АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Унёсак БХД і Маладога Фронту ў роўнапраўе жанчын

Крытыкуючы погляды адной з сяброў БХД адносна ЛГБТ, адзін з лідараў БХД заадно стварыў мем “займацца фемінізмам”. 

Трэба адзначыць, што гэты аўтар стварыў мноства мемаў і брэндаў, некаторыя з якіх былі паспяхова скрадзеныя дзяржавай ("Горад наш!", сардэчка з "Люблю Беларусь")... Але апошні мем выклікаў не бігборды, а інтэрнэт-пацеху, у тым ліку са скрыншотамі размовы, у якіх ахвярны змагар за беларускую свабоду выглядае ледзьве не праціўнікам жаночага роўнапраўя.

Адкінуўшы ўбок цікавае пытанне аб тым, чаму грамада так “плаўна” перайшла ад ЛГБТ да фемінізму, - паразбірамся з рэальнай сітуацыяй з роўнапраўем жанчын ў хрысціянскім сегменце беларускай апазіцыі.  

У якасці прыкладу возьмем БХД і Беларуска-Еўрапейскае Задзіночанне (у якіх актыўнічаю непасрэдна), а таксама Малады Фронт (з якім шмат перасякалася).

Грамадзянская актыўнасць жанчыны там натуральна з’яўляецца нормай.  Падчас акцый і дыскусій за гарбатай я адчувала сабе роўнапраўным і паважаным таварышам. Што яшчэ асабліва адзначу, дык гэта тое адчуванне свабоды, якое суправаджала мяне заўжды падчас удзелу ў дзейнасці гэтых арганізацый. Ці варта ўзгадваць, што ніхто там мяне не адправіў дамоў варыць боршч?..  Ці варта асобна ўзгадваць, што лідары-мужчыны (Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Зміцер Дашкевіч, Зміцер Піменаў) з павагай і заахвочваннем ставяцца да ўдзелу жанчын ва ўсіх акцыях? Скажаце, што гэта натуральна ўвогулле для беларускага грамадства? – Ну, не зусім, бо не ва ўсіх асяродках так...

З пачутых мной за жыццё выказванняў кшталту “палітыка – не жаночая справа” я толькі аднойчы пачула такое ад сябра БХД – што цікава, ад дзяўчыны, зацятай змагаркі, якая прызналася што не жадае прымяраць гэты свой тэзіс на сабе. Але то было раз і ў жартаўлівым тоне, а болей я там ня чула скепсісу наконт жаночага актывізму.

Жанчын у БХД, Маладым Фронце і Беларуска-Еўрапейскім задзіночанні - багата. Каб не быці галаслоўнай, падлічыла колькасць знаёмых (у рознай ступені) сяброў БХД – мужчынаў і жанчынаў. Лічыла спачатку па памяці, потым – па колькасці знаёмых з групаў БХД і МХД ў фэйсбуку. Жанчын атрымалася, паводле пазначаных падлікаў, 53%, 50% і (МХД) 62% !

Сустаршыні БХД, усе чатыры – мужчыны; але хапіла жанчын на кіруючых пасадах наступнага за імі звяна (рэгіянальныя каардынатаркі Таісія Кабанчук і Таццяна Севярынец, кіраўніцы моладзевай арганізацыі (у розныя перыяды) Любоў Каменева і Марына Хоміч, старшыня аргкамітэта Вольга Кавалькова.

У “Маладым фронце” працэнт дзяўчын аказаўся меньшым за хлопцаў – 22%. Што праўда, падлік здзяйсняўся па-іншаму – паводле зборніка інтэрв’ю актывістаў “Маладафронтаўцы”. Але ў астатнім адчуванне тое ж. Сярод найбольш заўважных актывістак – дзяўчыны.

БХД і МФ і Задзіночанне - дужа каштоўныя ў плане жаночага, выбачаюся за “лаянку” эмпаўэрмента. Empowerment – узмацненнe, набыццё жанчынамі сілы. Удзельнічаючы ў грамадскай працы, у змаганні  за свабоду, у тым ліку атрымліваючы падтрымку сяброў у гэтым змаганні, актывісткі адчуваюць сабе актыўнымі і адказнымі членамі супольнасці і “баявымі адзінкамі” ў будаўніцтве вольнай Беларусі.

Адной з праблемаў, з якімі змагаюцца феміністы і феміністкі, ёсць аб’ектывацыя жаночага цела ў вобразах, з прадстаўленнем жанчыны як эратычнага аб’екту, не асобы, а прадмета для задавальнення мужчынскіх пажадаў. І вось якраз гэтай праблемы ў МФ і БХД ня бачу! Кансерватыўныя хрысціянскія погляды перашкаджаюць сябрам тыражыраваць пажадліва-камерцыйна прадстаўленае жаночае цела. З іншага боку, не сустракала таксама і прапановаў адпавядаць нейкаму “традыцыйнаму” ці сціпламу стылю ў адзенні.  .

З 35 першых жаночых вобразаў, якія выдаў беларускі гугл на запыт “малады фронт” – 20 вызначаліся выразным эмпаўэрментам, бо жанчына на іх – гэта вобраз адважнай змагаркі-актывісткі! А аб’ектывацыі і дыспаўэрменту не сустрэлася ўвогулле – калі толькі не лічыць за дыспаўэрмент тое, што на двух здымках дзяўчыну хапаюць міліцыянты (калі вы так лічыце, то ад дваццаці адыміце два; але ж гэтае насілле яўна мае не гендэрны характар , а хутчэй выступае атрыбутам ахвярнага змагання на роўных з мужчынамі). Яшчэ ў васьмі вобразах жанчына прадстаўленая ў традыцыйнай ролі (каханне, шлюб). У двух вобразах, што цікава, мужчына трымае на руках дзіця, што паказвае, што сямейна-бацькоўскія абавязкі не лічацца справай адно жанчыны. На фатаграфіях па запыце пераважаюць твары Зміцера Дашкевіча і Насты Дашкевіч (Палажанкі). Гэтыя мужчына і жанчына, каханне якіх развілася на глебе агульнай справы, на роўных зрабіліся тварамі Маладога Фронту, у чым назіраецца гарманічны гендэрны баланс. Наста зрабілася тварам МФ даўно і незалежна ад Зміцера.

Беларуска-Еўрапейская Задзіночанне я не лічыла колькасна ці кантэнтна, бо ведаю толькі ў выглядзе яго бельгійскай частцы, якая гуртуецца вакол грэка-каталіцкага прыходу ў Антвэрпене, і дзе лідар Зміцер Піменаў. Але магу сказаць з досведу, што ў гэтай супольнасці я сустрэла тое ж, што падчас актыўнасці ў БХД: адчуванне свабоды і павагі да сабе,у спалучэнні з хрысціянскай арыентаванасцю.

Абвінавачванні ў антыфемінізме ўзнікаюць у асноўным на глебе таго, што БХД і МФ займаюцца змаганнем супраць абортаў. Тут праблема ў тым, што, калі глядзець тэму змагання з абортамі па грамадству ў агульным, то, на жаль, многа дзе гэта спалучаецца са спробамі прымусіць жанчын заставацца ў рамках сваіх традыцыйных роляў. У той час як у прафілактыцы абортаў можа добра спрацаваць процілеглае – абарона правоў жанчын. Бо фактарам, які правацыруе аборты, ёсць несалідарнасць грамадства з жанчынай і дыскрымінацыя, асабліва – працоўная дыскрымінацыя жанчын якія маюць дзяцей. Але гэта асобная і цікавая тэма.

Увогулле ж, спроба міні-даследвання падцвярджае маё ўражанне: у БХД і ў Маладым Фронце сітуацыя з роўнапраўем жанчын вельмі добрая. Упэўненая, што там справы абстаяць многа лепей, чым у беларускім грамадстве ў агульным.

Тым не меней, актывісты і актывісткі часта скептычна выказваюцца пра фемінізм. Мяркую, гэтая  сітуацыя змянілася бы, калі бы яны азнаёміліся з феміністычнай тэматыкай. Але пакуль што ўвогулле ў беларускім грамадстве “фемінізм” – гэта панятак, зразуметы міфалагізавана.

.
10.06.16 7:27
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич