АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Жаночае роўнапраўе як прафілактыка абортаў

Каб дыскусія пра аборты і іх прафілактыку зрабілася плённай - мяркую, трэба сыходзіць з такіх пастулатаў.

А - дзіця ва ўлонні маці з'яўляецца чалавекам.

Б - цела жанчыны з'яўляецца яе ўласнасцю.

Супярэчнасць паміж гэтымі пазіцыямі - ілюзія. Шкодная ілюзія, якая спрычыняецца да таго, што другі аргумент выкарыстоўваецца ў апалогіі аборту, а першы бярэцца на ўзбраенне людзьмі, якія ігнаруюць правы і патрэбы жанчыны...

Першая пазіцыю лёгка аргументаваць не толькі цытатамі з Бібліі, але і звычайным падручнікам біялогіі, які паказвае ўнутрыўтробнае развіццё чалавека, так што робіцца ясна: з моманту зачацця дзіця ва ўлонні маці - жывая істота, якая мае поўны генэтычны код чалавека. Чалавек не развіўся з эмбрыёна ці немаўляці - ён проста быў спачатку эмбрыёнам, потым немаўлём, ну а потым падлеткам і дарослым.

Наконт правоў уласнасці жанчыны на яе цела крыху складаней. Мяркую, некаторыя хрысціяне могуць у адказ цытаваць апостала Паўла, які кажа: «… аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, Богу спадобную: на разумнае служэньне ваша…» (Рым.12:1) - кажучы гэтым, што свае целы трэба прыносіць у ахвяру. На гэта можна адказаць пытаннем: а ці раіў калі Бог чалавеку прыносіць Яму ў ахвяру тое, што чалавеку першапачаткова не належыць? У Ветхім Запавеце ў ахвяру патрабуецца прыносіць тое, што ўжо належыць чалавеку (хатнія жывёлы, ураджай...). Дзьве лепты, гераічна ахвяраваныя беднай удавой (у Новым Запавеце, Мк. 12:41—44 і Лк. 21:1—4) таксама былі ўласнасцю гэтай жанчыны. Канешне, кожная ўласнасць хрысціянінам асэнсоўваецца як дар Божы, на які толькі Бог мае абсалютнае права - але гэта іншая тэма, якая да таго ж не адмяняе павагі да ўласнасці, зафіксаванай у запавеце "не крадзі".

Калі цела жанчыны ёсць яе ўласнасцю, то выношванне і роды варта разглядаць як высакародны акт донарства. Жанчына ахвяруе і рызыкуе чымсьці многа даражэйшым, чым матэрыяльная ўласнасць: сваім целам, часткай свайго здароўя.

Хтосьці лічыць гэта аргументам за права на аборт, кажучы, што нельга прымушаць да донарства. Але ў адказ можна прывесці шэраг сітуацый, калі ратаванне жыцця бліжніх прымушае нас рабіць выключэнні з абсалютнасці права ўласнасці. Прыклады? - Найперш, усеагульны воінскі абавязак у выпадку нападзення на краіну! Дый такая ўласнасць як коні і джыпы - ў выпадку вайны можа быць выкарыстаная ў абавязковым парадку. Ці было добрахвотным, нарэшце, у ваенныя гады донарства крыві? А яшчэ каталіцкае багаслоўе, наколькі ведаю, апраўдвае крадзёж з мэтай ратавання жыцця...

Але ў выпадках, калі ў мэтах ратавання чалавечага жыцця прыходзіцца змушаць чалавека да ахвяравання сваёй маёмасцю, узнікае пытанне: а як мы гэта яму кампенсуем? Ветэраны вайны карыстаюцца справядліва ільготамі і павагай, а таксама бываюць узнагароджаныя. Донары крыві атрымліваюць у нашай краіне грошы. А на што можа разлічваць жанчына, у якой незапланаваная цяжарнасць сталася экстрэмальнай сітуацыяй? На якую падтрымку і салідарнасць? На жаль, пакуль што - у асноўным на добрыя парады і словы аб жаночым прызначэнні, а ў астатнім - на жорсткую працоўную дыскрымінацыю і на затраты, якія грамадства амаль не кампенсуе.

У сувязі з гэтым, у мяне ёсць мара.

Каб прызначылі вялікую прэмію за нараджэнне дзіцяці. Каб на гэтую прэмію можна было камфортна пражыць так паўгадкі!

Прычым я пра прэмію менавіта для жанчыны! Аб дапамозе на дзяцей гаворка пойдзе, калі жанчына вырашыць пакінуць дзіця сабе. А калі не вырашыць - усё адно яна вартая павагі і кампенсацыі! Бо дзеля ратавання чалавека яна ахвяравала нечым нашмат даражэйшай, чымсі грошы, дамы і рэчы - сваім целам!

Трэба спыніць стыгматызацыю жанчын, якія адмаўляюцца ад дзіцяці, а таксама ў выпадку адмовы не накладаць ніякіх абавязкаў, бо абавязкі наконт дзіцяці маюць ісці выключна ў камплекце з правамі на яго! Таму - сваю справядлівую ўзнагароду за донарства жанчына можа ці выкарыстаць як сродак да існавання ў выпадку экстрэмальнай сітуацыі з немаўлём на руках, ці проста патраціць на свае патрэбы.

Далей - мару, каб прынялі такую антыдыскрымінацыйную меру, як добрыя бонусы працадаўцам у выпадку дэкрэту ці бальнічнага

паводле хваробы дзіцяці. Бо трэба змагацца з працоўнай дыскрымінацыяй жанчын, асабліва жорсткай у дачыненні да жанчын-маці.

Ну і канешне ж неабходна, каб была дастатковая колькасць месцаў у дзіцячых садках, а таксама добрая якасць выхавання і дагляду ў іх.

Для аматараў версіі, што жанчыне лепей быць хатняй гаспадыняй, скажу: так, мажліва для многіх гэта добры варыянт! Але на жаль ніхто не адмяняў сацыяльныя рызыкі гэтага становішча, напрыклад хатняга насілля (фізічнага, маральнага і эканамічнага) ці несправядлівага стэрэатыпу, што нібыта хатняя гаспадыня "не працуе". Таму аматараў умоўна-традыцыйнай сям'і хацелася б бачыць найперш ў шэрагах змагароў за правы хатніх гаспадынь.

У мяне ёсць мара, каб грамадства ацаніла ахвяры і працу жанчыны, якая выношвае і нараджае іншага Чалавека, свайго Бліжняга. І тым болей - працу, рызыкі і затраты жанчыны якая выхоўвае дзіця. І каб гэтыя затраты кампенсаваліся, а рызыкі згладжваліся.

І, калі ласка, без міфаў пра дзетанараджэнне дзеля "сацыялу". Нават у Бельгіі, з яе неблагой сацыялкай, на дзяцей сыходзіць значна больш грошаў, чымсі складае на іх дапамога. І гэта яшчэ без уліку затратаў часу і энэргіі.

У мяне няма дзяцей. Дасць Бог гэтая сітуацыя зменіцца. А пакуль не змянілася - на жанчынаў, якія выхоўваюць дзяцей, я гляжу як на людзей якія робяць за мяне найважнейшую працу: выхоўваюць Чалавека, ахвяруючы свой час і энэргію не эпізадычна, а кожны дзень. І таму справядліва, што іх падтрымліваюць у тым ліку і з маіх налогаў.

А што несправядліва і заганна, дык гэта сумная рэальнасць грамадства, якое карае жанчыну дыскрымінацыяй за саму здольнасць нарадзіць дзіця ў бліжэйшай будучыні, а ўжо за самое дзетанараджэнне ставіць часам на мяжу выжывання.  

Я не бачыла беларусак-дзетаненавісніц! Для беларускіх жанчын у агульным дзеці - самае дарагое і ледзьве не сэнс жыцця.

Затое бачыла - працоўную дыскрымінацыю жанчын з дзецьмі. Бо працавала ў аддзеле, дзе займаліся наборам персанала, у адной буйной сетцы супермаркетаў.

Прафілактыка абортаў абавязкова мае ўключаць барацьбу за правы жанчын увогулле і жанчын-маці ў прыватнасці.

09.07.16 0:03
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич