АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Альтэрнатывы аборту

Калі бы я была прыхільніцай калектыўнай адказнасці, то сцвярджала бы, што аборты - пакаранне чалавецтву за тысячагоддзі прыгнёту жанчын. За рэпрадуктыўны прымус, за сацыяльны дыктат, які за нас вызначаў, якімі нам быць, якія мець жаданні, патэбы і паводзіны. За абмежаванне нашай актыўнасці і свабоды дзеля патрыярхальных амбіцый "працягвання роду"... Кушай з масліцам, дарагое Чалавецтва: як ты забівала частку нашай душы, нашых жаданняў, так мы зараз можам забіць частку табе! Папросту выдварыўшы непажаданых Бліжніх прэч са свайго ўласнага дому, свайго цела - не дачакаўшыся моманту, калі гэтыя людзі зробяцца здольнымі выжыць па-за ягонымі межамі...

Але я не прыхільніца змрочнай ідэя калектыўнай адказнасці і тым болей помсты. Тым болей, што сапраўдная прычына абортаў - не злоба і не нянавісць, а страх і неабароненасць жанчын у экстрэмальнай сітуацыі незапланаванай цяжарнасці.

Варта задумацца над парадоксам: чаму права на аборт успрымаецца жанчынамі як адна з грамадскіх свабодаў? Варта выслухаць аргументы апалагетаў абортаў - дзеля таго, каб вызначыць, якая можа быць альтэрнатыва аборту.

Асноўным аргументам апалагетаў права на аборт з'яўляецца выбар. Аргумент гэты быў бы слушным, калі бы не адна праблема: дзіця ва ўлонні маці з'яўляецца чалавекам, таму выбар аборту - гэта выбар, які адмаўляе іншаму чалавеку ў праве на жыццё. На жаль, частка змагароў супраць абортаў дыскрэдытуе пралайф-рух тым, што таксама імкнецца абмежаваць чалавечае права выбару. Імкнецца выкарыстаць забарону абортаў як сродак рэпрадуктыўнага прымусу, а таксама як сродак прымусіць жанчын заставацца ў сваіх традыцыйных ролях.

Такія інтэнцыі аказваюць руху за жыццё мядзьвежую паслугу, ад гэтага трэба пазбаўляцца. Трэба шукаць сродкі забяспечыць чалавеку свабоду выбара. Ніякія ідэі высакароднай самаахвярнасці не могуць адмаўляць у свабодзе выбара - бо калі няма свабоды выбара, то якая самаахвярнасць? - Нявольнік не багамольнік!


Ітак, якія мы можам назваць альтэрнатывы аборту?

а) Устрыманне ад інтымных стасункаў.

Сапраўды файная альтэрнатыва. Асабліва патрэбная для тых хрысціянаў, якія яшчэ не ўступілі ў шлюб (саромеюся такое пісаць, бо ў самой асабістае жыццё не ідэяльнае, але гэта мне не перашкаджае прапагандаваць ідэял) - і не забароненая для тых, хто ў шлюбе.
Жывучы без сэксу, чалавек нічога не губляе. Энэргія лібідо паспяхова скіроўваецца на іншыя цікавыя рэчы, уключаючы творчасць і грамадскую актыўнасць.

Трэба сказаць, што распаўсюд фемінізму можа адыграць станоўчую ролю ў прапагандзе жыцця без сэксу. Бо менавіта сэксізм з аднога боку патрабуе ад мужчыны адпаведнасць мачысцкаму вобразу і заахвочвае мноства стасунках, а з другога - цісне на жанчыну, каб яна абавязкова была ў нейкіх "атнашэніях", унушае памылковую думку аб няшчаснасці і непаўнавартаснасці жыцця без партнераў, прымушае галасамі мам і сябровак "радзіць рыбёнка для сібя"... Усведамленне, што ўсё гэта сэксісцкая лухта, можа, на нашую думку, істотна знізіць сэксуальнае напружанне ў грамадстве і зрабіць людзей незалежнымі ад апантанага пошуку партнёраў!.. Мяркую, мы робім памылку, абвінавачваючы ў распусце фемінізм а не сэксізм. Якраз фемінісцкі падыход можа аднавіць страчанае права на асэксуальнаць, на адсутнасць "атнашэній".

Карацей, полавае ўстрыманне - гэта выхад. Але не для ўсіх такі просты. Ды і не стопрацэнтны: на жаль, ніводная жанчына не застрахаваная ад згвалтавання.

б) Даступнасць неабартыўнай кантрацэпцыі.

Камусьці не падабаецца гэты варыянт, маўляў, прапаганда распусты. Але па-першае, нельга прымусіць людзей, якія яшчэ не вырашылі жыць у хрысціянскай сістэме каардынатаў, строга саблюдаць прынцыпы хрысціянскай манагаміі. Па-другое ж, калі мы хочам каб стала меней распусты і болей цноты, варта не перашкаджаць распаўсюду кантрацэпцыі, а прапагандаваць і хрысціянскія каштоўнасці, і яшчэ паведамляць пра абсалютную неабавязковасць сэксу і паўнавартаснасць жыцця без партнёру.

Ну а хто супраць кантрацэпцыі, той няхай ёю і не карыстаецца. Гонар і хвала людзям, якія прытрымліваюцца сваіх прынцыпаў.

в) Адмова ад дзіцяці.

Вельмі патрэбная альтэрнатыва. Якая амаль адсутнічае ў беларускім грамадстве - і гэта несправядліва!

У нас апраўдваюць аборт, але абсалютна нецярпліва ставяцца да жанчыны якая адмаўляецца ад дзіцяці.

Трэба каб здзейснілася магчымасць ананімных родаў і абсалютная дэстыгматызацыя адмовы ад дзіцяці. Жанчына, якая вынасіла і нарадзіла, мае лічыцца безумоўна высакародным донарам, які ўратаваў жыццё! І за гэта яшчэ, на нашую думку, трэба каб была кампенсацыя.

Жанчынам якія адмаўляюцца ад дзіцяці, шмат чаго прыходзіцца перажыць, уключаючы здзекі ў радзільні. Так быць не павінна! Патрэбная праца і з медычным персаналам, і ўвогулле з грамадствам - з тым, каб адмова ад дзіцяці была рэальнай альтэрнатывай аборту.

г) Сацыяльная абароненасць жанчын-маці.

Часта прычына аборту - не нежаданне мець дзіця ўвогулле, а страх перад сацыяльнымі рызыкамі. Страх гэты заснаваны не на фантомах, а на рэаліях нашага грамадства.

Патрэбна спыніць жорсткую дыскрымінацыю жанчын якія маюць дзяцей - асабліва ў працоўнай сферы!

Патрэбная арганізацыя грамадства такім чынам, каб нараджэнне і выхаванне дзяцей перастала быць перашкодай у прафесійнай і іншай рэалізацыі жанчын. Слушна аб гэтым казала, да прыкладу, Наста Палажанка: "Лепш бы такія змагары за прагрэсіўнасьць турбаваліся разьвіцьцём сацыяльнай (альбо як цяпер любяць казаць «гендэрнай» палітыкі). І скіроўвалі сваю энэргію туды: дастойны заробак, прэстыжныя працы, гарманічны ў пары дэкрэтны адпачынак. Лепш бы змагаліся за права жанчыны быць маці і прафэсіяналам, за разьвіцьцё дзіцячай інфраструктуры, рэфармацыю дашкольных дзіцячых установаў, каб жанчына магла бесьперашкодна разьвівацца ў абодва бакі як маці і як прафэсіянал, пры наяўным жаданьні."

Вось тыя альтэрнатывы, якія мажлівыя, пры адпаведнай арганізацыі грамадства, ужо сёння.

Можа з цягам часу з'явяцца і іншыя альтэрнатывы. Раптам навучацца, да прыкладу, захоўваць дзіця-эмбрыён па-за межамі мацярынскага арганізму, да прыкладу, у нейкім супер-прасунутым інкубатары! Ну а сапраўдная весялуха пачнецца, калі раптам навучацца перасаджваць дзіця ў матку іншай жанчыны. Ой, весела і страшна будзе нам, пралайфершам, калі ўзнікне магчымасць на справе паказаць сваю ахвярную гатоўнасць уратаваць жыццё дзіцяці, а не толькі вучыць гэтай ахвярнасці іншых...

Дадам у якасці пастскрыптуму, што мне вельмі няёмка разважаць на гэтую тэму, бо мне папросту пашанцавала ў тым, што я не аказвалася ў тых экстрэмальных сітуацыях, у якія трапляе безліч жанчын... І мне прыкра ўспамінаць, як я калісьці расклейвала ўлёткі з выявай эмбрыёна і з надпісам "Мама, я хачу жыць!". Бо зараз я лічу патрэбным ціснуць не столькі на жанчыну ў экстрэмальнай сітуацыі, колькі на грамадства, якое ў агульным здольнае, пры адпаведнай арганізацыі, забяспечыць захаванне жыцця і свабоды выбару сваіх грамадзянаў.

25.09.16 15:11
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич