АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Змаганне за жыццё: шкодныя парады

Паступова і паступальна да чалавецтва даходзіць, што кожны чалавек - гэта чалавек, і яго маюць датычыцца ўсе чалавечыя правы... Да прыкладу, з горам папалам мы зразумелі, што чарна- і жаўтаскурыя, жанчыны, дзеці - гэта людзі, чые інтарэсы маюць быць улічанымі ажно на роўных з інтарэсамі белых гетэрасэксуальных мужчынаў.
(Так, карцінка цікавая і тым, што свядомы антырасізм тут выпадкова спалучыўся з падсвядомым, моўным, сэксізмам...).

Рух супраць абортаў нібыта давяршае справу лорда Ўілберфорса і Марціна Лютэра Кінга. Змагаючыся за правы апошняй катэгорыі людзей, якой адмоўлена ў якіх бы то ні было правах чалавека - дзяцей на эмбрыянальнай стадыі развіцця. А "Чорны Пратэст" нібыта працягвае справу Ку-Клукс-Клана і тых алабамскіх актывістаў, якія масава пратэставалі супраць навучання чорных студэнтаў ва ўстановах, якія раней былі толькі для белых...

Але ёсць нюанс. Сумны. Праблема  у тым, што рух за жыццё напоўніўся мноствам дужа паганых канатацый. У святле якіх нават "Чорны Пратэст" выглядае як змаганне за свабоду...

У святле гэтага хачу даць некалькі крытычна шкодных парадаў змагар(к)ам супраць абортаў. На выпадак, калі мы хочам спаганіць рух за жыццё, зрабіўшы яго даволі цемрашальскім і варожым да жанчын. Вось яны.

1. Будзьма апеляваць да "дэмаграфічных" аргументаў. Няхай жанчыны адчуюць, што мы не столькі хочам уратаваць іхніх ужо зачатых дзяцей, колькі прагнем за іхні (жанчын) кошт падвысіць колькасць этнічных беларусаў. Найбольш файна тое, што гэта напаўняе нашае змаганне не толькі сэксізмам, але і этнічным расізмам.

2. Змагаючыся супраць абортаў, будзьма да кучы асуджаць і кантрацэпцыю. Няхай усе зразумеюць, што жыццё ўжо зачатага дзіцяці не болей важнае, чымсі аскетычнае самаабмежаванне згодна з адным з пунктаў гледжання ў хрысціянскім багаслоўі. Паставіма знак роўнасці паміж знішчэннем ужо наяўнага дзіцяці і ўжываннем прэзерватываў у ложаку з законным мужам!

3. Зробіма антыабортную прапаганду сродкам рэпрадуктыўнага прымусу. Няхай жанчыны зразумеюць, што нашая мэта - ператварыць іх у дзетародны апарат. І што нам збольшага напляваць на іхнія кар'еры і якасць жыцця і тым болей на іхнія жаданні, інтарэсы і выбары!

4. Каб умацаваць іх у гэтым перакананні, будзьма распавядаць пра "жаночае прызначэнне". І разносіць фемінізм - асабліва калі мы ім ніколі асабліва не цікавіліся і маем пра яго самыя экзатычныя ўяўленні.

5. Напоўніма змаганне супраць абортаў самымі рознымі канатацыямі, але ўсе яны маюць быць цемрашальскімі і не мець дачынення да каштоўнасці жыцця і правоў чалавека. Прапагандуйма смутна зразуметыя "традыцыйныя каштоўнасці", пастаўма побач з кантрацэпцыяй і фемінізмам хоць джынсы, хоць рок-музыку - абы ўсе зразумелі, што мэтай ёсць даць чалавеку, асабліва жаночага полу, як мага меней свабоды. А самае лепшае - яшчэ і прапагандаваць па-мазахісцку зразуметае змірэнне. У прыватнасці, ні ў якім разе не падтрымлівайма змаганне з хатнім насілем.

6. Будзьма змагацца не толькі з абортамі, але і з магчымасцю адмовіцца ад дзіцяці: у выпадку калі жанчына сапраўды не хоча быць маці - няхай яна ня ўбачыць альтэрнатывы аборту! Падтрымлівайма пачварны васямнаццаты дэкрэт прэзідэнта і ні ў якім разе не выказвайся за бэбі-боксы і магчымасць ананімных родаў.

7. Будзьма стыгматызаваць жанчын якія адмовіліся ад дзіцяці: няхай жанчыны зразумеюць, што аборт нясе меней негатыўных сацыяльных наступстваў, чымсі прадстаўленне свайго цела дзеля ўратавання чалавечага жыцця...

8. Абзывайма жанчын, якія зрабілі аборт, забойцамі. Пераконвайма грамадства ў тым, што жанчыны проста мараць рабіць аборты, і што аборты робяцца выключна ад харошага жыцця.

9. Забудзьмася на рэальныя сацыяльна-эканамічныя прычыны страху перад незапланаванай цяжарнасцю. Робіма выгляд, што страх перад беднасцю і страх застацца без падтрымкі не мае ў беларускіх жанчынаў аніякіх падставаў.

10. Будзьма думаць пра правы дзіцяці толькі да таго моманту, як гэтае дзіця нарадзілася, а пасля - наплюйма на ягоныя правы, якасць жыцця і адукацыі. І тым болей на якасць жыцця ягонай маці. Не задумваемся ані пра сацыяльную дапамогу маці і дзіцяці, ані пра змаганне з працоўнай дыскрымінацыяй жанчын увогулле і жанчын з маленькімі дзецьмі ў прыватнасці.

11. Каб пераканаць грамадства, што ня трэба падтрымліваць жанчын і дзяцей - распаўсюджвайма чуткі пра нейкіх міфічных жанчынаў, якія ў краінах з развітай сацыялкай нараджаюць дзяцей дзеля атрымання "сацыялу". Будзьма такім чынам сцвярджаць, што выхаванне дзіцяці - гэта так танна і лёгка, што затрачаныя грошы, энэргія і час з ліхвой пакрываюцца невялічкімі сацыяльнымі выплатамі! (Насамрэч, нават у Бельгіі на дзяцей нават у грошах затрачваецца многа болей, чымсі складаюць даплаты на дзяця, ужо не кажучы пра іншыя затраты - але няхай пра гэта ніхто не ведае). Таксама абвінавачвай жанчын-маці, якія справядліва патрабуюць падтрымкі грамадства, у карысліваці, эгаізме, тунеядстве і гд.

12. Прапаведуйма, што жыццё гэта боль. Не маючы пры гэтым на ўвазе, што ўсе мы пакліканыя дзейна дапамагаць бліжнім, намагацца зменьшыць боль і павялічыць нагоды для радасці! Папросту заклікайма да пакутаў і да адмовы ад задавальненняў, у тым ліку там дзе ў гэтым няма неабходнасці. Хай жанчыны адчуюць, што мы не зацікаўленыя, каб яны былі шчаслівымі і паспяховымі!

13. Будзьма працягваць дыскрымінаваць жанчын. Асабліва ў працоўнай сферы. Выказваемся супраць узяцця на працу жанчыны з маленькім дзіцёнкам - яна ж будзе сыходзіць на бальнічныя! І гэта выключна яе праблемы, ведала ж на што ішла калі нараджала! Трэба было своечасова рабіць аборт,ну ці калі яна супраць абортаў то ці сэксам не займацца, ці дома сядзець!.. Пры наяўнай магчымасці плацім жанчынам меней, чым мужчынам, нават за аднолькавую працу. Калі толькі ёсць выбар, прасунуць вышэй па кар'ернай лесвіцы мужчыну ці жанчыну - безумоўна выбіраем мужчыну, нават калі ён самы лянівы і найменей кампетэнты супрацоўнік.

14. У дадатак робіма высілкі, каб аддзяліць жанчын з немаўлятамі ад астатняга грамадства. Выказваемся супраць іх прысутнасці ў грамадскіх месцах, прынамсі супраць кармлення дзяцей у грамадскіх месцах. Туды і сюды не дазваляем уваходзіць з дзецьмі... Хай маці апынаюцца ў ізаляцыі. Асабліва гэта працуе, калі дзеці зусім маленькія!

15. Разглядаем мацярынства як нешта такое, што жанчына робіць выключна для сабе. З гэтай нагоды - ніякай грамадскай салідарнасці з дзетнымі жанчынамі, і тым болей ніякай думкі пра неабходнасць хаця б часткова кампенсаваць жанчыне яе эканамічныя, сацыяльныя, фізіялагічныя і эмацыйныя ахвяры!...

Напэўна, можна прыдумаць яшчэ мноства парадаў. Але і пазначанага дастаткова, каб дыскрэдытаваць барацьбу за жыццё і дапамагчы грамадству успрымаць права на аборт ледзьве не як адну з грамадзянскіх свабодаў. І напоўніць нашыя шэрагі жэнаненавіснікамі, расістамі і прыхільнікамі дыскрымінацыі, аматарамі аўтарытаршчыны. Што дапаможа прыхільнікам свабоды і гуманізма перайсці ў лагер змагароў за аборты, а не за жыццё.

Невялічкая праблемка ў тым, што некаторыя парады супярэчаць адна адной як тыя сэксісцкія стэрэатыпы. Але калі не замарочвацца наконт логікі, то рэальна можна выканаць усё! Дый у дадатак яшчэ і іншымі спосабамі нашкодзіць дзецям, жанчынам і ўсяму чалавецтву.

Ну і цешу сабе спадзевам, што, калі таварышы будуць рабіць адваротнае гэтым парадам - рэальна зрабіць так, каб дзеці і жанчыны засталіся жывымі і ва ўсіх сэнсах здаровымі!..

08.10.16 17:50
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич