АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Сэксізм і імперскасць: падабенствы

Мая руская сяброўка Анна падтрымлівала Майдан і ў 2014-м разам з дзьвума сваімі дзецьмі эмігравала ва Ўкраіну. А яшчэ яна феміністка. І ў стаўленні некаторых сваіх суайчыннікаў да ўкраінскай незалежнасці яна бачыць тое, што супадае з ейным досведам перажытага сямейнага гвалту: сітуацыю, калі бліжні парушае твае межы і адцяпвае кавалкі тэрыторыі, не прызнае тваёй самастойнасці і цялеснае аўтаномнасці.

Дадам ад сабе яшчэ адну аналогію: усё гэта робіцца пад соўсам нібыта сямейных каштоўнасцяў і адносінаў. Але на гэтым аналогіі не скончваюцца, таму паспрабую патлумачыць, чаму памыляюцца тыя адважныя змагары за Беларусь (без іроніі), якія лічаць жаночае пытанне нечым другасным, меней важным чым, да прыкладу, імперская пагроза з расейскага боку.

Інфармацыйныя праявы  выглядаюць бяскрыўдна. Што дрэннага ў тэкстах пра рускую духоўнасць супраць бездухоўнага захаду, у “патрыятычных” цацачных наборах з “георгіеўскімі” стужкамі і “зялёнымі чалавечкамі”? Што такога благога ў рэкламных вобразах, у якіх жанчына прадстаўляецца найперш як аб’ект пажадаў? Але вынік – смерці (ад рук мужа ці сужыцеля ці ад сэксуальнага гвалту – ці ад куляў і снарадаў), катаванні і згвалтаванні (у турмах “ДНР” – і тое і другое). А таксама разнастайныя праявы сацыяльнага прыгнёту, прынамсі маральнага. У адным выпадку гэта успрыманне ўсяго традыцыйна жаночага як другаснага, горшага, слабейшага, рэпрадуктыўны ціск, патрабаванне абслугоўваць сям’ю (пры адсутнасці адэкватнай ацэнкі той працы і высілкаў якія ўключае ў сабе гэтае абслугоўванне), заклікі адпавядаць мноству супярэчлівых патрабаванняў, патрабаванне падстройвацца пад рэжым, жаданні і патрэбы мужчыны (без узаемнасці такога кшталту падстройвання)... У другім – прыгнёт нацыянальнай культуры і мовы, напружанне і раздражненне ў выпадку ўжывання яе ў грамадскіх месцаў, выціскванне беларускасці з інфармацыйнага поля і грамадскага жыцця.

Адпаведна, і тут, і там стаіць пытанне свабоды слова. Да прыкладу, я не лічу патрэбнымі забароны сэксісцкіх вобразаў. Але адна справа забароны, другая – просьбы, а таксама тлумачэнне грамадству, у чым праблема. (Выдатны прыклад такога тлумачэння, вельмі вясёлага і займальнага – расейская штогадовая прэмія “Сэксіст года”). Ну і нічога антыдэмакратычнага няма ў галасаванні рублём! У выпадку імперскага шавінізму можна не адключаць прапуцінскія каналы, дакладна няварта сажаць у турму антыбеларускіх гора-журналістаў (калі толькі яны па сумяшчальніцтву не рыхтаваліся свядома да ўзброенага перавароту). Але дакладна неабходны шырокі інфармацыйны супраціў – з’явы кшталту “Стоп-Фэйк” ва Ўкраіне ці сайту http://1863x.com/ маюць стаць масавымі, другая справа як гэтага дамагчыся.

І тут, і там захопніцкі бок сцвярджае, што ў старыя добрыя часы было лепей, яны аб нас добра клапаціліся. Нагадвае пра бонусы наяўных адносінаў. У адным выпадку гэта “танныя” нафта і газ , у другім – “бясплатныя” рэстараны. У абодвух выпадках не ўсім відавочна, якая сапраўдная плата за такія “бонусы”. У адным выпадку гэта непавага да суверэнітэта, якая абарочваецца крымскімі і данецкімі кейсамі. У другім – забыванне рэальнага жаночага ўнёску ў дабрабыт сям’і і чалавецтва. Часам гэтае забыванне прымае камічныя формы, кшталту сцвярджэнняў што ўсё навокал створана мужчынамі – з забываннем нябачнай, неацэненай і няўлічанай працы ў хатніх гаспадарках і нараджэнні і гадаванні дзяцей, а таксама жаночых унёскаў у эканоміку і культуру (да прыкладу, не ўяўляю мужчынаў якія малявалі для жанчынаў арнаменты для вышыванак).

Нажаль, у абодвух выпадках існуюць багаслоўскія тэорыі для апраўдання прыгнёту. Гэта ўхваленне імперыі і вычварна зразуметага “рускага міру” у адным выпадку і смутна зразуметыя “традыцыйныя каштоўнасці” ў другім. І тое, і другое не толькі шкодзіць жанчынам, але і служыць нягоднай справе дыскрэдытацыі веры і Царквы. У абодвух выпадках затое дзякуй неаязчнікам: сэксізм і імперскасць у іхнім асяроддзі паказвае, што ў несправядлівасці вінаватыя не канфесіі!

І ў жаночым, і ў нацыянальным пытанні ў Беларусі існуе такі плюс, як наяўнасць фармальна-прававой незалежнасці і роўнапраўя. За гэта вялізны дзякуй Богу – і людзям, якія за тое змагаліся (ад брытанскіх суфражыстак да беларускіх настаўнікаў і настаўніц, ад Клары Цэткін да Ларысы Геніюш). Але фармальная роўнасць не павінная цешыць нас ілюзіяй, што ўсе праблемы вырашаныя; што не існуе пагрозы нападу на Беларусь - і што не знаходзіцца мільён беларусак у стане ахвяры хатняга насілля, што не гінуць рэгулярна беларускі ад рук мужа ці сужыцеля, што няма ў РБ сэксуальнага гвалту з абвінавачваннем у гэтым гвалце ахвяры а не агрэсара – не кажучы ўжо пра заробкі, кар’ерныя магчымасці (асабліва ў спалучэнні з мацярынствам) і іншыя сацыяльныя язвы.

Нарэшце, у абодвух выпадках прынгнёт бывае і ўнутраным. У адным выпадку гэта - жаночая мізагінія, а-ля Ярмошына ці ў болей тонкіх формах; у другім – непрыязь да беларускасці з боку часткі этнічных беларусаў, якія цураюцца сваіх каранёў. З другога ж боку, не ўсе мужчыны прыгнятаюць жанчын, ёсць нямала мужчын якія разумеюць патрэбу жанчын у роўнапраўі;  дый і вялікая частка сэксістаў проста памыляюцца ў тэорыі і на практыцы ставяцца да жанчын паважліва, так што шкода з іх хіба толькі інфармацыйная. Імперскую ж прапаганду я пазбягаю называць расійскай, бо ў Расіі ёсць Зубаў, Прохарава, Шульман, Сванідзэ, Быкаў, Макарэвіч і яшчэ маса людзей, якія актыўна супрацьстаяць шавінізму, квазіфашызму і дэзінфармацыі – і яшчэ маса расейскіх людзей успрымае і транслюе прапаганду не свядома і не зланамерана.


У абодвух выпадках агрэсар прайграе па многіх пунктаў, і мог бы выйграць калі б змяніў сваё стаўленне.


У абодвух выпадках праблематыка рэальная, але пры жаданні канешне можна прымяніць класічнае агрэсіўнае абясцэньвенне: абвінавачванне "займаешся не тым, лепей бы... (спіс прыкладаецца)”. Ці падазраваюцца схаваныя матывы: сэксуальная незадаволенасць ці комплекс непаўнавартаснасці.

Спадзяюся, Севярынец, Дашкевіч, Пальчыс,Піменаў і іншыя некаторыя дзеячы нацыянальнай культуры – у некаторым часе зразумеюць праблематыку жаночага пытання. Мяркую, пры гэтым, што на практыцы яны ставяцца да жанчын многа лепей чым у тэорыі (наконт Севярынца і Піменава ў мяне ўвогулле мала сумневаў, бо ў створаных імі асяродках я заўжды адчувала сабе роўнапраўным таварышам!). А пакольку людзі яны мужныя і выпрабаваныя, павінна ім хапіць мужнасці убачыць рэчы, якія яны потым (папярэджваю!) не здолеюць перастаць бачыць.

Сэксізм, ці папросту прыгнёт жанчынаў – прыватны выпадак прыгнёту чалавека чалавекам. Як і нацыянальны прыгнёт. Як змагацца – тэма дыскусійная. Можна спрачацца пра эфектыўнасць графіці ці боды-пазітыву, пра формы інфармацыйнай і юрыдычнай барацьбы Глеба Лабадзенкі ці Насты Захарэвіч. Але галоўнае, што трэба зразумець Пальчысу, Севярынцу, Дашкевічу і іншым змагарам за Беларусь, якія яшчэ не ў тэме – гэта тое, што феміністкі з’яўляюцца іх сябрамі па змаганні за чалавечую свабоду. Проста сектары працы розныя.

І рэспект украінкам, якія ў гэты цяжкі час падтрымліваюць і сваю краіну, і жаночую частку чалавецтва, у барацьбе за свабоду! Прыклад іх важны яшчэ і тым, што аргумент “вайна ж, які фемінізм” робіцца асабліва небяспечным у час гібрыдных войнаў, якія невядома калі скончацца. Правы чалавека ўвогуле і жанчыны ў прыватнасці - не раскоша, а неабходная ўмова для таго, каб грамадства мела нармалёвую будучыню.

15.12.16 15:01
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич