АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Вобраз жанчыны ў Паўла Севярынца

-такую тэму для кантэнт-аналізу магу падкінуць спадарыням феміністкам. Працэс аналізу будзе прыемным, вынік – таксама.

У арганізацыях, узначаленых спадаром Паўлам, жанчыны дзейнічаюць на роўных з мужчынамі. Досвед змагання за свабоду поплеч з сябрамі абодвух палоў адбіўся, да прыкладу, у тэкстах, якімі Севярынец характарызуе адзінаццаць выбітных актывістак  у кнізе “Маладафронтаўцы”. Паўтаральны матыў там – мужнасць дзяўчын, іх храбрасць у экстрэмальных сітуацыях (да прыкладу, паўтаральны эпітэт – “пантэры баявога спецназу Маладога Фронту”), у спалучэнні з прыгажосцю і жаноцкасцю.

Севярынец на практыцы падтрымлівае жаночае лідарства. І ў МФ, і ў  БХД нямала дзяўчын і жанчын займала і займае кіруючыя пасады (Наста Палажанка-Дашкевіч, Наста Азарка, Любоў Каменева, Марына Хоміч, Вольга Кавалькова...).  У адным з інтэрв’ю спадар Павал выказвае думку, што ў гісторыі Беларусі  жанчыны неаднаразова выступалі як духоўна-маральныя лідары, і прыводзіць у прыклад Еўфрасінню Полацкую і інш.

У кнізе Севярынца “Люблю Беларусь” сярод выбітных дзеячаў беларускай гісторыі ўзгадана нямала жанчын.  Мужчынаў там узгадана, канешне, болей, але якасная рэпрэзентацыя жанчын вельмі годная!

Таксама не хварэе Севярынец на аб’ектывацыю, бо не глядзіць і тым болей не распаўсюджвае сэксісцкія вобразы і ніколі не назаве жанчыну “бабай” ці “цёлачкай” – на жаль, у адрозненне ад некаторых іншых ліберальна-дэмакратычных актывістаў.  Да парнаграфіі і прастытуцыі, відавочна, Севярынец ставіцца цалкам адмоўна і ніколі не прапануе легалізаваць гэтыя ганебна-сэксісцкія з’явы.

У праграме БХД ёсць словы пра антыдыскрымінацыйныя меры наконт працаўладкавання жанчын. Можа быць, гэта адзіная апазіцыйная партыя ў Беларусі, якая ўздымае жаночае пытанне!

Але галоўнае для мяне нават не гэта, а тое, што ў БХД я заўжды адчувала сабе роўнапраўным таварышам. Адчуванне свабоды і падтрымкі сяброў – гэта самае тое для эмпаўэрменту!

Таму, спадарыні-адзінадумцы-феміністкі, завяраю, што спадар Павал дэ-факто наш хаўруснік.  Можна і нават варта пасмяяцца з некаторых яго выказванняў. Але калі разважаць пра асобу, то многа болей за словы і тэорыю важаць справы і практыка!

.
12.06.16 22:25
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич