АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Дзень Казанскай іконы для праваслаўных беларусаў

Надыходзіць свята, нязручнае для праваслаўных свядомых беларусаў. 4 лістапада - дзень Казанскай іконы Божай маці. 

І ўжо асабліва непрыемным для мяне ёсць не само свята, а тое, што вялікая частка праваслаўных беларусаў не адчувае ніякай нязручнасці і спакойненька святкуе дзень паразы сваіх продкаў. 

Продкаў ці не - гэта іншае пытанне. Заўжды скептычна ставілася да ганарлівага словазлучэння «нашыя продкі» адносна гістарычных падзеяў. На мой сорам, не пра ўсіх сваіх продкаў я ведаю, чым яны займаліся, каго падтрымлівалі і з кім змагаліся. Але гаворка аб тым, каго мы лічым сваімі продкамі ў плане культуры, дзяржавы, супольнасці. 

У 1612 г. маскавіты вымалілі ў Найсвятой Багародзіцы перамогу. З Яе дапамогай здолелі выставіць з Масквы акупантаў-палякаў.

Нюанс у тым, што тыя «палякі» былі збольшага з нашай зямлі. З Вялікага Княства Літоўскага. Якое тады прэтэндавала на лідэрства на «рускіх» землях. 

Можна крыўдзіцца, што лёс павярнуўся такім чынам, што не мы, а маскавіты зрэшты атрымалі палітычную перавагу. Можна нават марыць: а як бы добра было, калі б мы зараз былі цэнтрам рускай імперыі, мелі бы многа-многа ўлады, і не ў нас была бы маскоўская пагроза, а мы бы самі пагражалі суседзям, а то і выраблялі б на іх тэрыторыях дзіўнаватыя ваенныя аперацыі, і яшчэ - мроя з мрояў! - у нас была бы наймацнейшая прапагандысцкая машына, з дапамогай якой мы бы залівалі людзям мазгі тым чым нам трэба… А тых, хто з намі не згодны, мы бы абзывалі здраднікамі… А наконт тых, хто хоча незалежнасці, мы бы дадавалі, што яны здрадзілі нашаму адвечнаму славянскаму брацтву… 

Гожа? Можа, менавіта ад гэтага і абараніла нас Найсвятая Багародзіца, калі дапамагла прагнаць нашых продкаў з Масквы?.. Канешне, то фантазіі, але ці многа ў нас падставаў для ўпэўненасці, што мы паводзілі б сабе лепей?.. 

Так ці інакш, але варта памятаваць вось што: Найсвятая Багародзіца дапамагла не «нашым», а маскавітам, тады, калі «нашы» прыйшлі на чужую зямлю - у Масковію. Будзьма спадзявацца, што Яна дапаможа нам, калі маскавіты - ці яшчэ хто - прыдуць з уладнымі амбіцыямі на нашую зямлю. І вызваліць - і нас, і нашых усходніх суседзяў, - ад іншых варыянтаў акупацыі і узурпацыі (як тут ня ўспомніць нават і «Багародзіца, Пуціна прагані»). 

Таксама варта ўзгадаць, што гэта не адзінае праваслаўнае свята, падчас якога некаторыя народы святкуюць сваю паразу. Іншы прэцэдэнт - гэта свята Пакрову Найсвятой Багародзіцы для рускіх: ёсць падставы сцвярджаць, што ворагі, ад якіх Багародзіца абараніла люд Канстантынопаля, з’яўляліся продкамі сучасных славян. Яшчэ больш забаўным прадстаўляецца святкаваць перанясенне мошчаў Свяціцеля Мікалая ў Бары: мошчы былі выкрадзеныя з усходнехрысціянскіх земляў і перавезеныя на тэрыторыю дзе Рымская царква. Але праваслаўныя святкуюць. Кожны з такіх прэцэдэнтаў паказвае, што вера дапамагае глядзець шырэй за нацыянальныя амбіцыі. 
.
03.11.14 13:27
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич