АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Пра крызіс сям'і і сэксуальнай маралі

Модна казаць пра крызіс сям'і. У якасці прыкметаў крызіса прыводзіцца колькасць разводаў і абортаў, а таксама практыка сужыцельства без шлюбу.

Аборты хацела б разглядаць асобна і ў іншай парадыгме, бо, мяркую, гэтая тэма з сям'ёй і сэксуальнай мараллю звязаная толькі ўкосна, затое наўпрост - з правамі чалавека, таму - аб іншым. Застаюцца - разводы плюс сужыцельства без жадання ўзаконіць стасункі. А, і канешне ж любыя монстры - ЛГБТ і фемінізм, якія таксама нейкім бокам абвінавачваюцца у крызісе сям'і.

Патрыярх Кірыл любіць нагадваць, што слова "крызіс" у арыгінале азначае "суд". З задавальненнем скарыстаю з гэткае метафары, бо сапраўды лічу, што зараз адбываецца - суд гісторыі. Над інстытутам сям'і.

Суд папросту ў тым, што зараз зрабілася магчымым паспяхова выжыць без сям'і. Прычым і для мужчыны, і для жанчыны.

І гэткая магчымасць была скарыстаная масава - безліч людзей пабегла прэчкі з гэтага інстытуту.

Хтосьці кажа пра недахоп маралі. Ня ведаю... Як па мне, дык - раней людзі не разводзіліся і заставаліся ў шлюбе не таму што былі такія маральныя ці поўныя любові, а таму што выжыць інакш было праблематычна, тым болей выжыць камфортна. Інакш кажучы, уражвальна нізкі працэнт разводаў у ідэялізаваныя Старыя Добрыя Часы - не ад маральнасці, а ад безвыходнасці.

Ну і стала бачна, колькі насамрэч праблемаў, насілля, тыраніі накапілася ў інстытуце сям'і. Наколькі прыемней жывецца - пры ўмове паспяховага выжывання! - без шлюбу, чымсі ў непаспяховым шлюбе...

Інстытут сям'і пачаў бурыцца там, дзе раней ён трымаўся на фізічным выжыванні і сацыяльным самазахаванні ці навязаным абавязку.

Бурыцца ён і там, дзе ён трымаецца на тэарэтычным палажэнні, што разводзіцца нельга. (У маім выпадку такое тэарэтычнае палажэнне прадоўжыла шлюб гадкі на два. Хаця нехта мажліва з пакутніцкай стойкасцю церпіць да самай смерці).

Але там, дзе шлюб трымаецца на іншым фундаменце, напрыклад на любові, узаемнай павазе, маральнай падтрымцы - там ён паспяхова і трывала стаіць і не ламаецца. Ва ўсялякім разе, мне так падаецца...

Калі кансерватары разважаюць пра сямейныя праблемы, то ўзнікае выраз, які мяне палохае: "ЗАХАВАЦЬ сям'ю". Не вылячыць, не зрабіць так каб чальцы сям'і добра і камфортна сабе ў ёй пачувалі, а - абы захаваць, абы не развяліся. Захаванне сям'і нібыта ператвараецца ў спробу прымусіць людзей застацца ў сям'і. Калі не сілай, то маральным абавязкам.

Інтэнцыя зразумелая, бо Сам Госпад вельмі негатыўна выказаўся пра разводы (Мф 5:32). Каментароў тут можа быць мноства, ёсць у мяне і ўласныя думкі, але багаслоўскай адукацыі няма таму ня буду ўдавацца. Удамся лепей у іншы цікавы фенамен, і вось які.

Пагадзіцеся, спадарства, і хрысціянскую строгую манагамію, і ўвогулле хрысціянскую мараль - мы разумеем збольшага тэарэтычна! Гатовая паспрачацца, што большасць практыкуючых хрысціянаў з агідай ставіцца да сужэнскай здрады і распусты ў стылі "направа і налева". Але калі пра болей строгія аспекты сэксуальнай маралі  - гатовая паспрачацца, што хрысціяне падпарадкоўваюцца гэтаму як сістэме рытуальных забаронаў, сэрцам не разумеючы іх сэнсу.

Што не адмаўляе годнасці такога саблюдання, з высакароднай матывацыяй дагаджэння Богу. Але ж "...ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі блізкага твайго, як самога сябе»" (Гал.5:14). Сэксуальная мараль - пашырэнне запавету "не пралюбадзейнічай". А як гэты запавет звязаны з любоўю да бліжняга? - Пытанне на мільярд!..

А цяпер кінем позірк на тых, каго кансерватыўныя хрысціяне маюць звычку  дэманізаваць і вінаваціць у разбурэнні хрысціянскай сям'і і маралі: на феміністаў і феміністак, а таксама на тых хто за роўнапраўе ЛГБТ.  Кансерватары ўспрымаюць такіх людзей і сацыяльныя групы як сілу,знешнюю ў адносінах да хрысціянства – што як мінімум спрэчна, бо сярод актывістаў антыдыскрымінацыйнага напрамку нямала практыкуючых хрысціянаў, а сам напрамак трымаецца на каштоўнасці любові да чалавека,  а значыць на адным з двух галоўных хрысціянскіх запаветаў (Мф 22:34).

Заўважым, што, насуперак стэрэатыпу аб разбурэнні асноваў маралі, актывісты "леваліберальнага" напрамку многа ў чым выступаюць якраз за болей строгую мараль. Феміністкі безумоўна супраць гвалту над жанчынамі і апраўдання такога гвалту, а таксама, як правіла, супраць прастытуцыі, супраць прадстаўлення аголенага жаночага цела як аб'екту пажадаў (аб'ектывацыя). Фемінізм і абарона правоў ЛГБТ карэлююць з нецярплівасцю да педафіліі (пашыранай да непрыяцца сэксуалізацыі непаўналетніх любога ўзросту). Людзі "ліберальных" поглядаў таксама супраць сямейнага гвалту над жанчынамі і дзецьмі. Гэта абвяргае міф пра "усёдазволенасць" і прымушае нас зразумець: пакуль мы вінавацім грамадства ў маральных падзеннях, у ім ідуць напружаныя маральныя дыскусіі.

А мажлівы сэнс гэтых дыскусій - вяртанне ў сэксуальную мараль страчанага сэнсу любові да бліжняга.

Уявім сабе дыскусію паміж ультраправым кансерватарам (які, напрыклад, лічыць што жонка мае слухацца мужа, супраць контрацэпцыі і разводаў не кажучы ўжо аб аднаполых шлюбах) - і левалібералам (які за жаночае роўнапраўе, за неабавязковасць шлюбу і дзетанараджэння, а таксама за легалізацыю аднаполых шлюбаў).

Калі гэта два годных і гуманных чалавека, то яны мабыць знойдуць і многа агульнага. Але я зараз пра іншае, і вось пра што.

Кансерватар будзе абгрунтоўваць свае палажэнні Божымі ўстановамі (калі ён хрысціянін), мараллю, традыцыяй, ну яшчэ мажліва "дэмаграфічнымi" аргументамі (у якіх можа выявіцца няблага расізму але то таксама іншае). Вельмі мала ў яго знойдзецца пераканаўчых аргументаў, звязаных з любоўю да чалавека. Акрамя, хіба хрысціянскага ведання, што, калі чалавек будзе жыць паводле Божых установаў то яму будзе лепей, і акрамя яшчэ пазіцыі па абортах (калі кансерватар будзе напіраць менавіта на каштоўнасць жыцця і на тое што дзіця ва ўлонні маці ёсць чалавекам, а не пойдзе у рыторыку "традыцыйных каштоўнасцяў").

А вось пазіцыя леваліберала будзе цалкам абгрунтаваная аргументамі, прадыктаванымі любоўю да чалавека, клопату аб тым, каб чалавеку лепей, камфортней і прывольней жылося! Пры гэтым, нагадаю яшчэ раз, леваліберал далёка не ўва ўсім будзе за змягчэнне сэксуальнай маралі - гл. пра непрыяцца гвалту, педафіліі і эфебафіліі, прастытуцыі, аб'ектывацыі...

Дыскусія, якая йдзе сёння - гэта перагляд і сямейнай, і сэксуальнай маралі. Кансерватары прачытаюць “перагляд” як “адмаўленне”, але, на маю думку, ідзе болей цікавы і пазітыўны працэс:  вяртання ў сэксуальную і сямейную мараль сэнсу любові да бліжняга.

Ну а што тычыцца грамадскай маралі, то ў мяне як у аптыміста шклянка напалову поўная. Колькасць разводаў супастаўляльная з колькасцю паўторных шлюбаў. Колькасць усяго насельніцтва супастаўляльная з колькасцю людзей, якія аддаюць перавагу манагамным адносінам і, хоць і не заўсёды рэгіструюць шлюб,  лічаць правільным захоўваць вернасць аднаму чалавеку.

Такім чынам, на жаль, чалавецтва  масава не дацягвае да хрысціянскага ідэялу – але, на шчасце, гэтакжасама масава не кінулася ў распусту, а імкнецца да вернасці аднаму чалавеку, і (дадаю каб зрабіць прыемна кансерватарам) да стварэння сям’і.

.
29.07.16 15:34
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич