АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Бабулін пашпарт, ці Незаўважаная дыскрымінацыя

Калі кажуць пра дыскрымінаваныя групы, надзвычай рэдка ўспамінаюць пра пажылых людзей. Між тым, гэта жорстка дыскрымінаваная група ў беларускім грамадстве. Ім адмаўляюць у наяўнасці тых нармалёвых патрэбаў і жаданняў, якія ёсць у астатніх людзей: гожа апрануцца, да прыкладу, схадзіць у кавярню, ці атрымаць якаснае лячэнне замест "а чаго вы хочаце, узрост!". Іх прымушаюць адмовіцца ад сваіх патрэбаў, ахвяраваць усім дзеля дзяцей і ўнукаў...
Гэта крыху падобна да праяваў дыскрымінацыі іншых групаў, пра жорсткае ўшчамленне правоў якой мала хто задумваецца - жанчын якія маюць дзяцей, асабліва маленькіх (іншая тэма, закранутая у папярэдніх допісах).
Уласна, розныя дыскрымінацыі да болю падобныя ў сімптомах. За табой не прызнаюць тых жа самых жаданняў і патрэбаў, што за іншымі; выражэнне такіх патрэбаў лічыцца за анармальнасць, дурноту ці эгаізм; табе выдаюць спіс рэчаў, чым табе прадпісана займацца, і не разумеюць выхаду за межы стэрэатыпаў... Знаёма, спадарыНІ?..
Гэта вельмі важная і недаабмеркаваная тэма.
У святле праблемы эйджызма (дыскрымінацыі паводлe ўзросту) зусім па-новаму прачытваецца эпахальны жарт пра "акцыя "ратуй радзіму": у дзень выбараў схавай бабулін пашпарт". Паводле жорсткай дыскрымінатыўнасці гэта ўзровень далёка не анекдота пра чукчу ці бландынку. А недзе каля жартаў пра згвалтаванні ці халакост. Пажылым людзям адмаўляецца ў разумовых здольнасцях, змяшчаецца заклік пазбавіць іх выбарчага права, плюс адняцце пашпарта - адназначная нават не метафара, а праява рабства.
На жаль, гэты жарт смешны. Таму што рэжым нажыўся на пажылых людзях, траўмаваных вайной і таму гатовых знізіць свае запыты за абяцанне "стабільнасці" і з прыказкай (не дурной, дарэчы...) "абы не было вайны".
На шчасце, пенсіянер ужо іншы пайшоў. Пайшло на пенсію пакаленне маёй мамы, якое хоча не толькі выжыць і часам дазволіць сабе глазіраваны сырок ці сасіску, а яшчэ і ў кафэ пасядзець, і спадарожнічаць, дый апрануцца не ў старэнькае паліто.
На жаль, рэжым адразу на гэта і адрэагаваў. Ушчамленнем пенсіянераў.
Але ад нас залежыць як мінімум тое, будзем мы самі ўдзельнічаць у іх дыскрымінацыі, ці не! Ці будзем мы згаджацца, што бедны пенсіянер - норма і "колькі яму трэба", і г.д...
Будзьма салідарнымі! Памятайма, што ў Іншага - будзь-то стары чалавек, будзь-то жанчына з немаўлём на руках - такія ж самыя як у нас жаданні і патрэбы. Ім так жа хочацца манікюру ці фітнэсу, кубку кавы ў кавярні, падарожжа...
А межы і формы сваёй ахвярнасці кожны абірае сам. Інакш гэта не высакародная ахвяра, а звычайны гвалт. То датычыцца і жанчыны, якая мела "нахабства" перавесці позірк ад калыскі ў люстэрка ці фэйсбук, і дзядулі, які меў "нахабства" закахацца.
Даўно сорамна мне ад таго, як я часам паводзіла сабе з маёй бабуляй, Царства ёй Нябеснае. А пасля публікацыі Юліі Чарняўскай "Старикам здесь не место" http://news.tut.by/society/507234.html на Tut.by адчула няёмкасць і ад таго, што смяялася з жарту пра "схавай бабулін пашпарт".
Будзьма салідарнымі!

.
11.08.16 22:07
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич