АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

"ЯНеБаюсяСказаць" і спадчына лорда Уілберфорса

Флэшмоб "я не баюся сказаць" прывёў мяне прымусіць узгадаць ‘Amazing Grace’ – фільм пра Уільяма Уілберфорса, чалавека, які шмат сілаў і гадоў аддаў барацьбе за адмену гандля рабамі.

 The painting of the House of Commons by Sir George Hayter

 

Лорд Уільям Уілберфорс і ягоныя таварышы жылі і дзейнічалі ў 18-19 стст. Яны ўздымалі грамадскасць на барацьбу супраць рабства, распавядаючы пра жахлівыя ўмовы транспартыроўкі афрыканцаў, пра высокую смяротнасць падчас шляху ў аковах на перапоўненым караблі. Мастакі візуальна тлумачылі, якія жахі адбываюцца; афіцэры, былыя рабы і іншыя відавочцы бе распавядалі тое што бачылі і перажылі... І грамадскасць абуралася несправядлівасцю, і сотні тысячаў мужчын і жанчын падпісвалі петыцыі супраць рабства. Далікатныя юныя ледзі пераставалі есці цукар, вырашчаны крывёю і потам рабоў - і ў крамах з'явіўся цукар з гордай паметка "вырашчаны свабоднымі людзьмі"... Іншыя парламентарыі білі ў патрыятычны бубен, напіраючы на эканамічны прыбытак ад гандлю людзьмі - які складаў да 80 працэнтаў нацыянальнага даходу...

 

 У рэшце рэшт парламентарыям удалося забараніць гандаль рабамі.

 

Ганебная гісторыя рабства на гэтым ня скончылася. Болей за тое, яна працягваецца і дагэтуль...  Але пабожныя хрысціяне-абаліцыяністы (сябры руху за адмену рабства), разам з грамадскасцю якая прыняла іхнія ідэі - істотна зменшылі колькасць рабаўладальніцкіх зверстваў. І спрычыніліся да таго, што адно з сусветных зверстваў перастала лічыцца за норму.

Калі я чытаю гісторыі пра досвед сэксуальнай агрэсіі, мне здаецца, што адбываецца прыкладна тое ж самае, што ў эпоху абаліцыянісцкіх гравюраў і прамоваў. Грамадства тыкаецца носам у жахлівую несправядлівасць, якая раней была часткова схаванай, а часткова – лічылася за норму. 

 

Што праўда, тут юрыдычная забарона апярэдзіла грамадскае ўсведамленне:  на шчасце, гвалціць забаронена.  Але на жаль, вышукванне віны пацярпелай у сувязі з яе наяўнымі ці меркаванымі паводзінамі-адзеннем-станам-месцазнаходжаннем спрычыняецца да “легалізацыі” сэксуальнага гвалту і харасменту:  дэ-факто сцвярджаецца, што існуюць абставіны, у якіх жанчыну можна гвалціць.  Каб не апынуцца ў гэтых абставінах, добразычлівая грамадскасць прапануе нам добрахвотна сесці ў клетку, формы і памеры якой культурна вар’іруюцца, але па-першае не стопрацэнтна абараняюць, а па-другое – клетка ёсць клетка.

 

Ну а самае страшнае, што абвінавачванне ахвяры робіць досвед гвалту двайной траўмай, дадаючы сацыяльную стыгматызацыю і навязваючы думку, што менавіта пацярпелая  - а не агрэсар! – павінна саромецца ажно да пераезду ў другі горад. Хаця было б болей лагічна, калі б у другі горад пераязжаў той хто здзейсніў напад, а не той, на каго напалі.

 

Ці варта пра такое казаць, гэта ж так непазітыўна! – Крытыка такога кшталту прымушае ўзгадаць эпізод з фільма ‘Amazing Grace’ (у рускім агучванні «Удивительная лёгкость») пра барацьбу лорда Уілберфорда.  Забаўляльны карабель з ледзі і джэнтэльменамі прыплывае ў порт і становіцца побач з разгружаным рабагандлёўніцкім суднам. Музыка спыняецца, ледзі і джэнтэльмены пытаюцца: адкуль такі жахлівы пах? А Уілберфорд, арганізатар гэткай акцыі, тлумачыць, што так пахне той самы карабель, на якім транспартавалі людзей у аковах: “Гэта пах смерці...”.

 

Ці варта было такое паказваць? – Мяркую, варта.

 

Як і артыкулы абаліцыяністаў, посты жанчын пад тэгам “я не баюся сказаць” спрычыніліся да таго, што сацыяльнае зло перастала апрыёры лічыцца за норму. Гэта не споведзь і нават збольшага не тэрапія, а змаганне за права жанчыны на павагу да яе асобы, яе словаў і яе цела.

 

З тае нагоды хацелася б, каб флэшмоб “я не баюся сказаць” і іншыя акцыі супраць гвалту над жанчынамі падтрымалі ўсе тыя, хто найстойваў – хаця бы і з іншай нагоды – на тым, што грэх ні ў якім разе не павінен лічыцца за норму. Бо і харасмент, і тым болей завершаны сэксуальны гвалт – сацыяльнае зло, якое супярэчыць павазе і любові да бліжняга.

.
17.07.16 0:17
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич