасьвятляла, дабраслаўляла й ратавала Расею. Сімяон Полацкі стварае ў Маскве першую партыю "заходнікаў" і спрабуе выхаваць эўрапейцам малога Пятра I. Мялет Сматрыцкі навучае Ўсход пісьмовасьці, Ільля Капіевіч распрацоўвае для расейцаў шрыфты й падручнікі. Палонныя беларускія рамесьнікі ствараюць шэдэўры духовага мастацтва, ад іканастасаў да саміх абразоў, у маскоўскіх храмах і манастырах...
Гэта паражае да глыбіні душы. Нават у апагеі магутнасьці, зь межамі ад Ціхага да Атлянтычнага акіяну, Расейская імпэрыя настолькі баялася маленькай, ледзь дыхаючай Беларусі, што выкараняла і яе мову, і веру, і забараняла нават імя. Скасаваньне Статуту ВКЛ, ліквідацыя вуніі й перайменаваньне ў "Северо-Западный Край" праводзіліся гэнэралам-губэрнатарам Мураўёвым ужо як пахаваньне. Тое, што не дарабіў расейскі штык, мусіла дабіць расейская царква і расейская школа.
Але неверагодны Контарнаступ цэлай дыяспары геніяў, якім Беларусь адказала на гэта Расеі ў XIX ст, належыць да найвялікшых цудаў нашай гісторыі. Міхаіл Глінка, аўтар расейскага гімну й заснавальнік расейскае музычнае клясыкі, Хведар Дастаеўскі, самы хрысьціянскі пісьменьнік Расеі, яе прарок, Неміровіч -Данчанка, Стравінскі й Барадзін, Грыбаедаў, Рымскі-Корсакаў, Пісараў, Бунін выклікалі сьветапоглядную рэвалюцыю знутры імпэрыі й літаральна пераплавілі расейскае грамадзтва высокай, натхнёнай, духовай культурай. Параза імпэрыі была прадвырашаная.
XX стагодзьдзе вялізнымі крыжамі перакрэсьліла Расею як імпэрыю – менавіта ў Беларусі.
У 1898 г. у Менску зьбіраецца I зьезд РСДРП – партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў.
У 1915-17 гг. у Магілёве, у стаўцы I Сусьветнай вайны, расейскі цар Мікалай II дачакаецца развалу гіганцкае дзяржавы і вырачацца прастолу, так і не даехаўшы да Піцеру.
Потым – Берасьце: заключаецца вядомы “Берасьцейскі мір” бальшавікоў зь немцамі, праз 20 гадоў пасьля якога, з пактам Молатава-Рыбэнтропа вэрмахт і Чырвоная армія наладзяць сумесны парад – і вось, праз 2 гады гітлераўцы возьмуць штурмам Берасьцейскую крэпасьць і накіруюць галоўны ўдар супраць Расеі празь Беларусь.
Белавеская пушча 1991 г. падвядзе рысу пад 70-гадовым існаваньнем СССР. Звыш-Расея, што дасягнула кульмінацыі ў самай страшнай за ўсю гісторыю чалавецтва таталітарнай, агрэсіўнай і бездуховай Імпэрыі зла – рухнула на самай мяжы захопленае Беларусі.
Прызначэньне Менску сталіцай СНД ды Менскія перамовы па Украіне - астатнія сутаргі Расейскай Імпэрыі.
Бо Беларусь любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая сьцьвярджае: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых, рабіце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых". (Мацьвея, 5:44) Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.
Закон гісторыі: Расеі як імпэрыі наканавана пацярпець крах менавіта праз хрысьціянскую Беларусь.
І, адпаведна, празь любоў, малітву й слова Беларусі – ад імпэрскасьці збавіцца.
           З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларускае пратэстанцтва 19.09.2015 67


“Праведны вераю жыць будзе!” (Да Рымлянаў 1:17) – з гэтым пратэстным лёзунгам Марціна Лютэра супраць папскіх індульгенцыяў у кастрычніку 1517 г. пачалася сусьветная пратэстанцкая рэвалюцыя.

У гэтым жа 1517-м, у сталіцы гусіцкае Рэфармацыі Празе вялікі Францыск Скарына надрукаваў першыя кнігі Бібліі на беларускай мове – і стаў прадвесьнікам пратэстантызму для Беларусі.

Пратэстанцтва – пратэст супраць скажэньня Божай ісьціны, ускладненьня эвангельскай простасьці, засільля рэлігійнага фармалізму; пратэст, што вяртае чалавеку абсалют асабістай веры. Пратэстанцтва – гэта пратэст супраць вечнага фарысейства й маральнага застою; той праведны ўнутраны пратэст, які рвецца з сэрца сярод усеагульнай абыякавасьці й кідае выклік самай прыгожай, велічнай і захапляючай бездуховасьці.

Пратэстанцтва аўтаматычна азначае прадпрымальнасьць, дух капіталізму й этыку посьпеху, на якіх трымаецца ўся эўраатлянтычная цывілізацыя. Пратэстанцтва – гэта 720 мільёнаў вернікаў ва ўсім сьвеце: ЗША, Нямеччыне, Ангельшчыне, Скандынавіі, Афрыцы, Паўднёвай Карэі...

Пратэстанцтва (ад лацінскага “protestans” – які публічна даказвае) цягам усяго Новага Запавету гісторыі Беларусі выконвала ролю сьвечкі запальваньня ў рухавіку нацыянальнага хрысьціянства. Кальвіністы XVI ст., баптысты й пяцідзесятнікі пачатку ХХ ст., эвангелісты на мяжы ІІ і ІІІ тысячагодзьдзяў у маладых і актыўных гарадзкіх асяродках ініцыявалі тыя ўспышкі, якія затым зараджалі энэргіяй, пераўтварэньняў і каталіцызм, і праваслаўе, і няверуючых у маштабах усяе краіны, і рабіліся сыгналем абуджэньня.

Менавіта пратэстанцкая Рэфармацыя XVI ст. сталася пачаткам новай эры ў гісторыі Беларусі.

Пратэст веры супраць рэлігіі, зьместу супраць формы, жыватворнага Духа супраць зьмярцьвелае літары – прышэсьце Хрыста! – ствараў нацыю й потым штораз уваскрашаў яе пасьля пакутаў, ахвяраў і пахаваньняў.

Новы Запавет, эпоха Эвангельля, прымушае нас ўважліва прааналізаваць беларускае пратэстанцтва як наймацнейшы хімічны элемэнт у рэакцыі нацыянальнага сынтэзу.

Адзін з прабацькоў эўрапейскага пратэстанцтва, паплечнік Яна Гуса Геранім Праскі, прапаведваў у ВКЛ яшчэ з дазволу й у прысутнасьці Вітаўта ў 1413 г.

Роўна праз 150 гадоў, у 1553-м, з заявай Мікалая Радзівіла Чорнага ў Беларусі выбухнула кальвінская Рэфармацыя, што ахапіла магнацкую эліту, частку шляхты й мяшчанства. Сіла гэтага выбуху ўзбурыла і каталіцтва, і праваслаўе духовай рэвалюцыяй Залатога веку.

На працягу XVIII-XIX стст., у эпоху вялікага ўпадку Беларусі, пратэстантамі заставаліся хіба нямецкія гандляры, швэдзкія жаўнеры й жменька шляхты. Але ўжо ў пачатку ХХ ст. на Берасьцейшчыне й у буйных гарадох Беларусі – у зоне колішняй кальвінскай Рэфармацыі! – лічы, зьніадкуль узьніклі сотні грамадаў баптыстаў і пяцідзесятнікаў.

Гэтак жа й беларускае адраджэньне пасьля развалу СССР суправаджалася бурлівым аднаўленьнем эвангельскіх цэркваў: па колькасьці прыходаў (больш за 1000 зарэгістраваных) пратэстанты ўжо сёньня ўдвая апераджаюць каталіцкі касьцёл і канкуруюць з праваслаўем.

Беларускае пратэстанцтва дала сьвету элітарную ўспышку Рэфармацыі ў XVI ст. (самы глыбокі кальвінісцкі прарыў на Ўсход), “Берасьцейскую Біблію” Мікалая Радзівіла, бліскучую публіцыстыку Андрэя Воляна, паэзію Андрэя Рымшы й Саламона Рысінскага, Слуцкую гімназію, адну зь лепшых у тагачаснай Эўропе эвангельскіх школаў, уплыў рэфарматаў на праваслаўную царкву цягам XVI-XVII стст., найбуйнейшую ва Ўсходняй Эўропе царкву Лукаша Дзёкуць-Малея ў Берасьці на пачатку ХХ ст., гераічных “баптыстаў-антысаветчыкаў” пасьляваеннае Беларусі, знакамітую “Біблію” Яна Станкевіча, і факт рэкорднага росту хрысьціянскіх суполак падчас рэлігійнага рэнэсансу з крахам СССР.

Беларусь гістарычна заняла нішу пратэстанцкага агменю Ўсходняй Эўропы – місіянерскага цэнтру, што рассыпаў снапы іскраў у Расеі, Украіне, Польшчы. Друк Скарыны, радзівілаўская Біблія, “Катэхізм” Буднага прызначаліся для ўсяго агромністага рэгіёну.

Беларускае пратэстанцтва ажыўляла закамянелую ўсходнюю традыцыю й расплаўляла нясучыя канструкцыі заходняга прагматызму палкай і дзейснай верай. Эвангельская вера вызваліла ў сэрцы Эўропы найчысьцейшай вады простасьць і шчырасьць, рэлігійнае натхненьне, сьціпласьць у зьнешніх праявах і ўнутраную моц духу.

Таму беларускія пратэстанты – зьява наколькі яркая, настолькі й натуральная. І хаця зараз атэістаў, агностыкаў ды й вернікаў іншых канфесіяў палохае ў эвангеліках моцная пасыянарнасьць і пурытанскі максымалізм, пратэстанцтва – веравызнаньне для Беларусі такое ж традыцыйнае, як праваслаўе, каталіцызм або вунія.

Пратэстанцтва дагэтуль – самая актыўная й дынамічная частка ў тройцы беларускага хрысьціянства. Зараз моладзь, інтэлігенцыя, прадпрымальнікі выбіраюць пратэстанцтва як найбольш сучасную й эфэктыўную форму веры – тэхналягічную, ініцыятыўную й тым жа часам простую ва ўмовах супярэчлівай і сумятлівай постмадэрнісцкай цывілізацыі.

Таму беларусізацыя пратэстанцтва – найважнейшая задача нацыянальнай ідэі сёньня.

Як і ў XVI ст., глыбокі духовы сон Беларусі патрабуе новага хрысьціянскага паўстаньня. Рэвалюцыі ў эпоху разлажэньня спажывецкага грамадзтва, панаваньня інтэрнэту й глябалізацыі.

Сапраўднага, сьвятога пратэсту, які мкнецца з глыбіні абуджанай душы: “Усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас”! (Якава, 4:7)

З кнігі "Люблю Беларусь"

Любоў 24.07.2015 28



Люблю Беларусь…

Прамаўляецца як пацалунак.

Беларусь, сэрца Эўропы, створаная зь любові.

Беларусы – трапяткая, далікатная й самаадданая нацыя, якая любіць і якую любяць. Любоў – гэта наш спосаб існаваньня. Усё, што даў Беларусі Бог – шчырасьць і ціхую пяшчоту, шчымлівую мяккасьць і ласкавую сьціпласьць, ясныя вочы й натхнёныя душы – усё гэта ад моцнай любові, зь невымоўнай любові й дзеля поўнай любові.

“Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.” (І Яна 4:16)

І пакуты, і ахвяры, і паміраньне за іншых, і Курапаты, і Хатынь, і Чарнобыль – усё гэта было ў імя вялікае любові. “Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго”. (І Яна 4:9)

І беларуская зямелька, сьветлая да драбнюткага чысьценькага пясочку, і трымценьне лісьцікаў, і мігценьне сьняжынак, і сьпеўныя слоўцы, і стрыманая сіла, і саступлівая цярплівасьць, і памяншальна-ласкальная форма імёнаў, і раскоша нашых улюбёных суфіксаў, ад якіх чыста ўся мова празрыстая – гэта характар вялікае любові.

“Любасныя! Будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога й ведае Бога”. (І Яна 4:7)

Беларусь, гэтая ласачка, любушка, зоранька, каханачка – вось ужо тысячу гадоў сэрца Эўропы. Пульсуючае сэрцайка, поўнае любові да Бога й бліжняга! Беларусь – найлепшы сродак супраць нянавісьці.

“Беларусь” – хоць да раны прыкладай. “Бо няма любові большае, як калі хто пакладзе душу сваю за сябраў сваіх.” (Яна 15:13) І суседзяў, і прыхадняў, і нават ворагаў Беларусь любіла той невымоўнай, найвышэйшай любоўю, якая вымагае: “любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і ганіцеляў вашых”. (Мацьвея 5:44)

Табе балюча, родненькая? Пацярпі крышачку. Ты ж у мяне самая сьветлая, самая мілая, самая каханая… Любая… Адзіная…

Любоў – місія Беларусі. Вось чаму беларусаў любяць. Братка-беларус, “сябры”, “Белоруссия родная” – ва ўсіх нашых суседзяў “беларус” – вобраз выключна мілы.

Беларусы й беларусачкі – людзі любові. Верныя й узьнёслыя, як Эўфрасіньня й Скарына. Адданыя й палкія, як Караткевіч ды Багдановіч. Натхнёныя й моцныя, як Каліноўскі ды Пазьняк. Хто яшчэ так любіў Польшчу, як Міцкевіч? Расею, як Дастаеўскі? Ізраіль, як Мэір, Перас, Рабін?

… Беларуская нацыя спалучае ў сабе ўсё багацьце пачуцьцяў – але, безумоўна, любоў зь іх найбольшая.

Беларусь – краіна, дзе “быць” і “любіць” – гэта адное й тое ж, дзе “любоў” і “кроў” рыфмуюцца зусім натуралёва, а любоў тоесная болю, ня трэба нават літараў перастаўляць.

У Беларусі адразу ўзгадваеш, што Бог ёсьць любоў. “Любоў, якая акупае ўсе грахі” (Выслоўі Саламонавы, 10:12). Тая звышнатуральная любоў, якая “церпіць доўга, умілажальваецца, не зайздросьціць, не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць!…” (І Да Карыньцянаў 13:4-7)

Ты любіш Беларусь?…

Пачуцьцё любові, як жывая вада, перапаўняе Беларусь – яе цудоўную мэлядычную мову любові, яе ўзвышаную любоўную паэтычнасьць, нашую ўлюбёную ветлівасьць і гасьціннасьць. Любоў найвышэйшае канцэнтрацыі! У гэтым – стоеная сіла й ціхая магутнасьць Беларусі.

Бо запавет Госпада й заснавальніка Беларусі – гэта запавет любові. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім – і палюбі блізкага твайго, як самога сябе”. (Лукі 10:27)

Бо толькі такая любоў можа пераплавіць увадно каталіцтва, праваслаўе й пратэстанцтва.

Толькі такая любоў здольная раздаць усю сябе па кавалачках суседзям.

Толькі такой любові пад сілу пераадолець жах нашых войнаў і нянавісьць іхніх імпэрыяў.

“Люблю Беларусь” – гэта элемэнтарная формула патрыятызму, спрошчаная ад крэда Беларусі: “Люблю, Беларусь”.

Любі Беларусь.

Бо ў любові да Бога, любові да бліжняга, любові да краіны – у гэтых трох іпастасях ЛЮБОВІ й заключаецца ўвесь сэнс беларускай нацыянальнай ідэі.

 

                З кнігі "Люблю Беларусь"


Ісус Хрыстос 26.06.2015 41


“Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.” (І Яна 4:15)

Беларусь стала Беларусьсю, калі прыняла Ісуса Хрыста. Беларусь перажывала максымальныя ўздымы сваёй гісторыі, калі верыла ў Ісуса Хрыста. Беларусь ахвяравалася, цярпела й прапаведвала, аддавала сябе ўсю, памірала й уваскрасала, як Сам Ісус Хрыстос.

Ісус Хрыстос, Сын Божы й Сын Чалавечы, Бог на 100% і Чалавек на 100%, Які прыйшоў у гэты сьвет, каб вярнуць чалавека да Бога, ахвяра за людзкія грахі, наш Госпад і Збаўца – увасоблены сэнс жыцьця Беларусі.

Быць у Хрысьце, ісьці за Хрыстом, славіць Хрыста ёсьць найвышэйшай і сапраўднай мэтай нацыянальнае ідэі. Наколькі блізкай да Хрыста была Беларусь, настолькі яна й была рэальнай.

Місія Хрыста – узяць на сябе грэх сьвету, ахвяравацца, паміраючы ў страшных пакутах, каб уваскрэснуць і даць людзям дарогу, праўду і жыцьцё – стала і місіяй Беларусі. Боль і любоў Ісуса Хрыста ў Сэрцы Эўропы дасягнула такой крытычнай канцэнтрацыі, такой вастрыні, што ўся беларуская нацыянальная ідэя ператварылася ў адзіны звышнатуральны эфэкт Ягонае прысутнасьці.

Празрыстая, поўная сьвятла Нагорная пропаведзь, простасьць, узьнёсласьць і напеўнасьць навучаньня, паэтыка прытчаў, цуды й вяршыні духу сярод няшчасьцяў і пакутаў – вы пазнаеце? Вось яна, краіна Ісуса Хрыста. Белая, чыстая, сьветлая.

Беларусь прапаведвала, вандравала й навучала, аддавала сябе цалкам, сьцякала крывёю, прададзеная юдамі, асуджаная, памірала за іншых – і ўваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Ісуса Хрыста. “Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом!” (І Да Карыньцянаў 15:57)

Беларусь – такое ж цудоўнае ўцелаўленьне Хрыста, як і ягонае нараджэньне ад найчыстае Дзевы Марыі 2000 гадоў таму. “Слова сталася целам” – фэномэн Божае волі, які лёгка ўгадваецца ў Беларусі. Таму гэта  да Беларусаў піша апостал Павал: “Апранецеся ў Госпада нашага Ісуса Хрыста”! (Рым. 13:14)

Прыняць і палюбіць Хрыста – значыць, зразумець Беларусь. Усё чалавечае й усё нацыянальнае тут правяраецца й вымяраецца Хрыстом.

Насьледуй Яму. Шукай сустрэчы зь Ім. Запытвайся ў Яго. Прасі Яго. Увесьчас. І тады табе стане ясна, што значыць: быць хрысьціянінам і быць беларусам.

Беларусь – вобраз і падабенства Хрыста. Вось чаму так хочацца стаць на калені пасярод беларускае зямлі, вось чаму так баліць і крывавіць, вось чаму так моцна Беларусь натхняе адчайных! Ягоная кроў на нашым сьцягу. Ягоная кніга – наш галоўны закон і падручнік.

Сярод гаротных і ўбогіх, пазбаўленых уласнага дома беларусаў нашае новазапаветнай гісторыі ласкавы й уладны Ісус.

У жахлівых ранах і бясконцых трываньнях Беларусі бязьвінны Ісус. На беларускім крыжы, на цяжкім скрыжаваньні, празь якое праходзілі сусьветныя войны й рэвалюцыі, распяты Ісус.

І ў сьпеўнай беларускай малітве, і ў высокай, тонкай веры, і ў вялікай шчымлівай любові ўсім сэрцам, усёй душой, усімі сіламі, у абуджэньнях і перамогах духу гэтай маленькай, трапяткой краіны Ісус!

Той, хто любіць Беларусь больш самога жыцьця, хто шукае крыніцаў і тайнаў беларускасьці, хто ўзіраецца ў глыбіні беларускае гісторыі й далячыні беларускае будучыні – урэшце рэшт, пачынае пазнаваць сьветлае аблічча Ісуса. Беларускае сьвятло ператвараецца ў азарэньне, асьвятляе ўсю дрыжучую й захопленую душу і патрабавальна вядзе за сабою да Валадарства Нябёснага.

Што можна дадаць?… Толькі паўтарыць сьледам за апосталам Паўлам: “Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым укрыжаванага” (І Да Карыньцянаў 2:2).

З кнігі "Люблю Беларусь"

чытаць іншыя навіны

Павел Севярынец