АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Циск на незалежныя прафсаюзы Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Талерантнасць і ўсёдазволенасць

"Д'ябал жрэць тваю душу!" - папярэджваў пабожны старэйшы брат у Хрысце. 
Сказана гэта было ў сувязі з маім недахопам гамафобіі.
З таго часу я задэтэктавала безліч выпадкаў, калі д'ябал жраў маю душу. Звязаныя яны былі з нянавісцю, зларадствам, жаданнем павыхваляцца сваёй злобай, няўдзячнасцю і г.д.... Але не з жаданнем роўнапраўя для ЛГБТ. (Ну хіба агрэсія да ідэйных апанентаў, што ў мяне бывае з любой ідэяй, якой я адданая, будзь-то жывебеларусь, заўкраіну, засвабоду і гд, - шчыра змагаюся з гэтым). Інакш кажучы, тая частка мяне, якая хоча верыць тым багасловам якія апраўдваюць аднаполыя шлюбы - гэта светлая мая частка, а не цёмная. 
Паводле інэрцыі кажуць, што прыймальнасць да грамадства аднаполых шлюбаў - усёдазволенасць і адмаўленне маралі. А мне моцна падаецца, што гэта, насуперак, вынік маральнага развіцця грамадства. 
Гэта можа быць трагічная памылка! Але - гэта менавіта хрысціянская памылка! Бадай нездарма аднаполыя шлюбы рэгіструюць (наколькі ведаю) толькі ў грамадствах, якія сфармаваліся на хрысціянскай традыцыі... 
Паглядзім, з якімі маральнымі патрабаваннямі сацыялагічна карэлюе патрабаванне "шлюбу для ўсіх". Наўскідку: з нецярплівасцю не толькі да педафіліі але ўвогулле сэксуалізацыі непаўналетніх; з цалкам адмоўным стаўленнем да прастытуцыі, а таксама аб'ектывацыі, выстаўлення напаказ аголеных частак жаночага цела; з непрыяццем не толькі любога сэксуальнага гвалту, але і дамагальніцтваў... У наездах на аголенае цела, эратычныя строі і касметыку феміністкі забаўна збліжаюцца з традыцыяналісткамі... І гэта толькі накшталт сэксуальнай маралі; а калі браць шырэй, то - тут і непрыяцце не толькі абразаў, але і мікраагрэсій і "мяккай" "мовы нянавісці", і ўяўленне што дзяцей біць нельга, выступленні супраць катаванняў і смяротнага пакарання, салідарнасць з імігрантамі, і... 
Праверце канешне за мной, бо гэта я кажу адно паводле ўражання. Але такое вось уражанне. Такая вось "усёдазволенасць"... 
Дарагія браты і сёстры, мяркую, вам варта, як і мне, прызнацца сабе, што ў нас няма адказу на пытанне аб ЛГБТ. Усе адказы ў нас - у тэорыі. А на практыцы - напэўна ў вас тое ж самае, што і ў мяне. У сэнсе, разуменне, чаму нельга блудзіць направа і налева, чаму трэба быць верным у шлюбе. Маральная агіда да такое распусты. А таксама смутнае але хоць нейкае адчуванне сэнсу ўстрымання да шлюбу. А вось наконт ЛГБТ - адно тэорыя. Тэорыя ёсць, а маральнай агіды насамрэч няма. Так?.. 
І яшчэ - у чым прычына таго, што праблематыка ЛГБТ такая непапулярная і стыгматызаваная сярод хрысціянаў на постсавецкай прасторы? 
У тым, што мы не дакаціліся да такой амаральнасці як Захад які ўсё гніе? 
Ці ў тым, што ў нас значна меней увагі да індывіда і індывідуальных патрэбаў?.. Асабліва калі гэта тычыцца спецыфічных патрэбаў, аддаленых ад сярэднестатыстычных?..
Так ці інакш, калі я дазнаюся што ня мела рацыі ў сваіх здагадках - пакаюся. А калі дазнаюся што мела - моцна буду радая! Чаму радая? - Таму, што роўнапраўе ЛГБТ для мяне - гэта і маё права мець патрэбы, адрозныя ад статыстычных. Да прыкладу, чуць меней кпінаў наконт таго, што я пасля разводу ў інтэрнэце не шукаю жаніхоў на сайтах знаёмстваў, а чытаю гісторыі пра самураяў эпохі Бакумацу (прыклад трохгадзічнай даўніны але паказальны).
...Ну а яшчэ вось якая выйшла транфармацыя, асабліва пасля крымнаша ў постсавецкай прасторы і трампампама ў Штатах: просіцца ў сметніцу штамп "лібералы за ўсёдазволенасць". Бо зараз, калі вы хочаце ўсёдазволенасці, - глядзіце лепей Трампа ці Кісялёва, ну ці слухайце аргументы дыктатарскіх і гібрыдных рэжымаў аб тым, што свабоды няма і праўды ня знойдзеш...
Асабіста мяне гэта радуе ў тым плане, што разбураецца прагноз аб "ліберальным" Антыхрысце. Усё болей падобна, што Антыхрыст будзе якраз антыліберальны... 
Са Святам Божага Нараджэння, браты і сёстры!.. #АсцярожнаАматарскаеБагаслоўе


.
26.12.16 1:03
загружаюцца каментары

Маргарита Тарайкевич