АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Міграцыйны крызіс: што адбываецца ў Бельгіі

Жыву я зараз ў Бельгіі. Не ў Брусэлі, у невялікім гарадку, - затое проста насупраць лагеру бежанцаў.

Калі б мяне папрасілі абмаляваць у двух словах сітуацыю з мігрантамі - азначыла бы так.

Маса бежанцаў з Сірыі, ахопленай вайной і тэрорам "ісламскай" "дзяржавы" - раз.

Некаторыя бежанцы і бежанкі, з якімі вітаемся на вуліцы - відавочна з Сірыі. То сцвярджае мая мама, якая яшчэ ў СССР крыху ведала сірыйцаў і нават ледзьве за аднаго сірыйца замуж не выйшла (таму кажа, што і сама магла бы зараз кантавацца у такім цэнтры...).

Да гэтай масы раз дадаецца маса два - людзі, якія выкарыстоўваюць вайну ў Сірыі як магчымасць эміграваць у заможныя краіны Захаду. Іх можна параўнаць з тымі палітуцекачамі з Беларусі, якім насамрэч не пагражалі на Радзіме ані турма, ані рэпрэсіі - але якія выкарысталі палітычную сітуацыю ў мэтах пераезду на Захад. З папраўкай на большую масавасць.

Тое, што гэта не столькі бежанцы колькі мігранты - паказвае сацыялогія. Большасць - маладыя мужчыны. Г.зн., найболей сацыяльна актыўная катэгорыя, якая якраз і схільная да такіх рызыкаў інвеставання ў будучыню, як іміграцыя. Гендэрная ж дыспрапорцыя, відавочна, абумоўленая недахопам эмансіпацыі: пакуль большасць жанчынаў у арабскіх краінаў не настолькі сацыяльна актыўныя і незалежныя, каб пускацца ў міграцыю ў адзіночку...

Цяперашні міграцыйны крызіс асабліва востра адлюстраваў праблему, якая ўзнікла ўжо даўно ў краінах з развітай сістэмай сацыяльных абаронаў: іміграцыя, не абумоўленая наяўнасцю працоўных месцаў.

Гэта пабочны эфект такіх рэалій, як магчымасць выжыць без працы плюс жаданне вялікай колькасці людзей жыць у заможных краінах Захаду, дзе працоўны чалавек можа сабе дазволіць неблагую хату і паесці часам у кітайскай забягалаўцы, а непрацоўны - худа-бедна ды выжыве, а калі не п'е то і часам мяса паесцi.

Да такога кшталту міграцыі, толькі на некалькі гадоў ранейшай, належу і я. На шчасце, зараз я маю працу, і гэта далёка не першая мая праца ў Бельгіі - але перыяды беспрацоўя ў мяне былі. А ехала я паводле ўз'яднання сям'і, са спадзевам некалькі месяцаў інтэнсіўна папрацаваць, крыху зарабіць і вярнуцца - але ў першыя некалькі месяцаў працы не знайшлося, знайшлася яна потым, а потым праца-вучоба, іншыя абставіны - і вось я ўсё яшчэ тутака...

Хацелася б развянчаць міф аб мігрантах, якія прагнуць жыць на "сацыяле".

Імігранты, якая прыязжаюць на сацыял, сваёй большасцю мараць не аб сацыяле, а аб знаходжанні працы. З чым якраз і праблема, прычым з велізарнымі перакосамі кшталту падвышэння пенсійнага ўзросту і працягвання скарачэнняў і эканоміі на працоўных месцаў, дзіўнай сітуацыі калі трымаць людзей на дапамозе па беспрацоўі лягчэй, чым даць ім працу - дзіўна але так!.. Канешне ж, ёсць і людзі, арыентаваныя працаваць як мага меней - але гэта толькі частка. Гэтая частка, што праўда, зусім бы не ехала, калі бы была магчымасць даць усім працу. Але ж каб унесці яснасць у тэматыку, падумаем: што бы мы рабілі на месцы гэтых людзей? Няўжо не скарысталі бы з магчымасці жыць у лепей арганізаванай краіне? Праўда палічылі бы за лепшае цяжка працаваць за капейкі у Ліване ці Алжыры? Ну мо і так...

Міграцыя, якую няма магчымасці забяспечыць працай - сацыяльная праблема.

Ёю абумоўленая яшчэ адна спецыфічная праблема: перашкоды на шляху нармалёвага прыёму бежанцаў.

Вялікая колькасць людзей, сапраўдных бежанцаў у сапраўды крытычнай сітуацыі, - не можа атрымаць належнай дапамогі. Дапамогу ж атрымліваюць людзі, якія меней маюць у ёй патрэбу. Болей за тое, такім чынам на вайне нажываюцца нелегальныя перавозчыкі, падробшчыкі дакументаў і г.д.

Мажліва, дамова з Турцыяй, паводле якіх новых мігрантаў будуць дэпартаваць у Турцыю, а замест іх браць у Еўропу відавочна сапраўдных сірыйскіх бежанцаў - дапаможа. Гэта адна з тэхнічных спробаў вырашэння праблемы.

Многія зараз лічаць, што трэба не прымаць бежанцаў у Еўропе, а толькі дапамагаць ім на месцах, у блізкаўсходніх лагерах. Часткова мо такі погляд правільны - але, на нашую думку, толькі часткова. Патрэбная і дапамога не месцах, і тэхнічнае вырашэнне праблемы міграцыйнага крызісу; але адмова ад прыёму бежанцаў у Еўропе падаецца здрадай прынцыпам еўрапейскага гуманізму.

Як паводзяць сабе бежанцы і мігранты? - Усе па-рознаму, у асноўным - законапаслухмяна. Што лагічна хаця б з таго пункту гледжання, што людзям, якія дабраліся да Еўропы, патрэбныя дакументы і не патрэбная дэпартацыя.

Праблемы ёсць, што адлюстроўваюць і навагоднія беспарадкі ў Кёльне, і той чалавек, які маме скорчыў фізіяномію. Праблемы не меней сур'ёзныя ад іх карыкатурнага перабольшвання і фэйкаў у расейскіх і іншых ўсходнееўрапейскіх СМІ; і зараз яны ў працэсе вырашэння, спадзяюся што паспяховага.

Варта падкрэсліць і тое, што як у Германіі маса бежанцаў была ў шоку ад кёльнскага хуліганства, так і ў нас на аднойчы бачаную скорчаную фізіяномію прыходзіцца штодзённае вітанне і нармалёвыя паводзіны насельніцтва лагеру бежанцаў.

Нарэшце, паспрабуем пракаментаваць погляды тых беларусаў, якія часам звязваюць выбухі ў Брусэлі з мігранцкім крызісам, а таксама лічаць шырокую прысутнасць мусульманаў дэструктыўнай для Еўропы.

Сувязь паміж выбухамі і прыбыццём мігрантаў ёсць. Але яна ў тым, што і плынь бежанцаў, і разрастанне тэрарыстычнай "ісламскай" "дзяржавы" - гэта праблемы, якія ўзніклі ў працэсе ваеннага канфлікту ў Сірыі. Тут можна вінаваціць і дыктатуру Асада, і краіны Еўропы, якія часам падтрымлівалі ўсходніх дыктатараў, і амерыканскае ўваходжанне ў Ірак... Ну, можна яшчэ вінаваціць рэвалюцыянераў, але ж воран ворану вока не выклюе ))

А вось думка, што прыём бежанцаў падвышае пагрозу тэрарызму - падаецца нам сумнеўнай. На жаль, у ігіладэбіла дастаткова падтрымоўцаў і без бежанцаў. Дастаткова - ня значыць замнога; але ж для тэрарызму нават не заўсёды патрэбная вялікая колькасць (Брэйвік был адзін) - у тым і праблема...

Што датычыцца да шырокай прысутнасці мусульманаў у Еўропе - гэта цікавая праблематыка. З аднога боку, большасць мусульманаў лічыць тэрарыстаў немусульманамі (гл. папярэдні допіс), лічыць, што Каран забараняе такія дзеі. Гэта значыць, тэрарыст - ён калі і мусульманін, то нерэпрэзентатыўны.

Другі бок у тым, што хвароба ігіладэбілу распаўсюджваецца ўсё ж сярод людзей, якія лічаць сабе мусульманамі.

З гэтай нагоды нашыя радыкальныя суайчыннікі прапануюць рэпрэсіўную мадэль, у якой за дзеі тэрарыстаў маюць калектыўна адказваць усе мусульмане.

Наколькі гэта гуманна? - Ноў комэнт! Наколькі эфектыўна? - Ёсць погляд, што ісламафобія і дыскрымінацыя мусульманаў на Захадзе якраз і патрэбная "ісламскай" "дзяржаве", каб абгрунтваць сваю антызаходнюю ідэялогію ды папаўняць свае шэрагі пакрыўджанай моладдзю з Еўропы...

Ці ёсць крытычная маса людзей з нееўрапейскіх культураў, якую Еўропа можа інтэграваць? Калі так, ці набралася яна ўжо? А можа, крытычная маса - гэта ілюзія? Усё гэта патрабуе дыскусіі.

Так ці інакш, імігранцкая шклянка інтэграцыі ў Еўропе для мяне як для аптыміста поўная не напалову, а амаль напоўніцу. Што канешне ж не адмаўляе сур'ёзнасці праблемаў і неабходнасці іх вырашаць.

Вашая пакорная служка марыць пра вынаходжанне спосабаў даць усім жадаючым магчымасць рабіць унёсак у дабрабыт грамадства...

Сярэднявечныя князькі ваявалі не столькі за зямлю, сколькі за людзей, якія будуць працаваць, узбагачаючы дзяржавы; запрыгоньванне сялянаў - таксама вынік жадання мець людзей. Зараз у багатыя краіны людзі едуць самі - якая ж недарэчнасць, што яны пры сваім жаданні не заўсёды могуць працаваць на карысць грамадства, якое іх (НАС)) прыняла!

Спадзяюся, што гэты перакос у хуткім часе будзе выпраўлены. Часам думаю, што савецкая ўсеагульная занятасць была заганнай не ў сваёй аснове, а збольшага з-за коснасці сістэмы, з-за адсутнасці свабоды і прасторы для ініцыятывы. Але ўсё ж ні ў якім разе не хацела бы дакаціцца да сістэмы прымусовай працы. Хутчэй мяне цікавяць спосабы занятасці беспрацоўных за дадатак да дапамогі. Напрыклад, я было ў перыяд беспрацоўя займалася прыборкай - за невялікі але афіцыйны дадатак. Здаецца, можна было бы пашырыць гэтую сістэму... Так ці інакш, спадзяюся, грамадства паступова выправіць перакосы кшталту брудных вуліцаў у спалучэнні з чаргой жадаючых устроіцца прыбіральшчыкам, старых якія ўсё не могуць выйсці на пенсію і маладых якім цяжка знайсці працу, паўзучых скарачэнняў персанала ва ўсіх сферах і масы людзей без працы...

Але гэта ўжо іншая тэма, пра якую хачу напісаць. А наконт міграцыйнага крызісу і іншых праблемаў і небяспекаў - дабраславі Божа хрысціянскую, мультыканфесійную, гуманную, талерантную, разнастайную, рознакаляровую і ўсякую добрую, прыемную і вольную Еўропу!

28.03.16 19:42
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич