АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

У чым слабасць Еўропы?..

У талерантнасці, мяркуюць некаторыя. У мяккасці, у залішнім гуманізме дадасць нехта. Так зараз модна казаць.
Але мяркую, слабасць Еўропы там, дзе пачынаецца ўстаноўка на закрытасць, размовы пра частковую адмову ад гуманізма, пра дапушчальнасць рэпрэсій. Гэта - капітуляцыя.
Хтосьці бачыць слабасць Еўропы ў левым лібералізме. А мне падаецца, слабасці многа болей у ультраправых. Слабасць тут каштоўнасная: не могуць нічога прапанаваць лепшага за ісламістаў, таму прапануюць хіба закрыцца ў кансерватыўным доміку.
Не ўсе правыя і ультраправыя такія. Многія з іх сапраўды маюць што прапанаваць, а менавіта - хрысціянства. Прычым не традыцыйна-неадрэфлексавана-інэртнае, а жывое і актыўнае. Але паводле маіх несістэматызаваных назіранняў, у такіх правых і многа меней расізму-ксенафобіі-ісламафобіі.
Модна таксама казаць пра адмову ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Але тут цікавае пытанне: у чым бачаць гэтую адмову? Хтосьці бачыць яе ў роўнапраўі ЛГБТ, да прыкладу, у фемінізме і крызісе традыцыйнай сэксуальнай маралі, ва "усёдазволенасці". Але з гэтым не так усё проста. Глядзіце, якая напружаная маральная дыскусія вядзецца вакол сэксуальнай маралі, колькі ў тых жа феміністак непрыяцця гвалту і педафіліі, патрабавання паважаць свайго бліжняга, колькі каштоўнаснага напружання ў патрабаванні каб ніхто не быў дыскрымінаваны паводле тых ці іншых прызнакаў... Тут можа быць замнога памылак, але глядзіце, якое напружанне пошуку - менавіта маральнае, каштоўнаснае напружанне!.. А славутая еўрапейская ўсёдазволенасць - увогуле міф.
А з другога боку: мара пра адмову ад абсалютызавання каштоўнасцей гуманізму і чалавечае свабоды - ці гэта не адмова ад хрысціянскіх каштоўнасцяў?.. Антымігранцкае лоббі - не адмова ад хрысціянскіх каштоўнасцяў?..
У кожнага сваё перажыванне каштоўнасцяў, прынамсі хрысціянскіх. І ў кожнага сваё ўяўленне пра слабасць і сілу, прынамсі Еўропы.
У чым я бачу сілу Еўропы?
У выкладчыцы, якой я ледзьве не сілай усунула грошы за ўрокі французскага вымаўлення, пераконваючы, што хоць я і мігрантка і працую толькі на палову стаўкі але мая фінансавая сітуацыя стабільная і дазваляе плаціць за ўрокі.
У бельгійцах, якія падпісваюцца і збіраюць подпісы супраць дэпартацыі сям'і нашых сяброў-чачэнцаў і нават сюжэт пра іх зрабілі на мясцовым тэлебачанні.
У тых, хто кажа: справімся! - і выходзіць на маніфестацыі супраць ксенафобіі.
І канешне ж у тых, хто замест ультраправых тусовак уступае ў секцыю самаабароны ці запісваецца на курс першай дапамогі. Хто задае сабе пытанне: што канкрэтная я магу зрабіць каб абараніць сабе і бліжніх - і разважае ў тэхнічным накірунку.
І яшчэ ў натоўпах людзей, якія прыйшлі на свята з півам, танцамі і фейерверкам у Генце, якія робяць падобныя мерапрыемствы такімі ж масавымі як і раней - абвяргаючы міф пра баязлівасць еўрапейскага абывацеля.
У тых, хто здольны рызыкаваць, і каго небяспека не штурхае адмовіцца ад сваіх лепшых каштоўнасцяў. Спіс можна працягваць, і ён разнастайны...
А слабасць - у той з'яве, калі нехта пасля тэракту бяжыць галасаваць за папулістаў у стылі Ле Пэн. У страху, які робіцца агрэсіяй. Капітулянцкай агрэсіяй чалавека, які верыць, што найгоршая версія іслама мацнейшая і за Еўропу, і за гуманізм, і нават за хрысціянства, і таму застаецца толькі закрыцца.
Я, канешне, пра сітуатыўную слабасць, а таксама пра неадрэфлексаванасць. Усе мы баімся і праяўляем слабасць. Не магу абяцаць, што сама не пабягу ў тым напрамку, бо я слабая чалавечая істота, а каштоўнасці, якія зараз мяне трымаюць,абумоўленыя тым, што мне Божай ласкай пашанцавала... Але дай Божа нам сілы - разам і паасобку.

26.07.16 14:02
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич