АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Тэма смерці і ўсіх святых

Некалькі момантаў хістаюць маю ранейшую строгасць у стаўленні да традыцыі святкавання Хэлоўіна.


Калі не памыляюся, у старажытных кельтаў ноч гэтая была ня смешнай і не святочнай, а страшнай. А зараз з нячысцікаў смяюцца, а не баяцца іх - значыць, адбылося хрысціянскае вызваленне з-пад іхняе ўлады... Таму святочная вясёласць Хэлоўіна падаецца мне вынікам (няхай і недарэчным) менавіта хрысціянскае культуры.


У розную дэманічную брыдоту не хачу апранацца - збольшага таму што неахвота. Але што мне падабаецца, дык гэта ідэя святкаваць свята смерці. У якое можна спаўняцца радаснага чакання, якім бывае напаўняецца словазлучэнне "memento mori". У гармоніі з надыходам дню ўсіх святых - людзей, якія Божай сілай і ласкай паказалі, што смерць не мае ўлады над дабрынёй і прыгажосцю, што дабрыня і прыгажосць саму смерць напаўняюць зусім іншым і пазітыўным сэнсам.

А святыя ўсе - такія розныя! Калі мы, людзі, часам хочам ператварыць усіх у аднатыпных белапушыстых праведнікаў паводле свайго вузкага стандарту, то Бог гэтым не грашыць! Навяртанне да Бога нібыта ўзмацняе індывідуальнасць і адметнасць кожнай асобы.

Ну і на маю думку, чорныя ружы і іншыя гатычныя прычандалы добра спалучаюцца з такім стаўленнем.Тым болей што змрочнай позняй восенню цягне на гатычненькае. І мастацкія вобразы смерці, нават часам чаканне яе - напаўняюць зіхатлівай і бурлівай радасцю. Якая дае адчуваць жыццё мацней і гажэй, імкнуцца панарабіць паболей прыгожага і паменей брыдкага... Не тое каб у мяне былі падставы быці спакойнай за свой пасмяротны лёс - але ж дзякую Богу за гэтую незразумелую, мо і неразумную, радасць. Спадзяюся, гэта добрае, а не дрэннае...

Карацей, наконт апранання ў зомбі ня ведаю, а гатычныя штучкі - гэта зусім няблага!


Ну і нарэшце - тут цікавы псіхалагічны аспект: праца з адмоўнай самаідэнтыфікацыяй. Мажліва, тут Хэлоўін выконвае для дзетак тэрапеўтычную функцыю. Ці як мінімум яго можна выкарыстаць з гэтай мэтай... У дзяцінстве мне да слёз было крыўдна, што мне не далі ролю злой вядзьмаркі ў спектаклі, сказаўшы, што я занадта пяшчотная. А мне так хацелася пабыці злой вядзьмаркай!.. Не кажучы ужо пра тое, што толькі ў падлеткавым узросце мне стабільна сталі падабацца станоўчыя героі, а ў дзяцінстве - збольшага заўзела за адмоўных. (Адукацыя дапамагае намацаць: адмоўная самаідэнтыфікацыя, другая стадыя паводле Колберга, унутранае дзіця, цёмны бок унутранага дзіцяці...).

Хаця канешне тут пытанне (у тым ліку да псіхолагаў): як працаваць з адмоўнай самаідэнтыфікацыяй, каб вынік быў станоўчы а не адмоўны?

Уласна, з традыцыяй Хэлоўіна у мяне - акурат як з некаторымі іншымі багаслоўска-сацыяльнымі пытаннямі: адказу няма, але кансерватыўны падыход не дае вычарпальнага адказу.

А болей за ўсе хэлоўіны палохае мяне трэнд забароны, які дэманструюць многія рэлігійныя людзі (далёка не толькі хрысціяне). І гэты трэнд, мяркую, - антыжыццёвы. І ў забароне хэлоўінаў мне бачыцца болей небяспекі, чымсі ў саміх хэлоўінах...

Святыя Божыя, маліцеся Богу аб нас! Каб нам радаваць Яго і адно аднога разнастайнай прыгажосцю...

Са святам усіх святых, дый memento mori!

30.10.16 1:43
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич