АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

БХД, ЛГБТ і заняткі фемінізмам

Папярэдні мой допіс - у якім я ўказвала на тое, што тэма ЛГБТ ёсць прадметам хрысціянскай дыскусіі  выклікаў цікавую рэакцю спадара Севярынца, які прапануе выключыць мяне з партыі.

Што на гэта хачу сказаць. Ідэя хрысціянскай дэмакратыі мне дарагая. Ну а пытанне, наколькі я магу быць сябрам БХД, хай вырашае сама партыя. Я так марыла аб шчаслівым дні рэгістрацыі партыі і атрыманні партбілета, а тут прыходзіцца яго загадзя класці на стол - ну ды бывае...
Партыя гэта мне, адзначу, досыць дарагая, яна ўвесь гэты час была для мяне асяродкам свабоды і актыўнасці, а таксама маральнай падтрымкі. Таму і хацелася бы, каб партыя прымала ў сабе шырокі спектр асобаў і меркаванняў, а не ператваралася ў вузкі асяродак барацьбы за смутна і інэртна зразуметыя традыцыйныя каштоўнасці. 

Паказальны парадокс: мяне з ходу абвінавацілі ў вызнанні гомасэксуальнасці за норму. У той час як такога ў тэксце няма! А ёсць сумневы і пытанні. Што я дакладна сцвярджаю, дык гэта толькі тое, што гэта тэма для маральнай дыскусіі. І тое, што - і гэта найбольш важны тэзіс - глыбока памыляюцца тыя, хто стэрэатыпна лічыць тэму правоў ЛГБТ прапагандай распусты ці ўсёдазволенасці. Не, гэта можа быць дзесяць разоў трагічная памылка, мажліва, вычварэнне, - але не распуста і не ўсёдазволенасць.

Калі роўнасць правоў ЛГБТ у цяперашнім выглядзе, распаўсюджаным на Захадзе, ёсць памылкай - то хрысціянам трэба глыбока прааналізаваць гэтую памылку і сумленна адшукаць адказ на пытанні. Калі я памыляюся, то мае развагі могуць даць матэрыял для анатоміі адной са шматлікіх хрысціянскіх памылак. Нагадаю, што сярод хрысціянскіх памылак былі такія, як апраўданне рабства і прыгоннага права, адмаўленне свабоды выбару веры, і нават інквізіцыя; і трэба тут не толькі асуджаць, але і аналізаваць, якім чынам хрысціяне дайшлі да такога жыцця.

Што ж да ЛГБТ, то рух за іхнія правы ў многім змыкаецца з антыдыскрымінацыйнай тэматыкай увогулле - з барацьбой супраць штодзённай несправядлівасці ў адносінах да жанчын, да людзей пэўных расавых і іншых сацыяльных групаў...

Тэматыка тут шырокая. Увайсці ў яе напоўніцу некаторым перашкаджае забабон, што нібыта большы кансерватызм зробіць іх лепшымі хрысціянамі.

Перакананая: ані кансерватызм, ані ліберальнасць, ані правасць, ані левасць, - не зробяць нас лепшымі хрысціянамі.

Гамафобія - не панацэя ад страчвання сваёй хрысціянскасці ці тым болей маральнасці. Пазіцыя па ЛГБТ нічога не кажа пра маральны воблік чалавека (калі толькі ён не заклікае, хіба, забіваць геяў ці надварот усім займацца аднаполым сэксам). Ёсць многа падставаў назваць мяне благой хрысціянкай - але яны не звязаныя з пазначанай тэмай...

Можна, канешне, і хавацца за звыкла-стэрэатыпнымі фармулёўкамі. Прынамсі, спадара Паўла можна тут хутчэй прабачыць, чым кагосьці іншага - бо ён столькі працуе на карысць Айчыны, што наўрад ці мае час "займацца фемінізмам". Таму ў мяне не падымецца рука абвінаваціць яго ў няведанні тых напрамкаў фемінізма, якія маглі б яго зацікавіць - напрыклад, ці знаёмы спадару Паўлу пралайф-фемінізм, актыўнасць феміністак, якія выступаюць супраць абортаў?..

Шум падняўся нездарма - бо тэма відавочна важная, і эксцэсы ў яе рамках - дужа паказальныя. Павал Севярынец можа выказваць свае меркаванні, мець рацыю ці памыляцца ў гэтым пытанні. Але ён не можа выключыць гэтую тэму з не толькі з агульнаграмадскага, але і з унутрыхрысціянскага дыскурсу. Пакуль я не бачу адказу - такога адказу, які быў бы не суха-тэарэтычным, а акрыляў бы, напаўняў бы жыццё большай радасцю і свабодай.

Пастскрыптум: ці трэба мне ўдакладняць - калі раптам хто хвалюецца - што я гетэрасэксуальная? Ну, удакладніла. Удакладню і тое, што ў Заходняй Еўропе, дзе тэматыка ЛГБТ даволі папулярная, яшчэ ніхто не спрабаваў заахвоціць мяне да аднаполых стасункаў.

.
07.06.16 12:29
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич