АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Яшчэ пра павагу да ворага

Беларусы і рускія ўсе праблемы на сваіх тэрыторыях вырашылі, застаецца толькі дапамагаць братам-украінцам, папярэдне вызначыўшыся з арыентацыяй дапамогі... От зноў не ўстрымаюся ад следвання гэтай тэндэнцыі... 

...Баюся моцна хваліць культуру самураяў, бо ведаю, што многа зла яны нарабілі. Але сярод дасягненняў гэтае культуры - павага да ворага. І яшчэ пранізвае сюжэты тут і там такая цудоўная катэгорыя, як "спагада ваяра" (у рускім перакладе - "сострадание воина"). 

Так, далёка не заўсёды паводзіны самураяў (і, так сказаць, пост-самураяў) адпавядалі гэтай ідэі. Але яна існавала і рэалізавалася. Часам вельмі фрагментарна, - калі падчас Другой Сусветнай храбра загінулых ворагаў з пашанай хавалі, а з жывых палонных найпаганейшым чынам здзекваліся... Часам лепей - падчас руска-японскай вайны пачатку ХХ стагоддзя да рускіх палонных ставіліся добра, што адзначаў і свяціцель Мікалай Японскі (Касаткін), і некаторыя замежныя назіральнікі...

Павага да ворага, да апанента, спагада да яго - вось што ў нас у вострым дэфіцыце. Асабліва павага.

Дужа мы хочам верыць, што наш вораг/апанент - сволач, нікчэмная, прадажная істота. Як быццам бы ўсведамленне, што ён насамрэч храбры і адданы, нас прынізіць. 

Ці мо занадта начыталіся мы хрысціянскага "Ўладара Пярсцёнкаў" і думаем у катэгорыях "Гондор і Мордор", а хрысціянскага Дастаеўскага падзабылі, - а той жа няблага ўказаў на тэрыторыю, па якой праходзіць мяжа паміж "Гондорам і Мордорам": "Тут дьявол с Богом борется, а поле битвы - сердца людей". 

Ёсць і іншы варыянт - не лічыць апанента за сволач, а болей верыць, што ягоныя матывацыі - не аўтэнтычныя, а яму аднекуль навязаныя. Напрыклад расійскай прапагандай ці госдэпам ЗША. 

А як па мне, дык перакананая: там, дзе ў народзе няма матывацыі, - нічога звонку не навяжаш... Наконт жа маральных якасцяў праціўніка... Мне, як прыхільніцы Майдана і незалежнай Украіны, хацелася б верыць, што прарасійскасць = сволачнасць і нізасць. Тым болей што мяне, як праваслаўную беларуску дэмакратычных поглядаў, ужо ў каля-царкоўным асяроддзі "прарасійскі" кірунак думкі - мяне во як дастаў!!! Хоць гэта не так распаўсюджана ў Царкве, як здаецца, але ж - во дзе сядзіць!!.. 

Ды занадта добра я ведаю гэтую "прарасійскасць" і "антызаходніцкую міфалогію", і ведаю, што людзі, якія "вызнаюць" гэтыя ідэялогіі - у сваім мностве веруючыя, добрыя і мужныя людзі. 

...Ну а наконт "прарасійскіх", якія гатовыя не залівацца інтэрнэт-брэхам, а нешта рабіць, і нават рызыкаваць сваімі жыццямі і гінуць... Прыходзіцца ўсведаміць, што яны заслугоўваюць павагі. Ну, я не кажу пра тых, хто здзекваўся з украінскіх актывістаў, - але астатніх можна паважаць за гатоўнасць змагацца за сваю зямлю так, як яны гэта лічаць правільным. 

Прамільганула ў сацыяльных сетках выказванне, што маўляў кожны, хто ўзяў у рукі зброю, - злачынца. Гандзі і М.Л. Кінг па-ранейшаму для мяне крыніца натхнення, але ж мне падаецца так: амаль кожны, хто гатовы ўзяць у рукі зброю, каб абараняць бліжніх, сям'ю, ідэю - заслугоўвае павагі. Дый калі чалавеку проста заплацілі - па-першае, усё адно каб узяць зброю трэба мець пэўную храбрасць, а па-другое - калі ён і наняўся, то можа і верыць, што працуе на дабро.

Так, хацелася б лічыць "прарасійскіх" дый таямнічных прыезжых "баевікоў" за рабоў, "бяздушных наймітаў" ці злыдняў. Хаця чым такая раскладка нас бы ўзбагаціла? Нічым. А вось павага да ворага, спагада і малітва за ўсіх, хто пакутуе ці загінуў - узбагаціць кожнага. 

Прынамсі, павага і малітва, нейкія праявы чалавечай (не кажу пра палітычную!) салідарнасці - ці не ёсць гэта часам адзіным спосабам рэалізаваць любоў?..

А што зусім жахліва і недапушчальна, дык гэта зларадства. Ці спачуванне загінулым ці параненым згодна з іх палітычнай арыентацыяй: адных шкадуем, іншых - не... Ну харашо, халера, не ўстрымаліся ад зларадства, нянавісці і іншых паганых пачуццяў... Але ж давайце ніколі не лічыць гэта за норму!.. 

.
04.05.14 20:43
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич